разабра́ць, -збяру́, -збярэ́ш, -збярэ́; -збяро́м, -збераце́, -збяру́ць; -збяры́; -забра́ны; зак.

1. што. Раз’яднаць, разняць што-н. на састаўныя часткі.

Р. гадзіннік.

Р. старую хату.

2. каго-што. Узяць усё, раскупіць.

Р. падручнікі.

Разабралі тавар.

3. што. Рассартаваць, прывесці ў парадак, размясціць у пэўным парадку.

Р. лісты.

Р. дакументы.

4. каго-што. Спарадкаваць, раздзяліўшы мяса і сала і іншыя часткі.

Р. кабана.

5. перан., што. Даследуючы, высветліць, даць ацэнку чаму-н.

Р. сачыненні вучняў.

Р. сказ па часцінах мовы.

6. перан., што. Распазнаць, адрозніць што-н.

Р. почырк.

Р. гатунак груш на смак.

Не р., што ён гаворыць.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., каго (што). Ахапіць, апанаваць (пра пачуццё, жаданне і пад.; разм.).

Яе разабрала злосць.

Дзяцей разабрала цікавасць.

8. Выклікаць ап’яненне (разм.).

Яго разабрала (безас.) пасля шклянкі гарэлкі.

Не разбяры-бяры (разм.) — пра што-н. вельмі заблытанае, незразумелае.

Разабраць па костачках (разм.) — дэталёва абмеркаваць, абгаварыць каго-, што-н.

(Усю) ноч разбяруць (разм.) — не будзе калі спаць.

|| незак. разбіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. разбо́р, -у, м. (да 1—6 знач.) і разбо́рка, -і, ДМ -рцы, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перагле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць, зак., каго што.

1. Агледзець, дагледзець усё, многае або ўсіх, многіх. Артур палез па кішэнях шукаць Наталлінага адраса. Уміг ён перагледзеў некалькі замурзаных блакнотаў, памятых .. паперак і — дарэмна. Гартны. І вось Янка ў кабінеце дырэктара. Ён пачакаў, пакуль той перагледзеў нейкія паперкі, потым кашлянуў. Прокша. // Прагледзець нанава, яшчэ раз з мэтай праверкі. Тамаш зноў хутка перагледзеў прыёмнік ... і зноў навушнікі маўчалі, нібы нямыя. Краўчанка. [Сяргей Сяргеевіч:] — У пятніцу вечарком я накапаў чарвякоў, перагледзеў снасці, а назаўтра .. мы ўжо кацілі на Змітраковым «буланчыку» па гладкай шашы на ўлюбёныя мясціны майго сябра — прыгожы высокі бераг Бярэзіны. Ляўданскі.

2. Разгледзець, абмеркаваць што‑н. нанава, яшчэ раз для ўнясення якіх‑н. змен, паправак. Перагледзець штаты устаноў. Перагледзець нормы выпрацоўкі. □ Само жыццё прымусіла пісьменніка перагледзець твор, бо рэчаіснасць дала яму новы цікавы матэрыял. Кучар. — Дзеля справядлівасці, даражэнькі, трэба перагледзець табе тваё рашэнне, — хмурачыся, казаў далей Гапоненка [Міхалу Пятровічу]. Капусцін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пыта́нне, ‑я, н.

1. Зварот да каго‑н., які патрабуе адказу, тлумачэння і пад. Адказаць на пытанне. □ Маці закідала сына пытаннямі, плакала і смяялася. Колас. Жанчына падышла бліжэй І ўважліва паглядзела на Мішу. — А ты хто такі? На гэтае простае пытанне Міша чамусьці не змог адказаць адразу. Жычка.

2. Практычная або тэарэтычная задача, якая патрабуе вырашэння; праблема. Аграрнае пытанне. Нацыянальнае пытанне. Абмеркаваць надзённае пытанне. □ Сялянскае пытанне, вучылі М. Г. Чарнышэўскі і М. А. Дабралюбаў, можа быць вырашана толькі рэвалюцыйным шляхам, шляхам узброенага паўстання. Ларчанка. // Справа, аб’ект абмеркавання, увагі. Наташа ведала, гэта памочнік Паўла Пятровіча і што ён пачне абавязкова распытваць, па якому пытанню яна хоча бачыць сакратара. Шамякін.

