крок, ‑у, м.

1. Адзін рух нагой уперад, назад або ўбок, а таксама рух адной нагой уперад пры хадзьбе, бегу. Ступіць крок уперад. □ Байкоў усхапіўся з месца, зрабіў крок да дзвярэй. Шамякін. // толькі мн. (кро́кі, ‑аў). Гукі, якія ўтвараюцца пры такіх рухах. Лабановіч пастукаў. У глыбі кватэры зараз жа грукнула крэслаў і пачуліся крокі. Колас.

2. толькі адз. Тэмп руху пры хадзьбе (звычайна ў спалучэннях: «паскорыць крок», «суцешыць крок», «прыпыніць крок» і пад.). Праваднік прыкметна прыбавіў кроку, мы ледзь паспявалі за ім. Анісаў. // Пэўны від хадзьбы, руху. Спартыўны крок. Страявы крок.

3. перан.; з азначэннем. Дзеянне, учынак. Рашучы крок. □ [Лютынскі:] Кожны няправільна зроблены намі крок сурова асудзіць гісторыя. Крапіва.

4. перан. Этап у развіцці чаго‑н. Новы крок у асваенні космасу. □ Вялікія крокі гісторыі складаюцца з асобных чалавечых намаганняў. «Звязда».

5. Адлегласць паміж ступнямі ног пры хадзьбе як мера даўжыні. Змераць крокамі пакой. □ У двух кроках ад сябе нічога нельга было ўбачыць. Лынькоў.

•••

Гіганцкія крокі — прыстасаванне для гімнастычнай гульні ў выглядзе слупа з круцёлкай наверсе, да якой прымацаваны доўгія вяроўкі з лямкамі; седзячы ў лямках, гуляючыя разбягаюцца і, узлятаючы, кружацца вакол слупа.

Адзін крок ад чаго — зусім блізка.

За два (тры і пад.) крокі ад каго-чаго — паблізу, побач.

Крок за крокам — а) паступова, няўхільна. Так крок за крокам упарта і настойліва ішоў.. [Серакоўскі] да сваёй запаветнай мэты — панесці сакрушальны ўдар па шпіцрутэну. Якімовіч; б) паслядоўна, адно за другім. Спасылаючыся на запісы ў дзённіку, Максім Лужанін крок за крокам узнавіў гісторыю стварэння «Адплаты». Казека.

Крок наперад — пра тое, што з’явілася дасягненнем, прагрэсам у якой‑н. справе.

Крок у крок — тое, што і нага ў нагу (гл. нага).

Кроку не ступіць без каго-чаго гл. ступіць.

На кожным кроку — усюды і пастаянна.

Не даваць кроку ступіць гл. даваць.

Ні на крок — а) ад каго-чаго нават на самую кароткую адлегласць (не адыходзіць, не адставаць). Антон не адставаў ад.. Амілі ні на крок. Чорны; б) ад каго-чаго нават на самы кароткі час, на маленькі тэрмін (не адпускаць, не адлучацца). — Толькі цяпер цябе ні на крок ад сябе не адпусцім. «Звязда»; в) ніколькі не пасунуцца, не зрушыцца; не пасунуць, не зрушыць і пад. Справа не пасунулася ні на крок.

Першы крок — самы пачатак пачатковы перыяд якіх‑н. дзеянняў або якой‑н. дзейнасці.

Сямімільнымі крокамі — вельмі хутка (развівацца, пасоўвацца і пад.). Сівецкі сельсавет ішоў сямімільнымі крокамі да суцэльнай калектывізацыі. Зарэцкі.

Што ні крок — скрозь, усюды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сярэ́дні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца ў сярэдзіне, паміж двума пунктамі, прадметамі, дзвюма лініямі і пад.; аднолькава аддалены ад краёў, канцоў чаго‑н. Яны [Міхал і Антось] лагчынку праязджаюць, Гару сярэднюю мінаюць, Клады з паніклымі крыжамі. Колас. [Гарлахвацкі:] Апіралася гэтая жывёліна пры хадзе не на два пальцы, а на ўсе чатыры, з якіх два крайнія былі крыху меншыя за два сярэднія. Крапіва. // Другі (другая) па ўзросту з трох (дзяцей, братоў, сясцёр). Наташа была сярэдняй у сям’і калгаснага каваля Івана Янкевіча. Шамякін. [Бацька:] — Сыны мае родныя,.. прашу ўважыць адну маю просьбу: прыходзьце да мяне на магілу начаваць тры ночы. Першую ноч — старэйшы, другую — сярэдні, а трэцюю — малодшы. Якімовіч.

