дайсці́, дайду, дойдзеш, дойдзе; пр. дайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. дайдзі; зак., да каго-чаго.

1. Ідучы ў пэўным кірунку, дасягнуць якога‑н. месца. Вера дайшла да сваёй хаты і прысела на лавачцы перад гародчыкам. Паслядовіч. Доўгім і вузкім дваром .. [Сцяпан з сястрой] дайшлі да пуні. М. Стральцоў. // Рухаючыся, дасягнуць якога‑н. месца (пра поезд, машыну, параход і пад.). Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч. // Дасягнуць месца прызначэння (пра пісьмы, тэлеграмы і пад.). А маці, нібы адгадвала яго [сынавы] думкі, запытала: — Ліст наш ці дайшоў жа да цябе, што Макар пісаў? Галавач. // Звярнуцца да каго‑н. у вышэйшай інстанцыі (з заявай, скаргай і г. д.). — Я дайду да сакратара райкома! — крыкнуў Несцер Іпатавіч. Дубоўка.

2. Распаўсюджваючыся, дасягнуць слыху, нюху; данесціся (пра гукі, пахі і пад.). Крык не дайшоў да вушэй. □ Пах салодкі [праснакоў] дайшоў да гультайкі-дачкі. Дубоўка. // Стаць вядомым, распаўсюдзіцца (пра весткі, чуткі і пад.). Да Салаўёва неяк дайшлі чуткі, што яго збіраюцца замяняць. Шахавец. Вестка, што Язэпава золата знайшоў Базыль, дайшла і да Лукер’і. Сачанка. // Выклікаць якія‑н. пачуцці, знайсці водгук (у сэрцы, душы і пад.). [Купала:] — Ці ўдасца мне сказаць такое слова, каб дайшло яно да людскіх сэрцаў. Вітка. Выйшла маці і села побач. .. Відаць, яе паклікала сюды песня, чымсьці дайшла да сэрца. Пестрак. // Стаць зразумелым, асэнсаваным, пранікнуць у свядомасць. Да Нора не адразу дайшоў сэнс таго, што сказала гэтая прыгожая руская жанчына ў афіцэрскай форме. Шамякін. / у безас. ужыв. Мікалай стаяў і нібы не разумеў, што тут адбываецца. Нарэшце да яго дайшло. Чарнышэвіч. // Захавацца, зберагчыся да якога‑н. часу (пра паданні, помнікі пісьменнасці і пад.). Гэту ж казку-быліну людзі склалі ў свой час, а яна з той часіны і дайшла аж да нас. Машара. З глыбінь стагоддзяў дайшла да нас мара працоўнага чалавека вырвацца з няволі. «ЛіМ».

3. Змяняючыся, дасягнуць якога‑н. узроўню, распаўсюдзіцца да пэўнай мяжы (пра аб’ём, колькасць і інш.). Мароз дайшоў да дваццаці градусаў. Вада дайшла да краёў.

4. Прыйсці ў які‑н. стан, дасягнуць крайняй ступені праяўлення чаго‑н. Дайсці да знямогі. □ Толькі рускія махісты маглі дайсці да таго, каб сцвярджаць «спалучальнасць» юмаўскага агнастыцызму з матэрыялізмам Маркса і Энгельса. Ленін. Хлопец дайшоў ужо да такога стану разгубленасці, калі чалавек не здольны ні думаць, ні бачыць, ні гаварыць. Карпюк.

5. Разм. Дасягнуць разумення чаго‑н.; дадумацца, разабрацца, разведаць. Дзядзька Максім — чалавек цікаўны, пакуль да ўсіх дробязей не дойдзе — не адступіцца. Пянкрат. Мудры дзед. Век зжыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў. Такія ў вёсцы — філосафы. Варожаць і на ўраджай і на пагоду. Дзе не розумам, то хітрасцю дойдуць... Пташнікаў.

6. Дабрацца да каго‑, чаго‑н. па парадку; настаць чыёй‑н. чарзе. Дайсці ў размове да галоўнага. □ І вось, калі першая чарка дайшла да .. [Лабановіча], ён падзякаваў гаспадару і перадаў чарку суседцы. Колас. Я адразу здагадаўся: справа дайшла да арыфметыкі. Зноў не атрымліваецца задачка. Няхай. // Дасягнуць пэўнага службовага становішча. Дайсці да чына палкоўніка.

