захапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

1. Узяць, схапіць (рукамі, пальцамі і пад.) якую‑н. колькасць чаго‑н. Цётка Малання касцістай учэпістай рукою захапіла поўную жменю аўсяных сцяблоў і парывіста, са злосцю, разанула сярпом. Мележ. // Абхапіць. Васіль .. захапіў у абдым[кі] абодвух сыноў і прыціснуў да сябе. Кавалёў.

2. Узяць, прыхапіць з сабою. У дзеда Талаша была раней думка захапіць з сабою воўчую шкуру: дужа было б цікава падаць умоўлены знак іменна ў воўчай шкуры. Колас. [Ларыса] захапіла з сабой палку .. і, як ластаўка, выпырхнула за дзверы. Даніленка.

3. Узяць, авалодаць сілай. Захапіць уладу. □ Ведалі кулямётчыкі.. любоў камбрыга да тэхнікі і таму стараліся не псаваць яе, калі можна было захапіць непашкоджаную. Шчарбатаў. // Затрымаць сілаю, пазбавіць волі. Захапіць у палон. □ Партызаны захапілі бадай палавіну афіцэраў штаба. Лынькоў. // Апярэдзіўшы іншых, узяць што‑н. сабе, авалодаць чым‑н. Захапіць ініцыятыву. □ Хлопцы, каб захапіць месца на бярвенні, спяшаліся. Вітка.

4. Заняць, ахапіць сабой што‑н., распаўсюдзіцца на што‑н. Чорныя крылы хмары захапілі ўсё неба. Даніленка. // Пашырыцца на пэўны прамежак часу. Пахаладанне захапіла пачатак чэрвеня.

5. перан. Вельмі зацікавіць, прымусіць поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Заняткі так захапілі, што лётчыкі не заўважылі, як хутка прабег час. Алешка. Бурная будаўнічая праца захапіла Сцяпана Ягоравіча. Корбан. // Завалодаць, ахапіць, узрушыць (пра пачуцці, думкі і пад.). Розныя мыслі аб школе займалі Лабановіча і раней. Цяпер яны захапілі яго яшчэ з большай сілай. Колас. Юнацкія ўражанні глыбока запалі ў яго свядомасць, захапілі сваёй веліччу і гераізмам. Арабей.

6. перан. Завалодаць увагай, зачараваць каго‑, што‑н. [А. Александровіч] умеў захапіць аўдыторыю. Хведаровіч. Міжвольна захапіла іх вадзяная шыр, лёгкае, п’янае паветра і гулкі, святочны настрой.. публікі. Гартны.

7. Разм. Застаць; заспець. Стары Якуб Сакалоўскі не захапіў ні свайго двара, ні хаты, ні хлявоў — на іх месцы было папялішча. Лупсякоў. Мы заўважылі і Ніка, які бег таксама разам з усімі. Яго, як і нас, хваля захапіла на беразе. Лынькоў. Ніну вайна захапіла ў піянерскім лагеры. Васілевіч.

•••

Дух (дыханне) захапіла — тое, што і дух (дыханне) заняло (гл. заняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звіса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Учапіўшыся за што‑н. рукамі, нагамі і пад., вісець у паветры (пра чалавека, жывёл, насякомых). Звісаць з турніка на выцягнутых руках. □ Намалёваны [малпы] так, быццам яны звісаюць, пачапіўшыся хвастом за галінку дрэва. Грамовіч. Звісаюць пад кожнаю кветкай На лапках касматых чмялі. Калачынскі. // Спускацца ўніз, вісець, трымаючыся на чым‑н. адным канцом або канцамі (аб прадметах). Лямпа нізка звісала на дроце — старая, закураная гаспабарова лямпа, да таго яшчэ спавітая тытунёвым дымам. Пестрак. З плота па тоўстых, як канат, сцёблах звісалі жоўтыя гарбузы. Аляхновіч. // Быць апушчаныя ўніз (пра канечнасці, галаву і пад.). Маленькая загарэлая рука Андрэйкі амаль да локця звісае з ложка. Кавалёў. Шчаня нічым не нагадвала аўчарку: ні вушамі, што звісалі ўніз, ні танюсенькім хвосцікам. Шыловіч. // Абвісаць, не аблягаючы плячэй, стану (пра вельмі шырокую вопратку). Адзенне звісала з.. [Чыжыка], відаць былі голыя рубцаватыя лапаткі. Лупсякоў. // Спадаць уніз пасмамі, косамі і пад. (пра доўгую поўсць, валасы). І мядзведзі цяпер выглядалі неяк сіратліва. Поўсць на іх звісала бруднымі касмылямі, бакі пазападалі. Даніленка. На Максімаў лоб звісалі пасмачкі белых кучаравых валасоў. Асіпенка.