3. толькі мн. (пыта́нні, ‑яў). Як састаўная частка назваў некаторых часопісаў, зборнікаў, артыкулаў, прысвечаных пэўнай галіне ведаў. «Пытанні мовазнаўства». «Пытанні перакладу».

•••

Адкрытае пытанне — нявырашанае пытанне.

Жаночае пытанне — пытанне аб становішчы жанчыны, жаночай працы, роўнасці жанчын у грамадзянскіх правах з мужчынамі.

Рытарычнае пытанне — стылістычны прыём у мове: сцверджанне ў форме пытання.

Балючае пытанне — надзённая, неабходная, але цяжкая для вырашэння задача.

Пытанне жыцця або смерці — пра што‑н. вельмі важнае.

Ставіць пытанне рубам гл. ставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць і разглядзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Уважліва, пільна агледзець каго‑, што‑н. Пасажыраў у вагоне было нямнога, і Лабановіч пераходзіў ад аднаго акна да другога, каб разгледзець гэтую мясцовасць і хоць прыблізна адгадаць, дзе яго новая школа. Колас. Добра разгледзеў Толя ўсю красу раніцы позняй восені толькі за горадам. Якімовіч. Вечарам Шура з Сяргеем вылезлі на бераг, разглядзелі мішэнь. Навуменка. // Пільна ўглядаючыся, заўважыць, убачыць, распазнаць каго‑, што‑н. Асенняя ноч была такая цёмная і над ракой павіс такі густы туман, што твары людзей ніяк нельга было разглядзець. Кулакоўскі. Спыніліся [мужчыны] і ў тумане разгледзелі хату. Пальчэўскі. // перан. Прыгледзеўшыся, заўважыць, разабрацца ў кім‑, чым‑н. [Якаў:] — Дарэмна ты так падумаў. Людзі ёсць, толькі іх разгледзець трэба. Чарнышэвіч. Булая папракалі, але злёгку, а больш хвалілі. За смеласць, за ўменне разгледзець новае, своечасова падхапіць, выпеставаць. Шыцік.

2. Разабраць, абмеркаваць (звычайна з мэтай ацэнкі або прыняцця рашэння). Разгледзець справу ў судзе. □ З надыходам заакіянскай восені на парадку дня Генеральнай Асамблеі ўсё менш застаецца пытанняў, якія трэба разгледзець. Філімонаў. Вярнулася .. [Кавалёва] пад вечар, пакуль разгледзела пошту дома, то ўжо сонца паспела апусціцца за лес. Дуброўскі. [Малюга:] — У мяне тут яшчэ многа заяў, і мы павінны іх разглядзець. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разабра́ць, разбяру, разбярэш, разбярэ; разбяром, разбераце; заг. разбяры; зак., каго-што.

1. Разняць што‑н. на састаўныя часткі. Разабраць радыёпрыёмнік. Разабраць гадзіннік. □ Сцёпка разабраў затвор, пачысціў, змазаў, зноў сабраў. Хомчанка. // Разбурыць што‑н., разняўшы на часткі. Разабраць рэйкі на чыгунцы. □ Хату немцы разабралі. Бярвенні ім на бункер спатрэбіліся. Б. Стральцоў. // Раскідаць друкарскі набор, расклаўшы знакі набору па касах. Разабраць набор.

2. Узяць усё па частках, па адным. Сёння ў шэсць гадзін усе коней разабралі, гэта адзін Паўлік заспаў. Гаўрылкін. Дзіва проста! Ці не хопіць? Колькі можна пазычаць! Разгадаў, нарэшце, хлопец Гэту тактыку дзяўчат. Усміхнуўся хітравата Да сяброўкі дарагой: — Як відаць, у вас дзяўчаты Разбяруць увесь пакой. Гілевіч. // Раскупіць. За тыдзень разабралі ўвесь тыраж кнігі. □ — Давай перакушу крыху ды пайду, а то газу разбяруць... Чарнышэвіч.

