паго́ня, ‑і, ж.
1. Праследаванне таго, хто ўцякае. Кінуцца ў пагоню. Наладзіць пагоню. □ Час ад часу ласіха будзе спыняцца, каб падпусціць чалавека бліжэй і заахвоціць яго да далейшай пагоні. В. Вольскі.
2. Адзін чалавек або група людзей, якія праследуюць каго‑н. Паслаць пагоню. Накіраваць пагоню ў іншы бок. □ [Саша] чуў, як нехта бяжыць па яго слядах, што гэты нехта зусім блізка — не выратавацца, не схавацца ад пагоні. Мікуліч.
3. перан.; за чым. Моцнае жаданне атрымаць што‑н., дабіцца чаго‑н., імкненне да чаго‑н. Пагоня за кнігай. Пагоня за славай. □ У віры жыцця, у пагоні за праўдай не адна іскарка залятала ў душу, ад якой пачынала рабіцца і цёпла і радасна. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пра́гны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вельмі моцна хоча, прагне чаго‑н. Вопытныя шахцёры з Расійскай Федэрацыі і Украіны клапатліва вучылі прагных да ведаў мясцовых хлопцаў. Паслядовіч. Ён быў на дзіва прагны да жыцця, гэты чалавек з жоўтымі, як мёд, валасамі. Караткевіч. // Пражэрлівы, ненасытны. Ваўкі, вядома, прагныя і цярплівасці ў іх ніколі не хапае. В. Вольскі. // Які выказвае прагнасць. На парозе паявіўся хлопец — чарнамазы, з гарачымі прагнымі вачыма. Мікуліч. [Аляксей] зрабіў некалькі прагных глыткоў і, цяжка ўздыхнуўшы, адкрыў вочы. Скрыпка.
2. Скупы, жадлівы. — Гэта, мабыць, людзі ўздумалі на .. [Палікара] за тое, што ён занадта ўжо прагным ды зайздросным быў на ўсё. Кулакоўскі. — Сяляне валілі сухастоіны, а прагнаму магнату і іх стала шкада. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праця́глы, ‑ая, ‑ае.
Які доўга працягваецца. Працяглы тэрмін. □ Наступіла працяглая маўклівая паўза: усе меркаванні і здагадкі ўжо былі выказаны да з’яўлення Шэмета, і цяпер ніхто не адважваўся іх паўтараць. Лобан. Стук паўтарыўся. Ён быў такі ж асцярожны, але больш настойлівы, працяглы. Кулакоўскі. Спачатку сакаляня лятала толькі каля хаты, але з кожным днём падарожжы яго рабіліся ўсё больш і больш далёкімі і працяглымі. В. Вольскі. // Працяжны, не адрывісты (пра гукі). Гукі біліся аб густую сцяну бору і, не прабіваючы яе, адляталі назад працяглым рэхам. Шамякін. А за возерам, далёка на небасхіле, вісела чорная хмара. Час ад часу яе прарэзвала маланка і праз момант далятаў глухі, працяглы гром. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасо́л, ‑ела, м.
1. Дыпламатычны прадстаўнік вышэйшага рангу адной дзяржавы, акрэдытаваны пры ўрадзе іншай дзяржавы. Гэтай вячэрняй парой на балконе аднаго з дамоў на Арцішчаўскай вуліцы стаяў паўнамоцны пасол РСФСР Сяргей Міронавіч Кіраў. Самуйлёнак. Паслы імперыялістычных дзяржаў, якія спадзяваліся на магчымую змену палітычнага курсу, былі расчараваны. В. Вольскі.
2. Той, хто пасланы куды‑н. з якім‑н. даручэннем; пасланец, пасыльны. Прыйшлі паслы — Ад плугоў, ад пілы. Павялі паслаў Да прыбраных сталоў. Лось.
