ра́туша, ‑ы, ж.

1. Орган самакіравання ў гарадах феадальнай Заходняй Еўропы, а таксама будынак, дзе ён размяшчаўся. З мноства будынкаў вылучаецца сваёй архітэктурай ратуша: з чырвонай цэглы, з высокай строгай вежаю, над якой блішчыць купал з трыма залатымі каронамі. Мележ.

2. Орган гарадскога самакіравання ў Расіі ў 18 — пачатку 19 ст., а таксама будынак, дзе ён размяшчаўся.

[Польск. ratusz.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́туша ’орган гарадскога самакіравання ў Заходняй Еўропе і будынак, дзе ён размяшчаўся’ (ТСБМ, Шымк. Собр.), ст.-бел. ратуша, ратушъ ’будынак магістрата’ (Ст.-бел. лексікон). Праз адаптаванае польск. ratusz ’ратуша’, а ў польскай, магчыма, праз чэш. з с.-в.-ням. râthûs ’будынак паседжанняў гарадской рады’ < rât ’рада’ + hûs ’будынак’ (XIII–XIV стст.). У старабеларускай адзначаецца з 1445 г. (Булыка, Запазыч., 274). Гл. таксама Галай, Роднае слова, 1997, 5, 58.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбу́на ‘ўзвышэнне для выступлення прамоўцы’, ‘месца, дзе праходзіць грамадская дзейнасць каго-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘месца для выступоўца’ (Вруб.), трібу́на ‘тс’ (Бяльк.). Праз рускую ці польскую мовы запазычана з франц. tribune ці італ. tribuna, якое з с.-лац. tribuna ‘трон епіскапа’, а апошняе — з лац. tribūnal ‘вышэйшае, узнятае месца для абвяшчэння прамоў’, ‘трыбуна суддзі, правадыра’ < tribūnus ‘начальнік гарадскога квартала, які ў Старажытным Рыме называўся tribus ‘чыноўнік, народны трыбун’ (Чарных, 2, 262; Голуб-Ліер, 489; SWO, 1980, 779; ЕСУМ, 5, 634).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ру́сы, ‑ая, ‑ае.

Светла-карычневы з шараватым ці жаўтаватым адценнем (пра валасы). Русыя вусы. Русая барада. □ [Веньяміну] робіцца весела: у русых валасах дзяўчыны заблыталася травінка. Навуменка. Дзве русыя тоўстыя касы звісалі ніжэй паясніцы. Гурскі. // Які мае валасы такога колеру (пра чалавека). Ад бессані, ад звону гарадскога ў край буслоў, калін і медуніц, да яснавокіх русых маладзіц мяне вяртае самы юны спогад. Федзюковіч. У непрагляднай завірусе Цябе прыкмечу я здалёк — Сярод чарнявых, белых, русых Ты ўся гарыш, як вугалёк. Дайнека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каму́на, ‑ы, ж.

1. Калектыў, група людзей, якія аб’ядналіся для супольнага жыцця пры абагуленні працы і ўсіх сродкаў вытворчасці. Працоўная камуна. Уступіць у камуну.

2. Грамадскі лад, заснаваны на прынцыпах камунізма. Мы будуем жыццё, да камуны ідзём. Журба.

3. Тып гарадскога самакіравання ў сярэдневяковай Заходняй Еўропе.

4. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў сучаснай Францыі і некаторых іншых краінах.

•••

Парыжская камуна — рэвалюцыйны ўрад паўстанцкіх працоўных маc у Парыжы ў 1871 г., які з’яўляўся першай спробай устанаўлення дыктатуры пралетарыяту.

Сельскагаспадарчая камуна — у першыя гады Савецкай улады — адна з форм калектыўнай сельскай гаспадаркі з поўным абагуленнем сродкаў вытворчасці, спажывання і бытавога абслугоўвання.

[Ад фр. commune — абшчына.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пляц, ‑а, м.

1. Зямля пад сядзібай, сядзіба. Вадап’ян усімі сродкамі стараецца барзджэй прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы, што стыкаецца з пляцам пана Тарбецкага. Колас. [Валодзя:] — Мы ж засеялі шэсцьдзесят сотак, наш асабісты пляц, што калгас даў. Федасеенка.

2. Вялікая незабудаваная тэрыторыя ў горадзе або вёсцы, прызначаная для якой‑н. мэты. На пясчаным пляцы перад будынкам вакзала гамана і крык. Навуменка. Жывой гамонкай да світання Пляцы і вуліцы гулі. Астрэйка. З завулка .. [Круміньскі] хутка трапіў на маўклівы і гразкі пляц гарадскога рынку, перайшоў яго наўскасяк і апынуўся перад патрэбным яму домам. Галавач.

3. Гіст. Плошча для ваенных парадаў і страявых заняткаў. Па ўсяму пляцу салдаты займаліся страявой падрыхтоўкай. Хомчанка. А там далей, праз раку, — пляц, дзе гарматны свінец касіў надзею маладой Расіі, яе сумленне — дзекабрыстаў. Ліс.

[Ням. Platz.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэві́зія, ‑і, ж.

1. Праверка фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства, установы, арганізацыі, адказнай службовай асобы з мэтай праверкі законнасці, правільнасці і мэтазгоднасці іх дзеянняў. Рабіць рэвізію. Рэвізія магазіна. □ Часамі глаўк пасылаў .. [Казіміра] на рэвізію на другія заводы: у Канск, у Таўду, у Лысьву. Скрыган. Адсутнасць уліку маёмасці .. [Шаманскі] груба назваў злачынствам, паабяцаў арганізаваць рэвізію і вінаватых у адсутнасці ўліку і гаспадарчых стратах прыцягнуць да адказнасці. Дуброўскі. // Агляд чаго‑н. з мэтай праверкі. — А ўсё ж такі, брат Грышка, не шкодзіць, я думаю, пабыць табе на бухгалтарскіх курсах. Калгас наш расце, справа ўскладняецца, — заключыў рэвізію кніг старшыня калгаса. Колас.