2. Прамежкавы па сваіх уласцівасцях, прыкметах паміж дзвюма крайнімі (процілеглымі) уласцівасцямі, прыкметамі (паміж вялікім і малым, цяжкім і лёгкім, высокім і нізкім і пад.). Баксёр сярэдняй вагі. Абутак на нізкім, сярэднім і высокім абцасе. □ [Юстын:] Ну, росту быў [аграном] такога вось, як і ты, сярэдняга. Краўчанка. У Буханцава, хоць узрост яго толькі набліжаецца да сярэдняга, за плячыма немалы вопыт афіцэра-пагранічніка. Хадкевіч. Усім жывым — дзядам і дзіцянятам, І хто ў сярэдні ўвабраўся век, Бабулям рупным, модніцам-дзяўчатам — Адзін заўсёды служыць чалавек. Лось. // Які аб’ядноўвае ў сабе прыкметы, уласцівасці двух розных прадметаў, дзвюх з’яў. Гаварыць тонам, сярэднім паміж просьбай і загадам. □ Хлопец гаварыў, як гавораць беларусы з некаторых мясцін Гродзеншчыны. Не націскаючы на «а», вымаўляючы яго як нешта сярэдняе між «а» і «о». Караткевіч. // Які займае прамежкавае становішча паміж старшымі і малодшымі па званню, пасадзе і пад. Сярэдні медыцынскі персанал. // Які займае прамежкавае становішча паміж двума класамі, дзвюма грамадскімі групоўкамі і пад. Дробная і сярэдняя буржуазія. Сярэдняе сялянства.

3. Ні добры, ні дрэнны; пасрэдны. Сярэднія здольнасці. // Які нічым не вылучаецца; звычайны, радавы. Сярэдні вучань. □ [Клава:] — Скажу я табе [Язэп] шчыра, што і камандзір ён [Гаравы] быў сярэдні. А вось як камандаваў спачатку падрыўнікамі — сваю справу рабіў. Асіпенка. Іхняя брыгада [маляроў] у рамонтна-будаўнічай канторы лічылася сярэдняй: не было яшчэ выпадку, каб яна вырвалася наперад. Даніленка.

4. Не вышэй звычайнага ўзроўню, нормы. Сярэднія патрабаванні.

5. Атрыманы дзяленнем сумы некалькіх велічынь на іх колькасць; тыповы для дадзенай групы з’яў. Сярэдняя гадавая тэмпература. Сярэдняя заработная плата. Сярэдняя велічыня.

6. у знач. наз. сярэ́дняе, ‑яга, н. У матэматыцы — велічыня, якая атрымліваецца ад дзялення сумы некалькіх лікаў на іх колькасць. Сярэдняе арыфметычнае.

•••

Сярэдняе вуха гл. вуха.

Сярэдняя школа гл. школа.

Вышэй (ніжэй) сярэдняга — вышэй (ніжэй) якой‑н. нормы.

Сярэдняй рукі гл. рука.