3. Прыводзячы ў парадак, рассартаваць, аддзяліць адно ад другога. Разабраць рэчы. Разабраць бялізну. // Узяць правільна (лейцы і пад.). Лётчыкі селі ў лодку. Макараў на нос, а Дым разабраў вёслы. Алешка. // Разаслаць, рыхтуючы для спання. Разабраць ложак. □ [Алена] хуценька разабрала яго пасцель, зацягнула над ложкам занавеску. Кулакоўскі. // Расчасаць, прыгладзіць (валасы).

4. Спарадкаваць, раздзяліўшы мяса і вантробы, парэзаўшы на часткі (пра мясную тушу). І кабан і воўк — каштоўны здабытак. З ваўка можна злупіць скуру, а кабана разабраць і даставіць дадому. Колас.

5. Адрозніць, распазнаць што‑н. (слыхам, зрокам і пад.). Разабраць почырк. □ Ліда схілілася над .. [раненым], каб чуць, каб разабраць усе словы. Шамякін. Пачуліся ціхія крокі, і ў цемры.. [Прылепка] разабраў ледзь прыкметную постаць чалавека. Дуброўскі.

6. з дадан. сказам і без дап. Уясніць для сябе, усвядоміць. На адной палянцы цвілі кветкі, вельмі падобныя да нашага сну. Насілу разабраў, што гэта гіяцынты — такія буйныя і так многа было іх. Лужанін. Стралялі ў двары, за будынкамі, і цяжка было разабраць, дзе рассыпаліся нашы, а дзе былі немцы. Няхай. Здзекаваўся .. [Васіль], жартаваў ці праўду казаў, яна [Аня] не ўмела разабраць ды і не хацела. Васілевіч. // Зразумець сэнс чаго‑н. Разабраць стараславянскі надпіс. □ Спачатку я амаль нічога не мог разабраць у гэтай кнізе, а потым навучыўся чытаць лепш. Кулакоўскі.

7. і без дап. Разгледзець, абмеркаваць (пытанне, справу і пад.). Як толькі пачаўся прыём [у члены партыі], разабралі заяву камбрыга. Мележ. Кожнаму хацелася паслухаць, сваім вокам пабачыць: як яно там, як разбяруць ды вырашаць. Лынькоў. // Прааналізаваць, даць крытычную ацэнку. Разабраць творчасць паэта. Разабраць сачыненні вучняў. // У граматыцы — даць аналіз для выяснення саставу, пабудовы. Разабраць сказ па часцінах мовы.

8. Разм. Ахапіць, апанаваць (пра моцнае пачуццё, жаданне і пад.). Хлопчыка разабрала цікаўнасць. Гамолка. Злосць разабрала Мар’яну, калі дачулася пра сынавы клопаты. Пальчэўскі. // безас. Разм. Пра вышэйшую ступень праяўлення якога‑н. пачуцця, стану. — Чаго вас там разабрала? — хрыплым голасам, спрасоння, прабурчаў .. [бацька]. Арабей. // Разм. Выклікаць ап’яненне. Гарэлка яго [Янушка] крышку разабрала, расчуліла на сонцы. Дайліда.

•••

Не разбяры-бяры — пра што‑н. вельмі заблытанае, незразумелае.

Разабраць па костачках — старанна, дэталёва абмеркаваць, абгаварыць каго‑, што‑н.

(Усю) ноч разбяруць — не будзе калі спаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ты́тул, ‑а, м.

