ча́ша, -ы, мн. -ы, чаш, ж.

1. Старадаўняя круглая пасудзіна для піцця; кубак для віна (уст., паэт.).

Сярэбраная ч.

2. Якая-н. пасудзіна, ёмішча круглай формы.

У бронзавай чашы гарэў Вечны агонь.

3. перан. Вялікі натуральны або штучны рэзервуар.

Сіняя ч. возера.

Дом — поўная чаша — багаты, заможны.

Перапоўніць чашу цярпення (высок.) — пазбавіць сіл, магчымасці цярпець, выносіць што-н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

шлейф, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Доўгі падол жаночай сукенкі, які цягнецца ззаду.

2. перан. Тое, што цягнецца, сцелецца за чым-н.

Вадзяны ш. за цеплаходам.

Ш. газу.

3. Комплекс навясных і прычапных агрэгатаў да самаходнай машыны (спец.).

Ш. машын для трактара.

|| прым. шле́йфны, -ая, -ае (да 1 знач.) і шле́йфавы, -ая, -ае (да 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

штамп, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Інструмент, форма для серыйнай вытворчасці пры дапамозе ціску або штампоўкі розных прадметаў.

2. Від пячаці, звычайна прамавугольнай, з назвай установы, адрасам і пад., якую ставяць звычайна ў верхняй частцы дзелавой паперы.

Бібліятэчны ш.

3. перан. Агульнаўжывальны, збіты ўзор, шаблон.

Канцылярскі ш.

Мысліць штампамі.

|| прым. шта́мпавы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Штампавая сталь.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

штукава́ць, -ку́ю, -ку́еш, -ку́е; -ку́й; -кава́ны; незак., што.

1. Забіваючы, закладаючы, закрываць наглуха.

Ш. прабоіны.

2. Цыраваць, сшываць нябачным швом (спец.).

Ш. шоўк.

3. перан. і без дап. Выдумляць, майстраваць, вынаходзіць.

Што ты тут узяўся ш.?

|| зак. заштукава́ць, -ку́ю, -ку́еш, -ку́е; -ку́й; -кава́ны (да 1 і 2 знач.).

|| наз. штуко́ўка, -і, ДМ -ўцы, ж. і штукава́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

шу́мны¹, -ая, -ае.

1. Які стварае шум¹ (у 1 знач.); гучны.

Ш. струмень.

Шумная размова.

2. Такі, дзе многа шуму¹ (у 1 знач.), надта ажыўлены.

Шумная аўдыторыя.

3. перан. Які выклікае шум¹ (у 2 знач.), сенсацыю.

Ш. поспех.

4. Які з’яўляецца шумам¹ (у 3 знач.), утвараецца пры дапамозе шуму¹ (спец.).

Шумныя гукі.

|| наз. шу́мнасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

шэ́рань, -і, ж.

1. Тонкі снегавы слой, які ўтвараецца дзякуючы выпарэнням паверхні пры рэзкім пахаладанні; туман з халодным дробным дажджом, імжа; смуга выпарэнняў у сырое надвор’е.

Дрэвы стаялі ў шэрані.

Неба пакрылася шэранню.

2. Змрок, цемра.

Перадранішняя ш.

3. Шэрая афарбоўка чаго-н., шэрасць.

Ш. хмар.

Ш. будзёншчыны (перан.).

|| прым. шэ́раневы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

учапі́цца, учаплюся, учэпішся, учапіцца; зак.

1. Моцна ўзяцца, ухапіцца за каго‑, што‑н. Дзяўчаты ўчапіліся за барты, каб адкрыць [кузаў], і адразу запішчалі, завохалі. Місько. Маці пакінула мяне, хацела дагнаць.. чалавека, але хутка стамілася, учапілася за агароджу, каб не паваліцца ў снег... Мыслівец.

