перахрысці́цца, ‑хрышчуся, ‑хрысцішся, ‑хрысціцца; зак.

1. Зрабіць рукой знак крыжа над сабой. Старая паляшучка, знахарка Мар’я, набожна перахрысцілася, падняўшы вочы на абраз. Колас. Каля развілкі на вёску.. стары зняў шапку і перахрысціўся. Бажко.

2. Ахрысціцца занава пры пераходзе ў іншую хрысціянскую веру. — А ёсць у нас і свае цыганы — Сулімы. Калісьці іх дзед ці прадзед перахрысціўся ў нашу веру, купіў зямлю. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перашэ́птвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Перагаворвацца шэптам. Людзі спярша дзівіліся, пасля пачалі перашэптвацца. І папаўзлі па вёсцы чуткі, што недзе ёсць у Андрэя прыхаванае дабро. Ваданосаў. Дзяўчаты, з затоенай хітрынкай у вачах паглядваючы на нас, паціху перашэптваліся. Лынькоў. // перан. Ледзь чутна шумець, шалясцець. Ціха перашэптваюцца між сабой дрэвы. Пальчэўскі. Па-над галавой, атрасаючы з сваіх галін іней, перашэптваліся вячыстыя прыдарожныя бярозы. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

піжо́н, ‑а, м.

Разм. пагард. Пусты малады чалавек, празмерна заняты сваім знешнім выглядам і апрануты вельмі модна; франт. Ёсць сярод нас такі задзірысты піжон — Штаны ў дудачку, чубок з-пад шапкі, А за каўнер вазьмі — папусціць нюні ён, — Ні прынцыповасці, ні смеласці, ні хваткі, Гатоў, як Бобік той, лізаць адразу пяткі. Валасевіч. Пецька — піжон. Тыдзень есці не будзе, а бразготку ўпадабаную купіць. Мехаў.

[Ад фр. pigeon — голуб.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаце́нне, ‑я, н.

Жаданне. [Шэмет:] Смешны ты, Мацвей. Па-рознаму можна хацець. Калі я хачу, то я, не адкладваючы надоўга, пачынаю гэта рабіць. А тваё хаценне і астанецца хаценнем, бо ты не робіш тое, што ты хочаш. Лобан. // Страсная пачуццёвая цяга. У яго нутры забурліла хаценне, але хмурная міна Зосі атручвала яго сэрца, і ён моцна злаваў. Гартны. На ўсякае хаценне ёсць цярпенне. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

На́дабе ’патрэбна, трэба’ (Нас.), на́добі ’трэба’ (в.-дзвін., шуміл., Сл. ПЗБ); ён нам крайні надабі (гарад., Сл. бел. нар. фраз., 141), ст.-бел. надобѣ (1406 г.), ненадобѣ (1492 г.), надобеть («з далучэннем дзеяслоўнага суфікса», Карскі 2–3, 76), рус. надобе, надобы, набоб, надобеть ’тс’. Са спалучэння на добѣ, гл. даба, г. зн. ’на часе; калі ёсць неабходнасць’. Сюды таксама на́дабна ’патрэбна, трэба’, на́дабіцца ’патрабавацца’ і інш. Гл. і надоба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Губа́ ’губа’ (БРС, Сцяшк.). Прасл. *gǫba. Трубачоў (Эт. сл., 7, 79) лічыць, што значэнні ’грыб’ і ’губа’ звязаны па паходжанню, і ’губа’ выводзіцца з ’грыба’. Звычайна слав. *gǫba параўноўваюць з літ. gum̃bas ’гуз, жаўлак, нарасць’, лат. gum̃ba. Фасмер (1, 468) лічыць, што ёсць два розныя словы (’губа’ і ’грыб’), але не выключае магчымасці аднолькавага іх паходжання.

Гу́ба ’губа, трутнік, трут’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк.). Таго ж паходжання, што і губа́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Відушчы ’які валодае зрокам’ (БРС, КТС, Сцяшк. МГ), відушчый ’тс’ (Нас.), стаўб. ’чалавек, які ўсё заўважае’ (Жд. 1). Укр. видю́щий ’тс’, ’яўны’, рус. видущий ’той, хто добра бачыць’, польск. уст. widzący ’прарок’, чэш. vidoucí ’відушчы’. Запазычана, відаць, з царкоўнаславянскай мовы з заменай суф. ‑ашчы на суф. ‑ушчы з абагульненым значэннем Nomina agentis. У ст.-бел. мове відушчы адсутнічае (ёсць толькі видячій, видящий). Сюды ж відушчасць ’празорлівасць’, відушча ’празорліва’ (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бегун, беґун ’завеса’ (ст.-бел.; Булыка, Запазыч.): двери на бегунах (беґунах). Запазычанне з польск. biegun (ад biegać) ’тс’ (Булыка, Запазыч., 39). Трэба дадаць, што факт запазычання сведчыцца толькі гукам ґ, бо гэта слова ёсць і ў рус. мове (бегуны́ з падобным значэннем), і ва ўкр. (бігун). Таму можна лічыць, што бел. бегу́н ’бягун, слупок, на якім трымаюцца вароты ў шуле’ (Бяльк.) і бягу́н ’завеса’ з’яўляюцца самастойнымі ўсх.-слав. утварэннямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бро́нец (дакладней бране́ц, параўн. рус. смал. броне́ц) ’дзераза гадавая, Lycopodium annotinum L.’ (Кіс.). Рус. броне́ц ’тс’. Наўрад ці ёсць сувязь з дзеясловам броне́ть ’паспяваць, рабіцца колеру спеласці’. Ва ўкр. мове толькі форма баране́ць; таксама ў бел. мове баране́ц ’Lycopodium selago L.’ (Кіс., 78). Можна лічыць, што рус. броне́ц (праўдзівей было б бране́ц) і бел. слова паходзяць з б(а)ране́ц (да бара́н). Расліна так названа за яе касматыя, кучаравыя галінкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́квіца ’расліна Betonica L.’ (Кіс.), таксама ’першацвет, Primula veris L., арніка, Arnica montana L.’ (Кіс.). Для Betonica officinalis гэта агульнаслав. назва: рус. буквица, буковица, буковина, укр. буквиця, польск. bukwica, bukwa, ст.-чэш. bukva, bukvice, bukovice, славац. bukvica, харв. bukvica (Мяркулава, Очерки, 137; Махэк, Jména rostl., 198–199). Як думаў Растафінскі, Symbola, 283, ёсць сувязь з назвай дрэва — *bukъ (Betonica мае лісце, якое зраслося на канцы, як у бука).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)