ахра́ннік, ‑а, м.

Агент ахранкі. Мікіту цяпер, калі ён задумаўся над словамі Зубковіча, пачынае здавацца, што вось-вось выйдзе нехта з-за стога, з-за хлява, возьме яго загрудкі і запытае: служыў ты ахраннікам ці не? Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

правака́тар, ‑а, м.

1. Тайны агент, які дзейнічае шляхам правакацыі (у 1, 2 знач.). Ганне Сяргееўне і раней у падполлі прыходзілася сустракацца з такімі выпадкамі, калі трэба было ліквідаваць правакатараў. Няхай.

2. Падбухторшчык, які дзейнічае са здрадніцкай мэтай. Правакатар вайны.

[Ад лац. provocator.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Та́йнікагент тайнай паліцыі, сышчык, шпік’ (вілен., Стан.), ’шпіён’ (глыб., Жыв. НС). Семантычная кандэнсацыя словаспалучэння та́йны агент. Сюды, відаць, і та́йнік ’сябар, супольнік, памочнік’ (Ласт.), параўн. польскае wtajemniczony ’ўведзены ў курс справы’. Да тайны1 (гл.).

Тайні́к1 ’тайнае сховішча’ (ТСБМ). Запазычанне з рус. тайни́к ’памяшканне, месца, якое служыць таемным прыбежышчам або сховішчам’; у гэтым значэнні ст.-рус. та́иникъ фіксуецца з канца XV ст. (Сразн.).

Тайні́к2 ’падучая хвароба’ (Касп.). Семантычная кандэнсацыя словаспалучэння та́йная хвароба, дзе семантыка тайны1 (гл.), хутчэй за ўсё, ’няясны па паходжанні’, г. зн. не маючы знешніх прыкмет; унутраны. Сярод апісаных найбольш прадуктыўных славянскіх семантычных мадэлей эпілепсіі (Усачова, Слав. др., 3, 611–612) матыў ’тайны’ з такім разгалінавым напаўненнем не адзначаны, таму яго трэба лічыць уласна беларускім этналінгвістычным феноменам. Часцей, у прыватнасці ў замовах (жлоб., карм., нараўл., БНТ, Зам.), патайнік, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

контрразве́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Спецыяльныя органы дзяржавы для процідзеяння разведцы праціўніка, для барацьбы са шпіянажам, дыверсіямі і пад. Гонкель быў немец-каланіст з Украіны, даўнішні агент нямецкай разведкі. Але год шэсць назад савецкая контрразведка парвала ўсе ніткі яго сувязей, арыштавала ўсіх, хто ведаў яго і каго ён ведаў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разве́дчык, ‑а, м.

1. Той, хто пасланы ў разведку (у 1 знач.), які ўваходзіць у склад разведкі (у 3 знач.). У час гітлераўскай акупацыі егер Мацута быў правадніком і разведчыкам у партызанскім атрадзе. В. Вольскі. Разведчыкі даносілі з усіх бакоў адно: абарона на поўдні і поўначы прарвана. Брыль. // Самалёт або судна, якія вядуць назіранне за праціўнікам.

2. Агент разведкі (у 4 знач.). Як і трэба было чакаць, факір аказаўся разведчыкам адной з вялікіх дзяржаў. Мікуліч.

3. Спецыяліст па разведцы нетраў, па пошуках карысных выкапняў. Разведчыкі выявілі багатыя нафтавыя паклады. // перан. Пра першаадкрывальніка, заснавальніка чаго‑н. Разведчыкі космасу. □ Мы — першыя ў свеце Разведчыкі будучыні, Наватары, багаборцы, Шчасця людскога Нястомныя творцы. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца тайнай для каго‑н., які скрываецца ад іншых, вядомы нямногім. Першая тайная сустрэча з бацькам парушыла спакой, стрэмкай увайшла ў сэрца. Карпаў. Адна ў цябе сяброўка І друг табе адзін — халодная вінтоўка, Надзейны карабін. Вазьмі яго і дбайна, Як будзе цішыня, Схавай у месцы тайным Да заўтрашняга дня. Глебка. // Які дзейнічае скрыта, замаскіравана. Тайны вораг. □ Прайдзіся ж ты, сціплая песня, па мужных слядах Смалячкова, Па снайперскіх тайных засадах, па плошчах і шумных палях. Броўка. // Які скрываецца ў душы, не паведамляецца нікому. Дзесяцігодку я закончыў з тайнай надзеяй вучыцца на кінаакцёра. Асіпенка. Кожнаю вясенняю парой Я выходжу з тайнаю надзеяй На шляхі і на прасторы ніў. Танк. // Такі, узнікненне, паходжанне якога незразумела, неўсвядомлена. Тайнае прадчуванне.

2. Загадкавы, таямнічы. Тайнае знікненне дакументаў. □ Я зразумеў увесь тайны сэнс .. слоў, кінутых ім [Усцінычам] ноччу, у лесе, у засадзе. Лынькоў.

3. Звязаны з сакрэтнасцю. Тайны дагавор. // Прызначаны для вядзення сакрэтных спраў, сакрэтны. Тайная паліцыя. Тайны агент.

•••

Тайнае галасаванне гл. галасаванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)