бра́цца, бяруся, бярэшся, бярэцца; бяромся, берацеся, бяруцца; незак.

1. за каго-што. Хапацца рукамі за які‑н. прадмет, за каго‑н. Калі дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны. Лынькоў. Бяруся за бліжэйшую ад сябе ручку дзверцаў, спрабую адкрыць. Кулакоўскі. [Млынар] асцярожна кладзе на дно чоўна восці, выкідае ў рэчку рэшткі абгарэлых смалякоў з лучніка, бярэцца за шост і адплывае ад берага, у туман. Барашка.

2. за што. Пачынаць работу, якую‑н. дзейнасць прыладай працы, зброяй. Усе жнеі падняліся ўжо, — адны ваду пілі са збанкоў, другія весела перакідваліся смешкамі, браліся за сярпы. Мележ. Заўсёды ў час пагранічнік бярэцца за зброю. Заўсёды гатовы перамагчы і заўсёды гатовы памерці. Брыль.

3. за што. Прыступаць да чаго‑н., распачынаць якую‑н. дзейснасць. Рана ў калгасе браліся за сяўбу. Адамчык. І заўсёды, што б.. [Аксіння] ні рабіла, за якую б справу ні бралася, у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. Калі ўсе разыходзяцца з хаты, тады Пятро вяртаецца і бярэцца за снеданне. Пестрак.

4. з інф. Збірацца, намервацца, наважвацца зрабіць што‑н. Карніцкі як браўся апрануць кіцель, так і знямеў. Паслядовіч. Хлопцы ўжо ці раз браліся правучыць Сыса. Вітка. Нэлачка бралася плакаць — маці вярнулася да пасцелі. Грамовіч.

5. з інф. Прымаць абавязацельства, адважвацца, умець, магчы зрабіць што‑н. [Забалотны:] — Бяруся правесці сваім лакаматывам цяжкавагавы састаў! Васілёнак. Паважаны чалавек адзін З далёкіх і чужых краін Прыехаў вандраваць па Беларусі, Чаго — сказаць я не бяруся. Крапіва.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паяўляцца, узнікаць. І дзе браліся толькі сілы ў гэтай хударлявай дзяўчынкі! Лынькоў.

7. Разм. Наставаць, пачынацца (пра з’явы прыроды). Зіма бралася нядружна. Дуброўскі. Мароз бярэцца, паціскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас. / у безас. ужыв. Бралася на дзень. Бралася на мароз.

8. Разм. Ісці, рушыць, падавацца ў пэўным напрамку, накіроўвацца. Калі.. [дзядзька] даведаўся, што мы едзем паглядзець коласаўскія мясціны, дык прамовіў: — Э-э, тады вам трэба брацца толькі праз Акінчыцы. С. Александровіч. [Алесеву] ўвагу прыцягнула адзінокая постаць, якая віднелася здалёк і сцяжынкаю бралася да сяла. Броўка.

9. Хапаць насадку, лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу). І рыба не хацела брацца ні на блёсны, ні на нажыўку. Брыль.

10. за каго-што. Ліпнуць, прыставаць да каго-чаго. Пад каламі трашчала ламачча, мокрае лісце бралася за колы і мокрая зямля наліпала на шыны, як жаўтаватая жарства. Чорны.

11. за што. Разм. Выказваць старанне, ахвоту да якой‑н. работы. Гадоў пяць таму назад хадзіла вучыцца адна дзяўчынка, адна на ўсю школу. І бралася яна добра, ды захварэла нейк зімою і памерла. Колас. Дзень і ноч сядзіць [меншы сын] з вудаю на рэчцы, за гаспадарку ж ані не бярэцца. Якімовіч.

12. за каго-што. Разм. Заступацца, ручацца за каго‑н.; абараняць. [Сёмка з Рыгорам] браліся адзін за другога, калі хто хацеў аднаго з іх пакрыўдзіць. Гартны.

13. за каго. Разм. фам. Прымаць меры ўздзеяння.

14. чым. Набываць новую якасць, змяняцца; ператварацца ў што‑н. Неба на ўзбалотку ўжо вельмі пасвятлела, нават крыху пачало брацца чырванню. Мележ.

15. Разм. Расці, набірацца сілы. Пшаніца бралася ў рост. □ Вось пачало ў нас расці.. на полі, добра, няхай расце, пасеем яшчэ сёе-тое новае, няхай бярэцца. Кулакоўскі. Усюды.. браліся густыя, у пояс чалавека, травы. Лынькоў.

16. Зал. да браць (у 1–8, 10, 13, 14, 16, 18 знач.).

•••

Брацца за бокі (за жывот) — смяяцца, рагатаць да болю ў жываце.

Брацца (узяцца) за галаву — а) быць вельмі здзіўленым, уражаным чым‑н.; б) своечасова спахапіцца, зразумець.

Брацца загрудкі (за чубы) — задзірацца, даходзіць да сутычкі.

Брацца (узяцца) за гуж — пачынаць якую‑н. сур’ёзную справу.

Брацца за зброю — пачынаць узброеную барацьбу супраць каго‑, чаго‑н.

Брацца (узяцца) за розум — стаць на правільны шлях.

Брацца (прымацца) ў разлік — улічвацца, брацца пад увагу.

Брацца ў рожкі — адчуць сілу, пачаць выяўляць сваю самастойнасць, спрачацца з кім‑н.

Брацца ў сілу — пачынаць хутка расці, буйна развівацца; усталёўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дайсці́, дайду, дойдзеш, дойдзе; пр. дайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. дайдзі; зак., да каго-чаго.

1. Ідучы ў пэўным кірунку, дасягнуць якога‑н. месца. Вера дайшла да сваёй хаты і прысела на лавачцы перад гародчыкам. Паслядовіч. Доўгім і вузкім дваром .. [Сцяпан з сястрой] дайшлі да пуні. М. Стральцоў. // Рухаючыся, дасягнуць якога‑н. месца (пра поезд, машыну, параход і пад.). Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч. // Дасягнуць месца прызначэння (пра пісьмы, тэлеграмы і пад.). А маці, нібы адгадвала яго [сынавы] думкі, запытала: — Ліст наш ці дайшоў жа да цябе, што Макар пісаў? Галавач. // Звярнуцца да каго‑н. у вышэйшай інстанцыі (з заявай, скаргай і г. д.). — Я дайду да сакратара райкома! — крыкнуў Несцер Іпатавіч. Дубоўка.

2. Распаўсюджваючыся, дасягнуць слыху, нюху; данесціся (пра гукі, пахі і пад.). Крык не дайшоў да вушэй. □ Пах салодкі [праснакоў] дайшоў да гультайкі-дачкі. Дубоўка. // Стаць вядомым, распаўсюдзіцца (пра весткі, чуткі і пад.). Да Салаўёва неяк дайшлі чуткі, што яго збіраюцца замяняць. Шахавец. Вестка, што Язэпава золата знайшоў Базыль, дайшла і да Лукер’і. Сачанка. // Выклікаць якія‑н. пачуцці, знайсці водгук (у сэрцы, душы і пад.). [Купала:] — Ці ўдасца мне сказаць такое слова, каб дайшло яно да людскіх сэрцаў. Вітка. Выйшла маці і села побач. .. Відаць, яе паклікала сюды песня, чымсьці дайшла да сэрца. Пестрак. // Стаць зразумелым, асэнсаваным, пранікнуць у свядомасць. Да Нора не адразу дайшоў сэнс таго, што сказала гэтая прыгожая руская жанчына ў афіцэрскай форме. Шамякін. / у безас. ужыв. Мікалай стаяў і нібы не разумеў, што тут адбываецца. Нарэшце да яго дайшло. Чарнышэвіч. // Захавацца, зберагчыся да якога‑н. часу (пра паданні, помнікі пісьменнасці і пад.). Гэту ж казку-быліну людзі склалі ў свой час, а яна з той часіны і дайшла аж да нас. Машара. З глыбінь стагоддзяў дайшла да нас мара працоўнага чалавека вырвацца з няволі. «ЛіМ».

3. Змяняючыся, дасягнуць якога‑н. узроўню, распаўсюдзіцца да пэўнай мяжы (пра аб’ём, колькасць і інш.). Мароз дайшоў да дваццаці градусаў. Вада дайшла да краёў.