1. Ганаровае радавое або дараванае дваранскае званне (барон, граф, князь і пад.), якое падкрэслівала прывілеяванае становішча асобы і патрабавала адпаведнага тытулавання (ваша благароддзе, ваша вялікасць, ваша яснавяльможнасць і пад.). Гаварылі, што .. [Гальвас] меў тытул не то графа, не то варона. Чорны. // Разм. Называнне асобы па роду занятку, займаемай пасадзе і пад. — Ну што ж, — сказаў Віктар. — Тытул домаўласніка — гэта якраз тое, чаго мне не хапала. Але нічога не зробіш, будзем будаваць свой дом. Палтаран. У каменданцкім загадзе, які быў расклеены па сценах дамоў гарадка, Паўлік значыўся поўным сваім тытулам: грамадзянін Арэшка Павел Фёдаравіч. Хомчанка. Новыя свацці (жадалі яны сабе гэтых тытулаў, прысвоеных ім дзецьмі, ці не) напярэдадні сышліся абмеркаваць план дзеянняў. Васілевіч. // Якое‑н. званне, што прысвойваецца каму‑н. у гонар прызнання заслуг. Францыск Скарына, узброены доктарскімі тытуламі, зарукай і грашыма віленскага гарадскога галавы, перакладаў, каменціраваў і друкаваў у Празе кнігі бібліі. «Полымя». Паказалі каляровыя афішы з партрэтамі [артыстаў]. У кожнага тытул: лаўрэат якогасьці конкурсу. Жычка. / у іран. ужыв. Акрамя выключнай схільнасці да красамоўства, уладальнік ёмістай лысіны быў надзвычай прагны да славы, да гучных тытулаў і чыноў. Лынькоў.

2. Загаловак кнігі. // Першая старонка кнігі, на якой надрукаваны загаловак, імя аўтара, год і месца выдання; тытульны ліст. Тытул набіраецца буйным шрыфтам. □ Устаючы, Алесь з нейкім дзіўным пачуццём пагладзіў пальцамі ліст тытула. Гэты сумны, нікому непатрэбны ліст з доўгім надпісам. Караткевіч.

3. У буржуазнай юрыспрудэнцыі — аснова якога‑н. права. Тытул уласнасці.

4. Спец. Назва каштарысаў капітальнага будаўніцтва ў СССР па аб’ектах, якія ўключаны ў тытульныя спісы.

[Лац. titulus — надпіс, ганаровае званне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стая́ць, стаю́, стаі́ш, стаі́ць; стаі́м, стаіце́, стая́ць; стой; незак.

1. Знаходзіцца ў вертыкальным становішчы, не рухаючыся з месца.

С. пад страхой.

С. бокам.

Кветкі с. у вазе.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Быць пастаўленым, знаходзіцца дзе-н.

Хата стаіць наводшыбе.

Школа стаяла на ўзгорку.

Талеркі стаяць на стале.

3. Быць, знаходзіцца, займаючы якое-н. становішча, выконваючы якую-н. работу, абавязкі.

С. на чале завода.

С. на варце інтарэсаў народа.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Не працаваць, не дзейнічаць (пра прадпрыемства, механізмы і пад.).

Фабрыка стаяла цэлы квартал.

Гадзіннік стаяў.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Быць, знаходзіцца, мець месца.

Вечарамі стаіць цішыня.

Стаяла глыбокая ноч.

Зіма стаяла марозная.

У дзённіку стаіць пяцёрка.

На пасылцы стаяла ўчарашняя дата.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець патрэбу ў разглядзе, вырашэнні, пераадоленні.

Перад дэпутатамі стаяць пачэсныя задачы.

Стаіць пытанне аб укараненні новага абсталявання.

7. Мець часовае месцазнаходжанне, размяшчацца дзе-н.

У вёсцы стаяў гарнізон.

8. Мужна і стойка трымацца ў баі, вытрымліваць націск.

Горад мужна стаяў да апошняга.

9. перан., за каго-што. Дзейнічаць у чыіх-н. інтарэсах, змагацца на чыім-н. баку, абараняць каго-, што-н.

С. за мірнае вырашэнне праблем.

С. гарой за сяброў.

10. Пастаянна быць у памяці, перад вачамі (пра думкі, уяўленні і пад.).

Вобраз героя стаіць у галаве.

11. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не псавацца, захоўвацца.

Варэнне будзе с. доўга.

12. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Трымацца на якім-н. узроўні; займаць якое-н. становішча.

Вада стаіць на адным узроўні.

Стрэлкі гадзінніка стаялі на сямі.

13. стой(це), ужыв. таксама:

1) у знач. пачакай(це), не спяшайся (спяшайцеся);

2) як выражэнне нязгоды, здзіўлення, прыпамінання чаго-н.