2. Перагляд палажэнняў якога‑н. вучэння, тэорыі з мэтай унясення змен, паправак, якія парушаюць, скажаюць асновы гэтага вучэння, тэорыі.

3. Гіст. У Расіі ў 18 ст. і ў першай палове 19 ст. — перапіс сельскага і гарадскога насельніцтва для ўліку і вылічэння падушнага падатку.

[Ад лац. revisio — перагляд.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звяза́цца, звяжуся, звяжашся, звяжацца; зак.

1. Змацавацца, злучыцца адзін з адным (вяроўкай, канатам і пад.). Паднімаючыся на вяршыню, альпіністы звязаліся вяроўкай.

2. Устанавіць зносіны з кім‑, чым‑н. пры дапамозе пэўных сродкаў сувязі. Звязацца па тэлефоне з таварышам.

3. Устанавіць непасрэдныя адносіны, цесныя кантакты з кім‑, чым‑н. І цесна ў працы звязаліся горад з вёскай. Чорны. Немцы разлічвалі на тое, каб не даць атрадам аднаго раёна звязацца з атрадамі другога раёна. Казлоў.

4. Зблізіцца, завесці агульныя справы (звычайна нядобрыя). [Завішнюку] стала горка на душы, адчуў, што хочацца хутчэй выйсці з хаты, каб і не глядзець на гэтага п’янчугу Акцызніка, з якім звязаўся. Пташнікаў. // Разм. Уступіць у любоўную сувязь. «Звязалася з баламутам гэтым, трэба ж, гарадскога хлеба захацела. У вёсцы, можа, за настаўніка выйшла б...». М. Стральцоў. // Узяцца за якую‑н. справу (звычайна непасільную, непрыемную і пад.). — Звязацца з механікай.. Хіба ж гэта жаночая справа? Ус.

5. Злажыць, упакаваць свае рэчы ў звязкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрадве́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ідзе ад вякоў, не перастае існаваць; адвечны. Большая частка .. [выспы] пакрыта спрадвечнымі льдамі, а на меншай жывуць эскімосы і наезджыя каланісты-датчане. Дубоўка. Яно спакойнае, урачыстае, спрадвечнае жнівеньскае неба. Навуменка. Гудзе зямля, звіняць прасторы на свой стары, спрадвечны лад. Колас. Усё ішло само па сабе, падпарадкоўваючыся спрадвечным законам. Чаркасаў. // Шматвяковы, векавы; вельмі стары. Спрадвечны бор. □ Вецер ідзе над лесам, трашчыць і гудзе ў верхавінах спрадвечных дрэў. Чорны. Спрадвечныя дубы лёгка ўзнімаюць угору на сваіх гранітных ствалах цяжкія кроны. Паслядовіч.

2. Які існуе здаўна; старадаўні. Дзяды дзяўбуць ночвы ці выразаюць лыжкі; бабулі і мамы развешваюць ад елкі да бярозкі памытую бялізну, а ў нядзельныя раніцы, па старому, спрадвечнаму звычаю, пякуць у зямлянках аладкі для ўнукаў і дзяцей. Брыль. // Які вельмі даўно мінуў, вельмі даўні. Рабілі рупна і з веданнем, як робяць з часоў спрадвечных другія зямныя справы. Вярцінскі.

3. Карэнны, пастаянны, асноўны. Белавежскія зубры, спрадвечныя жыхары старадаўніх лясоў, знаходзяцца зараз і на беларускім баку пушчы. В. Вольскі. Была яшчэ адна немалаважная прычына: спрадвечнаму земляробу цяжка прызвычаіцца да гарадскога жыцця. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́рх 1, ‑а, М ‑рсе, м.

1. Частка будынка, у якой памяшканні знаходзяцца на адным узроўні. Жыць на пятым паверсе. Падняцца на трэці паверх. □ Нагляная аграмадзіна ў чатыры паверхі высілася насупроць гарадскога парку. Бядуля. Дзяўчаты ўзбеглі па сходках на другі паверх. Мурашка.

2. Рад прадметаў або ярусаў, размешчаных гарызантальна адзін над другім. У бараках паліцы былі зроблены ў тры паверхі. Маўр.

паве́рх 2, прысл. і прыназ.

1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паверх» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні паверхні, вышэй якой або на некаторай адлегласці ад якой размяшчаецца што‑н. ці адбываецца якое‑н. дзеянне. Валя скончыла граць і глядзіць кудысьці паверх піяніна, некалькі разоў, час ад часу, яна бярэ самыя апошнія акорды і прыслухоўваецца да іх. Чорны. Там-сям паверх вады бездапаможна высоўвалася затопленая лаза. Краўчанка. Заранік хацеў ужо развітацца, але рэдактар, прыўзняўшы галаву, глянуў на яго паверх акуляраў. Хадкевіч.

2. прыназ. з Р. На паверхні чаго‑н. Рыгор Яўхімавіч паклаў сшытак пад падушку, прылёг на ложак паверх коўдры. Асіпенка. Не прайшло і хвіліны, як у калідоры затупацелі ногі і на парозе з’явіўся чалавек у сінім халаце паверх бялізны. Быкаў.

3. прысл. Зверху, з напускам на што‑н. Верхнюю рубашку, выпушчаную паверх, .. [Ксавэр] насіў без падпяразкі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)