баразна́, ‑ы; мн. барозны, ‑разён; ж.
1. Доўгі паглыблены прарэз на паверхні глебы. зроблены плугам ці іншымі сельскагаспадарчымі прыладамі. Баразна вылузвалася з-пад лемяша, бегла за плугам, цьмяна пабліскваючы на сонцы, і слалася, гарнулася да свежага вагона. Капыловіч. // Выараны плугам рад бульбы. Разараўшы шэсць баразён, па дзве на выбіральшчыка, Андрэй выпраг з плуга каня і закурыў. Чарнышэвіч.
2. Падоўжанае паглыбленне на чым‑н.; маршчына, складка. У.. [Намысніка] ўжо на шчоках прарэзаліся ад носа да падбародка глыбокія барозны. Грамовіч. Вада ледзь прыкрывае пясок водмелі, пакідаючы на ім лёгкія барозны. В. Вольскі.
3. перан. Пачынанне ў якой‑н. галіне. Пракласці першую баразну. // Лінія размежавання паміж чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абдзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што.
1. Пры падзеле, размеркаванні не даць каму‑н. нічога або даць менш, чым іншым. Калі хлеба па картках сям’і неставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць, — так умелі апошні кавалак дзяліць, каб усіх падзяліць, а сябе — абдзяліць. А. Вольскі. [Варвара:] — Зіма, нябось, слязу пусціў: яго брыгаду абдзялілі, дзве касілкі далі ў Варварыну брыгаду, а яму толькі адну... Васілевіч. // Надзяліць у недастатковай меры якімі‑н. якасцямі, здольнасцямі і пад. або пазбавіць якіх‑н. якасцей, здольнасцей і пад. Прырода абдзяліла яго ростам і сілай.
2. Надзяліць усіх чым‑н., аддаючы кожнаму яго долю. Абдзяліць дзяцей гасцінцамі. □ — Мая воласць вялікая, — Белым сырам не абдзеліш. З нар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэ́чышча, ‑а, н.
1. Паглыбленне на паверхні зямлі, па якім цячэ рака. За манастырскімі садамі рака зноў зліваецца ў адно рэчышча, утвараючы вялікі, выцягнуты востраў. Лобан. [Свіслач] выходзіла з берагоў, заліваючы ўсе нізкія мясціны ўздоўж рэчышча. Лужанін. Летам такія рэчкі перасыхаюць, і тады мясцовыя жыхары нярэдка ходзяць і ездзяць па сухіх камяністых рэчышчах, як па дарогах. В. Вольскі.
2. перан. Напрамак, шлях, па якім ідзе развіцця чаго‑н. [Жэні] вельмі пасуе роля гаспадыні: умее запрашаць, камандаваць хлопцамі, накіраваць гаворку ў патрэбнае рэчышча. Навуменка. У рэчышчы асноўных заканамернасцей развіцця новай беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя знаходзіліся творы М. Багдановіча па пытаннях эстэтыкі. Лойка. У рэчышчы рамантычных традыцый развівалася таксама творчасць Міхася Сеўрука. Шматаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ву́ліца, ‑ы, ж.
1. Два рады дамоў і прастора паміж імі для праходу і праезду, а таксама сама гэта прастора. Мястэчка малое: ад незабрукаванай плошчы разыходзіцца шэсць вуліц. Брыль. На доўгай, абсаджанай старымі таполямі вуліцы было ціха і бязлюдна. В. Вольскі. // перан. Жыхары гэтых дамоў. На пажар збеглася ўся вуліца.
2. Месца пад адкрытым небам у процілегласць памяшканню. [Алена:] — На вуліцы такая відната, людзі з работы яшчэ не прыйшлі, а ты ўжо святло запаліў. Мележ.
3. перан. Асяроддзе, якое сваёй некультурнасцю, нявыхаванасцю дрэнна ўплывае на каго‑н. Уплыў вуліцы.
•••
Будзе і на нашай вуліцы свята гл. свята.
Выкінуць на вуліцу каго гл. выкінуць.
Зялёная вуліца — прапускаць без затрымак, па-за ўсякай чаргою.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыстасава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; зак.
1. Асвоіўшыся з чым‑н., набыць навыкі, уменне жыць, працаваць, абыходзіцца ў пэўных абставінах. Шмат якія пароды дзікіх жывёл звяліся. Іншыя прыстасаваліся да новых умоў жыцця. В. Вольскі. Яго заскарузлы розум змушан быў паварушыцца і накіраваць мыслі крыху ў іншы бок, каб лаўчэй прыстасавацца да гэтага вандроўніцкага жыцця і не згінуць. Колас. // Пагард. Скрываючы свае намеры, погляды, пачаць дзейнічаць па-новаму ў новых абставінах. — Гэта.. [Аляксей Ісаевіч] прыстасаваўся ўжо. Калі нашы вернуцца, дык скажа: я быў чысцільшчыкам, — выказаў здагадку Петрык. Хомчанка.
