скалану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Задрыжаць, затрэсціся; страсянуцца, здрыгануцца. Калі [Труцікаў] садзіўся на выгнуты камель, бярозка яшчэ больш скаланулася, і лістоў апала ўжо многа. Кулакоўскі. І машына коціць па.. [дарозе] мякка, бясшумна, не скаланецца, не кінецца ўбок, не зарыпіць. Лынькоў. Будынкі зноў скалануліся, захісталіся ад блізкіх выбухаў. Быкаў. Зямля скаланулася. Гэта Таня ўзарвала шнурам міну. Новікаў. // перан. Ускалыхнуцца, ажывіцца. [Максім:] — Скаланулася сонная каламуць мужыцкіх дум. Машара.

2. Міжволі зрабіць рэзкі, сутаргавы рух; уздрыгнуць. Хацеў распранацца [Міця], але, убачыўшы ля печы белую постаць, скалануўся. Навуменка. [Грыша] ўспомніў, як плёхаўся па гразі, і аж скалануўся ўвесь. Пальчэўскі. Мокры да касцей Сымон, выйшаўшы з цёплага памяшкання, скалануўся, агорнуты халодным паветрам. Чарнышэвіч. // Моцна захвалявацца, затрапятаць. У Ксавэра Блецькі скаланулася душа: як усё павярнулася на свеце. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак.

1. каго-што. Пакласці на верх, паверх чаго‑н. Ускласці плуг на калёсы. Ускласці рэчы на воз. □ [Антон] нічога не кажучы запрог падводу, усклаў хлопца ды да бацькі. Быкаў. Трэба было ўскласці камель бервяна на перадок, а верх на заднюю вось. Галавач.

2. што. Урачыста пакласці. У дні свят і мінчане і госці з розных краін і гарадоў прыходзяць сюды, каб ускласці вянкі і букеты, каб выказаць яшчэ раз сваю пашану памяці герояў... В. Вольскі. І прыйдуць сюды піянеры са школы Ускласці на помнік вянкі. Тарас.

3. што. Даручыць што‑н. каму‑н. На Шалюту, як былога камандзіра атрада, усклалі абавязкі старшыні райвыканкома. Дуброўскі.

4. што. Абл. Надзець. Ганна Сымонаўна.. другі раз у жыцці апранула шлюбную сукенку. Затым усклала на шыю пацеркі, а яны ж — у некалькі радоў! Дубоўка.

•••

Ускласці (узваліць) на плечы каго, чые, каму — абцяжарыць чым‑н., звычайна справамі, працай, клопатамі і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Перагуза́ць ’зноў перавязваць снапы’ (Нас.). Да пера- і гуза́ць (гл.), апошняе звязваецца з прасл. *ǫz‑/*ęz (ЭСБМ, 3, 112). Аднак, улічваючы першаснасць пачатковага г‑ трэба зыходзіць з прасл. *guzъ, варыянта назалізаванага *gǫzъ, якія адлюстроўваюць больш старажытныя і.-е. адносіны *gongʼ‑/*gou̯gʼ‑, параўн. ст.-грэч. γογγύλος ’круглы’, літ. gū̀žis ’галоўка капусты’ (Трубачоў, Эт. сл., 1, 91–92), курд. guz‑ ’азадак, ягадзіцы’. Семантыка лексемы перагуза́ць, такім чынам, суадносіцца не з *vęzati ’вязаць’, а з *guzъкамель дрэва, ніжняя частка снапа’, параўн. здро з *guz‑d‑ro, як укр. гуз‑но ’зад (чалавека)’, рус. гузло́, гу́з‑но, гуз‑но́ ’ніжняя, задняя частка чаго-небудзь’ і інш. шматлікія лексемы з коранем гуз‑ з гэтым жа значэннем, палес. гузды́р (Выг.) ’ніжняя частка снапа’ < прасл. *gǫzyrь ’задняя частка чаго-небудзь’. Параўн., аднак, славен. prézati ’звязваць’, якое Супрун (ЭСБМ, 1, 123) звязвае з *перазаць (гл. аперазаць); магчыма, з *per‑ǫz‑ati з пратэзай, гл. гуж1, тады сувязь з гуз — другасная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сра́ка ‘задніца, ягадзіцы’ (Нас., Шат., Сл. ПЗБ), ‘задняя частка тулава ў рака, насякомых’ (брасл., паст., драг., Сл. ПЗБ), перан. ‘камель (снапа)’ (віл., навагр., баран., Сл. ПЗБ), ‘ніжняя частка ступы’ (драг., Сл. ПЗБ), сра́чка перан. ‘частка бульбіны, якая не мае зародкаў парасткаў’ (шальч., Сл. ПЗБ), таксама сра́ка, сра́чка ‘пятка яйца’ (ЛА, 1). Укр., рус. сра́ка ‘задніца, ягадзіцы’, польск. sraka ‘тс’. Дэрыват ад прасл. *sьrati ‘cacare’, параўн. сраць, укр. сра́ти, рус. срать, польск. srać, в.-луж. srać, н.-луж. sraś, чэш. sráti, славац. srať, серб.-харв. сра̏ти, славен. sráti, балг. сера́, макед. сере. Прасл. *sьrati, *serǫ звязана чаргаваннем галосных з сур (гл.), рус. сор ‘смецце’. Роднасныя: лат. sãrņi ‘адкіды, бруд’, ст.-інд. śárdhate ‘псаваць паветра’, авест. sairya‑ ‘гной, памёт’, фрыз. skern ‘экскрэменты’ (Покарны, 947–948). Параўнанне з ст.-інд. sárati ‘цячэ’, sarás ‘рэдкі’, лац. serum ‘сыроватка’ (Младэнаў, 578; Махэк₂, 571) Фасмер (3, 740) лічыць менш верагодным. Усё да і.-е. кораня *sk̑er‑ ‘спаражняцца’; гл. Шустар-Шэўц, 1347–1348; Глухак, 573; Скок, 3, 315; Бязлай, 3, 303; ЕСУМ, 5, 396–397.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ланцу́г, ‑а, м.