2. Нахіляцца, перагінаючыся цераз што‑н. (пра людзей). Маці звісае над калыскай. Дзеці звісаюць з поручняў галовамі ўніз. □ [Крамарэвіч] ціха гаварыў з Колем, які трымаўся за яго шыю і звісаў тварам з пляча. Чорны. // Згінаючыся, нахіляцца ўніз; павісаць (пра вецце, галіны і пад.). Гнуткія галіны, што звісалі ледзь не да самай зямлі, пры лёгкім ветрыку ціха шумелі. Даніленка. Саломку выгнуўшы дугою, Звісае колас над зямлёю. Колас.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць размешчаным, навісаць над кім‑, чым‑н. Пасівелыя яліны, гнілое карэнне ды вялізныя камяні звісалі над чорным бяздоннем. Шашкоў. Нізка звісала свінцовае неба. Ракітны.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Трымацца ў паветры нерухліва або расплываючыся, ахінаючы што‑н. Над возерам слаўся туман. Доўгія пасмы яго кудзеляй звісалі над вадой. Сіняўскі.

5. перан. Узнікаць, пагражаючы каму‑н. (пра небяспеку, бяду і пад.). Чуе Цімох — і над ім Звісае няўхільная кара. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

садра́ць, здзяру, здзярэш, здзярэ; здзяром, здзераце; зак., што.

1. Адрываючы ад чаго‑н., аддзяліць, зняць (звычайна верхні слой чаго‑н.). Але ў галаве яго на скорую руку з’явілася новая думка: садраць з воўка скуру, покі ён не акачанеў — гэта будзе дзедаў трафей. Колас. Уладкаваўшыся, людзі распачалі работу. Рукамі садралі дзірван, адграблі пясок, і вось ужо сям-там забялелася крэйда. Штыхаў. // Разм. Скалупнуць прышч, больку. Садраць струп. // Разм. Пашкодзіць скуру, абдзерці. Садраць скуру на пальцы. // Счысціць, саскрэбці што‑н. з якой‑н. паверхні. На хаду, пакуль стружка не прыстыла да металу, Дывінец садраў яе жалезным кручком. Асіпенка.

2. Разм. Рэзкім рухам зняць што‑н. надзетае, прымацаванае і пад. Садраць боты з ног. Садраць шапку з галавы. Садраць аб’яву. Садраць абіўку з крэслаў. Садраць паганы. □ Нягучна буркаючы, ён садраў з Клімчанкі перапэцканы і пашкуматаны ў бойцы паўшубак. Быкаў. // Моцна дзьмучы, знесці з паверхні. Віхор страху садраў. / у безас. ужыв. Навальніцай дах садрала. / у перан. ужыв. Ранак быццам садраў покрыва з таго жыцця, да якога клікаў мяне Гаранька. Савіцкі.

3. Расціраючы на тарцы, здрабніць што‑н. Садраць бульбы на бліны. □ Адну бульбіну здзярэ [маці] на тарку, памыўшы толькі ад пяску, дабавіць да сухога стоўчанага лісця ад ліпы. Якая яшчэ зацірка выходзіла... Пташнікаў. // Здрабніць на тарцы ўсё дарэшты. Усю бульбу садралі.

4. Разм. У выніку доўгага карыстання зрабіць непрыгодным. Садраць венік нашчэнт.

5. Разм. Узяць непамерна вялікую плату за што‑н. Можна было падумаць, што пасля гэтага «заробку» бабка Анісся не здзярэ з нас па рублю за салёныя агуркі... Васілевіч. // Забраць шляхам вымагання. — Успомні, як ты [Варыла] пры панах распінаўся!.. Апошнюю кашулю хацеў садраць за розныя нядоімкі і штрафы. Бажко.

6. Разм. Спісаць жыўцом у каго‑н., выдаўшы за сваё. Садраць сачыненне. □ — Ну, я спішу ваш расклад, здзяру яго да літары... Дайце мне, калі ласка, паперы... Колас.

