прымаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што і без дап.

1. Гаварыць, вымаўляць што‑н., суправаджаючы якое‑н. дзеянне; прыгаворваць. Калі лажыўся на далонь З сявенькі завадскі авёс, Я прымаўляў: — Расці, каб конь Браў з ходу лёгка цяжкі воз. Астрэйка. Прымаўляючы «а давай, братка, пабачым, ці смачны дарожны хлеб», .. [Кузьма Чорны] разламаў акрайчык на роўныя кавалкі і адзін падаў мне. Кірэенка.

2. Уст. Угаворваць каго‑н. што‑н. зрабіць. Крыўдна трохі і на бацьку, што прымаўляў .. [Насту] ісці [замуж] — ды стары ён, што ты возьмеш з яго... Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ілюстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

1. Даць (даваць) малюнкі, якія суправаджаюць, паясняюць змест твора. Ілюстраваць раман. □ — У дэталях я яшчэ не прадумаў плана, а ў асноўных рысах ён такі — абысці пехатою цэлы раён, апісаць яго, сабраць народныя песні, легенды і іншыя віды народнай творчасці, багата ілюстраваць сваё падарожжа фатаграфіямі... Колас.

2. перан. Дапоўніць (папаўняць), пацвердзіць (пацвярджаць) што‑н. наглядным прыкладам, словам, жэстам і пад. Ілюстраваць тэзісы прыкладамі. □ Матэрыял, які ілюстраваў і абгрунтоўваў вывады, быў падрыхтаваны. Карпаў. Пытанне сваё.. [Іліко] ілюстраваў так: паклаў галаву на далонь, нібы заснуў, потым паказаў дах над галавой. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паку́тліва,

1. прысл. З адчуваннем, пачуццём пакуты. Хлопцы сноўдаліся па лесе, пакутліва думалі — што рабіць далей. Новікаў. // Выяўляючы, паказваючы пакуту. Гэлін твар на імгненне пакутліва перасмыкнуўся. Навуменка. // Прычыняючы пакуту. Пакутліва ныла спіна, ад напружання балела шыя. Шамякін.

2. прысл. У вялікай ступені, вельмі. «На, еш, я не хачу, дальбог», — гаварыў .. [Толя], працягнуўшы Сашку далонь, на якой быў пакутліва прывабны ласунак, ужо нават вылузаны з каляровай паперкі. Брыль. Пакутліва доўга цягнуўся дзень. Шамякін.

3. безас. у знач. вык. Цяжка, нязносна. Дзень быў сухі, гарачы. Усё жывое хавалася ў цень. Сядзець за сталом было пакутліва. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чаго з інф. або са злучн. «каб».

1. Хацець што‑н. ажыццявіць, зрабіць, займець. Крылаў жадала б .. [Агата] на гэты час, каб пераляцець раптам к сыну. Мурашка. Спаткаўся з роднаю зямлёй, жадаю шчырым сэрцам роднай: каб больш не знацца нам з вайной, каб больш не знаць вайны ніводнай! Дубоўка.

2. каму-чаму. Зычыць, выказваць якія‑н. пажаданні. Жадаць людзям дабра. Жадаць дзецям добра вучыцца. □ [Страмілін:] Ну жадаю вам жыць у згодзе і любві ды збудаваць моцную савецкую сям’ю. Крапіва. — Жадаю вам, браткі, удачы. — Іван Іванавіч паціснуў прадубленую, як падэшва, дзедаву далонь і маленькую Сашкаву руку. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́ме ’плячо’ (Нас., Сл. ПЗБ), ра́мя ’тс’ (Байк. і Некр.), рамяно́ ’тс’ (Сл. ПЗБ), рамёнак ’плечавая костка’ (Стан., Байк. і Некр.), ст.-бел. раме (XVII ст., Карскі 2-3, 18), рамо ’тс’ (Сл. Скар.), ра́мя ’рукаў ракі’ (Байк. і Некр.), ра́мʼя ’тс’ (мазыр., Яшк.); параўн. укр. ра́мʼя /ра́мено ’тс’, рус. дыял. ра́мо, рамена́ ’плячо, плечы’, польск. ramię ’тс’, в.-луж. ramjo/ramje, н.-луж. raḿe ’тс’, палаб. råmą ’тс’, чэш. rámě/rameno ’плячо’, славац. ramä ’тс’, славен. rama/rame ’адгалінаванне, парэнча’, ramska kost ’плечавая костка’, серб. ра̏ме/ра̏мо/рамѐница ’плячо’, рамѐњача ’плечавая костка’, балг. ра́мо ’тс’, ст.-слав. рамо ’тс’. Праслав. *ramę (< *ormę), роднаснае ст.-прус. irmo ’рука, плячо’, авяст. arəma ’рука, плячо’, асяц. armдалонь, жменя’, гоц. arms, ням. Arm ’рука’, англ. arm ’рука вышэй запясця’. Фанетычная форма раме падаецца запазычаннем з польскай, развіццё насавога ў беларускай дае рамя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рука́ ’верхняя канечнасць чалавека або малпы’ (ТСБМ). Укр., рус. рука́, польск. ręka, палаб. rǫkǎ, чэш., славац. ruka, славен. roka, серб.-харв. ру́ка, макед. рака, балг. ръка́. Прасл. *rǫka і і.-е. адпаведнікі: літ. rankà ’рука’, лат. rùoka, ст.-прус. rancko ’рука’, а таксама літ. riñkti ’збіраць; набіраць; выбіраць’, paranka ’збор, збіранне’ (параўн. грэч. паралель ἀγοστόςдалонь, кісць рукі, рука’ і ἀγείρω ’збіраць’) сведчаць пра тое, што на і.-е. узроўні *uronkā (*wronkā́) мела першапачатковае значэнне ’тое, чым збіраюць, зграбаюць, хапаюць’ < і.-е. *u̯er‑ ’браць, хапаць’ (Фасмер, 3, 515; Чарных, 2, 127; Глухак, 534; ESJSt, 13, 781; Рэйзак, 549). Выказаныя раней меркаванні пра магчымае запазычанне з балтыйскіх моў у праславянскую (Развадоўскі, RS, 5, 35; Бернштэйн, Фонетика, 91–92) з-за адсутнасці ў апошняй зыходнага дзеяслова не прымаюцца большасцю даследчыкаў, гл. Анікін, Опыт, 18 (з літ-рай); Жураўлёў, Язык и миф, 580.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

