узро́ст, ‑у, М ‑сце, м.
Колькасць часу, гадоў, пражытых ад нараджэння, пачатку росту; перыяд, ступень у развіцці, росце чалавека, жывёлы, расліны. Ва ўзросце трох год. Людзі аднаго ўзросту. Дзіцячы ўзрост. Сталы ўзрост. □ [Шайдак:] — Мне ішоў тады пятнаццаты год. Узрост, ведаеце які: усё хочацца ведаць, усюды паспець. Жычка. За купамі аголеных кустоў мітусіліся хлапчукі школьнага ўзросту. Колас. Толькі на Палессі можна яшчэ любавацца дубамі, узрост якіх дасягае добрых шасці стагоддзяў. В. Вольскі.
•••
Бальзакаўскі ўзрост — узрост ад 30 да 40 год, уласцівы гераіням бальзакаўскіх раманаў, якія ў гэты перыяд захавалі свежасць і маладосць пачуццяў.
Выйсці з узросту гл. выйсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улада́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. уладаць (у 1, 4 знач.).
2. Тэрыторыя, якая знаходзіцца пад уладай каго‑н., пад чыім‑н. кіраваннем. Каланіяльныя ўладанні. □ [Саля Калёнія] быў крайні паўднёвы пункт уладанняў Рыма ў Афрыцы. В. Вольскі. / у перан. ужыв. Набірае [вясна] паволі сталасць, Пашырае ўладанні свае. Прануза.
3. Уст. Нерухомая маёмасць (пераважна зямля), якой валодаюць як уласнасцю. З Нясвіжам звязаны Цімкавічы здаўна. Калісьці мястэчка было радзівілаўскім уладаннем. С. Александровіч. [Аксён] разгортвае скрутак і паказвае настаўніку план. На плане зняты сялянскія землі і сумежныя ўладанні пана Скірмунта. Колас.
4. перан. Панаванне. Ужо і ночка канчаецца, зараз золак заіграе над зямлёю, раніца.. распастрэ над зямелькаю ўладанне. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цясні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак.
Разм.
1. Размяшчацца ў вялікай колькасці на невялікай прасторы блізка адзін ад аднаго. Потым мы абедалі на кухні, прыляпіўшыся да невялічкага століка. Чаго было так цясніцца, я не разумеў. Місько. Каля сцен вялікага «салона» цясніліся маленькія столікі. Бядуля. // Стаяць на невялікай плошчы цесна, датыкаючыся адзін да аднаго (пра мноства людзей). Ля ўвахода на ўзлётнае поле цясніцца стракаты, маляўнічы натоўп. В. Вольскі. // перан. Перапаўняць каго‑, што‑н. (пра думкі, пачуцці). Думкі цясніліся ў маёй галаве, абганяючы адна другую. Аляхновіч. І тады страх, што цясніўся ў грудзях, набыў рэальнае і канкрэтнае асэнсаванне. Кудравец.
2. Рухацца, станавіцца цясней, вызваляючы вольнае месца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́гада, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Невялікі сакавіты плод некаторых кустовых і травяністых раслін. На кустах ядлоўцу чарнеюць ягады. В. Вольскі. Паспелі ягады каліны, Ляцяць кляновыя лісты. Матэвушаў.
2. толькі мн. (я́гады, ягад). Ядомыя плады гэтых раслін як прадукт харчавання, прадмет промыслу, гандлю і пад. Па гэтых сцежках хіба выпадкова маглі прайсці людзі — па грыбы ці па ягады. Шамякін. З вялікай ахвотай падмацаваліся хлопцы ягадамі ды назбіралі яшчэ ў шапку. Маўр.
•••
Вінная ягада — сушаны плод фігавага дрэва; інжыр.
Воўчыя ягады — чырвоныя або чорныя плады ядавітых лясных раслін.
Аднаго поля ягады (ягадкі) (неадабр.) — пра людзей, падобных у якіх‑н. адносінах адзін да аднаго.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адступле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. адступіць (у 1–4 знач.).
2. Устаўка ў тэкст якога‑н. літаратурнага твора, не звязаная з яго асноўнай тэмай або сюжэтнай лініяй; устаўка ў вуснае апавяданне. Пасля гэтага невялікага філалагічнага адступлення, мы вярнуліся зноў да пытання аб чайках. В. Вольскі. // Адхіленне ад тэмы даклада, паведамлення. — Праўда, час тады быў іншы, не такі, як цяпер, — Андрэй Давыдавіч абвёў зрокам прысутных, нібы просячы ў іх дазволу зрабіць маленькае адступленне ўбок. Кулакоўскі.
•••
Лірычнае адступленне — а) прасякнутая лірыкай, эмоцыямі частка мастацкага твора, якая перапыняе паслядоўнае развіццё сюжэта (рамана, аповесці, паэмы і пад.); б) перан. Адхіленне ад тэмы гаворкі, бяседы пад уплывам якіх‑н. уласных пачуццяў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
клеката́ць, клекачу, клякочаш, клякоча; незак.
