Буя́ць ’буйна расці; расці ў лісце, бацвінне, на націну, салому’ (БРС, Арх. Бяльк., слонім., КЭС, лаг., Інстр. I, Сцяшк. МГ, Гарэц., Жд., Інстр. III, Мат. Гродз., Янк. II, Янк. III), ’рыкаць (пра вала)’ (Арх. Бяльк., слонім.), ’гудзець; лётаць з гудзеннем’ (Сцяшк. МГ, Сцяц.), ’ярка гарэць’ (Гарэц.), ’лятаць, парыць’ (Гарэц.), ’буяніць, шалець’ (Сцяц., Бяльк., Булг.). Рус. буя́ть ’разрастацца’, укр. буя́ти ’буйна расці, разрастацца і г. д.’, польск. bujać, чэш. bujeti ’хутка, буйна расці’, серб.-харв. бу́јати ’буйна расці’, балг. буя́, буя́я ’тс’ і г. д. Прасл. *bujati ’тс’. Старая этымалогія (Міклашыч, Türk. El., 1, 268): запазычанне з цюрк. bujumak ’расці’ вельмі няпэўная. Звычайна лічыцца вытворным ад і.-е. кораня (базы) *bheu̯ā‑ ’быць, расці’ (гл. быць), Параўн. і такія і.-е. формы, як ст.-інд. bhū́yān ’большы, мацнейшы і да т. п.’ Сюды ж і вытворнае *bujьnъ ’бурны, буйны, пышны і г. д.’ Гл. Мейе, Études, 378, Траўтман, 40; Фасмер, 1, 234; Бернекер, 98; БЕР, 2, 96; Слаўскі, 1, 49.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кама́р, къма́р, кома́р, кума́р ’двухкрылае насякомае-крывасмок Culex pipiens’ (ТСБМ, Сцяшк., Бяльк., Яруш., Растарг., Сл. паўн.-зах., ТС; КЭС, лаг.), камарно́ ’шмат камароў’ (Янк. 3.), камарня́ (Бяльк., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах.; чэрв. Нар. лекс.), камарне́ча (Ян.), камарэ́ча ’тс’ і агульная назва мошак (Інстр. II, Некр., Янк. 3., Сержп., ТСБМ, ТС), мсцісл. кымарьё ’тс’ (З нар. сл.). Укр. кома́рь, бойк. комари́ці ’машкара’, рус. кома́р(ь) ’тс’, ’мурашка’, раз. кама́р ’тс’, польск. komar, ст.-польск. і дыял. komór, komor, kumar, kumor, komos, kumas, komosa, kamosa, kamor ’камар’, н.-луж. komar, в.-луж. komor, чэш., славац. komár, славен. komár, серб.-харв. ко̀мар, макед. ку́мар, ко́мар, комарец, балг. комар, кумар, кумарь ’тс’. Прасл. komarъ//komarь. І.‑е. адпаведнікамі з’яўляюцца: літ. kamãnė ’сляпень; лясная пчала’, лат. kamane ’чмель, сляпень’, літ. kamìnė ’лясная пчала’, лат. kamine, kamene, ст.-прус. camus ’чмель’, далей с.-в.-ням. hummenгудзець’, humbal ’чмель’, ням. Hummel ’пчала’, нарв. humre ’іржаць, бурчаць’ (Фасмер, 2, 301; Слаўскі, 2, 377–378; БЕР, 2, 568). Немінен (Lingua Pozn., 3, 187–205) і Фрэнкель (212) гэту лексему звязваюць з прасл. komъ ’клубок, рой, камяк, камлыга, груда’ (гл. камы́), параўн. бел. выраз «камары мак таўкуць» — калі камары роем, слупам (клубком) круцяцца то ўгору, то ўніз. У такім выпадку вылучаецца суфікс ‑ар і ‑or, ‑ór таксама, як і ‑ах‑а ва ўкр. комаха ’насякомае’, ’мурашка’, ‑os‑, ‑os‑ у польск. лексемах (Гл. вышэй). А Махэк₂ (271) і Яначэк (Slavia, 24, 3) залічаюць у спіс балт. адпаведнікаў і літ. šamalуė́lis ’камар’ і mãšalas ’мошка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марката́, маркота́, моркота́ ’сум, туга, журба’, ’клопат, турбота, перажыванне’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), маркотна, моркотно ’сумна’ (маг., паўд.