7. Шчыльна прыстаць; стаць на сваё месца (аб тым, што падганяецца, дапускаецца, прыладжваецца). Дзверы добра дайшлі да пазоў.

8. Разм. Аслабець, выбіцца з сіл; памерці. Паранены звер дайшоў. □ — Не штука з голаду дайсці пры такой рабоце, — апраўдваючыся, пачаў Саша. Вітка.

9. Разм. Стаць гатовым (аб тым, што пячэцца, смажыцца і пад.). Пірагі дайшлі. // Даспець. Памідоры за пагодай яшчэ дойдуць.

•••

Дайсці да чыіх вушэй — стаць вядомым каму‑н.

Дайсці (да) ладу — разабрацца, дабіцца толку.

Дайсці да памяці — апрытомнець.

Дайсці да розуму — паразумнець, разабрацца ў чым‑н.

Дайсці (дабіцца) да ручкі — прыйсці ў крайне дрэнны, непрыгодны стан. — Цьфу, каб ты згарэла! — вылаяўся ён праз кашаль. — Ужо і курыць не магу. Дайшоў Антось да ручкі. Брыль.

Дайсці да смаку — адчуць задавальненне ад чаго‑н., праявіць вялікую цікавасць, любоў да чаго‑н.

Дайсці да торбы — вельмі збяднець, стаць жабраком.

Дайсці сваёй галавой (розумам) — самастойна разабрацца ў чым‑н. Не мог дайсці Мікіта сваім розумам, чаго так настойліва прасіў бацька не казаць Анісіму, што ў вёску надоечы прыехала з горада Вера. Сачанка.

Дайсці свайго — дабіцца пастаўленай мэты.

Рукі не дайшлі гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.

1. каго-што. Даць магчымасць убачыць, разгледзець каго‑, што‑н., азнаёміцца з чым‑н. Паказаць кнігу. Паказаць абноўку. □ [Чалавек] паказаў некалькі пустых бланкаў, з гатовымі пячаткамі, з подпісамі. Чорны. Мне прапанавалі яшчэ адзін гадзіннік з такой жа прыблізна цаной, потым паказалі яшчэ некалькі. Лынькоў. // Прадэманстраваць перад кім‑н. (гледачамі, аўдыторыяй і пад.). Паказаць новы спектакль. Паказаць фокус. // Азнаёміць з чым‑н., даючы тлумачэнні. Дзед Мікалай працаваў вартаўніком на птушкагадоўчай ферме. На другі ж дзень ён павёў паказаць ферму ўнуку. Даніленка. // Даць каму‑н. на праверку, для азнаямлення, прагляду і пад. Паказаць рукапіс рэдактару. // Прад’явіць. Дзед паказаў .. [вартавому] пропуск. Якімовіч.

2. што, на каго-што і без дап. Рухам, жэстам вызначыць кірунак, звярнуць чыю‑н. увагу на каго‑, што‑н. Паказаць дарогу на станцыю. □ — Добры вечар, — кіўнуў галавою Вайтовіч і паказаў Пятру на крэсла. Пальчэўскі. — Сёння будзе самалёт. Трэба адправіць у Маскву, — паказала.. [Антаніна Мікалаеўна] на партызана і дзяцей, якія сядзелі на калёсах. Шчарбатаў. — Вось зайчык бег, — паказаў Косцік, калі яны звярнулі з дарогі на цаліну, у кусты. Брыль. // перан. Вызначыць, указаць (шлях, мэту і пад.). Выгадаваў [Ленін] класу Партыю ў баях, На прастор шырокі Паказаў нам шлях. Глебка.

3. што і з дадан. сказам. Растлумачыць, навучыць каго‑н. рабіць што‑н. Паказаць, як карыстацца паяльнікам. □ Неяк увесну.. [маці] пазычыла ў суседзяў буквар і папрасіла.. дзядзьку Сцяпана, каб ён паказаў мне літары. Ляўданскі. // Падказаць, навесці на думку. Паказаць спосаб рашэння задачы.