4. Прыйсці ў які‑н. стан, дасягнуць крайняй ступені праяўлення чаго‑н. Дайсці да знямогі. □ Толькі рускія махісты маглі дайсці да таго, каб сцвярджаць «спалучальнасць» юмаўскага агнастыцызму з матэрыялізмам Маркса і Энгельса. Ленін. Хлопец дайшоў ужо да такога стану разгубленасці, калі чалавек не здольны ні думаць, ні бачыць, ні гаварыць. Карпюк.

5. Разм. Дасягнуць разумення чаго‑н.; дадумацца, разабрацца, разведаць. Дзядзька Максім — чалавек цікаўны, пакуль да ўсіх дробязей не дойдзе — не адступіцца. Пянкрат. Мудры дзед. Век зжыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў. Такія ў вёсцы — філосафы. Варожаць і на ўраджай і на пагоду. Дзе не розумам, то хітрасцю дойдуць... Пташнікаў.

6. Дабрацца да каго‑, чаго‑н. па парадку; настаць чыёй‑н. чарзе. Дайсці ў размове да галоўнага. □ І вось, калі першая чарка дайшла да .. [Лабановіча], ён падзякаваў гаспадару і перадаў чарку суседцы. Колас. Я адразу здагадаўся: справа дайшла да арыфметыкі. Зноў не атрымліваецца задачка. Няхай. // Дасягнуць пэўнага службовага становішча. Дайсці да чына палкоўніка.

7. Шчыльна прыстаць; стаць на сваё месца (аб тым, што падганяецца, дапускаецца, прыладжваецца). Дзверы добра дайшлі да пазоў.

8. Разм. Аслабець, выбіцца з сіл; памерці. Паранены звер дайшоў. □ — Не штука з голаду дайсці пры такой рабоце, — апраўдваючыся, пачаў Саша. Вітка.

9. Разм. Стаць гатовым (аб тым, што пячэцца, смажыцца і пад.). Пірагі дайшлі. // Даспець. Памідоры за пагодай яшчэ дойдуць.

•••

Дайсці да чыіх вушэй — стаць вядомым каму‑н.

Дайсці (да) ладу — разабрацца, дабіцца толку.

Дайсці да памяці — апрытомнець.

Дайсці да розуму — паразумнець, разабрацца ў чым‑н.

Дайсці (дабіцца) да ручкі — прыйсці ў крайне дрэнны, непрыгодны стан. — Цьфу, каб ты згарэла! — вылаяўся ён праз кашаль. — Ужо і курыць не магу. Дайшоў Антось да ручкі. Брыль.

Дайсці да смаку — адчуць задавальненне ад чаго‑н., праявіць вялікую цікавасць, любоў да чаго‑н.

Дайсці да торбы — вельмі збяднець, стаць жабраком.

Дайсці сваёй галавой (розумам) — самастойна разабрацца ў чым‑н. Не мог дайсці Мікіта сваім розумам, чаго так настойліва прасіў бацька не казаць Анісіму, што ў вёску надоечы прыехала з горада Вера. Сачанка.

Дайсці свайго — дабіцца пастаўленай мэты.

Рукі не дайшлі гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рад 1, ‑у, М ‑дзе; мн. перада, ‑ду; м.

1. Пярэдняя частка чаго‑н.; проціл. зад. Звер.. быў незвычайнае велічыні. Асабліва вялікай была яго галава і наогул увесь перад. Колас.

2. Тое, што і перадок (у 2 знач.).

3. звычайна мн. (перады́, ‑оў). Частка абутку, што ахоплівае верх ступні.

пе́рад 2, прыназ. з Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «перад» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца для вызначэння месца на невялікай адлегласці наперадзе каго‑, чаго‑н. Крыловіч стаяў перад картай раёна, што вісела на сцяне, каля акна. Шамякін. Цягнік прыпыніўся на хвіліну на невялікай станцыі, апошняй перад гарадком. Лынькоў. Па дарозе перад грузавікамі паўзлі доўгія снапы святла, а за імі, нібы даганяючы, беглі чырвоныя агеньчыкі. Грахоўскі. Папас абапёрся локцямі на стол і пазірае перад сабою на чысты, выбелены абрус. Галавач. [Зоська:] Што б там перад вамі ці за вамі ні рабілася — не аглядайцеся назад. Купала. // Уперадзе, побач з кім‑, чым‑н. і ў прысутнасці каго‑, чаго‑н. Аб’явіць падзяку перад строем. □ Ужо адтуль .. [Люба] чула, як выйшаў з хаты Стафанковіч, як падышоў аднекуль гаспадар і цешыўся перад Стафанковічам. Чорны. Праўда, наш Сымон Таўкач гаварыў, што мужык той быў чуць не сацыяліст: панскую кабылу назваў брыдка і земскага калісь дурнем злаяў перад соцкім. Колас.

Аб’ектныя адносіны

2. Ужываецца пры вызначэнні асобы ці прадмета, якія знаходзяцца насупраць каго‑, чаго‑н. і да якіх накіроўваецца чыя‑н. увага або якое‑н. дзеянне. Пакланіўся сын уважна Перад маці і сябрамі. Броўка. — А ты хацеў бы, каб я лістам слалася перад табою? Колас.

3. Ужываецца для абазначэння непасрэднай блізкасці адносін да каго‑н., якога‑н. факта, з’явы. І калі перад намі пісьменнік з іскрай мастацкага таленту, то ці можа ён абысці моўчкі хоць бы некаторыя тыповыя з’явы сучаснага яму грамадскага жыцця? Майхровіч. Квяцістыя шырокія дарогі Каберцам перад намі ў свет ляглі, Заранкі сцелюць промені пад ногі Па ўбранай пасвяточнаму зямлі. Купала. Перад вамі, дзеці, Скрозь яснеюць далі. Крапіва. // Ужываецца пры вызначэнні адносін да каго‑н., якога‑н. уяўлення, палажэння, пытання і г. д. Паставіць пытанне перад слухачамі. □ І чым вышэй мы ўзнімаемся, чым больш з кожным днём расцём, тым шырэй вырысоўваюцца перад намі нашы перспектывы і магчымасці, тым больш цвярдзей паўстаюць перад намі нашы задачы і тым больш мы адчуваеш патрэбу моцнага прытоку новых літаратурных сіл. Чорны.

4. У прысутнасці каго‑, чаго‑н. і адначасова дзеля яго. Выхваляцца перад усімі. □ Гэты парадак вядзе да павышэння адказнасці Саветаў і дэпутатаў перад выбаршчыкамі і аблягчае працоўным ажыццяўленне кантролю за іх дзейнасцю. «Весці». Ціхай ранічкай, да сонца, Хлопчык выбраўся з двара, Ідзе ён у свет бясконцы Пашукаць таго дабра, Каб змяніць свой лёс паганы, Новым спосабам зажыць, Каб увагі і пашаны Перад ёю [Ганнай] заслужыць. Колас.

5. Ужываецца пры вызначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх выяўляецца якая‑н. прымета, стан ці пачуццё. Дрэнна .. [Маша] адчувала сябе перад людзьмі. Шамякін. І раптам з’явілася ў Захара Зынгі патрэба стаць блізкім гэтаму панураму чалавеку, выявіць перад ім якую-небудзь шчырасць. Чорны. Злачынства яго перад Пасцяй вырасла непамерна, і хлопец зусім страціў галаву. Колас.

6. У параўнанні з кім‑, чым‑н. Чаго варты твой конь перад маім? □ Старыя выпілі — адзін перад другім маладцавата, — паглядзелі ў вочы адзін аднаму, і вось нечакана Саёнак абняў Скібу за плечы, і сівыя вусы іх злучыліся ў пацалунку. Брыль.

Часавыя адносіны

7. Ужываецца для вызначэння падзеі або моманту, за некаторы час да якіх што‑н. адбываецца. Перад самым канцом работы да брыгадзіра прыбег пажылы чалавек і пачаў упрошваць разгрузіць чатыры вагоны шчэбеню. Грахоўскі. Мы цяпер сваё права тут пішам І не знаем заморскіх гасцей. Помнім толькі адно, што зацішак Перад громам бывае часцей. Хадыка. Перад світаннем запальваюцца зоры. Чорны. // Разм. Раней за што‑н., да каго‑, чаго‑н. Перад супам падалі закуску.

•••

Перад тым, як (у знач. падпарадкавальнага злучніка) — раней за што‑н. Я збіраў басанож крапіву каля плота Перад тым, як зямля наліецца цяплом... Глебка. І ў грудзі ўпёршыся напасці, стары салдат насмерць стаяў: ён перад тым, як доле ўпасці, яшчэ раз кулю пасылаў. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыйсці́, прыйду, прыйдзеш, прыйдзе; пр. прыйшоў, ‑шла, ‑шло; зак.

