рэві́зія, ‑і, ж.

1. Праверка фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства, установы, арганізацыі, адказнай службовай асобы з мэтай праверкі законнасці, правільнасці і мэтазгоднасці іх дзеянняў. Рабіць рэвізію. Рэвізія магазіна. □ Часамі глаўк пасылаў .. [Казіміра] на рэвізію на другія заводы: у Канск, у Таўду, у Лысьву. Скрыган. Адсутнасць уліку маёмасці .. [Шаманскі] груба назваў злачынствам, паабяцаў арганізаваць рэвізію і вінаватых у адсутнасці ўліку і гаспадарчых стратах прыцягнуць да адказнасці. Дуброўскі. // Агляд чаго‑н. з мэтай праверкі. — А ўсё ж такі, брат Грышка, не шкодзіць, я думаю, пабыць табе на бухгалтарскіх курсах. Калгас наш расце, справа ўскладняецца, — заключыў рэвізію кніг старшыня калгаса. Колас.

2. Перагляд палажэнняў якога‑н. вучэння, тэорыі з мэтай унясення змен, паправак, якія парушаюць, скажаюць асновы гэтага вучэння, тэорыі.

3. Гіст. У Расіі ў 18 ст. і ў першай палове 19 ст. — перапіс сельскага і гарадскога насельніцтва для ўліку і вылічэння падушнага падатку.

[Ад лац. revisio — перагляд.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)