ба́кавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да бака ​2. Бакавы вясляр.

2. Правы па ходу судна. Вёслы бакавага боку.

бакавы́, а́я, ‑о́е.

1. Размешчаны не ў цэнтры, а збоку. [Міхаліна:] — Мне трэба было павярнуць у бакавы калідор. Шамякін. Праз затуманеныя бакавыя шыбы шафёр бачыць, як .. яго машыну абходзяць справа і злева лесавозы. Мяжэвіч. Цьмяны водсвет ліхтароў чуць-чуць мігаў над дахам бакавога муру. Гартны. Не забыцца толькі прышыць бакавую кішэню ў бурносе, — думае Зося, зноў успомніўшы пра грошы. Брыль.

2. Які адбываецца, дзейнічае збоку. [Новікаў:] — Уся калона перад намі. Ззаду яе — нічога няма. Бакавыя дазоры праціўніка ўжо зняты. М. Ткачоў.

•••

Бакавая лінія гл. лінія.

Бакавая падача гл. падача.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кары́та, ‑а, М ‑рыце, н.

Прадаўгаватая пасудзіна, выдзеўбаная з дрэва або збітая з дошак, якая скарыстоўваецца звычайна для кармлення жывёлы. Дубовае карыта. Свіное карыта. □ [Наталля] дастала з печы чыгун паранай бульбы, пасекла ў карыце і замяшала свінням. Чорны. Калі гусяняты заканчвалі выбіраць насамі-лодачкамі корм з карытаў, дзяўчынкі гналі іх на возера. Даніленка. // Пра старое, непрыгоднае судна, лодку. Усхапіўся дзядзька мокры, брудны, А вынік спробы той паскудны: Чаўнок не човен, а карыта, І нос і частка дна адбіта. Колас.

•••

Лезці не ў сваё карыта гл. лезці.

Разбітае (старое) карыта — пра што‑н. старое, непрыгоднае. — Гэта не машына, а старое карыта, сэр. Тарантас фермера Молі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разве́дчык, ‑а, м.

1. Той, хто пасланы ў разведку (у 1 знач.), які ўваходзіць у склад разведкі (у 3 знач.). У час гітлераўскай акупацыі егер Мацута быў правадніком і разведчыкам у партызанскім атрадзе. В. Вольскі. Разведчыкі даносілі з усіх бакоў адно: абарона на поўдні і поўначы прарвана. Брыль. // Самалёт або судна, якія вядуць назіранне за праціўнікам.

2. Агент разведкі (у 4 знач.). Як і трэба было чакаць, факір аказаўся разведчыкам адной з вялікіх дзяржаў. Мікуліч.

3. Спецыяліст па разведцы нетраў, па пошуках карысных выкапняў. Разведчыкі выявілі багатыя нафтавыя паклады. // перан. Пра першаадкрывальніка, заснавальніка чаго‑н. Разведчыкі космасу. □ Мы — першыя ў свеце Разведчыкі будучыні, Наватары, багаборцы, Шчасця людскога Нястомныя творцы. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каю́к1 ’рачное вёслава-паруснае грузавое судна’ (ТСБМ); таксама ’лодка’. Рус. каю́к, укр. каю́к. Слова не вельмі яснага паходжання (прынамсі, што датычыцца фармальнага боку этымалогіі). Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў. Параўн. тат., тур., крым.-тат., казах. kajyk. Так у Фасмера, 2, 215 (гл. яшчэ Бернекер, 1, 469; Корш, AfslPh, IX, 507–508). Няясна, як узнікла форма каю́к, якая пашырана ва ўсх.-слав. мовах. Паводле Шанскага, 2, К, 107, упершыню назва каюк зафіксавана ў рус. дакументах у 1614 г. Адносна формы каю́к Шанскі, там жа, мяркуе, што гэта кантамінацыя слова кайык (kajyk ’лодка’ і чагат. каюк ’загнуты назад’.

Каюк2 ’канец, пагібель, смерць’ (ТСБМ, БРС, Шат., Бяльк.). Усх.-слав. утварэнне (параўн. рус. каю́к, укр. каю́к ’тс’). У слоўніках рус. мовы ўпершыню, як дыялектнае, адзначаецца ў 1909 г. Мяркуюць, што гэта назва ўзнікла на аснве ўжо існуючага слова каю́к ’лодка-душагубка’ (плаванне і такіх лодках было вельмі небяспечным) у выніку лексікалізацыі. Гл. Шанскі, 2, K, 107. Параўн. апісанне лодкі-каюка ў Даля: «долбушка, однодеревка без набоев или душегубка, лодченка, каючек» (т. II, 101).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каўчэ́г1 ’каўчэг, судна, у якім згодна з біблейскім паданнем, выратаваўся ад «сусветнага патопу» Ной з сям’ёй і жывёлай’ (ТСБМ, БРС). Рус. ковче́г, укр. ковче́г, ст.-рус., ст.-слав. ковъчегъ, балг. ковче́г, серб.-харв. ко̀вче̑г ’скрынка, скрыня’. Слова, якое, як мяркуюць, паходзіць з усх. моў. Звычайна параўноўваюць з чагат. kopur ’пасудзіна’, koburčak ’скрынка’ і г. д. Менш верагодным лічыцца вывядзенне слова з тур. мовы (параўноўваюць з тур. kapčyk, kapčuk ’футарал’). Яшчэ больш няпэўным з’яўляецца вывядзенне з грэч. крыніцы або са ст.-рус. ковъ ’пасудзіна’ (апошняе прапанаваў Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 230; цікава, што яшчэ Даль прапанаваў вывядзенне слова ковчег ад ковать).