1. Ідучы, накіроўваючыся куды‑н., дасягнуць якога‑н. месца; прыбыць куды‑н. (пра людзей, жывёл і сродкі перамяшчэння). Прыйсці дадому. Атамаход прыйшоў з рэйса. □ Неяк .. на лузе з’явілася маці. Дзед аж устрывожыўся: чаго гэта яна па такой далі сюды прыйшла? Даніленка. «Кацюша» — так ахрысцілі .. гарматку — прыйшла на самую плошчу, амаль пад вокны казармаў. Брыль. Прыйшоў на паўстанак Выжары Таварны з далёкага рэйсу. Калачынскі. // З’явіцца куды‑н. з якой‑н. мэтай, для чаго‑н. Прыспела патрэба пагаварыць аб ёй з жывым чалавекам, з такім, хто зразумеў бы яго і прыйшоў бы яму на дапамогу. Колас. — Дык, значыцца, ты — пан Даніла Малец, — засмяяўся настаўнік. — Ты таксама прыйдзеш вучыцца? Брыль. — Я яшчэ .. у суботу мерыўся прыйсці к табе ў сваты, але адлажыў на нейкі час... Гартны. // Паступіць куды‑н. [Хлопец] прыйшоў у інстытут, відаць, адразу са школьнай лаўкі. Хадкевіч. Яны і на фабрыку прыйшлі з аднаго і таго ж мястэчка, жылі ў горадзе ў адным доме. Лынькоў. // Вярнуцца адкуль‑н. Прыйсці з вайны. Прыйсці дадому з арміі. □ [Жанчына] прыйшла дадому з астрога зусім хворая. Чорны. Ды другім чалавекам прыйшоў да нас Сымон Мігай. Не пазнаць у ім былога гуллівага, гарэзлівага завадатара. Шынклер.

2. Быць дастаўленым да месца прызначэння (пра што‑н. адпраўленае, пасланае). Пасылка прыйшла. □ Ліст з фронта чыталі ўсім калгасам. Прыйшоў ён так неспадзявана скора. Васілевіч. — Цяпер толькі чакаць, пакуль папера прыйдзе аб нашым тутэйшым падданстве, — задуменна сказаў .. [Гушка]. Чорны. // Дайсці да каго‑н. (пра чутку, погаласку). Калі прыйшла чутка аб паяўленні польскіх легіянераў, людзі затрывожыліся. Колас. Вестка — унук нарадзіўся — прыйшла. От жа сэрца і рвецца: Як там? Што там у іх? Каб магла, Паляцела б, здаецца... Гілевіч.

3. Наступіць, настаць (пра час, надзею і пад.). Прыйшла пара. Прыйшоў час. □ Вясна, вясна Жаданая! Ты прыйдзеш зноў, Ты вернешся. Колас. Хадзілі чуткі, што скора прыйдзе свабода і буржуям будзе канец. Лынькоў. [Казік] не хацеў верыць, што яго жыццю прыйшоў канец. Чарнышэвіч.

4. Узнікнуць, з’явіцца. Слава прыйшла. □ — Думка мне прыйшла: хачу выбраць у маёнтку месца пад пасеку. Прокша. Само сабой прыйшло жаданне паказаць сябе ў гэтую хвіліну з найлепшага боку. Шамякін. На другім годзе вучобы [да Міколы] прыйшло каханне. Навуменка. Дасць бог, на папраўку пойдзе, тады апетыт прыйдзе. Васілевіч. // Здарыцца з кім‑н., напаткаць каго‑н.; з’явіцца ў каго‑н. Прыйшла бяда. □ Вось яно і прыйшло, нарэшце, шчасце: мірная праца, каханне, сям’я. Брыль. У арміі да .. [Андрэя] прыйшла сапраўдная сталасць. Шахавец.

5. Дайсці да якога‑н. стану, апынуцца ў якім‑н. становішчы. Прыйсці ў заняпад. Прыйсці ў нягоднасць. Прыйсці ў норму. □ Высокая, сухарлявая кабеціна чарнявага воласу — яна была тут старожкаю — прыйшла ў незвычайны рух. Колас. // Прасякнуцца, прапікнуцца якім‑н. пачуццём. Прыйсці ў захапленне. □ Я ўжо прыйшла ў адчай і не ведала, што мне рабіць, калі ваш раптоўны прыход на вакзал змяніў становішча. Рамановіч.

6. да чаго. Дасягнуць чаго‑н. шляхам якіх‑н. дзеянняў, намаганняў. Прыйсці да згоды. Прыйсці да ладу. □ Міцкевіч і яго паплечнікі паступова прыйшлі да вываду, што адной асветай народнага жыцця не палепшыш. Мальдзіс. Калі дзед перадумаў усе гэтыя думкі, то ён прыйшоў да заключэння, што і ў яго, і ў Букрэя рукі развязаны. Колас. Увесь народ, увесь сусвет да панавання самі прыйдуць. Дубоўка.

•••

Канцы прыйшлі гл. канец.

Прыйсці да памяці — а) апрытомнець. Сагрэўся Папас каля агню на воўчай скуры пад Нупрэевым кажухом і прыйшоў да памяці. Колас; б) апамятацца, заспакоіцца. Памыўшыся халоднаю вадой, .. [Лабановіч] крыху асвяжыўся і прыйшоў да памяці. Колас.

Прыйсці на думку — узнікнуць, з’явіцца ў думках у каго‑н.

Прыйсці на (у) памяць — успомніцца.

Прыйсці свечкі тушыць — прыйсці, з’явіцца к самаму канцу чаго‑н.

Прыйсці ў галаву — з’явіцца, узнікнуць (пра план, намер і пад.).

Прыйсці (увайсці) у норму — прыйсці да звычайнага, нармальнага стану.

Прыйсці ў сябе — а) апрытомнець; б) апамятацца, заспакоіцца, уціхамірыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разысці́ся, разыдуся, разыдзешся, разыдзецца; пр. разышоўся, ‑шлася, ‑шлося; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Пакінуць месца свайго прабывання, збору і пад., пайшоўшы ў розныя бакі, розныя месцы (пра ўсіх, многіх). Госці разышліся позна ўночы, але Мікола не адразу лёг спаць. Краўчанка. Сход неўзабаве разышоўся. Ермаловіч. // Адысціся на нейкую адлегласць адзін ад другога. — Разыдземся так, каб адлегласць паміж намі праглядалася. Федасеенка.

2. Прайсці па розных дарогах, не сустрэўшыся, не заўважыўшы адзін другога. Проська сказала, што [Міхайлаў] пайшоў на поле, — відаць, другою дарогай, і мы разышліся. Ракітны. // Сустрэўшыся, размінуцца (прайсці, праехаць, праплыць і пад.), не зачапіўшы адзін другога, не перашкаджаючы адзін другому. Разысціся на вузкай кладцы немагчыма.

3. Спыніць якія‑н. сувязі, знаёмства з кім‑н., парваць адносіны з кім‑н. [Пніцкі:] Мы як дзяліліся, дык хоць каб хто слова з нас адзін на аднаго дрэннае сказаў. Мы па-брацку разышліся. Чорны. З Зубковічам Мікіта разышоўся яшчэ да вайны, яго адаслалі ў другі горад. Галавач. // Перастаць жыць сумесна, развесціся (пра мужа, жонку). — Эдзік мой другі муж. З першым разышлася з-за рэўнасці. Гаўрылкін. // Не сысціся ў поглядах, меркаваннях з кім‑н., выявіць нязгоду з кім‑н. у чым‑н. Дарэчы, з гэтага ж і пачаўся канфлікт у Парамона Пісанца з рэдактарам. Ён разышоўся ў поглядах з ім. Грамовіч. // Не супасці ў чым‑н., аказацца рознымі. Словы камсамольцаў не разышліся са справай. □ Марынка не так ужо непрыхільна паставілася да таго, што планы, пра якія .. [Паходня] гаварыў ёй пры сустрэчах і пісаў, разышліся з сапраўднасцю. Хадкевіч.

4. Раздзяліцца на некалькі частак, ліній, напрамкаў, што выходзяць з аднаго месца. Дарога разышлася на дзве. □ І сапраўды, цікавы камень. На адным баку малюнак — .. і сцяблінкі тут, і дробнае лісцейка разышлося веерам. Лынькоў.

