згадзі́цца сов.

1. (дать согласие) согласи́ться;

2. наня́ться, подряди́ться; договори́ться (об оплате);

з. за вартаўніка́ — наня́ться сто́рожем;

з. за сто ты́сяч рублёў адрамантава́ць плот — договори́ться за сто ты́сяч рубле́й отремонти́ровать забо́р;

3. пригоди́ться;

у гаспада́рцы і вяро́вачка зго́дзіцца — в хозя́йстве и верёвочка пригоди́тся

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ка́балка ’вяроўка’ (КСТ, у слоўніку адсутнічае, вузкі цяслярскі тэрмін). Укр. дыял. кабалка, кабелка ’тонкая прасмоленая вяровачка, якая ўжываецца пры пакрыцці дахаў чаротам’, рус. ка(о)белки ’надвязкі на паплаўкі і грузіла невада’, каболка ’пяньковая ніць для віцця вяровак (марскі тэрмін)’. Фанетыка ўкр. і рус. слоў не супярэчыць этымалогіі Мёлена (гл. Фасмер, 2, 151), які сцвярджае, што рус. каболка ’кабельная ніць’ паходзіць ад гал. kabelgaren ’тс’, як рус. шкимушка ’канат у двайную ніць’ < гал. schiemansgaren. Вандроўны тэрмін; тураў. кабалка, як паказвае значэнне, з украінскай мовы, аднак шлях пранікнення няясны, паколькі яно зафіксавана толькі на поўдні Украіны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

за́вязка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

Тое, што і завя́зка (у 2 знач.).

завя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. завязваць — завязаць ​1 (у 1, 2 знач.).

2. Р мн. ‑зак. Вяровачка, шнурок і пад., якімі завязваюць што‑н. Завязаць мех завязкай. □ Дырэктар высунуў скрынку пісьмовага стала і, дастаўшы адтуль зялёную папку, пачаў з таямнічым выглядам развязваць чырвоныя шаўковыя завязкі. Мележ.

3. Р мн. ‑зак. Пачатак, зыходны момант чаго‑н. Дакладна сказана: на моцнай завязцы ўзаемнага давер’я выхоўваецца брыгада. «Звязда». // Эпізод, падзея, з якой пачынаецца развіццё сюжэта ў мастацкім творы; проціл. развязка. Завяжа драмы.

•••

Па самую завязку; пад завязку — тое, што і як завязаць (гл. завязаць ​1).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Выпрага́ць (БРС). Рус. выпряга́ть, прягу́, прячь, укр. випряга́ти, прягти, ст.-рус. напрягу, напрячи, польск. sprząg ’вупраж’, spręgać ’сцягваць, счэпліваць’, в.-луж. spřah ’вупраж’, přahać ’нацягваць’, н.-луж. pśěg, pśěgaś, чэш. spřež ’вупраж’, spřahati ’сцягваць’, славац. spriahať ’злучаць’, серб.-ц.-слав. напрѧшти, напрѧгѫ, серб.-харв. спре́ћи спре̑гну̑ти ’сцягваць’, славен. vpréžem, vprẹ́či ’запрэгчы’, балг. запрягам. Прасл. *pręgǫ, *prękti; іншая ступень чаргавання ў *prǫgъ (гл. пруг, пругкі). Сюды ж належаць літ. sprangùs ’тое, што засядзе, вязне’, spriñgti, springstù ’душыцца пры глытанні’, sprengė́ti ’душыць’, лат. sprañgât ’зацягваць’, sasprangaвяровачка’, н.-в.-ням. Sprenkel ’сіло’, с.-в.-ням. sprinke ’пастка’, ст.-в.-ням. springo ’тс’ (Персан, Beitr., 869; Траўтман, 278). Гл. таксама Фасмер, 3, 393; Махэк₂, 490; Мартынаў, Лекс. взаим., 222.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шнур, а́, м.

1. Тонкая вяровачка, звітая з некалькіх кручаных нітак ці некалькіх пасмаў. Аднойчы, калі Люся з маці развешвалі на шнуры ля палаткі бялізну, .. [кухар] нячутна падышоў да іх. Даніленка. Палазок кінуўся на афіцэра, схапіў яго за рукі і скруціў іх шнурам ад кабуры нямецкага рэвальвера. Колас. // Тонкая вяровачка, звычайна каляровая, якая служыць для ўпрыгожання чаго‑н. Ўсе леснікі былі ўжо ў зборы У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі. Колас. // Рыбалавецкая снасць у выглядзе доўгай вяроўкі з кручкамі. Каля шалаша Віктар у вялікім медным рондлі гатаваў над агнём юху. Нанач яны з Мінам Міхайлавічам паставілі нажыўлены жыўцамі шнур, а раніцай знялі з дзесятак акунёў і два невялікія самы. Краўчанка. Тут [на рэчцы] лавіліся добрыя акунькі, траплялі шчупакі на шнур. Лынькоў.