1. Ствараць клёкат; крычаць падобна некаторым птушкам. Бусел не мае голасу. Ён не крычыць, а клякоча — гучна і часта шчоўкае сваёй дзюбай. В. Вольскі.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Бурліць, з шумам кіпець. У чыгунку клекатала юшка. Асіпенка. Плыт перагарадзіў пратоку, і вада клекатала, віравала. Савіцкі.
3. Глуха, перарывіста булькаць (пра гукі ў горле, грудзях). Ад кіслароднае нястачы У горле клекатала кроў. Звонак. / у безас. ужыв. Сержант трызніў, хрыпеў, у горле яго клекатала. Хомчанка.
4. перан. Бурна праяўляецца, не знаходзячы выхаду (пра пачуцці). [Алесь] не разумеў, што крычаў, адна нянавісць клекатала ў ім. Броўка. Злосць і абурэнне клекатала ў яе грудзях. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заско́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Скокнуўшы, апынуцца дзе‑н. Мяч заскочыў за шафу. // Імкліва забегчы, заехаць, уварвецца куды‑н. [Машына] крута развярнулася на вуліцы, заскочыла на тратуар. Асіпенка. Запаліўшы маленькую люльку, стары Дзямід расказаў мне гісторыю аб тым, як на двор яго бацькі.. заскочыў неяк з Пушчы дзік. В. Вольскі. // Разм. і спец. Выйшаўшы са свайго месца, заняць няправільнае становішча, перакасіцца (пра дэталі, часткі якога‑н. механізма). Спружына заскочыла.
2. Разм. Зайсці, забегчы куды‑н. мімаходам, ненадоўга. Заскочыла ў хату Аленка, Тараса Шаўчэнку ўзяла, хустачку на плечы пакінула. Колас.
3. Выскачыць наперад, зрабіць што‑н. раней за іншых. — Няхай судзіцца, няхай судзіцца.., — заскочыў сыну наперад Даніла. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зафіксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.
1. Адлюстраваць, адзначыць, перадаць пры дапамозе малюнка, апісання, фатаграфіі і пад. Кантрольны аўтамат-лічыльнік.. зафіксаваў праход нашай машыны. Лынькоў. Зразумела, што пісьмовыя помнікі не зафіксавалі ўсяго багацця канкрэтных разнавіднасцей словазлучэнняў, уласцівых жывой мове. «Весці АН БССР». Усё адбылося на працягу, можа, адной дзесятай хвіліны, але зрок здолеў зафіксаваць гэты момант і ўтрымаць яго ў памяці. В. Вольскі. // (часцей у форме дзеепрым. зал. пр.). Замацаваць у памяці, свядомасці. [Аповесць] — кавалак самога жыцця, зафіксаванага ў чэпкай памяці падлетка і праўдзіва, без прэтэнзіі перададзенага на паперы. «Полымя».
2. Затрымаць што‑н. у пэўным становішчы; затрымацца ў пэўным становішчы. Гімнаст зафіксаваў стойку.
3. Замацаваць, апрацаваўшы фіксажам. Зафіксаваць здымак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гамані́ць, ‑маню, ‑моніш, ‑моніць; незак.
1. Весці гаворку, размаўляць з кім‑н. Да брата Прыходзяць сябры, Гамоняць аб справах Да позняй пары. Астрэйка. // Гаварыць, расказваць пра што‑н. Доўга гаманіў Базыль ды аб усім патроху. Нікановіч. Сядзяць людзі-падарожнікі ды грэюцца. Стары белабароды дзед гамоніць нешта. Каваль.
2. Узнімаць гоман, шумець, гучна перагаворваючыся. На пустой, спаленай вуліцы Паплавоў ціснуўся, гаманіў натоўп. Мележ. За ракой гаманілі начлежнікі. Пташнікаў.
3. перан. Ствараць бязладныя гукі, шумець, гусці. А мора несціханае гамоніць, на дзюны хвалі ўспененыя гоніць. А. Вольскі. Шумяць лугавіны, разліўшы духмянасць, Гамоняць пад ветрам.. палі. Ляпёшкін. // Поўніцца, запаўняцца шумам, гоманам. Горад шумеў і гаманіў рознымі галасамі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бадзя́га 1, ‑і, ДМ ‑дзязе, ж.
Прэснаводная губка, якая ў высушаным стане выкарыстоўваецца ў медыцыне для лячэння рэўматызму. Сёлета нага паправілася — дала жонка рады, націраючы бадзягай. Чыгрынаў.
бадзя́га 2, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзязе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Бяздомны, незаняты працай чалавек. Жаласць да самога сябе агарнула Пракопа. Хто ён цяпер? Бадзяга, жабрак, бяздомнік! Колас. Моўчкі глядзіць беспрацоўны бадзяга На белакрылыя чайкі над морам. Танк. / Пра жывёл. Вунь — галаву падняў, глядзіць: вазьмі! Бадзяга-конь! Няма куды падзецца. Бялевіч. Зімою воўк есць усё, што трапіць яму на зуб. Выбіраць галоднаму бадзягу не прыходзіцца. В. Вольскі. // Пра чалавека, які ўвесь час вандруе, мяняе месцажыхарства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)