4. што. Выявіць, зрабіць прыкметным якія‑н. пачуцці, уласцівасці, якасці і пад. Сымон яшчэ змалку паказаў сваю злосць. Колас. [Валошын:] Скажы, Ён вельмі мучыцца? [Таццяна:] Азорыч? Вельмі, Хоць і стараецца не паказаць. Глебка. // Дабіцца якіх‑н. вынікаў (на спаборніцтве, конкурсе і пад.). Паказаць лепшы вынік у бегу на 100 м.

5. што і з дадан. сказам. Апісаць, расказаць пра каго‑, што‑н., капіруючы, падрабляючы (голас, паходку і інш.). У.. [Турсевіча] была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Апрача гэтага, ён меў здольнасць намаляваць і жыва паказаць той ці іншы персанаж. Колас. // Адлюстраваць у мастацкім творы. Паэма Куляшова [«Сцяг брыгады»] народная ў самым дакладным значэнні гэтага слова: яна паказала душу народа ў адзін з найбольш адказных і важных момантаў яго гісторыі. Бярозкін.

6. што і з дадан. сказам. Выявіць, раскрыць што‑н. Абследаванне паказала, што хворы папраўляецца. □ Крымская вайна. Яна з поўнай відавочнасцю паказала ўсю гніласць самадзяржаўна-памешчыцкага ладу ў Расіі. Г. Кісялёў. Рэнтген паказаў працэс у лёгкіх. Шамякін. // З’явіцца сведчаннем чаго‑н.; даць падставу для якога‑н. заключэння. — Сённяшні дзень пакажа, — спакойна пярэчыць Клім, — якая брыгада перадавая, наша ці ваша... Кавалёў. // Даказаць. Быў такі выпадак, калі Сцёпку прыйшлося на справе паказаць, які ён ужо быў вучоны чалавек. Колас.

7. што. Адзначыць, засведчыць на прыборах якія‑н. велічыні (тэмпературу, ціск і пад.). Тэрмометр паказаў 39,3°. □ Лічыльнік.. не паказаў небяспечнай радыяцыі, і Бурмакоў крыху супакоіўся. Шыцік.

8. з дадан. сказам. Даць паказанні на допыце. Дапытвалі ўсіх рабочых з барака, дзе жыў Шаліма, але ўсе, як адзін, паказалі, што ў гэты вечар нікога ў бараку не было. Мікуліч.

9. каму. Разм. Адпомсціць за дрэнны ўчынак, за якую‑н. правіннасць; правучыць. — Ну, я ж табе пакажу! — патрос я дубінкаю ў бок .. [сабакі] і пайшоў далей. Колас. — Я ж табе пакажу, шкоднік ты! — раскрычалася.. [старажыха] на ўвесь сад. Якімовіч.

•••

Не паказаць віду (выгляду) — тое, што і не падаць віду (выгляду) (гл. падаць).

Паказаць вочы — паявіцца дзе‑н.

Паказаць, дзе ракі зімуюць каму — правучыць, пакараць каго‑н.

Паказаць дулю — тое, што і даць дулю (гл. даць).

Паказаць зубы — а) агрызнуцца; б) выявіць сваю агрэсіўнасць.

Паказаць кіпцюры — выявіць гатоўнасць да адпору ці нападу.

Паказаць на дзверы каму — прапанаваць каму‑н. выйсці.

Паказаць прыклад — паслужыць узорам.

Паказаць пяткі — хутка ўцячы.

Паказаць сваё я — а) тое, што і паказаць сябе; б) настаяць па сваім.

Паказаць сябе — поўнасцю выявіць свае якасці, здольнасці, магчымасці.

Паказаць хвост — паехаць, не дачакаўшыся падыходзячых пасажыраў. — «Ракета» хвост паказала, — усміхнуўся Рыгорка. — На якія-небудзь дзесяць хвілін спазніліся... Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разысці́ся, разыдуся, разыдзешся, разыдзецца; пр. разышоўся, ‑шлася, ‑шлося; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Пакінуць месца свайго прабывання, збору і пад., пайшоўшы ў розныя бакі, розныя месцы (пра ўсіх, многіх). Госці разышліся позна ўночы, але Мікола не адразу лёг спаць. Краўчанка. Сход неўзабаве разышоўся. Ермаловіч. // Адысціся на нейкую адлегласць адзін ад другога. — Разыдземся так, каб адлегласць паміж намі праглядалася. Федасеенка.