Каўчэ́г2 ’скрынка для захоўвання асабліва каштоўных рэчаў; скарбонка’ (ТСБМ); ’пенал’ (Касп.). Бясспрэчна, звязана з назвай каўчэга, на якім плыў біблейскі Ной. Даль адзначае, што каўчэгам сталі называць дзіўнага выгляду судны, караблі і нават калымагі, далей ківот для абразоў. Каўчэгам называлі таксама скрыначку для захоўвання каштоўнасцей царквы, царскіх грамат, а таксама пячацей, якія былі прымацаваны да грамат, дыпломаў і г. д. Пазней слова гэта стала азначаць больш простыя рэчы, напр., пенал.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зня́цца, знімуся, знімешся, знімецца; зак.

1. Пакінуць якое‑н. месца, адпраўляючыся ў дарогу. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з гэтага фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Колас. Раніцаю тавар зняўся з месца. Лупсякоў.

2. Вызваліцца ад чаго‑н. і набыць магчымасць рухацца (пра судна). Зняцца з якара. Зняцца з мелі.

3. Сцягнуцца, ссунуцца (пра адзенне, абутак). Боты лёгка зняліся.

4. Аддзяліцца, злезці з якой-небудзь паверхні. Грым лёгка зняўся. Кара знялася з дрэва.

5. Саскочыць з чаго‑н. (пра што‑н. навешанае). Дзверы зняліся з завесаў.

6. Сфатаграфавацца. Дэлегаты зняліся каля турэмнай сцяны. Галавач. // Прыняць удзел у кіназдымцы, выканаўшы якую‑н. ролю. Зняцца ў кінафільме.

•••

Зняцца з уліку — перастаць быць на ўліку дзе‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́ла 1, ‑ы, ж.

1. Адна з парных касцей чэрапа, размешчаная ніжэй вочніцы над верхняй сківіцай твару, а таксама адпаведная частка твару. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў. Увесь гэты чалавек, выраз яго твару, вострыя скулы, гарачы тон прамовы нечым прываблівалі. «Маладосць». Белы маршчыністы лоб над загарэлымі скуламі шчодра акроплены потам. Брыль.

2. Спец. Выгіб корпуса судна ў тым месцы, дзе борт, закругляючыся, пераходзіць у днішча.

ску́ла 2, ‑ы, ж.

Гнойны нарыў, фурункул. Пан доўга ганяўся за зайцамі, крычаў на ўсё горла супраць ветру, вось і села яму скула ў горле. Якімовіч. [Вацік:] — Дык нельга ж цярпець такі боль: скулу трэба выціснуць, а рану загаіць. Баранавых.

•••

Гадзіць як благой (ліхой) скуле гл. гадзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́гчы, ля́гу, ля́жаш, ля́жа; ля́жам, ля́жаце, ля́гуць; лёг, лягла́ і ле́гла, лягло́ і ле́гла; ляж; зак.

1. Прыняць ляжачае становішча.

Л. на спіну.

2. Размясціцца спаць, адпачываць.

Л. на сене.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Апусціцца на якую-н. паверхню, пакрыць сабою што-н.

Снег лёг белай коўдрай.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан., на каго-што. Распаўсюдзіцца на каго-н., што-н., стаць чыім-н. абавязкам.

Адказнасць ляжа на прысутных.

На яго плечы лягла гаспадарка.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пралегчы, распасцерціся, працягнуцца.

Рэйкі ляглі доўгімі лініямі.

6. Пра самалёты, судны: прыняць якое-н. становішча, узяць які-н. напрамак.

Л. на зваротны курс.

Легчы ў (на) дрэйф — расставіць парусы так, каб судна заставалася прыблізна на адным месцы.

Легчы касцьмі — загінуць у баі, памерці.

|| незак. лажы́цца, лажу́ся, лажы́шся, лажы́цца; лажы́мся, лажыце́ся, лажа́цца (да 1, 2, 4 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адвалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

1. што. Адвярнуць што‑н. цяжкае ад чаго‑н., што было прывалена ім ці перашкаджала чаму‑н. Адваліць каменную глыбу. // Зняць заваду ў дзвярах, варотах. Прытрымліваючы рукою крысы кажуха, да брамы падышоў гаспадар, не спяшаючыся адваліў завалу і адчыніў веснічкі. Пальчэўскі.