Стойце, трэба лепш абмеркаваць!

Стаяць на сваім — упарта, настойліва адстойваць свой погляд, сваю думку.

Стаяць на цвёрдай глебе — мець трывалую аснову для сваіх планаў, спраў і пад.

Як стой (як стаіць) (разм.) —

1) вельмі хутка; адразу;

2) без нічога, без рэчаў.

|| зак. пастая́ць, -таю́, -таі́ш, -таі́ць; -таі́м, -таіце́, -тая́ць; -то́й (да 9 знач.).

|| наз. стая́нне, -я, н. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

подве́ргнуть сов. падве́ргнуць; однако лучше переводить (и чаще так и переводится) глаг., соответствующими определённым сущ., а также оборотами с другими глаг., в частности, в знач. поставить в какое-л. положение, сделать предметом какого-л. действия; паста́віць (каго, што, пад што, на што); вы́ставіць (каго, што, пад што, на што); падста́віць (каго, што, пад што); падве́сці (каго, што, пад што); зрабі́ць (каму, чаму, у каго, у чаго, з кім, з чым, над кім, над чым, што); накла́сці (што, на каго, на што); адда́ць, даць (каго, што, на што, пад што, а также с неопр.); узя́ць (пад што, на што, у што); уздзе́йнічаць (чым, на што);

подве́ргнуть обстре́лу абстраля́ць, падве́ргнуць абстрэ́лу;

подве́ргнуть обсужде́нию абмеркава́ць, паста́віць на абмеркава́нне;

подве́ргнуть наказа́нию пакара́ць, накла́сці ка́ру;

подве́ргнуть испыта́нию узя́ць на выпрабава́нне;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сторона́ ж.

1. в разн. знач. бок, род. бо́ку м.;

пойти́ в ра́зные сто́роны пайсці́ ў ро́зныя бакі́;

смотре́ть по сторона́м глядзе́ць па бака́х;

со стороны́ видне́е з бо́ку лепш віда́ць;

лицева́я сторона́ материа́ла до́бры (пра́вы) бок матэрыя́лу;

обсуди́ть вопро́с со всех сторо́н абмеркава́ць пыта́нне з усі́х бако́ў;

положи́тельная сторона́ де́ла дада́тны бок спра́вы;

побе́да на на́шей стороне́ перамо́га на на́шым баку́;

стоя́ть в стороне́ прям., перен. стая́ць убаку́;

дя́дя со стороны́ ма́тери дзя́дзька з бо́ку ма́ці;

2. мат. старана́, -ны́ ж.;

сто́роны прямоуго́льника сто́раны прамавуго́льніка;

3. (страна, местность) старо́нка, -кі ж., краі́на, -ны ж.;

родна́я сторона́ ро́дная старо́нка;

4. (место по краю, край) бок, род. бо́ку м., край, род. кра́ю м.;

ю́жная сторона́ ле́са паўднёвы бок (край) ле́су;

по обе́им сторона́м доро́ги па або́двух бака́х даро́гі;

5. (противопоставляемые группы) бок, род. бо́ку м.;

догова́ривающиеся сто́роны дагаво́рныя бакі́;

на стороне́ на баку́;

всё в сто́рону усё на бок;

оста́ться в стороне́ заста́цца ўбаку́;

в сто́рону у бок;

моё де́ло сторона́ мая́ ха́та з кра́ю;

узна́ть стороно́й даве́дацца ад і́ншых;

на все четы́ре сто́роны на ўсе чаты́ры бакі́;

на сто́рону на бок;

со стороны́ з бо́ку;

с одно́й стороны́ з аднаго́ бо́ку;

со стороны́ (кого, чего) з бо́ку (каго, чаго);

шу́тки в сто́рону без жа́ртаў, жа́рты на бок;

подойти́ не с той стороны́ падысці́ не з таго́ бо́ку;

привлека́ть на свою́ сто́рону схіля́ць на свой бок;

приня́ть (чью-л.) сто́рону стаць на (чый-небудзь) бок.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)