абыхо́дак, ‑дку, м.
1. Патрэбы штодзённага жыцця. Жанкі і дзяўчаты збіраюць летам ягады і грыбы і гэтым трохі падзарабляюць на дамашні абыходак. Колас. [Федзя:] — Заўсёды нейкі грош трэба мець на абыходак. Крапіва.
2. Разм. Неабходныя рэчы, абстаноўка. [Маці:] — Стараючыся, дык і на дзвюх дзесяцінах льга жыць. Людзі жывуць. А гэта — што папрадаем увесь абыходак свой — дык яно, жывучы, нажывецца зноў. Чорны.
3. Ужытак, карыстанне. Увесці ў навуковы абыходак невядомыя дакументы.
•••
На першы абыходак — на першую патрэбу, на першы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
касцю́м, ‑а, м.
1. Камплект адзення, які складаецца з пінжака, штаноў і часам камізэлькі (у мужчын) або жакета і спадніцы (у жанчын). Картовы касцюм. □ Гадомскі і Строіш былі ў касцюмах і плашчах. Брыль. Гэта высокая хударлявая жанчына хадзіла заўсёды ў строгім англійскім касцюме. Васілевіч.
2. (часцей з азначэннем). Адзенне спецыяльнага прызначэння. Спартыўны касцюм. Купальны касцюм. // Тэатральнае або маскараднае адзенне. Касцюм мушкецёра. Касцюмы да спектакля. □ Мільгалі твары ў масках і без масак, у самых нечаканых мудрагелістых касцюмах. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кула́к 1, ‑а, м.
1. Кісць рукі з прыгнутымі к далоні пальцамі. Булай скамечыў ліст ватмана, сціснуў кулакі, аж пабялелі пальцы. Шыцік.
2. перан. Сканцэнтраваныя ў адным месцы ваенныя ўзброеныя сілы для рашаючага ўдару. Спецгрупа збіралася ў адзін кулак. Новікаў.
3. Дэталь машыны, якая мае форму выступу і штурханнем прыводзіць у рух другія механізмы.
кула́к 2, ‑а, м.
Багаты селянін-уласнік, які эксплуатаваў беднякоў; вясковы буржуа. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лу́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што. Раскусваць, разгрызаць, есці з трэскам, хрустам (гарбузікі, сланечнік і пад.). Дзяўчаты лускаюць сланечнік, шэпчуцца, перамаўляюцца, як заўсёды. Лупсякоў.
2. Распаўсюджваць кароткі, сухі гук пры ламанні, лопанні чаго‑н. сухога; патрэскваць. Лускае запалка, ломіцца ў пальцах, але ўспыхвае і гарыць. Пташнікаў. Трымаючыся за голле, Язэп сяк-так дабраўся да ручая. Пайшоў па лузе, які зрэдку лускаў пад ботамі. Асіпенка. / Пра зімовае надвор’е. Мароз бярэцца, націскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзе́дзіч і дзе́дзіц, ‑а, м.
Гіст.
1. Наследнік дзедаўскага памесця, двара, маёнтка. Цяпер сын [пана] Крукоўскага прад’явіў свае прэтэнзіі. Дзед Хвядос так і сказаў: «прэтэнзіі». А калі ён дапасаваў гэтае хітрае слова да маладога дзедзіца, дык дабра не чакай. Бажко.
2. Уладар маёнтка, атрыманага ў спадчыну ад продкаў; землеўладальнік. У тыя часы на Прыдняпроўі ў багатых дзедзіцаў заўсёды існавалі пры стайні, праварыне і бегавых дарожках — словам, пры ўсім, што складала конскі завод — некалькі пакояў, штосьці накшталт мужчынскага клуба. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зве́сткі, ‑так; адз. звестка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
Даныя, паведамленні аб кім‑, чым‑н. Хлопцы ўсё больш смялелі і ўжо проста, як старому сябру, пачалі расказваць Лясніцкаму ўсе вясковыя навіны, зусім не падазраючы, што для камісара гэта былі амаль што самыя каштоўныя звесткі аб ворагах і сябрах. Шамякін. Партызаны заўсёды заходзілі да .. [настаўніцы], як да сваёй сувязной, дзяліліся навінамі, адпачывалі, атрымлівалі ў яе неабходныя звесткі. Шчарбатаў. // Даныя, якія характарызуюць каго‑, што‑н. Статыстычныя звесткі. Звесткі аб надвор’і.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які існуе заўсёды, не мае ні пачатку ні канца (у часе). Вечная матэрыя. // Які не перыстае існаваць. Вечныя снягі. Вечная мёрзлага. // Не абмежаваны тэрмінам. Акт на вечнае карыстанне зямлёй.
2. Які пастаянна паўтараецца, бесперастанны. Вечныя спрэчкі.
•••
Вечны агонь гл. агонь.
Вечны рухавік гл. рухавік.
Вечнае пяро гл. пяро.
Вечная гісторыя гл. гісторыя.
Вечная памяць гл. памяць.
Вечны спакой гл. спакой.
Заснуць вечным сном гл. заснуць.
На векі вечныя гл. век.
Спаць вечным сном гл. спаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пунсаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Вылучацца сваім пунсовым колерам; быць пунсовым. Калі ў лесе кукуе зязюля, то на палянках пунсавеюць суніцы, а ў полі красуе і наліваецца колас. Няхай. Замест каменя на .. [магіле] стаіць фанерная піраміда з чырвонай зоркай і пунсавее, нібы пляма гарачай чалавечай крыві, невялічкі вянок з апошніх восеньскіх кветак. Сяргейчык. Шчокі Аніны пунсавелі заўсёды макавым цветам. Васілевіч.
2. Рабіцца пунсовым, чырвоным. Праз некалькі хвілін госць пунсавее мацней, як у дарозе на стрэчным ветры. Карамазаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сыраві́на, ‑ы, ж.
Матэрыял, прызначаны для далейшай прамысловай апрацоўкі і атрымання гатовых вырабаў. Сельскагаспадарчая сыравіна. Сыравіна для тэкстыльнай прамысловасці. □ [Віктар Мікалаевіч:] — Калійная соль, што мы выдаём з шахты, — гэта сыравіна, якую яшчэ трэба перапрацоўваць. Чаркасаў. // перан. Разм. Пра што‑н., не апрацаванае як след, тое, што з’яўляецца накідам для чаго‑н. А блакнот .. [Гната] быў заўсёды гусцей, як у каго іншага, нашпігаваны сыравінай для карэспандэнцый, замалёвак, інфармацыі... Карамазаў.
•••
Стратэгічная сыравіна — матэрыялы, якія адпавядаюць мэтам стратэгіі, неабходныя для ваенных мэт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уну́к, ‑а, м.
1. Сын дачкі або сына. Вестка — унук нарадзіўся — прыйшла. От жа сэрца і рвецца: Як там? Што там у іх? Каб магла, Паляцела б, здаецца... Гілевіч.
2. толькі мн. (уну́кі, ‑аў). Нашчадкі. Хто высаджваў ля бруку Сотні дрэўцаў густых? — Мы, Мічурына ўнукі, Тут вырошчваем іх. Нядзведскі. — Трэба, .. каб гэтую казку [пра прыгажуню-Алёну] заўсёды памяталі нашы дзеці і ўнукі, каб яны мацней любілі і бераглі тое, што ёсць у іх, — нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)