1. Рад аднолькавых металічных звенняў, паслядоўна злучаных адно з адным. Ланцуг якара. □ Дзядзька Алесь з важатым ускацілі камель абрэзанай калоды на сані і прывязалі ланцугом. Якімовіч. // толькі мн. (ланцугі́, ‑оў). Аковы, кайданы. Трое стражнікаў абхапілі з усіх бакоў, надзелі ланцугі.. на чорныя мазолістыя рукі Андронавы. Каваль. Ішлі на пошукі схаваных скарбаў у ланцугі закованыя людзі. Дубоўка. // перан. Тое, што скоўвае свабоду, волю, гняце каго‑н. На зямлі раскутай Носяць шум вятры: «Бальшавіцкім гневам Знят ланцуг пакуты, — Вы — гаспадары!» Колас.

2. Суцэльны рад, сукупнасць каго‑, чаго‑н. Ланцуг электрычных агнёў. □ З дзвярэй фанернага цэха выпаўзаў .. ланцуг пустых ваганетак. Чорны. // Лінія байцоў, размешчаных на пэўнай адлегласці адзін ад другога. Ланцуг аўтаматчыкаў. Рассыпацца ў ланцуг. □ Ланцуг чырвонаармейцаў ляжаў перад узгорачкам. Дудо. // Рад гор. Горны ланцуг.

3. перан. Бесперапыннае ўзаемазалежнае развіццё чаго‑н.; паслядоўны рад падзей, думак і пад. Ланцуг асацыяцый. □ Нават і так званыя шкодныя драпежнікі маюць пэўнае значэнне ў агульным ланцугу заканамернасцей прыроды. В. Вольскі.

4. Спец. Устаноўка з шэрагу злучаных між сабой элементаў, якія ўтвараюць суцэльную лінію. Электрычны ланцуг. Ланцуг правадоў.

5. у знач. прысл. ланцуго́м. У рад, адзін за другім. Беглі хутка ланцугом партызаны. Мележ.

•••

І на ланцугу (ланцугом) не зацягнеш гл. зацягнуць.

На ланцугу не ўтрымаць гл. утрымаць.

Пасадзіць на ланцуг гл. пасадзіць.

Як з ланцуга сарваўся гл. сарвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

верх, ‑у, М на версе; вярхі, ‑оў; м.

1. Прастора, якая знаходзіцца над чым‑н.; проціл. ніз. // Верхні бок прадмета пры нармальным яго становішчы; проціл. ніз. Паставіць шафу верхам уніз. // Верхняя частка якога‑н. прадмета; вяршыня, верхавіна. Верх гары. □ Мужчына быў у пляскатай летняй шапцы з шырокім круглым верхам. Чорны. Застаўся цяпер тырчаць [ад сасны] толькі камель з вострым белым верхам. Мележ. Тут верх асіны круглалісты Сплятаўся з хвоямі, з дубамі. Колас.

