нагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.

1. Зрабіць цёплым ці гарачым. Сонца яшчэ не паспела нагрэць паветра, і дыхалася лёгка, вольна, на поўныя грудзі. Васілёнак. [Люба] падпаліла ў печы і пагрэла ў гаршку вады. Чорны.

2. Зрабіць цёплым памяшканне. [Сёстры:] — А дроў, дроў колькі трэба, каб нагрэць такую стадолу!.. Ракітны. // Разм. Сагрэць. Чужы кажух не нагрэе. Прымаўка.

3. перан. Разм., іран. Падмануўшы, прымусіць панесці страты; узяць больш, чым трэба. Нагрэць на дзесяць рублёў.

•••

Нагрэць месца — доўга прабыць дзе‑н.

Нагрэць (пагрэць) рукі — нажыцца за чый‑н. кошт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кандыдату́ра, ‑ы, ж.

1. чыя. Магчымасць ці права каго‑н. выступаць у ролі кандыдата (у 1 знач.). Васіль Бусыга быў кандыдат у валасныя старшыні, але рэвалюцыя і ўсе далейшыя падзеі адвялі яго кандыдатуру. Колас. // Чыя‑н. асоба ў ролі кандыдата. Шаманскі назваў кандыдатуру Паўла Дэшкі. Дуброўскі. Каржакевічаву кандыдатуру .. выставілі на перавыбарах. Крапіва.

2. Тое, што і кандыдат (у 1 знач.). — Была ў нас затрымка з начальнікам штаба, не было добрай кандыдатуры. Лынькоў. Парторг паведаміў, колькі камуністаў прысутнічае, прапанаваў вылучыць кандыдатуры для рабочага прэзідыума. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

будзённы, ‑ая, ‑ае.

1. Не святочны, будны. Быў звычайны будзённы дзень, калі Паходны прынеслі з Лашыч паведамленне ад Ваўчка. Хадкевіч. // Прызначаны на штодзень. На сцяне вісела будзённая вопратка. Гартны. // Штодзённы, звычайны. Колькі радасці можна знайсці ў звычайным будзённым жыцці. Мурашка. А чым мяне сустрэне бераг новы — Будзённым тлумам, навізною спраў? Панчанка.

2. перан. Сумны, аднастайны. [Рыма:] — Ты таксама вершы пішаш? Люблю паэтаў, яны непасрэдныя, шчырыя, не такія, як усе, будзённыя. Сабаленка. Пытанняў.. нарадчыца чуе за дзяжурства дзесяткі, яны — самыя будзённыя, як і адказы на іх. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

і́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе, маецца ў рэальнасці. Цяпер ужо Каралькоў крычаў на ўсё поле, абвінавачваючы мяне ва ўсіх грахах, існых і выдуманых. Шамякін.

2. у знач. наз. і́снае, ‑ага, н. Тое, што існуе ў рэальнасці. Прымаць жаданае за існае. □ Нават маўклівы матэматык Рамашка не стрымаўся, каб не сказаць колькі слоў у абарону дакладных навук, без якіх, як ён адзначыў, нельга ўявіць нічога існага на зямлі. Дамашэвіч.

3. Сапраўдны, рэальны. — У нас ёсць адзін селянін, Шкробат Тарэнта. Ён самы існы п[рыхільнік] справядлівасці. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перагрузі́ць, ‑гружу, ‑грузіш, ‑грузіць; зак., каго-што.

1. Перакласці, перамясціць які‑н. груз у другое месца. Перагрузіць збожжа з машын у вагоны.

2. Пагрузіць, загрузіць грузам, паклажай звыш нормы, меры, больш, чым трэба. Перагрузіць машыну. Перагрузіць воз. // перан. Празмерна пагрузіць якой‑н. працай. Перагрузіць вучняў дамашнімі заданнямі. // перан. Загрувасціць што‑н. вялікай колькасцю чаго‑н. Перагрузіць лекцыю фактычным матэрыялам. Перагрузіць сюжэт апавядання лішнімі эпізодамі.

