пазніма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; зак.
1. каго-што. Зняць адкуль-н. усё, многае або ўсіх, многіх; здзець з сябе ўсё, многае; адазваць адкуль-н. усіх, многіх.
П. дзверы з завесаў.
П. шапкі.
П. дывізіі з фронту.
2. што. Адмяніць усё, многае, адмовіцца ад усяго, многага.
П. судзімасць.
П. прапановы.
3. што. Садраць, зняць з якой-н. паверхні ўсё, многае.
П. бінты з ран.
4. каго-што. Пазбавіць усіх, многіх магчымасці дзейнічаць, вызваліць ад чаго-н. усіх, многіх.
П. баксёраў са спаборніцтваў.
П. з работы.
5. што. Скапіраваць усё, многае.
П. копіі з дакументаў.
6. Тое, што і паздымаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
зачыні́ць, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., каго-што.
1. Злучыць створкі, апусціць века чаго‑н. Зачыніць дзверы. Зачыніць акно. Зачыніць века чамадана. □ Анціпка хуценька зачыніў фортку і пайшоў паўз дашчаную агароджу. Сіняўскі. // Злучыўшы створкі чаго‑н., апусціўшы века і пад., перашкодзіць поступу, пранікненню ў сярэдзіну чаго‑н. Зачыніць хату. Зачыніць скрыню. □ Я хуценька прыбраў усю сваю маёмасць і зачыніў шафу. Кавалёў.
2. Пакінуць каго‑н. у памяшканні, замкнуўшы дзверы; заперці. Адама зачынілі ў зямлянцы разведчыкаў, цішком забраўшы адтуль усё, што магло быць зброяй. Брыль. Пайшоў Арцём у залу, і зачынілі яго там аднаго з палячкаю. Гарэцкі.
•••
Свет зачыніць каму — перашкодзіць нармальнаму, спакойнаму жыццю. Горш за ўсё гэты Саўка, дзед Талаш і Мартын Рыль. Яны зачынілі [войту] свет, і покі не дойдзе ён тут ладу, не будзе яму спакою. Колас.
Як зачыніць — поўна, вельмі многа. [Дзяцей] найшло цэлы пакой, як зачыніць. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адчы́нены
1. откры́тый; отво́ренный;
2. отку́поренный;
3. см. адкры́ты 1;
1-3 см. адчыні́ць;
◊ дзень ~неных дзвярэ́й — день откры́тых двере́й;
пры ~неных дзвяра́х — при откры́тых дверя́х;
лама́цца (бі́цца, сту́каць) у ~неныя дзве́ры — ломи́ться в откры́тую дверь
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
адамкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
1. Адчыніць што‑н. замкнёнае. Адамкнуць дзверы. // Зрабіць незамкнёным, адкрыць. [Гаўрусь Каляда] адамкнуў вялізны замок, выняў абадок са скабы, і скрыпучая палавіна гуменных варот адчынілася. Брыль.
2. Зняць прымкнутае. Адамкнуць штык (ад вінтоўкі).
3. перан. Зрабіць вядомым тое, што раней скрывалася, утойвалася; раскрыць. Дагадваецца войт, што Папас і ёсць той ключ, якім можна адамкнуць месца туляння дзеда Талаша. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агіна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Ухіляцца ад непасрэднага ўдзелу ў працы; туляцца, гультаяваць. Усе працуюць старанна, ніхто не агінаецца. Чарнышэвіч. — Раз! Два! Узялі! — чуваць голас Марынчука. Хто пяўся з усяе сілы, а хто агінаўся, а каму проста нельга было даступіцца. С. Александровіч. // Ухіляцца ад адказу, гутаркі, кампаніі і пад. Дзверы на работу замкнуты, падтрымкі няма, кожны агінаецца пры сустрэчы, каб і самому не падпасці пад падазрэнне. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазабіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Забіць, знішчыць усіх, многіх. Пазабіваць ваўкоў.
2. Забіць, увагнаць куды‑н. усё, многае.
3. Прыбіўшы або прымацаваўшы што‑н., закрыць наглуха ўсё, многае. Пазабіваўшы крыж-накрыж дошкамі вокны і дзверы ў хаце, я падаўся ў Мінск. Сачанка.
4. Засмеціць, закупорыць усё, многае. Дзьмуў вецер, каляіны і канавы пазамятала, пазабівала і дарогі ў нізкіх месцах, машыны не хадзілі. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ная́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які ёсць у наяўнасці. Маёру прыйшлося ўвесці ў бой усе наяўныя сілы палка. Гурскі. Клопікаў прычапіўся быў да кнігі, не сыходзілася наяўная колькасць хворых з запісамі па кнізе. Лынькоў. // у знач. наз. ная́ўныя, ‑ых. Грошы, якія ёсць у наяўнасці. Усе гарадскія гандляры расчынілі дзверы сваіх устаноў — калі ласка, бяры, як хочаш: наяўнымі, у крэдыт і нават дарма. Быкаў.
•••
Наяўны разлік гл. разлік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нясме́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не вызначаецца смеласцю; сарамлівы. Прыехаў я ў Мінск як самы сапраўдны правінцыял: нясмелы, непаваротлівы, сарамяжы. Скрыган. Каля Дубравінай Косця заўсёды станавіўся нясмелы і негаваркі. Карпюк. // Які выражае адсутнасць смеласці. На нясмелы стук у дзверы Стафан падышоў і спытаў: — Хто там? Колас.
2. перан. Які слаба праяўляецца. Недзе далёка-далёка грымеў першы нясмелы гром. Асіпенка. Прарваліся аднекуль нясмелыя промні сонца. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
набу́хнуць, ‑не; пр. набух, ‑ла; зак.
1. Стаць гатовым, каб распусціцца, прарасці. Набухлі пупышкі на дрэвах. Набухлі зярняты ячменю.
2. Набрыняўшы, павялічыцца ў аб’ёме; набракнуць. Гарох набух у вадзе. □ Зямля ажыла, угрэлася, набухла, як цеста на дражджах. Пташнікаў. Набухлі дзверы ад марозу, І мне іх цяжка адчыніць. Гаўрусёў. // Перапоўніцца вадой, уздуцца. [Рэчка] Брадзянка набухла і пацямнела. Крапіва.
3. Павялічыцца ад прыліву крыві, малака. Вымя набухла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бу́дзень, ‑дня; мн. будні, ‑дняў; м.
1. Будны, не святочны дзень. Ці то ў будзень, ці то ў свята, Як адчыніш толькі дзверы — У каго які занятак, Можна ведаць па кватэры. Непачаловіч.
2. перан. Штодзённае жыццё. Працоўныя будні. □ Мы ідзём з пуцёўкаю райкома праз гарачыя крутыя годы ў камунізма будзень, як дадому. Вялюгін. Не выгрызе сцежкі Асенняя злосць, Дзе творыцца новы І радасны будзень. Хадыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)