супа́сці, ‑падзе; пр. супаў, ‑пала; зак.

1. Адбыцца адначасова з чым‑н. Айчынная вайна, якая супала з маім юнацтвам,.. стала для мяне пачаткам актыўнага жыцця. Навуменка. Наш прыезд у Вільнюс якраз супаў са святкаваннем пяцігоддзя Савецкай улады ў Літоўскай ССР. Сяргейчык.

2. Аказацца агульным, аднолькавым; выявіць падабенства, адпаведнасць. Супалі і прозвішча, і завулак, у якім .. жыў [Толя], і ўсе іншыя прыкметы. Якімовіч. Паліца ўсё ж успамінала Васіля, хоць і без яго ведала, што ў вялікім калектыве будуць і людзі ўсялякія, па якіх трэба ўздзейнічаць, з якімі яе інтарэсы могуць і не супасці. Савіцкі.

3. Злучыцца, зліцца; аб’яднацца. Не знаў я, не ведаў Тады, як стаялі. Што мары дзяўчыны З маімі супалі. Арочка.

4. Сумясціцца ўсімі пунктамі пры накладанні (пра геаметрычныя фігуры, лініі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злучы́цца, злучуся, злучышся, злучыцца; зак.

1. Дакрануўшыся, утварыць адно цэлае; змацавацца, зліцца адзін з другім. Канцы правадоў злучыліся. □ Саёнак абняў Скібу за плечы, і вусы іх злучыліся ў пацалунку. Брыль. // перан. Аказацца звязаным якімі‑н. адносінамі, пачуццямі і пад. [Зоська:] Не сумуй, Савачка! Прыйдзе шчаслівая хвіліна — .. і мы злучымся назаўсёды... Чарот.

2. Звязацца якімі‑н. шляхамі зносін. // Увайсці ў зносіны пры дапамозе якога‑н. сродку сувязі. [Васіль Пятровіч] зняў трубку, выклікаў горад і хутка злучыўся з дзяжурным аэрадрома. Якімовіч.

3. Сустрэўшыся, аб’яднацца. — Мясцовасць тую я пазнаў адразу, як толькі наша часць падышла была тады і злучылася з партызанамі. Чорны. І быў гэта другі дзень з тых трох дзён, на сходзе якіх дзед Талаш і Мартын Рыль павінны былі злучыцца на Доўгім Бродзе. Колас.

4. Уступіць у хімічнае ўзаемадзеянне. Кісларод злучыўся з вадародам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падабра́цца, падбяруся, падбярэшся, падбярэцца; падбяромся, падберацеся; зак.

1. Аб’яднацца на аснове нейкіх падобных адзнак; утварыцца шляхам падбору. Падабраўся калектыў. Падабралася добрая бібліятэка. □ Добрае, дружнае звяно падабралася ў Грышы. Пальчэўскі.

2. Падлезці пад што‑н. Сабака падняў галаву, прыслухаўся і пачаў пысай шукаць гаспадаровага твару. Але твару ён не знайшоў, не мог падабрацца галавой пад кажух. Галавач. Рахманыя вочы востра звузіліся. Пульхная ніжняя губа падабралася пад верхнія зубы. Караткевіч.

3. да каго-чаго і без дап. Непрыкметна наблізіцца, падкрасціся. Дзед непрыкметна падабраўся кустамі да карнікаў і, высока ўзмахнуўшы дубінай, аглушыў аднаго ў зялёнай касцы. Шчарбатаў. Удваіх і падабрацца да чыгункі лягчэй і ўцячы можна непрыкметна. Новікаў.

4. перан. Разм. Дасягнуць нейкага пункта, узроўню. Хата падабралася пад вокны, і Птах употай цешыцца ёю. Навуменка.

5. Разм. З насцярогай напружыцца, сабрацца. Спачатку .. [Вера] не заўважыла Раміра, адчула толькі востры, пранізлівы позірк чужых вачэй. Уся падабралася. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злі́цца, зліюся, зліешся, з ліецца; зліёмся, зліяцеся і салыося, сальешся, сальецца; сальёмся, сальяцеся; заг. зліся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца ў адзін паток. [Ручаіны] бягуць несціхана, бягуць безупынна, .. покі не сальюцца ў бурлівыя патокі. Колас. Паток імчыцца ўніз з вяршыні, Каб зліцца з ведалі ракі І ўпасці на далонь турбіны. Смагаровіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца ў выніку плаўлення ў адну суцэльную масу. Соль злілася ў камяк.

3. Аб’яднацца ў адну арганізацыю, групу і пад. — Мы сталі ў адзін фронт з другім, выяўленым намі тут партызанскім атрадам. К вясне нашы атрады зліліся. Чорны.

4. перан. Утварыць з кім‑, чым‑н. адзінае цэлае. Наталька злілася з гэтым людскім патокам і загубілася ў ім. Колас. // перан. Змяшацца, перастаць, адрознівацца (для слыху, зроку і пад.). Грукат гармат зліўся ў суцэльную кананаду. Шашкоў. Сінія палоскі кашулі на.. [Міхасёвай] спіне зліліся ў адно. Савіцкі. // перан. Неразрыўна звязацца з кім‑, чым‑н. Жыццё [Нямко] злілося з інтарэсамі калгаса, з клопатамі аб конях. Кулакоўскі. // Наблізіўшыся, саставіць быццам бы адно цэлае з кім‑, чым‑н., стаць як бы часткай чаго‑н. Салаўёў ляжаў, прыціснуўшыся да зямлі і стараючыся зліцца з ёю. Шахавец. Пятрусь з Антосем прыпалі да зямлі і, падпоўзшы да жыта, зліліся з ім. Нікановіч.