•••

Садраць магарыч — атрымаць хабар. Адсудзіць, нягоднік, дальбог жа адсудзіць і магарыч з пана Крукоўскага здзярэ. Бажко.

Садраць скуру (дзве, тры скуры) — тое, што і злупіць скуру (дзве, тры скуры) (гл. злупіць).

Садраць шкуру (дзве шкуры, сем шкур) з каго — тое, што і злупіць шкуру (дзве шкуры, сем шкур) (гл. злупіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сла́цца 1, шлецца; незак.

Зал. да слаць ​1.

сла́цца 2, сцялюся, сцелешся, сцелецца; незак.

1. Ляжаць на паверхні чаго‑н. Дыванамі слалася жоўтае лісце. Гурскі. І падаюць і сцелюцца сняжынкі на шляхі. Астрэйка. І тут [на сцежцы] снег быў некрануты, і сіняваты, і мякка, як крухмал, рыпеў пад нагамі, і зноў сляды чалавека слаліся акуратна і роўна. Кудравец. / Пра святло, цені і пад. З таго боку, адкуль чароўнай вясёлкай слаўся сонечны прамень, таксама пасыпаліся стрэлы. Кулакоўскі. Касыя, доўгія цені ад прысадаў слаліся на брук. Мурашка. // Прыпадаць, схіляцца (пра расліны). Зблытаная дажджамі трава нізка слалася па зямлі. Сергіевіч. А поруч з пшаніцай, па другі бок дарожкі, зялёнай коўдрачкаю авёс сцелецца. Колас.

2. Ляжаць, рассцілацца на вялікай прасторы. Пойдзеш ты ў свет і людзі Хадою адважнай, Прад табою слацца будзе Край наш неабсяжны. Купала. Лог зялёным дываном слаўся да рэчкі. Пташнікаў.

3. Расці, распасціраючы галіны, сцёблы, лісце па паверхні чаго‑н. У садзе былі ўжо і такія яблыні, што голлем слаліся амаль па самай зямлі. Сабаленка. Пушыста ўецца-сцелецца густая дзераза. А. Александровіч.

4. Паволі распаўсюджвацца па паверхні або над паверхняй чаго‑н. На школьным двары было яшчэ многа дыму, ён слаўся па здратаванай, уезджанай траве. Кулакоўскі. Шэрыя хмары над лесам сцелюцца, Вецер снягамі палі заносіць. Кірэенка. Над прасцягамі заросшай дрыгвы слаўся рэдкі туман. Краўчанка. Над жытам, над прыдарожным ракітнікам слаўся густы пыл. Грахоўскі. Прахалода найбольш адчувалася ля рэчкі. Лёгкі халадок слаўся па зямлі, пашчыпваў падэшвы, бадзёрыў. Хадановіч. / Пра вечар, змрок. Па полі ўжо слаўся густы змрок. Мележ. / Пра гукі. З узгорка несліся насустрач сонцу словы гімна, слаліся над сумнымі палявымі прасторамі, заклікалі. Галавач.

5. Лятаць, хутка бегчы, выцягнуўшыся ў імклівым руху. Ластаўкі неяк дзіўна сцелюцца каля самай зямлі. Гарбук. А за ворагам казакі Віхрам слаліся ў пагоні. Гаўрусёў.

6. Рыхтаваць, слаць сабе пасцель. Мы сцелемся ў халодных сенцах на нейкіх нізкіх скрынях. Чорны.

7. Зал. да слаць ​2.

•••

Лістам слацца — выдыгаць перад кім‑н., падлізвацца да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стано́вішча, ‑а, н.

1. Месца знаходжання, размяшчэння каго‑, чаго‑н. у прасторы. Геаграфічнае становішча краіны. □ З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў яму крыху аглядзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо .. [Сяргей Карага] заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці. Колас. // Знаходжанне гукаў, складоў і пад. у пэўнай пазіцыі. Галосныя а, о, у, э, ы ў становішчы пасля зычных.

2. Пастава цела або яго частак; поза. [Ленін:] — Вам, таварыш, цяжка ўвесь час стаяць у адным становішчы. Вось табурэтка, сядайце. Мяжэвіч. Парашут трымаўся ў паветры неяк вельмі доўга. І зусім не ў тое патрэбнае месца пачынала [Марыю] зносіць. Што можна зрабіць у такім вісячым становішчы? Кулакоўскі.