2. Прыстасаванне над сядзеннем у машыне, фаэтоне і пад., якое засцерагае ад дажджу, сонца, ветру. Машына з брызентавым верхам. Падняць верх. □ Пятро Тадаровіч нацягнуў ужо на свае растрыбушаныя драбінкі верх з пасшываных.. мяшкоў. Чорны.

3. Паверхня зямлі, якога‑н. прадмета ў адносінах да таго, што знаходзіцца ў глыбіні, у сярэдзіне. Бачыць Іван — задыхаецца птушка Нагай, а ўжо і да верху недалёка: нават неба свіціцца. Якімовіч. Гарышны, успамінаючы «добрыя старыя часы», любоўна паляпаў па версе акардэона. Ракітны. // Верхні матэрыял якога‑н. адзення або матэрыял, якім што‑н. пакрыта, абшыта. Драпавы верх паліто. Пасылка з палатняным верхам.

4. перан.; чаго. Вышэйшае дасягненне. Верх майго жадання. □ Вагон-клуб быў верхам спраўджаных імкненняў Данілавых. Шынклер.

5. толькі мн. гл. вярхі.

•••

Браць (узяць) верх над кім‑н. гл. браць.

Знізу (і) да верху — увесь, поўнасцю, цалкам.

Мой (твой, яго, яе і г. д.) верх — я, ты, ён перамог, яна перамагла.

Цераз верх паліць (насыпаць) гл. наліць.

Цераз верх перці гл. перці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рухацца па гладкай, слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой па некранутай белі дзве раўнюткія палосы. Машара. Конь пляцецца нага за нагу, і сані слізгаюць амаль нячутна. Асіпенка. // Не мець устойлівасці, слізгацца, саслізгваць. Косцік абхапіў рукамі камель і, перабіраючы нагамі, пачаў карабкацца на хвою. Спачатку справа ішла на лад, але там, дзе пачынаўся гладкі ствол, рукі слізгалі і нельга было лезці далей. С. Александровіч.

2. перан. Плаўна, лёгка рухацца, перамяшчацца. Шпарка слізгаюць лодкі па вадзе. В. Вольскі. Павольна слізгае ўніз па Белай баржа. Данілевіч. / Пра самалёты, пра птушак. Ён [планёр] ледзь пагойдваў крыллямі і бязгучна слізгаў над вяршынямі стромкіх елак. Даніленка. У суладным сваім палёце .. [статак вераб’ёў] імкліва слізгае ўбок, пасля ўвесь разам — у другі. Быкаў. // Пры перамяшчэнне руху, надзенні дакранацца да чаго‑н., кранаць што‑н. Вудзільна пра[соўва]ецца праз кальцо, якое затым слізгае ўніз па лёсцы і сваёй вагой ударае па кручках. Матрунёнак. Фанера на спецыяльных петлях слізгала па дроце плаўна, без рыўкоў. Шыловіч. // Паўзці (пра паўзуноў). Лясных палохаючы птахаў, Слізгаў маланкай, гнуткі, ён [вуж]. Грачанікаў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плаўна пераходзіць з прадмета на прадмет (пра святло, цені і пад.). Моцны прамень пражэктара слізгае па бліскучых рэйках, выхоплівае з цемры дзівосныя малюнкі навакольнага пейзажу. Васілёнак. Позірк агранома то загрымліваўся на экспанатах сельскагаспадарчых культур, то слізгаў па партрэтах Герояў Сацыялістычнай Працы. Стаховіч.

•••

Слізгаць па паверхні чаго — не паглыбляцца ў сутнасць чаго‑н., абмяжоўвацца знешнім бокам з’яў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

