па́растак, ‑тка, м.

1. Маладая галінка расліны, якая вырасла ад больш старога сцябла або ствала; флянс. [Пархвен] убачыў у небе чорны высокі ствол без голля і толькі адна тоўстая і таксама чорная галіна знізу зелянелася густымі новымі парасткамі. Чорны. // Малая галінка, якая вырасла ад кораня асноўнай расліны. У сене траплялася многа скошаных дубовых парасткаў. Шамякін. Хатка выглядае нібы нейкі звычайны ўзгорак сярод лугу, бо ўся яна густа зарасла зверху маладымі парасткамі лазы і крапівой. В. Вольскі.

2. Сцябло расліны ў самым пачатку яго развіцця з насення; расток. Лёгка, ледзь-ледзь .. [Тарэнта] кранае пальцам пясчынкі, разгортвае іх і намацвае мякаццю пальца.. востры канец жытняга парастка. Галавач. Раніцай, на васемнаццаты дзень яравізацыі бульбы, Мар’яна заўважыла на клубнях маленькія зеленавата-фіялетавыя парасткі. Стаховіч.

3. звычайна мн. (па́расткі, ‑аў); перан.; чаго. Першае праяўленне чаго‑н.; пачатак чаго‑н.; зародак. Камуністычныя суботнікі — першыя парасткі новых, камуністычных адносін да працы. □ Ранейшыя кпінкі Сцяпана і жартаўлівыя намёкі маці не прайшлі бясследна, яны пакінулі ў душы парасткі непрыязнасці, і гэтая непрыязнасць знайшла цяпер месца. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., што.

1. Зачапіўшы за што‑н., прывесіць, прымацаваць. Зрабілі браты доўгі пасак з валовых шкур, прычапілі да яго кош. Якімовіч. Віця ўвагнаў у пясок жалезную палку, а канец капронавага троса, які быў наматаны на ёй, прычапіў да Паўлавага пояса. Шыцік. // Разм. Прышпіліць што‑н. да чаго‑н. Калі .. [Язэп] апрануўся, туга зацягнуў рэмень, адзеў на галаву пілотку, прычапіў медалі і два баявых ордэны, дык раптам адчуў сябе дужым, упэўненым і як бы зусім здаровым. Асіпенка.

2. Далучыць, прымацаваць пры дапамозе счэплівання (для руху). «Калі да цягніка прычапіць больш вагонаў, — разважаў Пеця, — дык і грузу можна перавезці больш». Шыловіч. Бавар, пераапрануты ў замасленую палатняную куртку, вывеў з-пад павеці старэнькі задымлены трактар, прычапіў да яго касілку. Ракітны.

3. Разм. Замацаваць за кім‑н., даць каму‑н. (празванне, мянушку і пад.). Ён рабіў справу старанна і дбала, З першай зоркай на працу заўсёды ўставаў. Хтось мянушку яму прычапіў — Грукатайла У адплату за тое, што спаць не даваў. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шурпа́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае нягладкую, з невялікімі няроўнасцямі паверхню. Шурпатыя дошкі. □ [Сцяпан] прыгнуў арэшыну, .. абшастаў рукою лістоту — раз-пораз пальцы намацвалі шурпатыя цвёрдыя каробачкі. Гіль. Трымаючыся за моцныя сукі, я ступіў да Зоні па тоўстым шурпатым камлі. Адамчык. // Нягладкі, агрубелы (пра скуру, цела, пакрытае такой скурай). А тут шурпатыя Трахімавы пальцы спрытна хапаюць яго за вуха, рыжая з сівізною барада набліжаецца аж да самага Уладзікавага носа і страшна шыпіць. Крапіва. Далонь.. [Надзежды Іванаўны] была шурпатая, мазолістая — жанчына не цуралася любой працы. Шамякін. Гладзіў.. [сына], цалаваў валасы, шурпатую абветраную шчаку. Лынькоў. // З густым ворсам (звычайна грубым, калючым). Ночы пад канец лета святлейшыя, пад раніцу халаднавата — не ратуе нават шурпатая даматканая коўдра. Навуменка. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі.. бот. М. Стральцоў.