2. Прымасціцца, прыладзіцца дзе‑н. Калі позна ноччу былі памыты ўсе катлы.., Пасмітны прыстасаваўся ў куточку, выняў запаветны сшытак і пачаў пісаць. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
радня́, ‑і, ж.
1. зб. Родныя, сваякі. Да палкоўніка адразу прыехала радня: родная сястра, жонка, нейкі яшчэ малады чалавек. Чорны. Абапал маладых садзяцца шафёры і шаферкі. Потым сваты і свацці, а далей ужо блізкая і далёкая радня. Асіпенка.
2. Разм. Родны (родная), сваяк (сваячка). Здавалася, нібы ўсе яны [людзі і малпы] адчувалі, што даводзяцца адзін аднаму раднёй. Маўр. Можа, ён быў яму нейкая радня, а можа і што-небудзь іншае звязвала іх, але гэты бялявы хлопец быў для оберста не толькі дзеншчыком. Шахавец. // перан. Аб кім‑, чым‑н. падобным у якіх‑н. адносінах. Я ў Новай Рызе — зусім як дома, бо з новым Мінскам яна радня. А. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́дчык, ‑а, м.
1. Той, хто пасланы ў разведку (у 1 знач.), які ўваходзіць у склад разведкі (у 3 знач.). У час гітлераўскай акупацыі егер Мацута быў правадніком і разведчыкам у партызанскім атрадзе. В. Вольскі. Разведчыкі даносілі з усіх бакоў адно: абарона на поўдні і поўначы прарвана. Брыль. // Самалёт або судна, якія вядуць назіранне за праціўнікам.
2. Агент разведкі (у 4 знач.). Як і трэба было чакаць, факір аказаўся разведчыкам адной з вялікіх дзяржаў. Мікуліч.
3. Спецыяліст па разведцы нетраў, па пошуках карысных выкапняў. Разведчыкі выявілі багатыя нафтавыя паклады. // перан. Пра першаадкрывальніка, заснавальніка чаго‑н. Разведчыкі космасу. □ Мы — першыя ў свеце Разведчыкі будучыні, Наватары, багаборцы, Шчасця людскога Нястомныя творцы. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́птам, прысл.
1. Знянацку, нечакана, неспадзявана. І такая раптам спакуса з’явілася ў Міхася націснуць на курок, што аж галава закружылася. Якімовіч. Насцярожанае маўчанне ночы парушылася раптам нечаканым раскатам грому. Васілевіч. [Толяк] раптам заўважыў, што .. [Зося] зграбная і прыгожая. Чорны. // Ураз, адразу. Страляніна пачалася раптам. Тармола. Пачалася мітусня, страляніна. Маўклівы цёмны лес раптам ажыў, напоўніўся шумам, трэскам сухога галля і зламаных дрэў. В. Вольскі.
2. у знач. узмацняльнай часціцы. Адпавядае па значэнню словам: «калі», «а калі», «а што, калі» і пад. [Васіль:] — Быў міг, калі я падумаў: а раптам не прыйдзеш? Шамякін. — Хутчэй збірайся! — Я зранку яшчэ сабралася, — адказала Марына, — але трывожылася, раптам ты білетаў не дастанеш. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раска́т, ‑у, М ‑каце, м.
Доўгі, перарывіста гул, грукатанне (грому, кананады і пад.). Дзесьці далёка за лесам бліскалі зарніцы, і адтуль чутны былі глухія раскаты грому. Сачанка. Пушчаны з гары снежны ком набывае ўсе большую і большую імклівасць, .. ён ператвараецца ў грозную лавіну, якая змятае ўсё на сваім шляху, абуджаючы грамавымі раскатамі даліны і горы. Лынькоў. Начную цішыню, як раскат грому, раскалоў стрэл. Чарнышэвіч. // Перарывістыя моцныя гукі (чалавечага голасу, музыкі і пад.). — Мат! Гага-га... — ускалыхнуў кабінетную цішу магутны раскат шчаслівага смеху. Быкаў. Раскатамі грымеў, сатрасаючы паветра, нізкі, хрыплы бас старога аленя, зліваючыся ў адзіны хор з высокімі і звонкімі галасамі маладзейшых. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакрыва́ла, ‑а, н.
1. Выраб з узорыстай тканіны, цюлю для пакрывання ложкаў. Ложкі каля сцен, дбайна прыбраныя, накрытыя светлымі пакрываламі, стол каля акна. Мележ. // Род жаночай адзежы ў выглядзе накідкі (у некаторых народнасцей). Вось едзе на шэрым восліку жанчына з адкрытым тварам, захутаная ў белыя пакрывалы. В. Вольскі. // Кавалак якой‑н. матэрыі, якім пакрываюць што‑н. Закруткін знік, закрыўшы люк бліндажа брызентавым пакрывалам. М. Ткачоў.
2. перан. Пра ўсё тое, што атуляе, ахутвае, усцілае сабой што‑н. Беласнежным пакрывалам заслала зіма наваколле. Шыловіч. [Пеця] радаваўся ўсяму: і ночы, што чорным пакрывалам ахінула зямлю, і полю, якое не раз удоўж і ўпоперак мералі яго ногі, і нават дажджу. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)