3. Абставіны, выкліканыя якімі‑н. умовамі. Перайсці на нелегальнае становішча. □ Алёша павінен быў знайсці выхад з гэтага надзвычай цяжкага становішча. Навуменка. Становішча .. [Машы] было надзвычай крыўднае, абраглівае. Шамякін. // Спец. Умовы, у якія аўтар ставіць герояў для раскрыцця характараў, вобразаў або сюжэта. Аўтар гвалтоўна ставіць .. [людзей] у такое становішча, якое павінна ілюстраваць яго пэўную думку. Кудраўцаў. // Суадносіны сіл пры гульні ў шахматы (або шашкі), абумоўленыя колькасцю і размяшчэннем фігур на дошцы. Нічыйнае становішча.

4. Сукупнасць грамадска-палітычных адносін, абставіны грамадскага жыцця. Эканамічнае становішча працоўных мас. □ XX з’езд партыі даў .. аналіз сучаснага міжнароднага і ўнутранага становішча. «Звязда». Праўда аб становішчы ў краіне пранікла ў вёску праз бальшавіцкіх агітатараў, гарадскіх рабочых і салдат. «Весці».

5. Месца ў грамадстве, роля ў грамадскім жыцці. Сацыяльнае становішча. Службовае становішча. □ На працягу некалькіх соцень год Лейпцыг займае становішча горада сусветных кірмашоў. «Маладосць». // Роля, месца ў сям’і, ва ўстанове, у якой‑н. галіне дзейнасці. [Міхась:] — Яшчэ, брат, далёка да таго, каб запоўніць у спіску графы аб сямейным становішчы. Лынькоў. Усяго тыдзень назад, працуючы энергетыкам,.. [Дзімін] быў у падначалены ў Максіма Сцяпанавіча і цяпер ніяк не мог прывыкнуць да свайго новага становішча. Карпаў.

6. Рэжым, распарадак дзяржаўнага, грамадскага жыцця, устаноўленага ўладай. Ваеннае становішча. □ [Вайскавікі] адразу перайшлі на лагернае становішча. Казлоў. Наша мясцовасць на ваенным становішчы. Жычка.

•••

Казарменнае становішча — пастаяннае знаходжанне ў воінскай часці або на прадпрыемстве людзей, пераведзеных на ваеннае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старана́, ы́; мн. сто́раны (з ліч. 2, 3, 4 стараны́), старо́н; ж.

1. Тое, што і бок (у 1–3 і 7 знач.). У свеце чатыры Усяго стараны. Хто добры і шчыры — Не цесны яны. Гаўрусёў. Той, хто сынам можа звацца Беларускай стараны, Будзе да канца змагацца На крутых франтах вайны. Астрэйка. Убачыўшы чалавека са сваёй стараны,.. [Кандрат] заварушыўся, рвануўся да яго і адразу сыпануў словамі. Чорны. О, колькі ў нашай ціхай старане Магіл салдат, яшчэ ўсё невядомых!.. Мая зямля ім стала родным домам, Ім, смерцю храбрых паўшым на вайне. Рудкоўскі. Абедзве стараны згадзіліся памірыцца. Скрыган.

2. Абл. Палавіна гумна ад току да сцяны; бок гумна. [Зоська:] — Мне трэба было да паўдня жаць, а тады ісці ў гумно пад авёс старану вычысціць, а я не пайшла. Чорны. Другую старану [у гумне] цесна, ледзь не да самага вільчыка, поўнілі роўныя рады снапоў. Мележ.

3. Прамая лінія, якая абмяжоўвае геаметрычную фігуру. Старана квадрата. Стараны вугла.

4. у знач. прысл. стараной (‑ою). У абход, ідучы на пэўнай адлегласці ад чаго‑н. Гаспадары не любілі чужых вачэй. Людзі ведалі гэта і аб’язджалі хутар стараною. Пальчэўскі. Сонца сумысля знізіцца, пройдзе недзе стараной, каб быць незаўважаным, на крайку небасхілу. Ермаловіч. // Між іншым. Ды тут замецім стараною: Ці не з’яўляецца маною — Прашу прабачыць мне за слова — Уся гэта райская размова? Колас. // перан. Не непасрэдна, з іншых крыніц. [Валі] не падабаецца, што .. [Сашка] зусім забыўся на свайго бацьку, раз у гады два даведаецца стараной, што той працуе і жыве добра. Чорны.