5. Льючыся, перамясціцца; сцячы. Смятана злілася, а малако засталося.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сысці́ся, сыдуся, сыдзешся, сыдзецца; пр. сышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. сыдзіся; зак.

1. Ідучы з розных бакоў, сустрэцца, сутыкнуцца з кім‑н. [Хлопцы] і не заўважылі, як амаль усутыч сышліся з незнаёмым чалавекам. Колас. А то яшчэ сыдуцца твар у твар на шматлюднай вуліцы, [нібы] знарок падстроена кім-небудзь гэтая сустрэча. Пальчэўскі.

2. Прыйсці з розных бакоў у адно месца; сабрацца — пра ўсіх, многіх. Сход быў доўгім .. Сышлася ўся вёска — і калгаснікі, і гаспадары. Чорны. Паглядзець на студэнту сышлася радня. Васілевіч. Хаваць Леаніда Андрэевіча з блізкіх і далёкіх вёсак сышліся тысячы людзей. Грахоўскі. // Прыйшоўшы куды‑н., убачыцца, сустрэцца з кім‑н. [Старэйшы:] — На сёння хопіць работы. Трэба, каб і заўтра ў нас яшчэ была прычына сысціся тут. Машара. Развіталіся з містэрам Тэлпі і раз’ехаліся ў розныя бакі. Раз’ехаліся, каб зноў сысціся праз тыдзень, вырашыць спрэчку... Б. Стральцоў. // Аб’яднацца (у які‑н. калектыў). Але калі Старыца апынулася ў партызанскай зоне, яе жыхары зноў сышліся ў калектыў і ўвялі ў вёсцы даваенныя парадкі. Хадкевіч.

3. Сустрэцца для паядынку, спаборніцтва, бітвы. На кросе мы яшчэ з табою сыдземся. Савіцкі. У хмызняку, за гародамі, нашы танкі замаскіраваліся і ў змроку, перад світаннем сышліся з фашысцкімі браневікамі і танкеткамі. Кухараў.

4. Уступіць у блізкія, сяброўскія адносіны; пасябраваць. Гаваркі, рухавы Іван умеў сысціся з кожным, але былі тайны, у якія пасвячаўся адзін толькі Ягор. Навуменка.

5. перан. Уступіць у шлюб, у любоўную сувязь, сужыццё. [Бабка:] — Я ж у Лукерчыка жонкай была — не служанкай. Праўда,.. не першай — сышліся мы ў пяцідзесятым годзе. Вышынскі. Малодшая ж хітрэйшай, відаць, была, — махнула ў Кустанай і там сышлася з камбайнерам, па сэрцу, без вянца. Корбан.

6. перан. Аказацца адзінадушным у чым‑н., прыйсці да згоды. [Лях:] — І пасварыўся і не пасварыўся — не разбярэш. Духу майго Журавінка не зносіць, а я — яго. [Вот] так і не сышліся характарамі. Лобан. І сышліся хлопцы-верхаводы на Алесевай кандыдатуры. Шынклер. // Аказацца аднолькавым з чым‑н., падобным да чаго‑н. Так мы з сынам шчасліва У сваіх думках сышліся. Кірэенка.

7. перан. Разм. Прыйсці да пагаднення, згаварыцца. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся. Якімовіч. — Дам стрэліць, — сказаў Сцёпка. [Яська:] — Тры разы? — Адзін раз. — Жмінда. — Сышліся на двух стрэлах. Хомчанка.

8. Разм. Атрымацца, аказацца ў адпаведнасці адно з другім; супасці. Паказанні прыбораў сышліся. □ Вулю трэба закрыць ведамасць — і ўсё. Яшчэ — каб сышлося капейка ў капейку. Пташнікаў.

9. перан. Разм. Адбыцца адначасова (аб якіх‑н. падзеях). — Толькі што сын мой паехаў у войска служыць, — гаварыў Марцін, — а ў Перавозе дачка сабралася дзіця раджаць. Нейк усё сышлося адразу як з-пад маланкі. Чорны.

10. Наблізіцца адзін да аднаго, даткнуцца, дакрануцца. І задрамаў ён [сын] стомлены, Бы явар ля ракі, Як абцугі, над скронямі Сышліся дзве рукі. Панчанка. Калматыя бровы гаспадара сышліся над перанос[сем], папаўзлі ўгору. Асіпенка. // Разм. Аказацца па памерах дастатковым для таго, каб зашпіліць або захінуць (пра адзенне). Пояс сышоўся.

11. Прымкнуўшы шчыльна адно да аднаго, злучыцца. Высозныя горы, як сцены, Абапал. То воддаль адступяць Ад Струмы-ракі, То блізенька-блізенька Сыдуцца раптам. Гілевіч. А ён [чалавек] у траву паваліўся, У зялёных хвалях стаіўся. Сышліся над ім тыя хвалі, І вершаліны, як хвалі, Над гэтым месцам сышліся — Чалавека схавалі. Сіпакоў. У пачатку стагоддзя хаткі рабочых амаль сышліся з горадам. П. Ткачоў.

12. Аказацца, сканцэнтравацца ў адным месцы. Лініі сышліся ў адной кропцы. □ Усе сляды сышліся ля Яўхімавай пуні. Жычка. // перан. Злучыцца. Бачанае і чутае, перажытае і перадуманае — усё сышлося ў адно і разгортваецца перад вачамі, як доўгі маляўнічы скрутак. Палтаран.

•••

Свет клінам (не) сышоўся гл. свет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)