не́хаця, прысл.

Неахвотна, без жадання. Працаваў .. [Язэгі] нехаця, .. на яго паласе заўсёды быў самы дрэнны ўраджай. Лупсякоў. [Стары:] — Пірат, на месца! — Сабака ўтуліўся і нехаця пасунуўся ў будку. Грахоўскі. На вуліцы гусіныя чароды паволі і нехаця, з крыкам саступаюць дарогу машынам. Хведаровіч. // Без намеру, незнарок, міжвольна. Штурхнуць суседа нехаця. □ На будоўлі не заснеш, ад брыгады не схаваешся. Гэта не каса і не граблі, што кінуў пад куст, а сам у цянёк. Тут нехаця падставіш плячо, падхопіш бервяно, паможаш таварышу. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўпэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.

1. Які сумняваецца ў правільнасці чаго‑н., пазбаўлены веры, упэўненасці. Часам бывае так: быў чалавек няўпэўнены ў якой-небудзь справе, не верыў у яе поспех. І раптам убачыў, што справа дае пэўную карысць. І тады гэты чалавек робіцца самым заўзятым яе прыхільнікам. Зуб.

2. Які выказвае нерашучасць, адсутнасць цвёрдасці. Стук быў ціхі, няўпэўнены, але ён скалануў... Лёдзю. Карпаў. Голас падаўся нясмелы, няўпэўнены, але яго раптам многія падтрымалі, бо ён, відаць, быў тут да месца. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабялі́ць, ‑бялю, ‑беліш, ‑баліць; зак., каго-што.

1. Зрабіць белым, пакрыўшы вапнай, мелам і інш. Таіса пабяліла .. печ, чыста падмяла гліняную падлогу, вымыла і выцерла акенцы. Паслядовіч. // Засыпаць, пакрыць (снегам, інеем і пад.). Шумныя бярозы Пабяліў мароз. Купала. Снег нам засыпаў вушанкі І пабяліў шынялі. Астрэйка. // Зрабіць сівым. [Бондар] выглядаў старэй за свае гады, бо сівізна ўжо ўбілася ў яго густыя чорныя вусы і пабяліла скроні. Чарнышэвіч.

2. і без дап. Бяліць некаторы час. Пабялілі маляры гадзіну і кінулі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паваро́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да павярнуцца (у 1, 2 і 4 знач.).

2. Разм. Быць, знаходзіцца дзе‑н. Дзе б .. [Анісімаў] ні паварочваўся, каля яго заўсёды збіраліся людзі. Паслядовіч. [Даніла:] — Ну, дзядзька Батура, як ты дзе паварочваешся? Крапіва.

3. Разм. Рабіць, выконваць што‑н. [Сякач:] — Наперадзе ў вас многа спраў. Весялей паварочвайцеся. Алешка. — Каб яны спрахлі, гэтыя скаргі. Толькі паспееш разабрацца з адной, як табе падсоўваюць другую. Адно паварочвайся! Паўлаў.

4. Зал. да паварочваць.

•••

Язык не паварочваецца гл. язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́даміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каму (зрэдку каго-што), што, аб чым, пра што, з дадан. сказам і без дап.

Давесці да ведама. Паведаміць начальству аб здарэнні. Яна паведаміла, што не прыйдзе на работу. □ Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Колас. Роўным і як быццам спакойным голасам паведаміла радыстка пра сігналы з эсмінца. Кулакоўскі. // Расказаць, сказаць. Мой тата прыехаў, сур’ёзна паведаміла Марынка. Васілевіч. // Даваць якія‑н. звесткі. Паведаміць міліцыі. Паведаміць суду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накпі́ць, ‑кплю, ‑кпіш, ‑кпіць; зак., з каго-чаго, над кім-чым і без дап.

Злосна пасмяяцца, паздзекавацца з каго‑, чаго‑н. Ашукаць або хоць накпіць з акупанта быў немалы гонар. Лужанін. А дзед сядзе каля дуба, Кій паложыць на траву, Люльку возьме ў рот бяззубы І пахіліць галаву, Ды пачне сваё казанне, Як павінен жыць Сымон, Каб праз тое навучанне Лепш прыбраць яго ў палон, Бо таму не збыць пакуты, Хто б над старасцю накпіў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

начле́г, ‑у, М ‑лезе, м.

1. Прыпынак нанач для сну, адпачынку; начны адпачынак. Атрад спыніўся на начлег у адным вялікім сяле. Лынькоў. Усе, хто ездзіў ад нас у Мінск, спыняліся на .. начлег у карчме. Якімовіч. // Месца для начнога сну, адпачынку (не ў сваім доме). Шлях перасякае бор, ляжыць за паўвярсты ад стаянкі. Але начлег тут выбралі. Навуменка.

2. Пасьба коней ноччу. Учора Пятрусь доўга ўпрошваў бацьку ўзяць яго з сабой на начлег, пасвіць калгасныя коні. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадба́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Убачыць наперад, угадаць тое, што павінна адбыцца. Менавіта такую гаворку Антон і прадбачыў: Шыбасаў не будзе віляць, шукаць нейкія адгаворкі, не будзе апраўдвацца. Савіцкі. Я пытаю, ці дома Шайпак. — Як?.. Няма яго дома? Не прадбачыў я гэта ніяк. Куляшоў. // Вывучаючы, аналізуючы факты, даныя і пад., зрабіць правільны вывад аб далейшым развіцці чаго‑н. — Але і самы геніяльны камандуючы не можа ўсё прадбачыць, усё разлічыць, кожны ход ажно да перамогі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасце́нак, ‑нка, м.

1. Частка сцяны паміж аконнымі ці дзвярнымі праёмамі. Міжвольна Камлюк глянуў на карту, што вісела на прасценку між акон. М. Ткачоў. — Глядзіце на гэты дом і мяркуйце: чаму ў яго прасцецкі паміж вокнамі такія маленькія? Даніленка. // Абл. Перагародка. [Паўлюк] рагатаў і рагатаў так гучна, што з-за дашчанага прасценка пачуўся стук. Хведаровіч.

2. Абл. Прамая дарожка, якая раздзяляе поле. Вырываючыся з вузкага прасценка, абапал якога высаджаны маладыя прысады, дарога зварочвае на шырокі выган. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбо́й, ‑ю, м.

1. Хвалі, якія б’юць у бераг. Шумеў марскі прыбой, уздымаліся, гойдаліся цяжкія хвалі. Лынькоў. Праз момант маці пачула, як зашуршэлі пад яго нагамі дробныя, яшчэ не намочаныя прыбоем каменьчыкі. Кулакоўскі. // Шум, які ўтвараюць гэтыя хвалі. Цяпер і я сяджу у пальмавых алеях, Гляджу у даль і слухаю прыбой... Гурло.

2. Месца каля берага, куды б’е хваля. Зона прыбою. Паласа прыбою.

3. Спец. Павелічэнне ў аб’ёме (кучы камення), якое атрымліваецца пасля драбнення буйнага каменю на шчэбень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)