2. перан. Недапрацаваны, з хібамі, недахопамі. Толькі сэрца зловіць Шчырую прыязнасць у шурпатай мове. Буйло. Войцік прачытаў.. [матэрыял] і, нібы сам сабе, заўважыў, што для пачатку атрымалася нядрэнна, толькі стыль шурпаты. Машара. Гаварыў [Міход] ветла, спагадліва, ніводнага шурпатага слоўца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эстака́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Спец. Збудаванне маставога тыпу для падняцця шляхоў зносін над паверхняй зямлі, над вадой, якое дазваляе праезд або праход пад ім, а таксама для пракладвання інжынерных камунікацый, забеспячэння пагрузачных ці разгрузачных работ. Доўга думалі, як паскорыць пагрузку торфу, і нарэшце дадумаліся: зрабілі эстакаду — насціл, адзін канец якога абапіраецца на зямлю, другі — падымаецца метры на тры на моцных рыштаваннях. Дуброўскі. [Дырэктар] радаваўся новай камбінатаўскай чыгунцы, а вочы ўжо глядзелі ў бок эстакады, дзе пад пагрузкаю стаялі першыя вагоны. Карамазаў. Над зямлёй у розных кірунках ішлі эстакады — высокія жалезабетонныя падпоры, на якіх цягнуліся трубы. Хадкевіч. І вось завод з яго карпусамі — галоўным, вапнавым, механічным, са складалі гатовай прадукцыі — высокімі круглымі цыстэрнамі, да якіх па эстакадах праз увесь двор ад галоўнага корпуса цягнуцца металічныя трубаправоды. Скрыган. // Абарончая падводная загарода з паль на рэках і марскіх праходах.

[Фр. estacade.]

эстака́да 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Прамы перпендыкулярны ўдар рапірай, шпагай, эспадронам пры фехтаванні.

[Фр. estacade.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каю́к1 ’рачное вёслава-паруснае грузавое судна’ (ТСБМ); таксама ’лодка’. Рус. каю́к, укр. каю́к. Слова не вельмі яснага паходжання (прынамсі, што датычыцца фармальнага боку этымалогіі). Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў. Параўн. тат., тур., крым.-тат., казах. kajyk. Так у Фасмера, 2, 215 (гл. яшчэ Бернекер, 1, 469; Корш, AfslPh, IX, 507–508). Няясна, як узнікла форма каю́к, якая пашырана ва ўсх.-слав. мовах. Паводле Шанскага, 2, К, 107, упершыню назва каюк зафіксавана ў рус. дакументах у 1614 г. Адносна формы каю́к Шанскі, там жа, мяркуе, што гэта кантамінацыя слова кайык (kajyk ’лодка’ і чагат. каюк ’загнуты назад’.

Каюк2канец, пагібель, смерць’ (ТСБМ, БРС, Шат., Бяльк.). Усх.-слав. утварэнне (параўн. рус. каю́к, укр. каю́к ’тс’). У слоўніках рус. мовы ўпершыню, як дыялектнае, адзначаецца ў 1909 г. Мяркуюць, што гэта назва ўзнікла на аснве ўжо існуючага слова каю́к ’лодка-душагубка’ (плаванне і такіх лодках было вельмі небяспечным) у выніку лексікалізацыі. Гл. Шанскі, 2, K, 107. Параўн. апісанне лодкі-каюка ў Даля: «долбушка, однодеревка без набоев или душегубка, лодченка, каючек» (т. II, 101).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прычо́лак1 ’скат чатырохскатнай страхі над папярочнай сцяной’ (ТСБМ, Сцяшк.), прычо́лак, прічо́лок, прычо́лкі ’сярэдні скат трохсотай страхі, звычайна з задняга боку будынка’, ’страха над тарцовай сцяной будынка’ (ельск., Шушк.; ТС), прычі́лок, прычо́лак, прычо́лкі ’франтон’ (іван., нараўл., гродз., ДАБМ, 778), прычо́лак ’закот (з саломы, дошак, шыферу)’ (Ян.), ’франтонная частка страхі’, ’ніжняя частка франтона’ (карэліц., Сл. ПЗБ; Жыв. сл.), ’частка страхі, якая звісае над сцяной; напуск, стрэшка (з саломы)’ (Мат. Гом., ЛА, 4), прычо́лак ’вільчык’ (лід., барыс., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), прычі́лок ’тс’ (Сл. Брэс.). Рус. приче́лок, дыял. паўдн. ’франтон; выступ франтона’; ’скат страхі, даху’; ’тарцовы бок сцірты’; укр. причі́лок ’бакавая сцяна хаты; бок страхі, франтон’; ’бакавая сценка куфра’, польск. przyczółek ’франтон’, славен. pričélek ’гладкая паверхня каменя на сячэнні’. Прэфіксальна-суфіксальны дэрыват ад чало́ (гл.). Параўн. Банькоўскі, 2, 931.

