БАРЫСЁНАК (Барыс Васілевіч) (н. 22.7.1934, г. Беразіно Мінскай вобл.),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1956). Працуе ў Т-ры юнага гледача Беларусі. Яго мастацтва адметнае арганічнасцю, мяккасцю, пластычнай выразнасцю і дакладнасцю знешняга малюнка роляў: Максім Багдановіч («Зорка Венера» М.Алтухова і Б.Бур’яна), Адась, Васіль («Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела), Максім Кутас («Прымакі» Я.Купалы ў спектаклі «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...»), Бобчынскі («Рэвізор» М.Гогаля), а таксама ролі ў спектаклях-казках. Удзельнічае ў тэле- і радыёпастаноўках.
т. 2, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ЭТЫМАЛО́ГІЯ,
пераасэнсаванне семантычна незразумелых слоў пры дапамозе іх збліжэння са знешне падобнымі, але інш. паходжання словамі роднай мовы. Напр., бел. дыялектнае «лавец» — ражончык, завостраны дубчык, на які чапляюць сала, калі смажаць яго на агні, — атаясамліваецца з «лавіць», хоць яно паходзіць з «ламец», «ламіна»; дзіцячае слова «гудзільнік» («будзільнік») — з «гудзець»; «мазелін» («вазелін») — з «мазаць». На Н.э. пабудаваны шматлікія легенды пра паходжанне бел. рэчак, азёр і населеных пунктаў. Напр., назва «Гомель» нібыта паходзіць ад слоў «го! мель!», якія крычаў чалавек на беразе р. Сож, папярэджваючы пра мель. Упершыню тэрмін «Н.э.» ўвёў Э.Фёрстэман (1852). Некаторыя мовазнаўцы ўжывалі інш. тэрміны: наіўная (несапраўдная) этымалогія, лексічная (лексічна-семантычная) асіміляцыя, паранімічная атракцыя, этымалагічная рэінтэрпрэтацыя.
І.І.Лучыц-Федарэц.
т. 11, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́РАВА (Вера Ільінічна) (н. 13.7.1951, Мінск),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1991). Займалася ў дзіцячай тэатр. студыі пры Рэсп. студыі тэлебачання (1959—69). З 1970 працуе ў Т-ры юнага гледача Беларусі (у 1978—84 у Львоўскім драм. т-ры). Актрыса на ролі травесці. Яе спецыфічная тэхніка выканання роляў казачных персанажаў выразна падкрэслівае іх характарнасць: Чыпаліна («Чыпаліна і яго сябры» паводле Дж.Радары), Ліс («Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага) і інш. Выканаўца, здольная і на глыбокае пранікненне ва ўнутр. свет вобразаў: Элен і Гітэль Моска («Стваральніца цуду» і «Двое на арэлях» У.Гіпсана). Лепшыя ролі вылучаюцца раскрыццём душэўнага стану персанажаў, тэмпераментнасцю, узрушанасцю пачуццяў: Міколка («Міколка-паравоз» паводле М.Лынькова), Кацярынка, Зоська («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.Купалы і М.Чарота), Ларыса («Чатыры кроплі» В.Розава) і інш.
А.А.Савіцкая.
т. 7, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ВАР-БАНДАРЭ́НКА (Уладзімір Міхайлавіч) (21.6.1914, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 31.8.1988),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працаваў у Бел. т-ры юнага гледача БССР (1937—41), Мінскім гар. т-ры (1942—44), абл. драм. т-рах Гродзенскім (1944—46) і Брэсцкім (1946—49), Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (1955—78). Створаныя ім вобразы вызначаліся псіхал. дакладнасцю. Сярод роляў: Янук, Язэп Шыдлоўскі («Папараць-кветка», «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела), Максім Кутас («Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець» паводле Я.Купалы і М.Чарота), Гусляр («За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля), пан Бараноўскі, Канцлер («Несцерка», «Цудоўная дудка» В.Вольскага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Алег Баян («Клоп» У.Маякоўскага), Мантанелі («Авадзень» паводле Э.Л.Войніч), тата Карла («Прыгоды Бураціна» паводле А.Талстога), Тарталья («Зялёная птушка» К.Гоцы).
т. 5, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)