5. Раз’ехацца, рассунуцца ў бакі, утварыўшы прамежак. Бярвенне пад цёткай разышлося ў бакі, яна апынулася ў вадзе па самыя пахі. Сяркоў. Губы .. [Талаша] разышліся ў лагодную ўсмешку, калі ён заўважыў за сталом т. Шалёхіна і парывіста падаўся да яго. Колас.

6. Аказацца распраданым, раскупленым. Першае выданне зборніка ў колькасці трох тысяч экземпляраў хутка разышлося. С. Александровіч.

7. Распаўсюдзіцца, расплыцца па паверхні чаго‑н., у чым‑н. Смачны пах разышоўся па хаце. □ Толькі кругі разышліся наўкол ды вынырнула белая лілея і паплыла, паплыла па шырокай рацэ да самага сіняга мора. Грахоўскі. // Пашырыцца, стаць вядомым дзе‑н., сярод каго‑н. Чуткі разышліся. □ Бальшавіцкая ідэя разышлася па ўсім свеце. Баранавых.

8. Паступова рассеяцца, знікнуць. Пухліна разышлася. □ — Хоць бы дождж не пазнала. Хмары якія ... — Хмары разыдуцца, — запэўніла Вольга. Мележ. Тут разышоўся дым, і дзед убачыў Міколку. Лынькоў.

9. Разм. Растраціцца, зрасходавацца, пайсці на што‑н. — Грошы туды-сюды разыдуцца, а іх вунь колькі ў мяне нахлебнікаў, — кіўнуў Мітрафан галавою ў запек. Пальчэўскі. Два цэнтнеры капусты разышлося І тры пуды салаты маладой! Корбан. Як ёсць — разыдзецца, як няма — абыдзецца. Прымаўка.

10. Прывыкнуць да хады; перастаць адчуваць стому ад хады. Пакрысе .. [Кастусь] разышоўся, і гэты пакутны рух стаў яму праз нейкі час аднастайнасцю, крок за крокам, неабходнасцю, якая можа цягнуцца гады. Чорны.

11. Разм. Набыць большую скорасць у руху; разгарнуцца ў хадзе, руху. [Генадзь] усё хадзіў з кутка ў куток, быццам злаваў, што няма дзе разысціся: пяць-шэсць крокаў — і ўвесь пакой-закутак. Сабаленка. // Пачаўшы ісці, узмацніцца (пра атмасферныя ападкі). Дождж разышоўся на ўсю моц. Паўлаў.

12. перан. Разм. Дайсці да крайняй ступені ў якіх‑н. дзеяннях, у праяўленні чаго‑н. [Цімох] як разыдзецца іншы раз, то Юзік аж за бакі хапаецца ад смеху. Колас. А як разыдуцца аркестры, А як зацягнуць спевакі — Ажно здаецца зала цеснай, Хоць ты рассунь яе ў бакі! Гілевіч. // перан. Разм. Моцна ўзбудзіцца, разгневацца і пад. [Базыліха] добра ведала круты нораў мужа — калі разыдзецца, лепш памаўчы, не пярэч. Курто. — Мой ужо нашто пануры, а і то як разыдзецца, дык хоць вадой аблівай. Васілевіч. — Каты, напэўна, — кажа маці, — Бо гэтак бегаюць па хаце, Калі разыдуцца часамі! Колас. // Разгарэцца, разгуляцца (пра думкі, фантазію). Але думкі .. [Лабановіча] так разышліся, што ён мусіў загарнуць кнігу ды зноў стаў хадзіць па пакоіку і думаць. Колас.

•••

Дарогі разышліся гл. дарога.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чуць 1, чу́ю, чу́еш, чу́е; незак.

1. каго-што, з дадан. сказам. Успрымаць, адрозніваць гукі, шумы і пад. пры дапамозе органа слыху. Грабцы — дзяўчаты, маладзіцы — Штораз варушацца жывей, Бо чуюць голас навальніцы, А хмары сунуцца бліжэй. Колас. Стаіць [Іван пад дубам].., аж чуе — пішчаць на дубе ў гняздзе птушаняты. Якімовіч. // Успрымаць слыхам (размову, выказванне і пад.), разумеючы, усведамляючы сэнс. — Нешта наш настаўнік больш жвавым зрабіўся, — чуў Мікола шэпт сярод дзяўчат. Бядуля. [Галасы:] — Брава! — Наша ўзяло! — «Светлы шлях» перамог! [Пытляваны:] Мы яшчэ не чулі слова маладой. [Насця:] Дапамажы, мама! Не ведаю, што мне сказаць на гэта. Крапіва.

2. без дап. Мець слых. Мы ўжо давай паказваць немцу знакамі, што чалавек глухі, не чуе, што мы ўжо, калі гэтак трэба, то самі яго пазавём. Кулакоўскі.

3. аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. сказам. Мець якія‑н. звесткі, паведамленне ведаць з размоў, чутак пра каго‑, што‑н. [Бывалы:] — Я прыйшоў да вас таму, што чуў, быццам у вас ёсць атрад. Новікаў. Партызаны пыталіся, мо чулі танкісты пра сваякоў, родных, абменьваліся адрасамі. Грамовіч. Ён жа [камбат] быў чалавекам, Сябрам быў нам усім... І амаль чвэртку веку Мы не чулі аб ім. Прыходзька.

4. каго-што і чаго. Успрымаць, пазнаваць шляхам адчування; адчуваць. Не чуць абмарожанага пальца. □ Нарэшце па віхрах, па сцюжы Заглянуў вясенні прасвет; Ці чуеш, ці бачыш, мой дружа, Як іншым, як лепшы стаў свет? Купала. Накурылі [госці], не чулі дыму і не расчынялі дзвярэй. Пташнікаў. // Прадчуваць, здагадвацца. [Бабуля:] — А Туман [сабака] наш — разумнік. Чуе разлуку. Увесь дзень не адыходзіць ні на крок. Шыловіч. — Нашы прыйдуць. Сэрца маё чуе гэта, — .. [Таня] паднялася. Шамякін. Чуюць восень і шпачкі, што статкам кружацца над іржышчам. С. Александровіч. // Разм. Распазнаваць чуццём (пра жывёл). [Нарушэвіч:] — Сабакі ў гаспадара чуткія — воўка чуюць за вярсту, паганых людзей — за дзесяць. Машара. — [Сабака] некага чуе! — нагнуўшыся і разглядаючы прымятую траву на месцы бойкі, сказаў лейтэнант. Зуб. А тут жа, крыху ніжэй, .. [конь] бачыць і чуе нюхам смачную дзяцеліну — маладую, свежую. Якімовіч.

5. (са словам «сябе»). Мець тыя ці іншыя (фізічныя, псіхічныя) адчуванні. Васіль усё ж чуў сябе ніякавата, чужым і... чакаў адно той пары, калі можна будзе, не рызыкуючы прыстойнасцю, вырвацца сабе на волю. Мележ. [Зося] цяпер пачала зусім чуць сябе тут [у Сегенецкіх] як да часу. Чорны.

6. у знач. пабочн. чу́еш (чу́еце). Разм. Ужываецца, каб падкрэсліць сказанае, як настойлівае ўказанне, патрабаванне. Добрай раніцы, сэрца народа, Добрай раніцы, горад-герой! Чуеш, нашы спяшаюць з Усходу, Бачыш, нашы навекі з табой. Астрэйка. Не плач на ўроку, чуеш, Мілаевіч!.. Сіпакоў.

7. у форме інф., у знач. вык. Тое, што і чуваць. Ну, вось, здаецца, што ўсё ўжо разгледзеў. Перагарэлі смалістыя дровы. Чуць на дварышчы гамонка суседзяў. Танк.

•••

Адным вухам (краем вуха) чуць — часткова, няпоўнасцю, няправільна чуць што‑н.

І чуць не чуў — поўнае адмаўленне ад чаго‑н.

На свае (ўласныя) вушы чуць; сваімі вушамі чуць — непасрэдна самому чуць што‑н.

Не чуць душы ў кім — вельмі моцна, бязмежна любіць каго‑н.

Не чуць зямлі пад сабой (пад нагамі) — быць у радасным, прыўзнятым настроі ад чаго‑н.

Ні рук ні ног не чуць — моцна стаміцца.