3. Пагрузіць што‑н. іначай, па-новаму. Перагрузіць паклажу шчыльней.

4. Пагрузіць усё, многае. Колькі я перагрузіў ужо гэтага лесу? — уздыхнуў Санкоўскі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перанасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак.

1. каго-што і чаго. Перанесці, аднесці куды‑н. паступова або за некалькі прыёмаў усё, вялікую колькасць чаго‑н. Перанасіць усе дровы пад павець. Перанасіць бульбу ў склеп кашамі. □ Колькі Юрка перанасіў адтуль — з бярэзніку і з ячменю — баравікоў... І адзін, і з бацькам... Пташнікаў.

2. што. Знасіць вялікую колькасць чаго‑н. (пра адзежу, абутак і пад.).

3. што. Разм. Пранасіцца даўжэй за што‑н. Мае лапці лазовыя пераносяць твае боты казловыя. Прыказка.

4. каго. Пранасіць дзіця звыш тэрміну (пра цяжарную).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перастро́іцца, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.

1. Змяніць свой строй, размясціцца ў страі іначай. Перастроіліся роты. □ Самалёты парамі пабеглі на старт і цесным строем ірванулі ў паветра .. Яшчэ на развароце заднія падцягнуліся, перастроіліся, і група лягла на курс. Алешка.

2. Пераключыцца на прыём іншых радыёхваль.

3. Змяніць намеры, планы, арганізацыю свайго жыцця, працы і пад. Як .. [Лясніцкі] хутка перастроіўся! Колькі прайшло таго часу, як ён з такім вось энтузіязмам сеяў і будаваў. А сёння — такі салдат. Нібы ўсё жыццё толькі і займаўся тым, што ваяваў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́ведзь, ‑і, ж.

1. У хрысціянскай царкве — пакаянне ў сваіх грахах перад свяшчэннікам і дараванне ім грахоў. Мужчыны малінаўскія былі не вельмі багамольныя, у царкву хадзілі рэдка, але споведзі ды прычасця не прапускалі. Чарнышэвіч.

2. перан. Шчыры расказ пра ўласнае жыццё; прызнанне ў чым‑н. А, думаецца, хаця б хто выслухаў тваю споведзь і адно-другое слова ўцехі праказаў, — ох, колькі б цяжару спала з плеч! Гартны. Пятрок з прыемнасцю слухаў шчырую споведзь таварыша, які не так ужо і даўно думаў зусім інакш. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штрафны́, ‑ая, ‑ое.

1. Звязаны са штрафам, з платай штрафу. [Войцік:] — І на якое ліха нам здаўся той білет! Сунулі б правадніку колькі залатовак — і без штрафнога пратакола абышлося б. Машара. // Які назначаецца за парушэнне чаго‑н.; з’яўляецца штрафам. Штрафны ўдар.

2. Накіраваны рашэннем суда ў спецыяльную дысцыплінарную часць (пра ваеннаслужачых). Штрафныя матросы. // Які складаецца з такіх ваеннаслужачых, прызначаны для іх. Няхай штрафны батальён, няхай іншая кара. Нас нічога не страшыць пасля тых здзекаў і пакут, якія мы перажылі і пабачылі ў нямецкім палоне. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыка́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Раскошны, багаты, пышны. Шыкарнае ўбранне. □ А колькі тых гасцініц на самую розную цану, вельмі вялікіх і шыкарных і самых скромных і даступных! Гарэцкі. — Вуліца міру.. Самая шыкарная вуліца Парыжа... Мележ. Амаль на кожнай старонцы [часопіса] — шыкарныя легкавыя аўтамабілі. Каваленка. // Які мае элегантны, фарсісты выгляд (пра людзей). Адно толькі моладзь — паненкі, панічы і маладое шыкарнае афіцэрства з’яўлялася ў значнай ступені аўтаномнай у гэтым сэнсе. Колас.

2. Надзвычай добры; вельмі прыгожы; цудоўны. Удзень ідзе .. [Алена] ў вёсачку, а адтуль варочаецца пад вечар з шыкарным букетам кветак. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)