нагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.

1. Зрабіць цёплым ці гарачым. Сонца яшчэ не паспела нагрэць паветра, і дыхалася лёгка, вольна, на поўныя грудзі. Васілёнак. [Люба] падпаліла ў печы і пагрэла ў гаршку вады. Чорны.

2. Зрабіць цёплым памяшканне. [Сёстры:] — А дроў, дроў колькі трэба, каб нагрэць такую стадолу!.. Ракітны. // Разм. Сагрэць. Чужы кажух не нагрэе. Прымаўка.

3. перан. Разм., іран. Падмануўшы, прымусіць панесці страты; узяць больш, чым трэба. Нагрэць на дзесяць рублёў.

•••

Нагрэць месца — доўга прабыць дзе‑н.

Нагрэць (пагрэць) рукі — нажыцца за чый‑н. кошт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)