Ног не чуць пад сабой — а) вельмі хутка бегчы. Жанкі ўрассыпную, ды драла. Не чуюць і ног пад сабою. Колас; б) вельмі стаміцца; в) быць важным або ў вельмі добрым настроі.

Носам чуць — вельмі добра, востра адчуваць, прадчуваць што‑н.

Чуць дух чый — адчуваць чыю‑н. строгасць, баяцца каго‑н.

Чуць з трэціх вуснаў — не непасрэдна, праз некага.

Шнуры на сабе не чуць — быць вельмі распушчаным, сваволіць, рабіць што‑н. шкоднае (звычайна пра дзяцей).

чуць 2, прысл. і злучн.

1. прысл. Ледзь, трохі. Ветрык краскі чуць калыша, Травы шалясцяць. Колас. На .. [бацькавым] твары паказалася чуць прыкметная ўхмылка. Гартны. Зайшоўшы глыбей, .. [Маша] чуць прыўзняла сукенку, і Славік любаваўся яе прыгожымі каленямі з залатымі кропкамі радзімак. Шамякін.

2. злучн. Ужываецца ў даданых часавых сказах у значэнні: як толькі, ледзь толькі. Чуць на небе зара Занімаецца, У курнай хаце мужык Падымаецца. Купала. Толькі спрактыкаваны чалавек мог намацаць пад рудой тванню цвёрдую палоску насцілу. Чуць збочыў — і плюхнешся ў тарфяную калатушу. Новікаў.

•••

Чуць дзень гл. дзень.

Чуць свет гл. свет.

Чуць-чуць — зусім нямнога.

Чуць што — як толькі штосьці здарыцца, пры ўсякім выпадку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калоша ’частка штаноў, якая надзяваецца на адну нагу; калашына’ (БРС. ТСБМ, Бяльк.; лаг., клец., КЭС; Нас., Сержп., Сцяшк., Янк. 3.), сюды ж калудшачкі (Сержп. Отч.), у Чачота колоша — «літоўскі правінцыяналізм», калоша ’абмотка з анучы ад ступні да калена нагі; косяць у час жніва’ (Сцяц., Шат.), калошка ’частка шкарпэткі, якая аблягае нагу вышэй ступні’ (навагр., Нар. сл.), калоша ’брыжы на рукаве’ (свісл., Шатал.). У форме калоша, калойша і калаша ’калашына’ лексему адзначае Сл. паўн.-зах., колоша ’тс’ (ТС). Далей адзначаюцца формы колошва ’калашына’ (пін., Жыв. сл.; драг., КЭС; пін., Нар. лекс.; Тарн.), колошвіна (іван., КЭС), калойша ’тс’ (Сцяшк.), калошня ’тс’ (Бяльк.), калошні ’тс’ (Мат. Гом.). Адпаведна ўкр. колоша і холоша ’калашына’, усх.-палес. колошка ’ніжняя частка рукава сарочкі, які не мае манжэту’, колоші ’ніцяныя рукавы ў кроснах’, колошні ’зімовыя суконныя штаны’, холошні, бойк. колошні з адсылкай да холошні. У рус. мове ў гаворках калоша, колоша і калоши, колоши ’калашвына; штаны’ таксама цвяр. ’разнавіднасць жаночых панчох з сукна’ і інш., дан. ’пер’е на нагах птушкі’, калошва ’калашына шаравараў’, кур. калошевина ў Фасмера, 2, 297, рус. і ўкр. словы традыцыйна параўноўваюцца з серб.-харв. кла̏шња ’разнавіднасць панчохі’, балг. клашник ’вопратка без рукавоў’ і клашня ’грубая тканіна’. У БЕР, 2, 426–427, клашне, клашна, клашни, клашня лічацца запазычаным з серб. кла̏шње ’від грубай тканіны”, кла̏шња ’від мужчынскіх штаноў’, ’вопратка да калена’, пры гэтым усх.-слав. лексіка не згадваецца, як не згадваецца і супастаўленне гэтых лексем у слоўніках Міклашыча, Бернекера. З апошніх па часу толькі слоўнік польскай мовы (у канцы 50‑х гадоў) звярнуўся да ўсх.-слав. лексікі, але Слаўскі, 2, 32, толькі паўтарыў даўняе параўнанне гэтых слоў з серб.-харв. ка̀лача, ка̀љаче ’галёшы’ і зрабіў заўвагу, што гэтыя ўтварэнні неабходна аддзяліць ад запазычаных з ням. Galosche (Kalosche больш даўняя форма) і што яны з’яўляюцца запазычаннямі больш старэйшага ўзроўню з іншай крыніцы. Відаць, серб.-харв. ка̀љаче неабходна разглядаць як параўнальна новае запазычанне, хаця непасрэдную крыніцу прывесці цяжка. Іншы варыянт — гэта кантынуант таго запазычання, крыніцу якога адлюстроўвае, магчыма, і бел. калычы ’гетры’ (гл.). У такім выпадку як даўнюю паралель неабходна разглядаць серб. клашња, якое фармальна і семантычна як быццам бездакорна суадносіцца з бел. калошня, укр. колошня. Бел. слова распаўсюджана ў рэгіёне, куды ў прынцыпе магло пранікнуць слова з укр. моўнай тэрыторыі (колошня ў Бяльк. і гомельскае), аднак нельга выключыць магчымасці, што гэта незалежны ад укр. арэал. Пашыраны на зах. Палессі варыянт колошва і форма калоша, калойша на асноўнай бел. тэрыторыі выключаюць распаўсюджанне слова з зах.-палес. або праз іх з адпаведных укр. гаворак. Відаць, існавала сапраўды прасл. лакальнае ўтварэнне kolsьnja (усх.-слав. колоша ў такім выпадку другаснае?). Адносна формы колошт неабходна адзначыць, што яе ўсх.-слав. статус не відавочны, паколькі распаўсюджанне слова ў рус. гаворках абмежаванае. Калі ж да таго прыняць пад увагу культурны характар рэаліі, наогул нельга выключыць магчымасці пашырэння слова з бел. і ўкр. гаворак. Так, паводле даных СРНГ, лексема мае шырокую геаграфію. Разам з тым пры аналізе гэтага слова нельга не прымаць пад увагу культурнага статуса рэаліі, што прымушае больш уважліва прааналізаваць магчымасць запазычання гэтага слова. Франц. назва абутку galoche ’скураны галёш’ не мае пэўнай этымалогіі. Тэарэтычна нельга выключыць, што тут культурнае запазычанне з вядомай крыніцы. Апошняе ўжо само па сабе ў пэўнай меры тлумачыць нерэгулярную фанетыку, апрача таго, неабходна адзначыць спецыфічную адаптацыю слова пры вусным запазычанні, для якога нельга выключыць і рознае пасрэдніцтва. Адносна серб. клашња неабходна згадаць версію аб яго імаверным раманскім паходжанні. Тут маецца на ўвазе даўняе (яшчэ да метатэзы плаўных) запазычанне з лац. calceus ’чаравік, чобат’. Як па семантычнаму крытэрыю, так і фармальна гэта не вельмі дакладвае супастаўленне. Семантыка лац. слова можа адлюстроўваць толькі прыватны момант. Параўн. італ. calra ’панчоха, шкарпэтка’; ’гольфы’, ’павязка на назе жывёлы’, calzone ’калашына’, ’штаны’ і франц. chausson ’чаравік’, chausse ’штаны’ і інш. Семантыку паўдн.-слав. лексем параўн. у БЕР, 2, 426–427 і асабліва RHSJ, 5, 41–42. Паводле іх версіі, лац. слова само павінна ўзыходзіць да іншамоўнай крыніцы. Што датычыць значэння, хутчэй за ўсё сінкрэтычная семантыка была ўжо ў слова-крыніцы. Думаецца, што паўн.-слав. адпаведнік да серб. лексемы сведчыць аб тым, што лакальнае прасл. запазычанне ўзыходзіць не да лац. лексемы, а да мяркуемай першакрыніцы, магчыма, і праз нейкае пасрэдніцтва. Калі лічыць зыходнай форму на ‑sa, неабходна рэканструяваць архетып kolsa; відавочна, што пры дакладнай суаднесенасці з лац. (с.-лац.) calcea зыходнай формай павінна быць kolc‑ (Наим., 209). Паводле Вахраса, Наим., 209, на сапраўды запазычанае ст.-усх.-слав. колоча (с.-лац.) уплывала блізкае па гучанню і сэнсу спрадвечнае холоша, аднак прапануемая ім этымалогія апошняга слова непераканаўчая, распаўсюджанне гэтай формы абмежаванае, яна не пацвярджаецца паўдн.-слав. прыкладамі. Апрача таго. х‑пачатковае можна вывесці з к‑пачатковага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Узяўшы ў рукі (зубы, рот і пад.), не даваць выпасці. Трымаць лыжку. Каршун трымаў у дзюбе кураня. □ Настаўніца трымала ў руцэ бліскучы цыркуль. Даніленка. Ён кол маланкаю хапае: — Тхор! тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе, Напагатове кол трымае. Колас. // Браць, атрымліваць што‑н. — Быў Хвядос у нас у атрадзе, дык ён яму [бандыту] вінтоўку ў зубы, трымай, кажа. Галавач. // Мець сілы, магчы рабіць што‑н. [Сымон:] — Дні ўжо мае мін[у]лі. Рукі не так ужо моцна Вёслы трымаюць. Танк. А ўсе, хто мог трымаць у руках рыдлёўку, ад цямна да цямна працавалі на балоце. Паслядовіч. // Умець карыстацца якім‑н. інструментам, прыладай і пад. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. // Схапіўшы за што‑н., не адпускаць ад сябе або перашкаджаць руху. Воддаль слуга трымаў за павады пару асядланых коней. Крапіва. // Абняўшы рукамі, утрымліваць каго‑, што‑н. Трымаць дзіця на руках. □ Бо гэта вельмі цяжка — трымаць у абдымках маці, гаварыць ёй пяшчотныя словы, што бярог доўгія гады, і бачыць, што яна іх не чуе. Мехаў.