3. У Польшчы — дэпутат сейма. На з’ездзе выступалі два беларускія паслы сейма, якія прыехалі з Вільні. Пестрак. З часу абрання Тарашкевіча паслом сейма ўвесь свой творчы запал ён аддае палітычнай барацьбе. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спець 1, спяю, спяеш, спяе; спяём, спеяце; зак., што і без дап.
Зак. да пець (у 1, 3 і 4 знач.) і спяваць (у 1, 2 знач.).
спець 2, спее; незак.
1. Рабіцца спелым, выспяваць (пра гародніну, злакі і пад.). На дубах спелі жалуды. Чорны. Пшаніца спее, пад сонцам яна як вылітая з медзі. Пестрак. Направа ад дарогі рос Авёс, Налева — памідоры спелі. Корбан.
2. перан. Развівацца, фарміравацца, складвацца. Спеюць Настроі і думкі. Глебка. Я іду паўз бераг Нарачы, Спее песня ў душы. А. Вольскі. Ганя бачыла, што ў Косці, як яна казала, спеюць вялікія здольнасці (ён мог ужо чытаць, лічыць), пераканала ў гэтым Максіма. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
флаг, ‑а, м.
Прымацаваны да дрэўка або да шнура кавалак матэрыялу адпаведная формы і колеру (звычайна з якой‑н. эмблемай). Дзяржаўны флаг. □ У першы дзень работ на новым рубяжы будаўніцтва быў узняты чырвона-зялёны флаг нашай рэспублікі. Грахоўскі. // Сімвал дзяржавы, нацыі. На рэйдзе многа вялікіх суднаў пад рознымі флагамі. В. Вольскі.
•••
Застацца за флагам — а) у конна-спартыўных спаборніцтвах — не паспець прайсці дыстанцыю, адзначаную флажком, ва ўстаноўлены час; б) перан. адстаць у чым‑н. ад іншых, не дасягнуць мэты, не быць дапушчаным куды‑н.
Пад флагам якім або чаго — а) пад якім‑н. лозунгам, у імя чаго‑н.; б) прыкрываючы чым‑н. свае сапраўдныя намеры.
[Гал. vlag.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перспекты́ва, ‑ы, ж.
1. Від у далячынь з якога‑н. месца; даль. Я вяртаюся на месца, дзе канал злучаецца з Бярэзінай, і спыняюся на невялікім мыску, створаным берагам ракі і берагам канала. Адсюль адкрываецца далёкая перспектыва ўверх і ўніз па плыні. В. Вольскі. Юткевіч выйшаў за вайскоўцам у доўгі напаўцёмны калідор. У перспектыве свяціліся шкляныя дзверы. Мікуліч.
2. Спосаб адлюстравання аб’ёмных прадметаў на плоскасці з улікам уяўных змяненняў іх велічыні, абрысаў, выразнасці ў залежнасці ад ступені аддаленасці ад наглядальніка. Законы лінейнай перспектывы. // Аб’ёмнасць, суадносіны аб’ёмных прадметаў і іх частак. Адсутнасць перспектывы.
3. Раздзел начартальнай геаметрыі, які вывучае правілы і спосабы праекцыі прадметаў на плоскасць.
4. пераважна мн. (перспекты́вы, ‑тыў); перан. Планы, віды на будучае. Перспектывы далейшай работы. Перспектывы на ураджай. □ Ля вогнішча ідзе гутарка пра перспектывы развіцця рыбнай гаспадаркі на возеры. В. Вольскі. // Будучае, магчымасці, спрыяльныя ўмовы развіцця чаго‑н. у далейшым. Яно і добра, што ёсць з каго браць прыклад, — светлая перспектыва заўсёды заве наперад. Кулакоўскі. [Заранік:] — Зона.. [машынна-трактарнай станцыі] глухая, вельмі пацярпела ад акупацыі, але з перспектывамі... Хадкевіч. Рабочыя памяталі аб даваенных крызісных гадах, аб жахлівых нягодах беспрацоўнага жыцця, пазбаўленага ўсякіх перспектыў і надзей. Лынькоў. Бацька не бачыў у агранаміі тэхнікі, а таму і ніякіх перспектыў. Пестрак. // Тое, што, па меркаванню каго‑н., павінна наступіць. Адзіночка, а пасля перспектыва васьмігадовага вандравання з астрога ў астрог страшылі .. [Гурына]. Машара. Доктара ніколі не захапляла перспектыва цягаць аднаго за другім шчупакоў або акунёў. Васілевіч.