Прычо́лак2 ’выступ каля коміна печы’ (Сцяшк.). Далейшае развіццё семантыкі ў прычо́лак ’прыбудова, прысценак, трысцень’ (ТС). Рус. дыял. приче́лок ’выступ каля коміна печы’; ’палічка пры ўваходзе ў камору са спускам у склеп, якая знаходзіцца каля печы’ і г. д., укр. причі́лок ’край, канец чаго-небудзь’. Этымалагічна тое ж, што і прычолак1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сві́сла (свісло́) ‘вага ў студні з жураўлём’ (люб., ДАБМ, камент., 809). Ад *сві́саць ‘звісаць’ з суф. ‑л(о), прадуктыўным у гэтай катэгорыі (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 49). Відаць, самастойнае ўтварэнне, падобнае да ўкр. сви́слі ‘ніжні канец плаўнай сеткі’, сви́сель ‘тс’, балг. свисло́ ‘звязка вінаградных гронак, прыгатаваных для сушэння’ і пад., якія, паводле Борыся (Czak. stud., 73), не працягваюць прасл. *sъvislь ‘выступаючая частка страхі пад шчытом будынку, застрэшак’, рэканструяванага на падставе харв. чак. svȉsla ‘застрэшак над стайняй або паветкай’; кайк. svisle ‘шчыт хаты з дошак, франтон’, славен. svísli ‘выступаючая частка страхі над франтонам’, ‘жэрдкі на знешняй сцяне дома, на якіх сушаць кукурузу’, ‘гарышча на сена, салому’, ‘клуня’, старое чэш. svisel, svisla ‘шчыт дому, франтон’, в.-луж. swisle ‘тс’, н.-луж. swisl ‘тс’, польск. дыял. świśla ‘адтуліна ў страсе для падавання сена на гарышча’, каш. svisle ў звароце pu̯y svislax lazëc ‘гультайнічаць, бадзяцца па начах’, першапачаткова дзеепрыметнікаў на ‑lъ, параўн. чэш. svislý, рус. сви́слый, а таксама дыял. свес ‘застрэшак’ (даўг., Сл. ПЗБ), што, магчыма, сведчыць пра старую тыпалагічную мадэль падобных утварэнняў ад вісець (гл.), звісаць. Параўн. таксама Сной₂, 716; ЕСУМ, 5, 192.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сціх1 ’супакой, цішыня’ (Барад., Юрч. Вытв.), ’спакой, канец’ (Сцяц. Сл.), стіх ’кароткі адрэзак часу’; у значэнні прысл. стіха́мі ’часамі’: стіхамі мніе голова боліт (беласт., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стих, стиг ’міг’, ’хвілінка, момант’, стих ’урок’ (Шымк. Сл.), рус. стих ’дзіўны стан, блазенства, нечаканы ўчынак’ у выразе стих нашёл, славац. stih ’вольны час, вольная хвіліна’. Няясна з-за разнастайнасці значэнняў. Хутчэй за ўсё, дэвербатыў ад сціхаць (гл.), падобна да міг ад мігаць; развіццё значэння ад ’раптоўная ціша’ да ’нечаканасць’ і ’момант’. У ЕСУМ (5, 414) дапускаюць сувязь з укр. сти́гнути (гл. засцігнуць); вывядзенне слова Зубатым (Studie, 163) з балцкіх моў лічыцца менш верагодным. Праабражэнскі (2, 387) выводзіць рускі выраз са стих ’палоска пры пляценні, радок лыка пры пляценні лапцей’, што, на думку Вінаградава (Этимология–1968, 167), сумніўна; не менш сумніўнай бачыцца і яго прапанова звязаць з грэч. στίχος ’радок у вершы’ (гл. сціх2) праз стадыю ’замова’. Сюды ж, відаць, і сціш ’цішыня’ (Ласт.).