То́ўсты ’значны па аб’ёму, вялікі ў папярочным сячэнні’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Байк. і Некр., Сцяшк., ТС, Ян., Сл. ПЗБ), то́ўсты і таўсты́ ’поўны’, ’сыты’, ’тлусты’, ’мясісты, мускулісты, вялікі паводле памераў’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), то́ўсты ’вялікі, мясісты, пухлы’ (ТСБМ), ’поўны, дзябёлы’ (Нас., Ласт.), ’грубы (пра палатно)’ (Мат. Гом.), ’нізкі, густы (голас, гук)’ (ТСБМ, ТС, Мат. Гом.), то́ўсты палец ’вялікі палец’ (капыл., Сл. ПЗБ), то́ўстыя кру́пы ’панцак, буйныя ячныя крупы’ (круп., Сл. ПЗБ, ЛА, 4, Жд., 1, Янк. 1, Ян., Скарбы), таўсты́ ’поўны, дзябёлы’: таўсты як бочка (Федар. 4, Сержп. Прык.), то́віст ’тс’ (Нас.), то́ўста(я), то́вста, таўста́я ’поўная, дзябёлая’, ’цяжарная’ (Сл. ПЗБ, Барад., Янк. 1; ст.-дар., Ск. нар. мовы; Сержп. Прымхі; слуц., Нар. словатв.; Мат. Маг. 2; ТС, Бяльк., Сцяшк., Юрч., Арх. Вяр., Мат. Гом.; навагр., З нар. сл.; мёрск., Нар. сл.). Укр. то́встий, рус. то́лстый, толсто́й, толст, стараж.-рус. тълстъ, ц.-слав. тлъстъ; польск. tłusty, палаб. tåu̯ste, н.-луж. tłusty, в.-луж. tołsty, чэш. tlustý, славац. tlstý, славен. tọ̑lst, харв. tȗst, серб. ту̏ст, балг. тлъст ’тоўсты’. Прасл. *tъl̥stъ ’тоўсты’ (Фасмер, 4, 74) ці *tl̥stъ < і.-е. *tŭlz‑to ’набрынялы, аб’ёмны’ (Борысь, 636), роднаснае літ. tułžti ’набухаць; набрыняць ад вільгаці’, лат. tùlzt ’тс’, tùlzums ’пухліна’. Сной₂ (771) выводзіць прасл. *tъlstъ з і.-е. асновы *teu̯h2 ’пухнуць, набрыняць, павялічвацца’, да якой далучыўся суфікс *‑l‑ (гэты ж суфікс у прасл. *tъlpa̋ ’маса’, *tylъ ’карак’). Калі гэта так, то прасл. *tъlstъ паходзіць з і.-е. *tulh2g̑ʼ​(h)‑to‑ ’раздуты, распухлы’, параўн. і Фасмер, 4, 74; Чарных, 2, 249; Брукнер, 572; Махэк₂, 646; Скок, 3, 528; ЕСУМ, 5, 589. Існуе, паводле Сноя₂ (772), іншая магчымасць утварэння: другая частка прасл. лексемы ‑stъ узыходзіць да і.-е. *stah2 ’ступіць, стаць’, тады *tъlstъ — з і.-е. *tulh2‑sth2ó‑ ’той, які стаў набрынялым, ацёклым’. Сюды ж то́ўшчыккамель дрэва’ (ТС), параўн. тончык, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

упі́цца 1, уп’юся, уп’ешся, уп’ецца; уп’ёмся, уп’яцеся; зак.

1. Прысмактацца да чаго‑н. Упілася п’яўка ў цела. Упіўся камар у шыю. // Прыпасці губамі. А яна куды там — абхапіла мяне аберуч за шыю, упілася ў вусны. Быкаў. // перан. Глыбока ўрэзацца ў што‑н. Гаспадыня звязала [Дзячкову] рукі. Вяроўка балюча ўпілася ў цела. Асіпенка. // перан. Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. Тонкія пальчыкі дзяўчыны ўпіліся ў колцы кантролераў. Арабей.

2. Уваткнуцца вастрыём, глыбока ўвайсці, улезці ў што‑н. Першы мядзведжы ўзмах — і сякера ўпілася ў карычнева-сівы камель. Брыль. Блізка праракатаў аўтамат... Кулі ўпіліся ў яліну, пасыпалася кара. Ставер. [Асколак] прабіў халяву бота і ўпіўся да косткі. Федасеенка. Ніна басанож ступіла на абрывак калючага дроту. Калючкі на ўсю даўжыню ўпіліся ў нагу. Мележ. [Генадзь] ляжаў на мастку, унурыўшы галаву, і чакаў, што вось-вось увап’юцца воўчыя іклы ў цела. Сабаленка. // Усадзіць зубы, кіпцюры і пад. у што‑н. І тады і пасля.. [Шурка] не памятаў, як кінуўся на п’янага айчыма, як упіўся зубамі ў яго чорны, прамазучаны маслам і бензінам кулак. Васілевіч. Надзя з прагнасцю ўпілася зубамі ў сала і чэрствы, прапахлы кменам хлеб. Бураўкін. // перан. Утаропіцца (пра вочы, позірк). [Хлопец] стаяў па ўскрайку катка без канькоў, і чорныя жывыя вочы яго.. нібы ўпіліся ў Надзю. Хадкевіч. Глянуў туды і Андрэй, куды упіўся напружаны і павесялелы позірк байца. Кулакоўскі.

•••

Упіцца вачамі — пільна, уважліва глядзець на каго‑, што‑н.

упі́цца 2, уп’юся, уп’ешся, уп’ецца; уп’ёмся, уп’яцеся; зак.