•••
У перспектыве — у будучым, у далейшым. [Паддубны] прадчуваў, што ў перспектыве будуць неймаверныя цяжкасці і небяспекі. Пестрак.
[Фр. perspective.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адно́сіцца, ‑ношуся, ‑носішся, ‑носіцца; заг. адносься; незак.
1. Незак. да аднесціся.
2. Уваходзіць у састаў, разрад чаго‑н.; належаць да ліку якіх‑н. з’яў, прадметаў. Нарач адносіцца да азёр, якія не зарастаюць раслінамі. В. Вольскі. Самае галоўнае, што нас яднала, — гэта тое, што мы адносіліся да ліку пакрыўджаныя. Дамашэвіч.
3. Быць аднесеным да пэўнага часу, быць звязаным з пэўным перыядам. Першыя паэтычныя вопыты Янкі Купалы адносяцца да 1902 года.
4. Знаходзіцца ў пэўнай адпаведнасці, суадносінах з чым‑н. // Даваць пры дзяленні на другі лік пэўную дзель (заўсёды ў параўнанні з другой парай велічынь). Дзевяць адносіцца да трох, як тры да аднаго. Плошчы двух трохвугольнікаў адносяцца, як здабыткі іх асноў да вышыні.
5. Зал. да адносіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каро́ва, ‑ы, ж.
1. Буйная свойская жывёліна, якая дае малако; самка быка. Малочная карова. Дойная карова. □ Прама перада мною каля маладой сасны.. скубла траву чорная карова з белымі плямамі. В. Вольскі. Выгадавалася з лысенькай цялушачкі слаўная карова. Якімовіч. // Самка некаторых народ буйной рагатай жывёлы (лася, аленя, зубра). Найчасцей сустрэне [Алежка] там ласёў, цэлую іх сям’ю: самца ў гордай кароне рагоў, карову з цялушкай — пасуцца ў драбналессі. Вышынскі.
2. Разм. зневаж. Пра тоўстага, нязграбнага чалавека (звычайна пра жанчыну). — А ну, варушыся, карова! Лынькоў.
•••
Марская карова — вымерлае воднае млекакормячае атрада сірэн.
Дойная карова — пра крыніцу матэрыяльных даброт, якой можна несумленна карыстацца ў асабістых мэтах.
Як карова языком злізала каго-што — хутка і бясследна знік, як і не было.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зігза́г, ‑а, м.
1. Ламаная лінія. Маланкі паласавалі ўжо неба і ўдоўж і ўпоперак, яны нагадвалі і белыя шаблі, і блакітныя стрэлы, і зігзагі, і дугі. Хадкевіч. // перан. Рэзкае адхіленне ад асноўнага напрамку ў палітыцы, дзейнасці, быце і пад. [У. Бранеўскі] адлюстроўвае ў сваёй творчасці зігзагі лёсу сваёй краіны. Пестрак.
2. Пра тое, што мае форму ламанай лініі. Сярэбраныя стужкі на канфедэратцы і зігзагі на каўняры ў Збігнева былі зашмальцаваны. Карпюк. // Від жалезнай бараны з папярочнымі перакладзінамі ў форме ламанай лініі.
3. у знач. прысл. зігза́гам, зігза́гамі. Утвараючы ламаную лінію, пакідаючы след ламанай лініі. Міма нас праплывае вуж. Галава яго прыўзнята над вадой, а цела звіваецца зігзагам. В. Вольскі. Шыбы вагонаў былі ўсыпаны дажджавымі кроплямі, якія зігзагамі сцякалі на зямлю. Гурскі.
[Фр. zigzag з ням.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)