растра́ціць, ‑трачу, ‑траціш, ‑траціць; зак., што.

1. Расходаваць, патраціць (грошы, капітал і пад.). [Міхась:] — У мяне з грашыма тугавата, дзядзька. Аванс увесь па дарозе растраціў. Лупсякоў. // перан. Патраціць (фізічныя і душэўныя сілы) на што‑н. дробнае, пустое, непрыстойнае. Малады яшчэ гадамі, .. [Паходня] ужо шмат перажыў, але не растраціў, а як бы накапіў энергію, каб аддаваць яе той справе, якую яму даручыць партыя. Хадкевіч. Сіл не растраціў, свой збярог агонь. Іду, паклаўшы сэрца на далонь, Насустрач навальніцам і падзеям. А. Александровіч.

2. Незаконна расходаваць (грошы, маёмасць і інш.). Растраціць казённыя грошы.

3. Страціць паступова. [Хана] дарогаю растраціла ўсіх сваіх небаракаў-родных. Чорны. [Антанюк:] — З-за свайго характару ты растраціла сяброў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Знемагаць, мучыцца ад смагі, гарачыні. Ён [Рыгор] трызніў, смаг, прасіў ён піць, А смерць ужо шаптала: — Табе не ўстаць, Табе не жыць. Бялевіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перасыхаць, сохнуць (пра губы, горла, рот). Губы смагнуць. / у безас. ужыв. У горле смагла, але піць не хацелася. Гартны. // Сохнуць, перасыхаць ад недахопу вільгаці і ад празмернага сонца (пра траву і пад.). Далонь падставіў кожны ліст, Ды сціхла ўраз стыхія. І смаглі ўнізе на галлі Лісты зусім сухія. Кляўко.

3. перан. Прагнуць, моцна хацець чаго‑н. Разгінаючы дужыя рукі, Працавітыя людзі ў лясах Смаглі гэтага звону і груку, Сумавалі аб ім па начах. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цы́пкі 1, ‑пак; адз. няма.

Разм. Дробныя трэшчыны, шурпатасць і чырвань на скуры рук і ног (ад абветрывання і пад.). Шурпатая ў калгасніцы далонь. Смаліў яе мароз, Паліў яе агонь. На ёй, бы на анкеце, па парадку Чытай працоўнай біяграфіі пячаткі: ..Ад цаўя матыкі — мазалі, Ад ветру — цыпкі. Жычка.

цы́пкі 2, ‑пак; адз. няма.

Разм. У выразах: на цыпках — на пальцах ног, на дыбачках (хадзіць, ступаць, стаяць і пад.). [Шашура] наводдалек абышоў яе [Аксінню] на цыпках, стараючыся зайсці ёй з-за спіны і з’явіцца знянацку. Мележ; на цыпкі — на пальцы ног (стаць, прысесці і пад.). [Алена] павярнулася тварам к усходу і нават узнялася на цыпкі, каб хоць трошкі быць вышэйшай за пшаніцу. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зе́рне, ‑я; мн. зерні, ‑яў і зярняты, ‑нят; н.

1. Дробны плод, семя злакаў; семя некаторых іншых раслін. Андрэй Сцяпанавіч запускаў руку то ў ячмень, то ў пшаніцу, перасыпаў з далоні на далонь зярняты, нюхаў іх. Бялевіч. // зб. Насенне хлебных злакаў. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі.

2. Асобная частка, крупінка якога‑н. рэчыва. Хларафілавае зерне. Зерне пораху.

3. перан.; чаго. Зародак, ядро чаго‑н., зыходны пачатак. Водгулле ўсяго таго, што дзеялася на свеце, далятала сюды [у Палессе] .. з такімі напластаваннямі людской фантазіі, што ўжо трудна было вылушчыць з іх зерне праўды. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)