2. перан. Захоўваць за сабою; утрымліваць у сябе. За добрую работу калектыў .. трымае пераходны Чырвоны сцяг. «Маладосць». Так, нялёгка трымаць званне першага футбаліста ў вёсцы! Гамолка. // Захоўваць некаторы час. Іх [сосен] цёмна-зялёны кажух яшчэ трымае ўчарашняе нагрэтае сонцам паветра. Федасеенка. Пра Хмару нават гутаркі няма, яе слядоў я [Вецер] не пакіну ў небе. А Сонца жар не здолее трымаць, я прахалоду дам людзям і глебе. Дубоўка. // Утрымліваць, абараняць што‑н. ад непрыяцеля. Кустамі, пералескамі прабіралася Настачка да лініі абароны, якую мужна трымалі партызаны. Кавалёў. // Утрымліваць у асадным становішчы. Трымаць ворага ў асадзе. // Стрымліваць, спыняць каго‑, што‑н. Дамба трымае ваду. □ Няспынна, цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор; Шахцёры мужнасцю адною Трымаюць іх круты напор. Глебка.

3. Прымушаць знаходзіцца, пакідаць дзе‑н. супраць волі, не выпускаць. Трымаць пад арыштам. Трымаць у палоне. Трымаць у турме. □ [Салдат:] — Было страшна, калі білі, калі ў пакаранне па цэлых сутках трымалі без яды, калі саджалі ў карцэр — сыры цёмны склеп, дзе вяліся пацукі і кажаны. Васілевіч.

4. Мець у сябе, у сваёй уладзе; кіраваць кім‑, чым. Трымаць у руках дзяржаўную ўладу. □ Трымаюць людзі катоў не так за іх работу, як з ласкі: жывому ж недзе жыць трэба. Калюга. [Паасобныя галасы:] — Тут трэба так, як па статуту належыць, а ты сабе хоць і карову трымай. Скрыган. // Мець у сябе ў якасці работніка. [Бабрук:] — Парабкаў, кажа, ды наймічак трымаў. Час быў такі, не я адзін трымаў. Брыль.

5. перан. Мець у духоўным падпарадкаванні. [Сцёпка:] — Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве. Колас. // Мець пад наглядам, пад прыцэлам. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. // Разм. Абыходзіцца з кім‑н., адносіцца да каго‑н. нейкім чынам. [Гаспадыня:] — [Трахім] мне што казаў? Тое ж самае: трымай Гараньку ў строгасці. Савіцкі. // Мець пастаянна пры сабе (у якасці паклонніка, сімпатыі і пад.). [Анна Паўлаўна:] Нашто табе наогул трымаць яе [Зёлкіну] каля сябе? [Гарлахвацкі:] Як жа каля сябе? Проста яна працуе ва ўстанове, як і ўсе. Крапіва.

6. Надаўшы чаму‑н. якое‑н. становішча, захоўваць яго на некаторы час. Трымаць дзверы адчыненымі. // Падтрымліваць, захоўваць у якім‑н. становішчы, парадку. Трымаць кватэру ў чысціні. □ Гаспадарлівыя рукі, у меру патрэбы, давалі сценам рамонт і трымалі іх у ашчадзе ад вільгаці. Чорны. // Падтрымліваць, прытрымлівацца, выконваць. Трымай нагу ў паходны такт. Гарніст, іграй, звіні! Броўка.

7. Быць, служыць апорай чаму‑н.; падтрымліваць. Страху трымаюць кроквы і латы. □ Намеснікавы ногі, відаць, трымалі свайго гаспадара не дужа надзейна, бо ён абедзвюма рукамі ўхапіўся за лаўкі. Навуменка.

8. Аддаваць куды‑н. на які‑н. час; захоўваць дзе‑н. Трымаць грошы ў ашчаднай касе. Трымаць сшыткі ў шафе. // Мець пры сабе. [Скіба:] Дакументаў я вам не пакажу, бо пры сабе іх не трымаю. Крапіва. Недарэмна ён [камуніст] дбае, працуе як след, Каля сэрца трымае партыйны білет. Куляшоў. // Пакідаць што‑н. у сябе, не аддаваць. Тварыцкі трымаў у сябе ўкрадзеныя ў банку дзяржаўныя грошы. Чорны.

9. Забяспечваць сродкамі на жыццё. З жалем зірнуў Андрэй на маці і зразумеў, што яна больш не работніца. Ён павінен замяніць яе, каб трымаць сям’ю, а думаць пра вышэйшую адукацыю няма чаго... Чарнышэвіч. Праца чалавека трымае і ўзбагачае, а гультайства псуе. Прыказка. // Мець у рэзерве што‑н. Трымаць канцэнтраваны фураж на пасяўную. // Мець на продаж або для іншага выкарыстання. Трымаць качак і курэй. // Уст. Мець якое‑н. прадпрыемства. [Юрый:] — Мой бацька паравы млын трымаў, быў першым чалавекам на ўсё сяло. Навуменка. [Савулеску:] — Я і Андрыяна пераехалі ў Канстанцу. Там Андрыяніна цётка карчму трымала. Хомчанка.

10. Разм. Здаваць каму‑н. за плату памяшканне. [Старая:] — А .. [падчарыца з мужам] сабе, як панкі, — усё па курортах ездзяць. Дзіва: гэтулькі кватарантаў трымаюць, а ён, яшчэ ў нейкай канторы за начальніка. Вышынскі.

11. Разм. Рухацца ў якім‑н. напрамку. На Варшаву шлях трымалі. Бядуля. Пазняку спадабаўся такі рэцэпт, і ён амаль кожны дзень, скончыўшы службовыя справы, садзіўся на веласіпед і трымаў кірунак за горад, у лес. Дуброўскі. — Трымай, Бажэнка, правым бокам, На ворага ў абход! Броўка.

12. Мець кантакты з кім‑, чым‑н. Загадчыца бібліятэкі Аляксандра Панцюхова трымае цесную сувязь з мясцовай школай. «ЛіМ».

13. перан. Наводзіць сябе адпаведным чынам. Умець трымаць сябе сярод людзей.

14. перан. Не выпускаць з памяці, з думак; не забываць пра каго‑, што‑н. Трымаць у памяці наказ сяброў.

15. Утрымліваць, трымацца (пра мароз і пад.). Лёд трашчыць, але трымае. □ Раніцамі трымаў марозік, днём свяціла сонца. Чарнышэвіч.

16. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі азначае: ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць тое, аб чым гаворыць назоўнік. Трымаць экзамен. Трымаць ініцыятыву. Трымаць адказ.

•••

Ногі не трымаюць гл. нага.

Так трымаць! — а) каманда рулявому трымаць курс; б) працягваць работу, як і пачалі.

Трымаць банк — паставіўшы грошы на кон, весці гульню супраць партнёраў.

