Вуця́ ’качаня’ (брагін., Ант., 246: «Пытай, маці, да ў шэрага вуцяці… Да шэрае вуця да й на моры начуе…»); параўн. укр. утя́, род. скл. утя́ти ’тс’ (але дзіцячае у́тя, род. скл. у́ти ’качка’), вутя́ (палес.), рус. утя́, ву́тя (бранск.) ’тс’. Відаць, архаізм; узыходзіць да прасл. *ǫws.

Ву́ця, род. скл. ву́ці дзіцячае ’качка’ (КЭС); параўн. укр. у́тя ’тс’. Хутчэй за ўсё трансфармаванае, згодна з асаблівасцямі ўтварэння т. зв. дзіцячых слоў (скарачэнне да двух кладоў, змякчэнне канцавых зычных, спецыяльная суфіксацыя і пад.), зыходнае слова тыпу ву́тва (ву́таўка), ву́тка (ву́тачка), вуцяня́ і пад.; параўн. ко́ця (< кот, коцік), ко́ся (< конь, конік) і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сва́шка1 ‘свацця’ (Нас., ТС), ‘маладая свацця; малодшая свацця на вяселлі’ (Гарэц.), ‘удзельніца вясельнай дружыны з боку маладога’ (віл., З нар. сл.), ‘дружка (жаніха)’ (мін., Сл. ПЗБ; валож., Жыв. сл.), сва́шкі ‘маладыя дзяўчаты, якія ехалі за маладым’ (З нар. сл.). Укр. сва́шка ‘замужняя сястра жаніха’, польск. дыял. swaszka ‘сваха; малая дзяўчына, якая ўдзельнічае ў вяселлі як дружка’, н.-луж. swašk, swaška ‘пасаджоная маці, старэйшая сваячка жаніха і нявесты’, балг. сва́шка ‘сястра нявесткі’. Памяншальнае да сваха, гл. (БЕР, 6, 536; Шустар-Шэўц, 1483–1484).

Сва́шка2 ‘назва грыба’ (ПСл). Няясна; магчыма да папярэдняга (“беленькая пудо дном, а зверху красная”, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзе́ўка, ‑і, ДМ дзеўцы; Р мн. дзевак; ж.

Разм. Тое, што і дзяўчына. Агонь, а не дзеўка. Усё гарыць у яе руках. Пестрак. — Зірні ж хоць на дзеўку маю, — з гордасцю маці сказала Валя. Брыль.

•••

Заседзецца ў дзеўках гл. заседзецца.

Застацца ў дзеўках гл. застацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гу́шкалка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Прыстасаванне, на якім гушкаюцца для забавы; арэлі. Бывала, маці звязвала ўнізе тонкія зялёныя галінкі [бярозы] і атрымлівалася добрая гушкалка. Ваданосаў. Віктар помніць Лявона — вясёлага і гаваркога дзядзьку. Гэта ён ім з Ганікам прыладзіў паміж яблынь гушкалку. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апраці́вець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць агідным, невыносным для каго‑н. Яго гаспадар Сымон, Ракуцька здорава такі .. апрацівеў [Паліводскаму] сваёю хатняю гаворкаю заўсёды аб хлебе і вопратцы. Чорны. Усё.. [Нэлі] раптам апрацівела: і сённяшні вечар з нечаканай трывогай ад сустрэчы з Ласухам, падман маці, п’яны голас Сцяпана. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мусо́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.

Разм. Часта дакранацца да чаго‑н. насліненымі або бруднымі пальцамі. Бацька з маці шапталіся над сталом цэлы вечар, мусолілі ў пальцах разнаколерныя паперкі сабраных за гады грошай і раскладалі на кучкі. Б. Стральцоў. Збіраліся [студэнты] купкамі, мусолілі старыя канспекты, спрачаліся. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змарко́ціцца, ‑кочуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.

Разм. Змучыцца ад працяглай маркоты. — Даўно, вельмі даўно ўжо я ад цябе ліста не меў. І змаркоціўся ж я па гэтым моцна. Крапіва. Кожны раз, як дачка прыязджала дахаты, першае, што пытала маці — ці не змаркоцілася яе Танечка без бацькоў. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасна́к, ‑а, м.

Тоўсты блін з прэснага цеста. Не прайшло і дзесяці хвілін, як на стале ўжо сквірчэла яешня, а ў місцы ляжалі свежыя агуркі і праснакі, якія Рыма сама пякла замест хлеба. Васілеўская. Маці цеста тады учыніла з вадой, праснакоў нарабіла з чаромхай лясной. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пу́чыцца, ‑чыцца; незак.

Уздувацца, узнімацца ўгору. Узімку мы хадзілі напрасцяк, цераз рэчку. І от, напрадвесні ўжо, вада паднялася, толькі на сярэдзіне пучыўся лёд. Скрыган. Маці па звычцы садзілася на воз з левага боку — і ўсю дарогу побач з ёй некранутым горбам пучылася на сене посцілка. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыно́жак, ‑жка, м.

Падстаўка на трох ножках, а таксама прыстасаванне рознага прызначэння, якое складаецца з трох палак, жэрдак і пад. Маці з Маняй начысцілі бульбы, расклалі на камінку агонь і паставілі чыгунок на трыножак. Якімовіч. За разложыстым дубам я заўважыў нізенькі трыножак — мальберт з няскончаным эцюдам. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)