-усх., КЭС; калінк., З нар. сл., ТС), маркотны(й) ’сумны, тужлівы, сонны’ (ТСБМ, Грыг., Мал., Мядзв., Яруш., Бяльк., Растарг., Шат., Касп.; КЭС, лаг.), маркоціць ’тужыць, прыводзіць у сум, журбу’, маркоціцца ’сумаваць, журыцца’, ’чакаць, нічога не рабіўшы’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Яруш., Шат., Касп., Бяльк.; КЭС, лаг.; лях.), ’хіліць на сон’ (Сл. ПЗБ), марката́ць, моркіта́ ты, моркота́ты ’буркаваць (пра птушак)’ (паўн.-усх., КЭС; Сержп. Грам.), ’тс’, ’мармытаць’ (Доўн.-Зап., пін.), маркату́н, марко́тны ’сумны, маўклівы чалавек’ (Нас.). Укр. моркота ’трывога, непакой’, ’дрэнны настрой’, миркотати ’мармытаць’, ’гаварыць незразумелае’, ’наракаць’, мо́ркнути ’бурчаць’, рус. моркота́ть ’тс’, мо́ркотно, морко́тно ’сумна, тужліва, надакучліва, турботна’, моркотать пск., цвяр. ’мармытаць’, ’наракаць’, смал. ’муркаць, пець курну’, польск. markotać ’бурчаць’, markotny ’маркотны’, markotnieć ’рабіцца тужлівым’, margocić się ’засмучацца’, чэш. ляш. mrkotny ’заспаны, заплаканы’, mrkotati ’сварыць’, славац. mrkotný ’раззлаваны, непрыемны, з дрэнным настроем’, славен. mřkniti ’бурчаць’, ’гудзець (аб насякомых)’. Прасл. mъrk(o)tati ’бурчаць’. Фасмер (2, 656) дапускае гукапераймальнае паходжанне. Махэк₂ (380) мяркуе, што паводле семантыкі чэшскіх лексем гэтыя словы перш-наперш азначалі благі душэўны стан, а потым адмоўны душэўны настрой. Ён адносіць іх да і.-е. асноў, збліжаючы генетычна з брэтон. morchet і карн. moreth ’хлопаты, мітрэнгі, злосць, бурчанне’, а таксама з хецк. markiya ’адкідаць, адвяргаць, не ўсхваляць’ (Кноблах, Kratylos, 4, 39). Кюнэ (76) мяркуе, што бел. маркотны запазычана з польск. мовы. Мартынаў (вусн. паведамл.), як і Махэк, лічыць гэту лексему кельтызмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пчала́ ’пчала’ (ТСБМ, ЛА, 1; паст., З нар. сл.; Сл. ПЗБ, Бяльк.), пчола́ ’тс’ (ТС), пшчала́ ’тс’ (ЛА, 1; воран., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), пшчола́ ’тс’ (ЛА, 1; Бес.), пшчо́ла ’тс’ (іўеў., З нар. сл., Сл. ПЗБ), пшчо́лка ’чмель’ (трак., Сл. ПЗБ), ласк. пчы́лка ’пчолка’ (Дразд.), пшча́лка ’тс’ (воран., Шатал.), укр. пчола́, бджола́, рус. пчела́, польск. pszczoła, в.-луж. pčoła, н.-луж. coła, чэш., славац. včela, серб.-харв. пчѐла, чѐла, славен. čẹ̑la, балг. пчела́, макед. пчела, ст.-слав. бъчела, бьчела. Разглядаюцца дзве версіі: згодна з першай, прасл. *bьčela ад гукапераймальнага дзеяслова тыпу буча́цьгудзець’, першаснае значэнне ’гуллівая кузурка’ (SP, 1, 456); другая версія зыходзіць з рэканструкцыі прасл. *bьčela < і.-е. *bhei̯‑, што адлюстравалася ў ст.-ірл. bech, літ. bìtė, ст.-в.