2. У цесляроў — вяроўка, звычайна намазаная мелам або вугалем, для адбівання прамой лініі, разбіўкі, трасіроўкі і пад. Жанчыну так і цягне на двор, да новага зруба. І яна бяжыць — то набраць з-пад сякеры пахучых смалістых трэсак, то патрымаць чорны шнур, якім адсякаюць прамую лінію пад чэс. Хадановіч.

3. Электрычны провад, які складаецца з некалькіх ізаляваных жыл. [Маці] кідаецца да разеткі, вырывае шнур. — Ты толькі пабач! — звяртаецца яна да бацькі. — Не дзяўчынка, а нешта неверагоднае! Гарбук.

4. Чарада (птушак). Лета ад нас адлятае, За небакрай адлятае. Шнурамі гусей крыклівых, Чародамі тлустых шпакоў. Жычка. І заўтра ўдваіх яны [Лявон з сяброўкай], можа, Не ўбачаць у ранішні час, Як сонца ўзыходзіць прыгожа, Як шнур жураўліны ад нас, Кідаючы кліч сумнаваты, На цёплыя воды ляціць... Бялевіч. // Шэраг аднародных прадметаў, размешчаных адзін за адным. Доўгі шнур падвод на момант затрымаўся, пасля пярэдняя завярнула на аб’езную сценку. Гартны.

5. Вузкая палоска зямлі. Асабліва кідаецца ў вочы сваёй убогасцю ярына па вузкіх шнурах, што падымаюцца на пясчаныя ўзгоркі і, дабегшы да сярэдзіны, хаваюцца па другі бок іх. Колас. Зрэдку паводдаль ад вёсак кавалкі поля, падзеленага на шнуры. Гэта аднаасобніцкая зямля. Галавач.

•••

Вогнеправодны (бікфордаў) шнур — вяроўка ці тоўстая нітка з порахам унутры, якая служыць для перадачы іскры зараду.

[Ням. Schnur.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Або́ра1 ’тонкая вяровачка, у тым ліку і тая, якой падвязваюцца лапці’ (Нас., Бяльк., Касп., Шат.), оборона ’вяроўка, якой падвязваюць лапці’ (Мядзв.). Рус. обора, укр. обора ’тс’ < *ob‑vora. Бліжэйшыя паралелі: літ. apývara, apvarė̃ ў тым жа значэнні, якое ад vérti ’звязваць’, хаця літоўскі дзеяслоў мае славянскі адпаведнік vьrěti рус. вереть ’зачыніць’ і інш. Поўнае марфолага-семантычнае супадзенне ўсходнеславянскіх форм з літоўскімі і абмежаваны арэал першых дазваляюць думаць аб іх (балтыйскім паходжанні. Параўн., аднак, Траўтман, 351. Арэал аборы амаль поўнасцю супадае з арэалам лапцей (гл. Малчанава, Мат. культ., 178).

Або́ра2 ’месца на двары, абгароджанае жэрдкамі, дзе летам начуе жывёла; хлеў, вялікі будынак для кароў’, рус. обора ’агароджа’, польск. obora, балг. обор, макед. обор ’абора’, серб.-харв. обо̑ра, славен. obor ’агароджа (для жывёлы)’ да ob‑vora (ob‑vьrǫ). Суадносіцца з папярэднім, але агульна- і праславянскае, што дае падставу меркаваць аб адсутнасці паміж імі непасрэднай генетычнай сувязі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мату́з, матузок, мату́зка, матузы́, мотуз, мотузо́к, моту́зье, матузы́вяровачка, вяроўка, шнурок, вузкая палоска тканіны для завязкі, гашнік’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сцяшк., Мядзв., Бір. дыс., Бяльк., Шн. 3, Чач., Шат., Грыг., Касп., Мат. Гом., Растарг., КЭС, лаг.; Сл. ПЗБ, Ян.), ’моцна звязаны вузел’ (Нас., навагр., КЭС), ’спавівач’ (хойн., Шатал.), ’завязка’ (ваўк., Сцяшк. Сл.), бар. матузні́ца ’лямка’ (Сл. ПЗБ), ’плеценыя льняныя ці пачэсныя шнуркі, якімі набіраюць малюнак на аснове пры закладанай тэхніцы ткання’ (слуц., КЭС), ’невялікі кіёчак з кавалкам палатна ці нацягнутымі вяроўкамі ў ткацкім станку’ (бяроз., Шатал.); ’канцы асновы пасля датыкання кроснаў’ (Мат. Гом.), драг. у мотузы ’тканне ў перабор’ (Уладз.). Укр. мо́туз, моту́ззя, моту́зка, мотузо́к, мотовʼя́з, рус. мото́уз, мотоу́з, мото́ус, мотоу́с, моту́з, мота́уз, польск. motowąz, motwąz, чэш. motovouz, motouz, славац. motúz, славен. motvȍz, motóz, серб.-харв. ма̀тузица, мотуз. Прасл. лексема motovǫzъ складаецца з асноў mot‑ (< motati) і (v)ǫz‑, ‑ęz‑ (< vezati). Сюды ж матузя́нка ’посцілка з матузоў’ (ТС). Гл. Міклашыч, 203; Фасмер, 2, 664; Бонк, JP, 28, 15; Махэк₂, 375; Бязлай, 2, 197.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)