•••

Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа старана гл. справа.

На старане — не ў сябе, не дома, у чужым месцы (працаваць, служыць і пад.). Беднасць і малазямелле змушалі клінкоўцаў шукаць заработку на старане. Колас. Думаў [Юзік] спачатку на старане дзе-небудзь шукаць [грошы] у чужых людзей, у суседзей, ды не было ў каго вельмі прасіць. Крапіва.

На старану — куды-небудзь у іншае месца, не па прызначэнню (збываць, прадаваць і пад.).

У старане — а) на некаторай адлегласці, воддаль. Лёгкі вецер шолахам Траў не калыхне, Недзе цені-сполахі Спяць у старане. Бачыла; б) не разам з усімі, асобна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; заг. сунь; зак. і незак.

1. зак., каго-што. Укласці, усунуць унутр чаго‑н., пад што‑н. або за што‑н. Сунуць ногі ў тапачкі. □ Мяне хутка распранулі, памаглі ўкласціся ў пасцель, а пад паху сунулі тэрмометр. Кавалёў.

2. зак., каго-што. Пакласці куды‑н. абы-як, спехам. Піліп Андрэевіч занерваваўся, сунуў у попельніцу недакураную папяросу, нахмурыўся. Краўчанка. Як Васіль Раманавіч здагадаўся сунуць у кошык пляшкі з самагонам! Жанчыны нічога не сказалі, але зірнулі адна на адну. Новікаў.

3. зак., каго-што. Даць, падаць што‑н. спяшаючыся, тайком або нядбайна. Сунуў [Мікалай] пакамечаны пропуск патрулю і — толькі яго тут бачылі. Якімовіч. Шафёр азірнуўся па баках і сунуў .. [партызанам] у рукі лапаты. Няхай. [Нахлябіч] сунуў Пніцкаму руку і хацеў .. ісці далей. Чорны. [Ганна] .. хітравата паглядзела на хлопца і нечакана сунула яму ў руку невялікі скрутак. Пятніцкі. // Прапанаваць каму‑н. што‑н. непатрэбнае, навязаць. — Васілька-а, нам давай! — ужо адчайна выгукнуў іншы. Што ты нам якогасьці Карпюка сунеш? Карпюк. // і без дап. Даць хабар. Выручыла мікалаеўская залатая пяцёрка — сунуў яе Катловіч таможніку, той і размяк. Грахоўскі.

4. зак., што і без дап. Ударыць груба, стукнуць. [Лявон] сунуў Ладымеру кулаком у зубы, і адразу ж абодва ўчапіліся адзін за аднаго. Чарнышэвіч. // Навесці ўдар чым‑н. вострым. А ў выпадку патрэбы, калі толькі .. [ксёндз] можа мець ад гэтага карысць, на агонь цябе ўзвядзе альбо нож у бок суне. Бядуля.

5. зак., што і без дап. Паказаць што‑н. са злосцю, тыцнуць. — А ты гэта бачыў? — і Гаруноў дастаў з кішэні паперу і сунуў Варанецкаму. Дуброўскі.

6. незак. Ісці вельмі павольна. Капэла ўрачыста сунула па дарозе, каб спыніцца, дзе была патрэба. Лынькоў.

7. незак., што. Перамяшчаць, перасоўваць з месца на месца. Іржавыя плугі яшчэ валакуць гразь, сунуць перад сабой пясок, не хочуць адкідваць скібу. Пташнікаў. [Раман:] — Дурненькі. Гэта ж вецер суне пустую кардонную скрынку з-пад лялек. Даніленка. Астатнія хлопцы кацілі воз з дзедам Анупрэем на вуліцу. І не кацілі, а як бы сунулі. Сабаленка.

•••

Сунуць нос куды — тое, што і соваць нос куды (гл. соваць).

Сунуць у руку (лапу) — тое, што і даць у руку (лапу) (гл. даць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сце́рці, сатру, сатрэш, сатрэ; сатром, сатраце; пр. сцёр, сцерла; зак., што.