2. Прайсці па розных дарогах, не сустрэўшыся, не заўважыўшы адзін другога. Проська сказала, што [Міхайлаў] пайшоў на поле, — відаць, другою дарогай, і мы разышліся. Ракітны. // Сустрэўшыся, размінуцца (прайсці, праехаць, праплыць і пад.), не зачапіўшы адзін другога, не перашкаджаючы адзін другому. Разысціся на вузкай кладцы немагчыма.

3. Спыніць якія‑н. сувязі, знаёмства з кім‑н., парваць адносіны з кім‑н. [Пніцкі:] Мы як дзяліліся, дык хоць каб хто слова з нас адзін на аднаго дрэннае сказаў. Мы па-брацку разышліся. Чорны. З Зубковічам Мікіта разышоўся яшчэ да вайны, яго адаслалі ў другі горад. Галавач. // Перастаць жыць сумесна, развесціся (пра мужа, жонку). — Эдзік мой другі муж. З першым разышлася з-за рэўнасці. Гаўрылкін. // Не сысціся ў поглядах, меркаваннях з кім‑н., выявіць нязгоду з кім‑н. у чым‑н. Дарэчы, з гэтага ж і пачаўся канфлікт у Парамона Пісанца з рэдактарам. Ён разышоўся ў поглядах з ім. Грамовіч. // Не супасці ў чым‑н., аказацца рознымі. Словы камсамольцаў не разышліся са справай. □ Марынка не так ужо непрыхільна паставілася да таго, што планы, пра якія .. [Паходня] гаварыў ёй пры сустрэчах і пісаў, разышліся з сапраўднасцю. Хадкевіч.

4. Раздзяліцца на некалькі частак, ліній, напрамкаў, што выходзяць з аднаго месца. Дарога разышлася на дзве. □ І сапраўды, цікавы камень. На адным баку малюнак — .. і сцяблінкі тут, і дробнае лісцейка разышлося веерам. Лынькоў.

5. Раз’ехацца, рассунуцца ў бакі, утварыўшы прамежак. Бярвенне пад цёткай разышлося ў бакі, яна апынулася ў вадзе па самыя пахі. Сяркоў. Губы .. [Талаша] разышліся ў лагодную ўсмешку, калі ён заўважыў за сталом т. Шалёхіна і парывіста падаўся да яго. Колас.

6. Аказацца распраданым, раскупленым. Першае выданне зборніка ў колькасці трох тысяч экземпляраў хутка разышлося. С. Александровіч.

7. Распаўсюдзіцца, расплыцца па паверхні чаго‑н., у чым‑н. Смачны пах разышоўся па хаце. □ Толькі кругі разышліся наўкол ды вынырнула белая лілея і паплыла, паплыла па шырокай рацэ да самага сіняга мора. Грахоўскі. // Пашырыцца, стаць вядомым дзе‑н., сярод каго‑н. Чуткі разышліся. □ Бальшавіцкая ідэя разышлася па ўсім свеце. Баранавых.

8. Паступова рассеяцца, знікнуць. Пухліна разышлася. □ — Хоць бы дождж не пазнала. Хмары якія ... — Хмары разыдуцца, — запэўніла Вольга. Мележ. Тут разышоўся дым, і дзед убачыў Міколку. Лынькоў.

9. Разм. Растраціцца, зрасходавацца, пайсці на што‑н. — Грошы туды-сюды разыдуцца, а іх вунь колькі ў мяне нахлебнікаў, — кіўнуў Мітрафан галавою ў запек. Пальчэўскі. Два цэнтнеры капусты разышлося І тры пуды салаты маладой! Корбан. Як ёсць — разыдзецца, як няма — абыдзецца. Прымаўка.