1. Напіцца дап’яна. [Сваха:] — Мае галубочкі, да мяне і першую чарку пускалі, і другую, і... я ўжо ўпілася. Чорны.

2. перан. Атрымаць асалоду, зачаравацца чым‑н. Упіцца водарам. Упіцца музыкай. □ Сэрца Косці ўпілося такім нямым шчасцем, якога ён яшчэ ні разу не адчуваў. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скамаро́х1 ‘у Старажытнай Русі і ў пазнейшым часе — вандроўны акцёр’ (ТСБМ, Ласт.), ‘вандроўны музыкант’, часта ‘музыка, скрыпач на вясковым вяселлі’ (Шымк. Собр., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. БП, Пятк. 2, Рам. 8), ст.-бел. уласнае імя Р. скл. Демьянца Скомороха (1540 г., Лінгв. дасл.), сюды ж скамаро́шнік ‘вандроўны цыркач з мядзведзем, мядзведнік’ (віл., смарг., Сл. ПЗБ), скамаро́ха ‘тс’ (Нас.), ‘музыка’: усяк спляша, да ні ўсяк скамарох (Бяльк.). Рус. скоморо́х ‘вандроўны музыкант, скакун, камедыянт’, дыял. ‘вядзьмар’, скоморо́шина ‘тс’, стараж.-рус. (XI ст.) скоморохъ, серб.-ц.-слав., рус.-ц.-слав. скомрахъ, ст.-польск. skomrośny, skomroszny ‘бессаромны, нястомны’, skowryśny, skowrośny ‘вясёлы, жвавы’. Цёмнае слова, ніводная этымалогія не з’яўляецца пераканаўчай. Крыніцай лічылі грэч. σκώμμαρχος ад σκώμμα ‘жарт, штукі’, гл. Кірпічнікаў, Сб. ОРЯС 52, 1 і наст.; Фасмер, ИОРЯС 12, 2, 276; Фасмер, Этюды, 184 і наст. Аднак іншыя даследчыкі ўказваюць на тое, што слова нідзе не засведчана. Выводзілі таксама з іт. scaramuccia ‘камедыянт, штукар’ на падставе таго, што скамарохі часта носяць “лацінскую адзежу”; так Сразнеўскі, 3, 374. Супраць Фасмер (3, 648). Спробы славянскай этымалогіі: ад прыстаўкі sko‑ і дзеясл. марочыць; Мацэнаўэр, LF 20, 13 і наст.; Брукнер, 494. Пераважаюць “гукапераймальныя” версіі, напрыклад, сувязь з в.-луж. skomorić ‘рабіць недазволены ўчынак’, што мае гукаімітатыўны характар (Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 243), паводле Шустара–Шэўца (1292), звязана з камолы (гл. камель2). Фасмер (3, 648) прыводзіць яшчэ славен. skomúcati ‘выдаваць незразумелыя гукі’, skomodrati ‘вішчэць’, якія звязаны з рус. скомлить ‘ныць, скавытаць’. Сюды ж можна дадаць балг. радоп. скомичем ‘плакаць, хліпаць’, серб. пірот. скомл́чем ‘мармытаць, невыразна гаварыць’, каш. skamřec ‘навязліва прасіць, клянчыць’, якое Борысь узводзіць да *skom‑ъr‑ (SEK, 4, 276), варыянт якога *skomorъ Львоў (Этимология–1972, 111) лічыць зыходным для разглядаемага слова. Нельга выключыць і цалкам імітатыўную версію паходжання слова, якую прапанаваў Немец (Slavia, 57, 246 і наст.; Studia Etym. Brun., 1, 38) з *sko‑morsk‑, роднаснага рус. морщить (гл. моршчыцца), што звязана з старажытным выкарыстаннем масак для адпуджвання злых сіл. У сувязі з гэтым параўн. скамурдзіцца ‘скрывіць морду’ (гл.). Істотнымі матывацыйнымі момантамі варта лічыць “музычныя” і “знешнія” прыкметы, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 178–179 (там жа агляд іншых версій).

Скамаро́х2 ‘гаркушка, гальян звычайны, Phoxinus phoxinus (L.)’ (Жук., на Дняпры; Жыв. св.). Рус. дыял. скоморо́х ‘тс’. Да скамарох. Параўн. апісанне рыбы ў Сабанеева (Жизнь, 496): “Последний [гальян] всегда отличается необычайной пестротой и поэтому названия скоморох и красавка гораздо более идут к нему, нежели… гольян”. Параўн. аўдотка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)