-ням. bini, швед. bi, англ. bee ’пчала’, лац. fūcus ’труцень’ (Фасмер, 3, 416; Саднік-Айцэтмюлер, 6, 481–482; Сной, 67; Банькоўскі, 2, 523). Варбат (гл. Чарных, 2, 86, дзе аддаецца перавага першай версіі) прапануе выводзіць *bьčela з *bъčela ў выніку міжскладовай асіміляцыі ъ : е > ь : е. Беларускія назвы з пачатковым пшч‑ запазычаны з польск. pszczoła (Карскі, 1, 390), параўн. ст.-польск. pczoła. Сярод дэрыватаў уяўляе цікавасць пчаладзёр ’той, хто выдзірае пчолы, мёд; злодзей’ (Янк. 3., Пятк.) — несумненны архаізм на аснове спалучэння драць пчолы ’красці мёд, рабаваць вуллі’ (ТС), а таксама пчалі́на ’асобная пчала’ (Бяльк.), пчаліна́ ’тс’ (докш., Янк. Мат.; віл., лаг., в.-дзв., Сл. ПЗБ) з суфіксам адзінкавасці ‑іна, што сведчыць аб генералізацыі назвы мн. л. пчо́лы ’рой, пчаліная сям’я’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́цень (тру́цінь, тру́цянь, тру́тэнь) ‘самец у пчалінай сям’і’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., Бес., ТС, Сержп. Грам., Сл. ПЗБ; слаўг., Нар. сл.) і пераноснае ‘гультай’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Пятк. 2, Сцяшк.), ст.-бел. трутень ‘пчаліны самец’. Укр. тру́тень, трут, рус. тру́тень ‘самец пчол’, ‘дармаед, паразіт’, польск. truteń, старое trucień, таксама дыял. trudeń, tręteń ‘тс’, trętnie ‘трутні’; з XV ст. ст.-польск. trąd/trąt/tręt/trut ‘труцень’, каш. trǫd і tron , н.-луж. tšut, в.-луж. truta, чэш. trubec, ст.-чэш. trúp, мар. trút, truť ‘тс’, trout ‘шкодныя насякомыя на капусце’, славац. trúd, otrôt і trubec, славен. trôt, харв. trût ‘труцень’, trūtanj ‘чмель’; серб. тру̂т, макед. трут ‘труцень’, балг. тъ́ртей (параўн. у Бярынды: трꙋтій: трꙋтень), серб.-ц.-слав. троуть ‘аса, чмель’. Прасл. *trǫtъ (дыял. *trǫtъnjь ‘труцень’), роднаснае літ. trãnas, лат. trans ‘труцень’ (Фасмер, 4, 111), якія з індаеўрапейскай гукапераймальнай асновы *tren‑, звонкі варыянт *dren‑: ‘гусці, гудзець’, ‘шумець, звінець’, адсюль ст.-в.-ням. treno, с.-в.-ням. trëne, ст.-англ.-сакс. drān, drǣn, англ. drone, ням. Drohne ‘труцень’, гоц. drunjus ‘гук’, ст.-грэч. υρωναξ, ‘шэршань’, τεν‑υπήνη ‘сляпні, дзікія пчолы’, υρηνος ‘элегія’ (Сной₂, 788). Паводле ЕСУМ (5, 660), Каруліса (2, 420) і Борыся (645), звонкі варыянт падаецца як *d​hren‑. Паводле Махэка₂ (654), не ясна, як выглядала праславянская форма: *trǫtъ ці trǫdъ. Ён ставіць пад сумненне першапачатковасць літ. trãnas, лат. trans ‘труцень’ і дапускае, што яны маглі быць запазычаны з нямецкай мовы. Прынамсі, Мюленбах-Эндзелін (1, 489) мяркуюць, што дыялектныя латышскія формы з d‑ (drans, dranis ‘тс’), хутчэй за ўсё, запазычаны з с.-ням. drane або сугучныя з ім. Калі меркаваць, што праславянская форма *trǫdъ, то фанетычна ёй адпавядаюць літ. trandìs і trandė ‘моль’. Аднак не выключае, што гэта форма другасная, якая ўзнікла ў выніку збліжэння з *trǫdъ ‘назва хваробы; губа’ (Борысь, 646) або фанетычным шляхам, параўн. палес. тру́дні мн. л. (Арх. Вяр.). Меркаванні пра зыходны паралелізм формаў слова гл. SEK, 5, 175.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)