У сярэднім — выходзячы з сярэдніх велічынь, паказчыкаў, норм; прыблізна. Жывуць зубры ў сярэднім да трыццаці — пяцідзесяці год. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сухары́ба (сухорыба) ’гусцера, Blicca bjoerkna L.’ (вілен., Этимология–1978), сухарэ́ба ’тс’ (там жа; лід., Сл. ПЗБ), сухарэ́па (сухарепа) ’тс’ (там жа). Параўноўваецца польск. sucha ryba, suchareba ’тс’, літ. sukarèbka ’тс’, што да рыба (гл.) з азначэннем паводле канфігурацыі або формы цела, гл. сухі (Усачова, Слав. ихт. терм., 123); фармальныя змены пад уплывам сухарэбрыца, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сха́дзка, сха́жка ’сходка; згода, стачка’ (Нас.), сха́цка ’сяброўства’ (Сцяшк. Сл.), схажа́цца ’схадзіцца, пагаджацца’ (там жа), ст.-бел. схадзка, схажка, схадка ’збор, сходка, сустрэча, спатканне’ (Ст.-бел. лексікон). З польск. schadzka ’тс’ (Карскі, Белорусы, 149; Булыка, Лекс. запазыч., 38), апошняе ад schadzać (< chadzać ’хадзіць, бываць’, Борысь, 540); пад польскім уплывам фанетычна адаптаваны формы, параўн. хаджаць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таліна́ ’праталіна’ (ТС; беласт., Сл. ПЗБ), та́ліна ’мясціна, дзе сышоў снег’ (Варл.), толына́ ’праталка’ (Сл. Брэс.), та́леніна ’зямля, што паказваецца з-пад снегу’ (Арх. Федар.). Укр. талина́ ’расталая санная дарога’, польск. дыял. talina ’плеш на полі, пустое месца, дзе загінула збожжа’, славен. talina ’адталая зямля’. Утворана пры дапамозе суф. ‑ina ад *talъ, гл. талы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тлушчо́ўка ’траска́’ (Байк. і Некр.). Штучна ўтвораная назва пачатку 20‑х гадоў XX ст., параўн. пазнейшае траска́ ’тс’ (Некр. і Байк.), паводле прадуктыўнай словаўтваральнай мадэлі назваў рыб (вярхоўка, альхоўка і пад.) ад тлушч (гл.), параўн. чэш. tloušt ’галавень’, рус. ма́сленник ’язь’, відаць, у сувязі з тым, што рыба з’яўлялася асноўнай сыравінай для здабычы рыбінага тлушчу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Папа́р ’поле, пакінутае на адно лета незасеяным з мэтай паляпшэння глебы пад пасеў азімых’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Шн.), папа́р, попа́р, пупа́р ’тс’ (Сл. ПЗБ). Прэфіксальны дэрыват ад пар (гл.), або, улічваючы палес. попа́рыты ’араць зямлю восенню для вясновага севу’ (Выг.), нулявы дэрыват ад гэтага дзеяслова. Сюды ж папа́рына ’расліннасць на папары’ (Янк. 1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́ста1 ’паша для жывёлы’ (Др.-Падб.; астрав., Сцяшк.; раг., Мат. Гом.; смарг., Шатал.), ’пасьба’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’чарга пасціць жывёлу’ (Сл. ПЗБ). Скарочанае паства (гл.), магчыма, пад уплывам па́ша (гл.).

Паста2 ’вязкае рэчыва цестападобнай масы’ (ТСБМ). Праз польск. ці рус. мовы з італ. pasta ’цеста’ (Брукнер, 398; Праабражэнскі, 2, 22; Фасмер, 3, 213).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Вясёлачка, вясёлычка — памяншальнае ад вясло́ ’вясло ў чаўне’ (Бяльк.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ачк‑а. Паводле рэдкасці суфікса н. р. і тэрытарыяльнай абмежаванасці ўжывання, можна меркаваць, што слова было запазычана з рус. гаворак, дзе маецца арханг., алан., валаг., перм. весёлышко ’тс’, суфікс якога быў відазменены на бел. глебе пад уплывам ‑ечк‑а (як лісцечка, гняздзечка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́дна1 ’светла, ясна’ (БРС, КТС; лаг., КЭС, Бяльк.), відня́ ’відна, відаць’ (Бяльк.). Да ві́дны (гл.). Суфікс ‑ня́, відаць, узнік пад уплывам назоўнікаў на ‑ня: шырыня, таўшчыня. Сюды ж відном ’за́відна’ (КТС), памянш. віднюсенька, ‑кі, ‑ко (КТС, Сцяшк. МГ), віднінька (Бяльк.). Гл. таксама відно́.

Ві́дна2 ’відаць, мабыць, напэўна’ (Бяльк.). Запазычана з рус. ви́дно ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)