2. Уплесціся за што‑н., у што‑н. Дзяўчынка радасна загудзела і ўчапілася ручкамі ў маміны валасы. Шамякін. Нарэшце, падкраўшыся з-за куста, Саньку ўдалося ўчапіцца за грыву, і жарабок здаўся. Сяркоў. // перан. Упіцца рукамі ў што‑н. Далінка.. тэатральным жэстам расшпіліў каўнер кашулі, сутаргава ўчапіўся пальцамі ў горла. Асіпенка.

3. Зачапіцца за што‑н. Учапіўся кручок вуды за водарасці. □ [Мікіта:] Вой, вой, вой!.. Стой, стой, абора [за дзверы] ўчапілася! Чарот. // перан. Разм. Замацавацца, умацавацца дзе‑н. На карнізе ў расколіне, парослай зялёным мохам, учапілася карэньчыкамі тоненькая, гнуткая бярозка. Хомчанка. // перан. Разм. Пасяліцца дзе‑н. Перад вачыма роўнае, скрозь аднолькава разробленае поле, хоць бы невялічкі кавалак горшага, каб за яго можна было ўчапіцца думкамі пра сядзібу. Галавач. [Ганна Сяргееўна:] — Дайце мне ўчапіцца за горад, зжыцца з яго паветрам. Няхай. // перан. Разм. З’явіцца, укінуцца (пра хваробу). А трэба вам ведаць,.. што за вашы лёгкія, за ваш арганізм такая хвароба можа вельмі проста ўчапіцца. Арабей.

4. Закрануць што‑н. у час руху, зачапіцца чым‑н. за што‑н. Учапіцца воссю калёс за шула варот. □ — Правей! — крычаў насустрач [Яўгену] Анісь. — А то [санямі] учапіцца можна. Баранавых.

5. Узяцца за якую‑н. справу. Нібы клешч учапіўся ён за пасаду памочніка валаснога пісара, маючы на мэце зрабіцца пісарам. Колас. Думаў і многа думаў — толькі я ж кажу, завошта мне ўчапіцца дома? Гартны.

6. Далучыцца самавольна, без папярэдняй згоды да тых, хто ідзе куды‑н. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок.. А малых дык цэлая чарада за намі ўчапілася. Брыль. З Пскова ў Пецярбург хацеў бацька ісці адзін, а Павэлак ізноў учапіўся. Гарэцкі.

7. перан. Праявіць асаблівую цікавасць да каго‑, чаго‑н., гатоўнасць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якой‑н. справе. Вярнуўся ў свой Бараўлянскі Андрэй Лялюга. У рыбгасе за яго дзвюма рукамі ўчапіліся. Б. Стральцоў.

8. перан. Разм. Знайсці які‑н. повад для чаго‑н. Помню, сказаў мне Сярмяжка: — Тут галоўнае — слабінку ў чалавеку знайсці, за што ўчапіцца можна. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бунтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што і без дап.

1. Падымаць, узнімаць бунт, удзельнічаць у бунце. Мы [беларускія паэты] былі разам з народам, гнеўна бунтавалі разам з ім, верылі ў будучыню. Купала. Кажуць, што пасля сяляне бунтавалі, Над палацамі клубіўся чорны дым Недалёка той карчмы, дзе быў Купала, На даўгінаўскім гасцінцы векавым. Танк. // перан. Выказваць крайнюю незадаволенасць, пратэставаць. — Што ты, Саўка, бунтуеш? — строга звярнуўся да яго войт. Колас. — Вы што — бунтаваць ўздумалі? — сярдзіта закрычаў аканом на мужчын. Якімовіч. // перан. Бударажыць, хваляваць. [Стэфа:] — Зноў гэтая хата... Адзін напамінак пра яе бунтуе маю душу. Савіцкі. // перан. Бушаваць, кіпець. Мы не верым ані ў бога, ні ў малітвы, І няма для нас другіх свяцейшых слоў, Апроч лозунгаў і заклікаў да бітвы, Апроч песень, ад якіх бунтуе кроў. Куляшоў. Чаго ж ты бунтуеш, лагоднае мора? Вялюгін.