Сціх2 ’верш’ (Сл. ПЗБ), сцішо́к ’вершык’ (Бяльк.). Запазычана з рус. стих, стішо́к ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

смерць, гібель, пагібель, згуба, загуба, страта, скон, скананне, кананне, згіненне, звод; халэмус, каюк, капут (разм.); здыхата (разм. зняваж.); загібель, загін, гамон, кадук (абл.), упадкі (абл., мн.); магіла, канец, канцы, капец, капцы, плаха, пятля, труба (перан.) □ вечны сон, расстанне са светам

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Калба́н ’гладыш’ (Касп., Мат. Маг.), колбанец ’тс’ (Нас.), калбан ’пасудзіна з прутоў або саломы ў выглядзе гладыша’ (Касп.), ’штучнае гняздо з саломы ў выглядзе конуса’, сюды ж празрысты перанос назвы калбанчики ’расліна Campanula’, параўн. рус. колбочки ’расліна Trollius europaeus’, ’пладовыя шышкі гэтай расліны’. Рус. смал. колбан ’гліняны або металічны гладыш, гарлач велізарных памераў’, больш далёкія — наўг. колбик ’вузкагорлы гліняны гладыш, які пашыраецца ўніз у форме шара’, ’гладыш для алею’, маск. колбушка ’канічны гладыш з вогнетрывалай гліны’. Цыхун (Бел.-польск. ізал., 149) суаднёс калбан з укр. ковбан ’цурбан, калодка’, рус. колбяк ’цурбан, балван’, бел. коўб ’страўнік жывёлы’ і інш., якія, на яго думку, узыходзяць да ўсх.-слав. колб ’шар, круглы і тоўсты канец чаго-н.’ што патрабуе ўдакладнення. Як быццам існаванне ўсх.-слав. колб асобых сумненняў не выклікае. Параўн. рус. вяц. колба ’фігура ў форме невялікага шара’, ’патоўшчаны шарападобны канец палкі’, ’шарык як упрыгожанне ў розных вырабах’, кастрам. ’галава’, астрах, колбан ’абрубак дрэва, дошкі і да т. п.’, сарат. колбешка ’невялікі абрубак дрэва, дошкі’, валаг. колбочка ’мясісты кончык носа (у чалавека), с колбочкой ’з лішкам, вышэй краёў’, валаг. колбушка ’верацяно з вялікай колькасцю напрадзеных нітак’ і інш. Укр. гуц. ковбок ’больш тоўстая частка дрэва, ужо адрэзаная ад верху’, бойк. ко́вбиця, коўбчик ’тс’. У прынцыпе калбан і інш. назвы посуду маглі ўтварыцца натуральна ад асновы колб‑. У якасці семантычнай паралелі можна прывесці ням. Kolbe, Kolben ’дубінка’, ’булава, паліца’, ’галоўка, шышка’ і Kolben ’колба (хімічны посуд)’. Аднак бел. і рус. назвы посуду могуць быць параўнальна познімі, г. зн. запазычанымі з ням. як тэхнічныя тэрміны. Параўнальна вузкая геаграфія распаўсюджання такіх назваў посуду як быццам пацвярджае магчымасць запазычання. У рус. пісьмовых помніках слова сустракаецца ў другой палавіне XVII ст. (існуе версія аб запазычанні ў канцы XVIII ст.; Шанскі, II, К, 195). Тэарэтычна нельга выключыць і магчымасці ўзаемадзеяння запазычанага слова з славянскім, што дапамагло б вытлумачыць фармальную розніцу ням. і рус. слоў. Звяртае на сябе ўвагу таксама паслядоўнае супадзенне назваў посуду і слав. дэрыватаў ад колб‑: калуж. колба ’бутля’, ’шар’, наўг. колбик ’гладыш’, новасіб. ’каўбаса асобага прыгатавання’, перм. колбушка ’абрубак дрэва’, маск. ’гладыш канічнай формы’, смал. калбан ’гладыш’, уральск. калбан ’тоўсты абрубак дрэва’. Гэтыя факты вельмі падазроныя, хоць магчымасці трансфармацыі запазычанага слова выключыць нельга, у тым ліку і пад уплывам слав. слоў, як гэта мяркуецца. Адносна ўсх.-слав. колб‑ гл. падрабязней пад каўбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)