1. Тручы, зняць, счысціць што‑н. з паверхні; выцерці. Сцерці пыл са стала. □ Далонь лягла на халоднае шкло і сцерла лёгкую пару, што асела на ім. Савіцкі. Сцерці ржу з вінтоўкі .. не было чым. Кулакоўскі. Алесь скамянеў, а .. [Зіна] ўжо з-за брамкі весела крыкнула: — Не забудзьце памаду сцерці! Шыцік. // Сціраючы што‑н., зрабіць чыстым. Сцерла [Жэнька] стол, узяла ляльку Ганульку і выйшла з Петрыкам на руках на вуліцу. Крапіва. Галіна сцерла рукой лаву, прысела, паклала на стол сумачку, пасунула яе далей. Пташнікаў. // Выціраючы, саскрэбваючы, знішчыць (што‑н. напісанае, намаляванае і пад.). Дошка ў класе вісела на ранейшым месцы. З яе толькі сцерлі непрывычнае для нас рашэнне задачы па геаметрыі. Навуменка. Слоў на рэйхстагу не сцерці! Мы помнім пажар ягоны. Дарма пагражаюць смерцю Смертнікі хіжага Бона. Вялюгін. // перан. Знішчыць, згладзіць. Дзе ж вы, мае вясёлыя сябры? Як многа вас загінула дачасна .. Памяці аб вас З душы маёй ні выпаліць, ні сцерці. Глебка. Боль у сэрцы і час не сцёр. Стук у дзверы — маці павернецца. За жыццё — аддала б жыццё, Толькі сын хай дадому вернецца. Тармола.

2. Трэннем, дотыкам пашкодзіць скуру або верхні пласт чаго‑н. [Грэчка:] — Эх, усю нагу сцёр рубец. Мележ.

3. Тручы, раздрабніць, ператварыць у аднародную масу. Сцерці тытунь на парашок.

4. Трэннем апрацаваць (пра лён). Трэба было скарэй сцерці гэты лён, каб аслабаніць ток. Чарнышэвіч.

5. перан. Патраціць, змарнаваць без карысці час. Тады .. [Макар] і пайшоў за Ёсіпам, адбіўся ад калгаса, далей увайшло ў звычку туляцца. Гады сцёр, нічога не нажыўшы... Дуброўскі.

•••

Сцерці (змесці) з (твару) зямлі — вынішчыць, знішчыць. І Сцёпка яшчэ больш грозна блісне вачыма і зробіць намеры сцерці .. [Алёнку] з твару зямлі, пасля чаго імчыцца далей. Колас. Захопнікі прыйшлі ў маю краіну, Жадаючы з зямлі народ наш сцерці. Аўрамчык.

Сцерці на парашок — расправіцца з кім‑н. [Фашысты да абаронцаў крэпасці:] — Даём вам дванаццаць гадзін, — гучала над крэпасцю пагрозлівае папярэджання — Калі будзеце супраціўляцца, сатром усіх на парашок. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Стварыць трэск. Моцна трэснула сухая галінка і зашасталі хваёвыя лапкі .. З хвойніку выходзіў невысокі чалавек у доўгім новым шынялі. Крапіва. // Гулка раздацца (пра гукі выбухаў, выстралаў, удараў і пад.). Калона ўжо мінула царкву, калі са званіцы трэснулі стрэлы. Хомчанка. У кутку рынку, зусім побач, бахнулі пісталетныя стрэлы. Потым каротка трэснула аўтаматная чарга і абарвалася, бы захліпнулася. Савіцкі. Хмара раскалолася і так трэснуў пярун, што аж зямля закалацілася. Сабаленка. / у безас. ужыв. Паблізу моцна трэснула. Тугая хваля паветра шуганула над галовамі. М. Ткачоў.

2. З трэскам раскалоцца, разламацца, утварыць трэшчыну. Дрэва хіснулася раз, другі; за трэцім разам гучна трэснула каля кораня і ўпала. Колас. З шумам трэснула камера пярэдняга кола, матацыкл рэзка закінула, і Мікола ледзь не зваліўся ў кювет. Краўчанка. Слуп з майго боку трэснуў ад гарачыні, трэшчына была ўжо даволі глыбокая. Васілёнак. // З трэскам парвацца, разарвацца. Расшпіліла [Назарыха] гузікі на кофце, у спешцы так тузанула нацельны крыжык, што шнурок трэснуў, а зеленаваты кавалачак медзі застаўся ў руцэ. Ат, некалі з ім важдацца. Б. Стральцоў. / у перан. ужыв. Гнілыя ніткі, якія даўней маглі б крыху яшчэ трымаць Рыгораву сям’ю, трэснулі. Чорны. / Пра губы, скуру і пад. [Мірончык:] — Або вось прыходзіць чалавек, кажа: «Доктар, у мяне ўжо даўно трэснула губа і ніяк не зажывае». Карпюк. // перан. Даць трэшчыну, сапсавацца. У нашым калектыве, заўсёды здаровым, недзе нешта трэснула. Ермаловіч. І вось сёння штосьці перайначылася, штосьці трэснула ў душы. Асіпенка.