Трымаць вуха востра — не быць вельмі даверлівым, быць асцярожным, пільным.

Трымаць вуха трубкай — пільна прыслухоўвацца да чаго‑н., сачыць за чым‑н., каб не наклікаць бяды на сябе.

Трымаць высока сцяг — з годнасцю прадаўжаць і развіваць што‑н.

Трымаць галаву высока — паводзіць сябе горда, з пачуццём уласнай годнасці.

Трымаць за язык — не дазваляць гаварыць каму‑н.

Трымаць камень за пазухай — тое, што і насіць камень за пазухай (гл. насіць).

Трымаць курс (кірунак) — рухацца ў пэўным напрамку.

Трымаць лейцы ў руках — мець у сваіх руках уладу, кіраўніцтва.

Трымаць (вытрымліваць) марку — падтрымліваць сваю рэпутацыю, годнасць.

Трымаць на аброці — трымаць у пэўных рамках, у паслушэнстве. [Лукавіцын] умеў трымаць сэрца сваё на аброці, прыкрываючы яго .. панцырам практычнага розуму ад небяспечных стрэл амура. Крапіва.

Трымаць на адлегласці — пазбягаць блізкіх адносін, сувязей з кім‑н.

Трымаць на ланцугу; трымаць на прывязі каго — не даваць каму‑н. свабоды ў дзеяннях, учынках і пад.

Трымаць на мушцы — пазіраць, сачыць за кім‑, чым‑н.

Трымаць нос па ветры — прыстасоўвацца да абставін, беспрынцыпова мяняць свае паводзіны, свае погляды.

Трымаць пад замком каго-што — а) не выпускаць з памяшкання (арыштаванага, злачынца і пад.); б) не даваць карыстацца чым‑н.

Трымаць пад сваім крылом каго-што — апекаваць каго‑, што‑н., заступацца за каго‑, што‑н.

Трымаць пад сукном — не даваць ходу чаму‑н.; неаператыўна вырашаць якую‑н. справу.

Трымаць порах сухім — быць заўсёды гатовым да абароны.

Трымаць пры сабе (думкі, погляды) — не выказваць уголас, публічна.

Трымаць рукі па швах — слухаць і не пярэчыць.

Трымаць руку каго, чыю — заступацца за каго‑н., быць на чыім‑н. баку, адстойваць думку каго‑н. Па судзе я буду трымаць тваю руку. Скрыган.

Трымаць слова — выконваць абяцанне.

Трымаць сябе ў руках — стрымліваць свае пачуцці, падпарадкоўваць іх сваёй волі, валодаць сабой, захоўваць вытрымку.

Трымаць у галаве (у думках, у памяці, наўме) — пастаянна думаць, помніць пра каго‑, што‑н.

Трымаць у кулаку — а) трымаць у поўным падпарадкаванні. Валя таксама засмяялася: вельмі ж непадобна было, што такога чалавека, як Пятро Аляксеевіч, трэба трымаць у кулаку. Шамякін; б) сабраць разам каго‑, што‑н. Было нешта і станоўчае ў тым, што Гаруноў усё [справы, людзей] трымаў у сваім кулаку. Дуброўскі.

Трымаць у полі зроку — наглядаць за кім‑, чым‑н., не спускаць з вачэй каго‑н.

Трымаць у сабе — не выказваць, стрымліваць свае пачуцці.

Трымаць у сакрэце — не выдаваць таго, што павінна захоўвацца ўпотай.

Трымаць у сваіх руках — мець у сваім падпарадкаванні каго‑н., не даваць волі каму‑н.

Трымаць у струне — не распускаць, трымаць вельмі строга. Антон трымаў унука ў струне. Вітка.

Трымаць у шорах — прымушаць паводзіць каго‑н. пэўным чынам; абмяжоўваць свабоду дзеянняў каго‑н.

Трымаць у чорным целе — сурова, строга абыходзіцца з кім‑н.

Трымаць фасон — а) прытрымлівацца адпаведных норм паводзін; б) трымацца з шыкам; фарсіць.

Трымаць язык за зубамі — маўчаць, не гаварыць лішняга, быць асцярожным у выказваннях.

Трымаць язык на прывязі — маўчаць, не гаварыць лішняга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́сца, ‑а, н.

1. Прастора зямной паверхні, якая занята або можа быць занята кім‑, чым‑н. [Насця і Мікалай] прыехалі ў Арэхаўку, ці, правільней, на тое месца, дзе калісьці была вёска. Шамякін. [Мікола:] — Не, нашаму чалавеку лепшага месца няма, як дома, на сваёй роднай зямлі. Якімовіч. // Прастора або пункт, дзе што‑н. адбываецца або размяшчаецца. Праз некаторы час цэлая калона сабралася каля месца аварыі. Кулакоўскі. Сяргей Карага стаў узірацца ў тое месца, адкуль толькі што грымнула гармата. Колас. // Прастора, пункт, прызначаныя для чаго‑н. Месца для начлегу выбралі надзвычай добрае. Лынькоў. Хата-чытальня была тым месцам, дзе збіраліся людзі на сходы, дзе пыталіся газеты. Бядуля. // Пункт, на якім знаходзіцца хто‑, што‑н., з якога пачынаецца або на якім канчаецца рух. Тупаць на месцы. □ Машына рэзка рванулася з месца. Шахавец. Пярэднія коні, як толькі ступілі ў рэчку, уткнуліся мордамі ў ваду і ні лейцамі, ні дубцом нельга было іх скрануць з месца. Ставер. // Пэўная прастора, пункт якой‑н. паверхні. Месца ўдару.

2. Мясцовасць. Парэчча — месца неблагое, і поле там не так пустое. Колас.

3. Прастора, на якой можна размясціцца; прастора, прызначаная для каго‑н. Жыгалка сышоў са сцэны і сеў на сваё месца. Гурскі. Поезд спыніўся, а Канстанцін Пятровіч усё яшчэ сядзеў на сваім месцы. Васілёнак. // Памяшканне для адной асобы ў інтэрнаце, гасцініцы і пад. Анатоль Котаў, ведаючы, што ў гасцініцы ўсе месцы заняты, прапанаваў пасяліцца ў інтэрнаце. Дадзіёмаў.

4. Урывак, частка літаратурнага, мастацкага або музычнага твора. Рыгор прагна.. і засаб некалькі разоў прачытаў паказанае месца. Гартны. [Гудовіч:] Адно месца ў арыі ўсё ніяк не ўдавалася. Крапіва.

5. перан. Становішча, якое займае хто‑н. у чым‑н. (грамадскім жыцці, спорце і пад.). Заняць першае месца ў спаборніцтвах. Знайсці сваё месца ў жыцці. □ Мы камуністы, і наша месца ў баі. Няхай. Адам Мігай, якому перадалі новы трактар, заняў першае месца ў МТС. Шамякін. // Становішча, якое займае што‑н. у чым‑н. У сэрцы не было ўжо месца ні любасці, ні каханню, ні няёмкасці. Мурашка.

6. Разм. Служба, работа, пасада. Вакантнае месца. □ [Костусь:] — Ідзі, дзядзька Ёсель, займай месца старшага брыгадзіра ў сталярні. Чорны. У пачатку навучальнага года мне прапанавалі месца інспектара нашага райана. Васілевіч.

7. Спец. Адзін прадмет багажу. Дастаўка кожнага месца ад порта да поезда каштуе 200 франкаў. Філімонаў.

•••

Дзіцячае месца — тое, што і плацэнта.

Лобнае месца (гіст.) — узвышэнне, з якога ў старажытнасці аб’яўляліся царскія ўказы і на якім адбываліся пакаранні смерцю.

Агульнае месца — прапісная ісціна, збіты выраз.

Балючае месца — пра тое, што ўвесь час хвалюе, мучыць; пра чый‑н. слабы бок.

Ведаць (знаць) сваё месца гл. ведаць.

Вочы на мокрым месцы гл. вока.

Вузкае месца — слабы, ненадзейны ўчастак у якой‑н. справе.

Да месца — якраз калі трэба, дарэчы.

Душа не на месцы гл. душа.

Жывога месца няма гл. няма.

З месца на месца — з аднаго месца на іншае.

З месца ў кар’ер (у галоп) — адразу, не марудзячы, без падрыхтоўкі.

Каб мне з гэтага месца не сысці гл. сысці.

Мазгі не на месцы гл. мозг.

Месца пад сонцам — права на існаванне.