2. што. Аддзяліць, выдзеліць, адрэзаць каму‑н. значную частку чаго‑н. Адваліць лусту хлеба. / у іран. ужыв. Выхапіў.. [начальнік] з рук Паранькі паперы і, як бы для адчэпнага, піша — выдаць два рулоны. Во, колькі адваліў! Ракітны.

3. ад чаго і без дап. Адысці, адплысці, адляцець (пра судна, самалёт і пад.). Параход плаўна адваліў ад прыстані. Даніленка. Нарэшце пікіроўшчыкі адвалілі. Я думаў, што на палянцы сапраўды не асталося нічога жывога. Сабаленка. // Адысці, паменшаць колькасна, разысціся. У паўзе, калі пакупнікі адвалілі, Аксана разгарнула ілюстраваны часопіс. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыд ’выраз у ніжняй частцы бочкі ці цэбра, у які ўстаўляюць дно’ (Мат. Маг.), прыд, прыдо́к ’край у дне драўлянай пасудзіны’ (Нас.), прыды́ ’выразанае заторам шнуравіднае заглыбленне ўнізе драўлянай пасудзіны, куды ўстаўляецца дно’ (Мядзв.); з працягам і развіццём семантыкі прыд ’пруг, край палатна’: не садзіся на край красён — прыд адціснеш (Бяльк.). Разам са смал. прид ’ніжняя частка бочкі (разам з днішчам)’ утварае адзіны арэал. Узыходзіць да прасл. *pridъ, дзе pri‑ — прэфікс, а d‑ — нулявая ступень кораня *dě(ja)ti < і.-е. *dhe‑ ’ставіць, класці; рабіць, дзейнічаць’ ці *dati ’даць’ < і.-е. *dō‑, прадстаўленне, напр., у такіх праславянскіх лексемах, як *sǫ‑dъ ’суд; пасудзіна’, *obъ‑do ’скарбніца’, *na‑da ’надзея; настаўка, дадатак; сталь’ і інш. (падрабязна гл. Пятлёва, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 207–209 з амаль вычарпальнай папярэдняй літ-рай; без уліку беларускага матэрыялу). У зах.- і паўд.-слав. мовах зафіксаваны фармальна ідэнтычныя лексемы, але з семантыкай, якая істотна адрозніваецца ад папярэдняй: чэш. příď ’пярэдняя частка; нос (судна)’, каш. přid ’даплата пры куплі’, балг. прид ’прыданае і пад.’, дыял. (Самоков) прит ’дадатак (пры размене)’, серб.-харв. при̂д, ж. р. при́да ’прыдача (пры абмене); прыбаўка (пры куплі-продажы)’, славен. prìd, prída ’карысць’, дыял. pŕda ’адзенне, якое нясуць за нявестай у дзень вяселля’ (< *pridъ ’тое, што прыбаўляецца, дадатак, карысць’, гл. Бязлай, 3, 120–121); стараж.-рус. придъ ’прыбытак, карысць’, ц.-слав. придъ ’абмен’ (’прыдача’). Семантычная калізія вырашалася па-рознаму. Так, Запрудскі (дыс., 86–87) узводзіў, як, дарэчы, і Скок (1, 382), серб.-харв. словы да прасл. *pridъ з коранем d‑, а бел. прыд прапанаваў суаднесці з брыды́ ’канцы клёпак ля дна кадушкі’ (гл.), дзе аглушэнне пачатковага б такое ж, як і ў пары бро́варпарыц. про́вар (Некр.), што, зразумела, вельмі няпэўна — і не толькі з-за адзінкавасці фіксацыі. Пятлёва, аналізуючы гэтыя лексемы з боку суадноснасці іх з семантыкай дзеясловаў *dě(ja)ti < і.-е. *dhe‑ ’ставіць, класці; рабіць, дзейнічасць’ і *dati ’даць’ < і.-е. *dō‑, лічыць, што *pridъ магчыма звязаць як з першым значэннем ’штосьці прыстаўленае, дададзенае, прыробленае’ альбо ’дададзенае, прыбаўленае’ (магчыма, пра днішча ці, дададзім, пра нос (судна), як у чэшскай), так і з другім — у гэтым выпадку гаворка пойдзе пра адзіны *pridъ з двума значэннямі ’прыдача, прыбаўка’ і ’ніжняя частка бочкі з днішчам’ (там жа, 209). Інакш БЕР, 5, 706–707, дзе балг., серб.-харв. і стараж.-рус. лексемы (іншыя славянскія не адзначаны) лічацца аддзеяслоўнымі ўтварэннямі ад прасл. *pridāti. Паводле Папоўскай–Таборскай (SEK, 4, 128), каш. přid ’даплата; дадатак’ і адпаведныя формы з гэтым значэннем у іншых славянскіх мовах, насуперак Трубачову (Слав. языкозн., V, 182), не звязаны са словам. Спецыяльна пра польск. дыял. przyd гл. Шыманскі, JP, 53, 1973, 48–50. Параўн. прыда́нае (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)