3. каго-што, каму і без дап. Разм. Моцна стукнуць, ударыць. Перш-наперш трэснуў .. [пан] кулаком фурману ў спіну, вылаяўся на ўсё балота і пусціў у ход усю машыну. Колас. Рагочучы,.. [Васіль] злавіў хлопчыка, і пакуль малы вырываўся, старэйшы салтысёнак, Павел, падбег і трэснуў яму кіем па галаве. Брыль.

•••

Трэснуць ад злосці (зайздрасці) — тое, што і лопнуць ад злое ці (зайздрасці) (гл. лопнуць).

Хоць трэсні — пра дарэмныя намаганні, старанні. А ў крэсле тым — Я зімнім днём і веснім, А песні туга пішуцца, Хоць трэсні, — Ці я Пегаса Слаба закілзаў?! Скурко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тума́н 1, ‑у, м.

1. Згушчэнне драбнейшых кропелек вады або ледзяных крышталікаў у прыземных слаях атмасферы, што робіць паветра непразрыстым. Над лужком, пад агародамі, бясконцым выбеленым палатном расцягваўся і клубіўся туман, той, што шмат абяцае грыбоў. Ракітны. Ці ж не з табой [сяброўкай] я сустракаўся У полі жніўнаю парой, Калі туман вячэрні слаўся Па свежай пожні пад гарой. Гілевіч. Туман растаў, угары завіднелася шэрае, з сінімі прагалінамі, неба. Мележ. З Нёмана, з шырокіх паплавоў на вёску наплываў бялёсы туман. Шчарбатаў. Стаяў туман, мароз круты. А. Александровіч. // Разм. Непразрыстая заслона дыму, пылу і пад. Махорачны туман. □ Дым чорны, як сажа, велізарнымі клубкамі віўся ўгару і расплываўся туманам. Нікановіч.

2. перан.; які або чаго. Тое, што перашкаджае добра бачыць, што засцілае зрок. Позірк .. [Любін], упаўшы на фотакартку мужа ў зашклёнай рамцы, заслаўся густой пеляной туману. Васілевіч. Што з табою, галубка? Чаму твае вочы Заслаў Слёзны туман? Кірэенка. Вочы .. [Настачкі] завалакліся туманам суму. Бядуля. // Тое, што перашкаджае правільна ўспрымаць і разумець навакольны свет, ацэньваць факты, надзеі. Рэлігійны туман. □ Паслухаць было, што казалі аб .. [Іване] людзі, але нейкі туман пайшоў на дзяўчыну, нічога не бачыла. Брыль. Вірчэўскі ссутуліўся, нахіліўшы наперад галаву, чырвань з твару сышла, вочы моргалі, праганяючы надакучлівы туман хмелю. Хадкевіч. / у вобразным ужыв. Мурам астрожным твой лёс адгароджаны, Дзень твайго шчасця яшчэ не народжаны — Сум туманамі ляжыць. Васілёк.

3. перан. Загадкавасць, няпэўнасць, незразумелае. У тумане будучага. □ Але .. [сын] не знаходзіў адказу, усё было як бы ў нейкім дзіўным тумане. Краўчанка.

•••

Сухі туман — памутненне паветра з-за наяўнасці ў ім дыму, пылу, гару.

Пусціць туман у вочы гл. пусціць.

Туман у вачах у каго — страта здольнасці ясна бачыць, успрымаць, усведамляць падзеі з-за моцнага хвалявання, хваробы і пад.

Туман у галаве ў каго — цяжар у галаве (ад стомленасць хваробы і пад.).

(Як) у тумане — а) няясна, невыразна, цьмяна (бачыць, помніць і пад.); б) няясна ўспрымаючы, разумеючы (жыць, хадзіць і пад.).

тума́н 2, ‑а, м.

Іранская залатая манета, якая была ў абароце да 1932 г.

[Перс.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)