2. Падбухторваць да бунту. [Старшыня:] — Не хочаце рабіць — не рабіце, але і не бунтуйце народ. Навуменка. І вось неўзабаве.. [Марыся] зноў прыедзе ў фальварак бунтаваць парабкаў. Бажко. // Перашкаджаць, шкодзіць. Рыгорка ўзняў крык на Якіма за тое, што той валтузіць і бунтуе работу касцоў, і патрабаваў, каб ён ішоў прэч. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́ра, ‑ы, ж.

1. Вецер вялікай разбуральнай сілы, звычайна з дажджом або снегам. Бура ўзнялася. Бура сціхла. □ Дзед з Сымонам пад вярбою Селі буру пераждаць. Колас. Пералівы ветру пераходзяць у буру. Бядуля.

2. перан. Пра сацыяльныя з’явы вялікай гістарычнай важнасці, якія выклікаюць істотныя перамены ў жыцці грамадства. І вось паўстаў крылаты пралетарый, — І бура ўміг з зямлі змяла цара — драпежніка арла. Крапіва. Раскаты рэвалюцыйнай буры ў пралетарскіх цэнтрах Расіі ўскалыхнулі і Беларусь. Івашын.

3. Шум, крык. Лабановіч дагадаўся, што падлоўчы Баранкевіч падняў у доме буру. Колас. [Насця:] — Што ж гэта, памочнікі мае дарагія, у ясны дзень буру паднімаеце? Мележ. // перан. Моцнае душэўнае хваляванне. Бура, якая бушазала ў душы [Пятра] ўсю дарогу, пакрысе сціхала. Шамякін. // перан.; чаго або якая. Яркае гарачае выяўленне пачуццяў. Пасля буры воплескаў шалёных Мы сябе не помнілі ў фінале І свае сапраўдныя імёны У ролях закаханых называлі. Непачаловіч.

•••

Магнітная бура — раптоўнае кароткачасовае, хуткае і незаканамернае змяненне магнітнага поля Зямлі, звязанае з утварэннем і развіццём па Сонцы цёмных плям.

Бура ў шклянцы вады — моцнае хваляванне, гарачая спрэчка з-за дробязных прычын.

Якой бурай прынесла — пра нечаканае з’яўленне непажаданага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязмо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які нічога не гаворыць, маўчыць. Была Аксіння бязмоўная, ціхая. Свядомасць вярталася да яе. Вярцінскі. // Які неахвотна гаворыць, не любіць гаварыць; маўклівы. Строгі, амаль бязмоўны палкоўнік, здаралася, выклікаў Ніну ноччу. Васілевіч. // перан. Які не адважваецца, не асмельваецца падаць свой голас; баязлівы. [Ярохін:] — Чалавек павінен быць вясёлы, жыццярадасны, і няма ніякай патрэбы ператварацца яму ў нейкую бязмоўную мумію. Шамякін. Будучы пісьменнік бачыў, як уласніцтва, кожнадзённы клопат пра кавалак хлеба ў хаце, вечныя нястачы нявечылі жыццё жанчыны, ператваралі яе ў парабчанку, у бязмоўную служку мужа і свёкра. Кудраўцаў. // Які выражаецца без слоў, не суправаджаецца словамі. Бязмоўны погляд. □ І я чытаю ў.. [вачах], як і тады, адно бязмоўнае пытанне: «Ці праўда гэта, што ты — мой найлепшы друг?» Брыль. Міхась стаіць, знявагі поўны, І погляд кідае бязмоўны. О, колькі крыўды ў ім, абразы!.. Колас. // перан. У якім не чуваць ніякіх гукаў; ціхі. Бязмоўны лес. □ Чэсік любіць блукаць па гэтых бязмоўных могілках. Васілевіч. // перан. Такі, дзе адсутнічаюць гукі мовы, гаворка. Білі барабаны, гайдалася, як ніва перад бурай, бязмоўная плошча, і каб гук, каб крык ці плач — толькі гром барабанаў. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)