Мокрае месца застанецца — ужываецца як пагроза расправіцца з кім‑н.

На голым месцы — там, дзе пуста, нічога няма. Невялікае селішча Скіп’ёўскае Пераброддзе ўзнікла на голым месцы пры вялікім Скіп’ёўскім лесе адразу пасля рэвалюцыі. Чорны.

Нагрэць месца гл. нагрэць.

На месцы — там, дзе што‑н. адбылося ці будзе адбывацца. Справа з будаўнічымі матэрыяламі вырашаецца на месцы. Брыль.

На месцы злачынства — у момант, калі робіцца нешта нядобрае, заганнае (злавіць, застаць і пад.).

На (самым) відным месцы — на месцы, якое кідаецца ў вочы.

На (сваім) месцы — адпавядае свайму прызначэнню.

На тым самым месцы сесці гл. сесці.

Не да месца — калі не трэба, недарэчы.

Не знаходзіць (сабе) месца гл. знаходзіць.

Не месца — не павінна быць.

Ні з месца — а) не рухацца, стаяць нерухома; б) перан. у тым жа становішчы, на тым жа ўзроўні.

Паставіць каго на (сваё) месца гл. паставіць.

Пустое месца — пра чалавека, ад якога няма ніякага толку, ніякай карысці, або з якім ніхто не лічыцца. Сядзіць вось за сталом часамі значны чын. Спрабуй, скажы яму, што ён — пустое месца. Корбан.

Стаць на (сваё) месца гл. стаць.

Сухога месца няма гл. няма.

Таптацца на (адным) месцы гл. таптацца.

Уступіць месца гл. уступіць.

Цёплае месца — аб даходнай службе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сла́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае невялікую фізічную сілу, недастаткова дужы фізічна. Слабы барэц. Слабы конь. / у знач. наз. сла́бы, ‑ага, м. — Чуў, што ваўкі — санітары? Лес ачышчаюць ад хворых і слабых? — гэта ўмяшаўся Левановіч. Пташнікаў. / Пра мышцы, рукі, ногі. Слабай, з сінімі пражылкамі ў пальцах рукой старая адвяла ад сябе працягнутую сынаву руку. Каршукоў. // Кволы, хілы, хваравіты. Слабыя грудзі. Слабыя нервы. Слабае здароўе. Слабае дзіця. □ [Дзед:] — А я якраз і быў такі — стары і з выгляду слабы... Шуцько. Пайшоў бядняк на рэчку па ваду. Аж бачыць — ляжыць у кустах цялушачка. Ды такая слабая, лядашчая, што сама і не ўстане. Якімовіч. / на што, чым. Разм. Слабы па ногі. Слабы розумам. □ Слабы... [Яначка] па выпіўку. У галаве ад першай чаркі лёгкі туман. Крапіва. Душой і целам я — не слабы, Узяў ад бацькі моц лясную. І. Калеснік. // Знясілены, абяссілены (ад хваробы, стомы і пад.). Яшчэ хворы, слабы, як ён пойдзе дамоў? Куляшоў. Вакол... [Вані] на нарах ляжалі людзі. Яны былі слабыя, як мухі. Бядуля. // З аслабленым успрыманнем; прытуплены (пра зрок, слых, памяць і пад.). Слабыя здольнасці. Слабая памяць. □ [Чмаруцька:] — На грамату патрэбны добрыя вочы. А вочы ў мяне слабыя. Лынькоў. // Які робіцца з малым фізічным намаганнем. Слабы рух рукі.

2. Пазбаўлены стойкасці, цвёрдасці; які не вызначаецца цвёрдым характарам. Слабы характар. Слабая воля. □ Ён быў слабы, змучаны і бязвольны, гэты чалавек. Чорны. Цяпер Міця слабы, разгублены, а такі ён ісці да Сюзанны не хоча. Навуменка. // Які мае схільнасць, цягу да чаго‑н. (звычайна адмоўнага). Слабы да выпіўкі. Слабы да азартных гульняў. Слабы да жаночага полу.

3. Нетрывалы, нямоцны. Слабы плот. Слабы замок. Слабая загарадка. Слабыя сцены. □ У далёкія рэйсы шафёры пускаліся неахвотна — шыны былі слабыя, маторы працавалі з перабоямі, як сэрца ў хворага чалавека. Шахавец.

4. Нізкі па якасці і колькасці, марны, мізэрны. Слабы ўраджай. Слабы ўрадзіўся лён.

5. Не здольны наступаць ці абараняцца; дрэнна ўзброены. Слабы праціўнік. Слабы тыл. Слабая абарона.

6. Які не мае моцнай улады, аўтарытэту, не можа аказаць вялікага ўплыву на што‑н. Слабы кіраўнік. Слабая арганізацыя.

7. Які мае невялікую магутнасць, сілу, энергію. Слабы ток. Слабы матор. □ [Алёшка:] — Я не хачу старцёрам заводзіць — акумулятар ужо слабы. Лобан.

8. Не здольны аказаць моцнае дзеянне на каго‑, што‑н. Слабы яд. Слабае лякарства. // Ненасычаны, нямоцны. Слабы раствор еду. Слабы тытунь.

9. Нязначны па сіле праяўлення, напружанасці. Слабы штуршок. Слабае цячэнне. □ Пажоўклая лістота таполяў дробна трымцела на слабым ветры. Савіцкі. [Коркія] хацелася плакаць слабымі старымі слязамі. Самуйлёнак. // Нягучны (пра шум, крыкі, гукі і пад.). Пясок шоргае аб жалеза, за кармой чуюцца слабыя ўсплёскі. Каршукоў. Голас данёсся слабы, дрыготкі, ледзь не з плачам. Кулакоўскі. Аднойчы ліпеньскім ранкам за дошкамі пачуўся слабы піск. Гарбук. // Няяркі, цьмяны (пра святло). Удалечыні паказаліся слабыя агеньчыкі. Гурскі. // Недастаткова выразны, неглыбокі, няясны. Слабы след. Слабыя абрысы. □ — Можа, у вас есці няма чаго? — спытаў Юрка. — Не-е-е... — слабая ўсмешка асвятліла бледны Рыгоркаў твар. Курто.

10. Недастаткова абгрунтаваны, малапераканальны. Слабая падстава. □ — Гэта слабы доказ. Рыгор Апанасавіч, — заўважыў дырэктар. Якімовіч.

11. Нязначны, малы. Слабая дапамога. □ А ці ён [Данілка] вернецца? Хто знае — Надзея слабая ў самой. Колас. Рыгор Пятровіч, адарваўшыся ад кулямёта, радасна працягнуў Лубяну рукі. — Яўген Сяргеевіч! Падмога? — Слабая. Я адзін. Шамякін. // Які не адпавядае патрабаванням; недастатковы. Слабая спартыўная падрыхтоўка вучняў. Слабае валоданне замежнай мовай. Слабая распрацаванасць тэхнікі эксперыменту. // Які не дасягнуў належнага ўзроўню развіцця; адсталы. Распачалася спрэчка, які калгас лічыць слабым і цяжкім. Шахавец. // Недасканалы па мастацкай форме і па зместу. Слабая к Слабае апавяданне. Слабы канцэрт. Слабая карціна. □ Трапіў слабы вершык Дзесьці ў друк насценны. Памяркоўны крытык Працадзіў: — Не дрэнна! Лужанін. Чытаю ўсю маладую паэзію, часта з добрай зайздрасцю, часам прыдзірліва падкрэсліваючы надуманы і слабы радок. Грахоўскі.

12. Які дрэнна ведае ці выконвае сваю работу, сваю справу. Слабы інжынер. Слабая студэнта. Слабы клас. // у чым, па чым. Разм. Які дрэнна ведае што‑н., недастаткова ўмелы ў чым‑н. Слабы ў матэматыцы. Слабы па музыцы. □ [Люба] ў вучобе слаба, засталася на другі год на тым жа курсе ў медыцынскім інстытуце. Лынькоў.

13. Не цвёрды, не тугі, не густы. Слабы грунт. Слабая горкая парода. □ Падняўся вецер і разагнаў слабыя, мокрыя хмары. Нікановіч.

14. Нямоцна зацягнуты. Слабая папруга.

•••

Слабае месца (слабы бок) каго-чаго — недахоп чый‑н. або чаго‑н.

Слабая струнка (струна) каго гл. струнка.

Слабы на язык — балбатлівы.

Слабы пол гл. пол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)