10. Прывыкнуць да хады; перастаць адчуваць стому ад хады. Пакрысе .. [Кастусь] разышоўся, і гэты пакутны рух стаў яму праз нейкі час аднастайнасцю, крок за крокам, неабходнасцю, якая можа цягнуцца гады. Чорны.

11. Разм. Набыць большую скорасць у руху; разгарнуцца ў хадзе, руху. [Генадзь] усё хадзіў з кутка ў куток, быццам злаваў, што няма дзе разысціся: пяць-шэсць крокаў — і ўвесь пакой-закутак. Сабаленка. // Пачаўшы ісці, узмацніцца (пра атмасферныя ападкі). Дождж разышоўся на ўсю моц. Паўлаў.

12. перан. Разм. Дайсці да крайняй ступені ў якіх‑н. дзеяннях, у праяўленні чаго‑н. [Цімох] як разыдзецца іншы раз, то Юзік аж за бакі хапаецца ад смеху. Колас. А як разыдуцца аркестры, А як зацягнуць спевакі — Ажно здаецца зала цеснай, Хоць ты рассунь яе ў бакі! Гілевіч. // перан. Разм. Моцна ўзбудзіцца, разгневацца і пад. [Базыліха] добра ведала круты нораў мужа — калі разыдзецца, лепш памаўчы, не пярэч. Курто. — Мой ужо нашто пануры, а і то як разыдзецца, дык хоць вадой аблівай. Васілевіч. — Каты, напэўна, — кажа маці, — Бо гэтак бегаюць па хаце, Калі разыдуцца часамі! Колас. // Разгарэцца, разгуляцца (пра думкі, фантазію). Але думкі .. [Лабановіча] так разышліся, што ён мусіў загарнуць кнігу ды зноў стаў хадзіць па пакоіку і думаць. Колас.

•••

Дарогі разышліся гл. дарога.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схапі́ць, схаплю, схопіш, схопіць; зак., каго-што.

1. Узяць, злавіць хуткім, рэзкім рухам рук, зубоў і пад. Воўк схапіў авечку. □ Кандрат Бус, зачуўшы наезд польскай конніцы, схапіў кажух і шапку, адзеўся на хаду і кінуўся на задворкі. Колас. Боязна было зварухнуцца, думалася — гаспадар здагадаецца, што я там схаваўся, схопіць за каўнер і пачне лупцаваць. Бажко. [Вася] схапіў са сцяны бацькаву паляўнічую стрэльбу і без шапкі кінуўся на двор. Пальчэўскі. // Захапіць, злавіць як здабычу. — Унадзіўся падлюка-каршун лятаць, — паскардзіўся .. [дзед] бабцы Вікці. — Сёння зноў маладога пеўніка схапіў. Даніленка. / Пра дзеянне ветру, вады. А потым схопіць [вецер] снег шурпаты і сцебане ў шыбы ім. Свірка.

2. Сілай затрымаць каго‑н., не даючы пайсці, уцячы. Хлапчыну схапілі, выкруцілі назад рукі і адабралі гуркі. Карпаў. Да дзеда і Міколкі падскочылі салдаты, схапілі іх, звязалі рукі. .. Павялі ў склеп. Лынькоў. // Разм. Арыштаваць. — Сяргея схапілі, — дрыжачы ад узбуджэння, паведаміў [Лобік] як навіну. Навуменка. [Кірыл Іванавіч] яшчэ здолеў нейкім чынам перадаць аднаму з падпальшчыкаў, што яго збіраюцца схапіць, і такім чынам выратаваў чалавека ад смерці. Казлоў.

3. перан. Разм. Атрымаць, здабыць. Курорт яму [Мацею] падай, кватэру без чаргі, І прэмію схапіць не траціць ён надзею... Корбан. [Мікіта Мінавіч:] — А за ашуканства старога чалавека ты [Вара] ў мяне яшчэ спагнанне схопіш. Кулакоўскі. Але не заўсёды Лукашу шанцавала схапіць што. Бывалі дні, што, акрамя шчаўя, нічога больш не пападалася пад рукі. Лобан. Усе дзяўчаты вешаліся па яго [Сымона]. От і схапіла Аўдоцця шчасце. Чарнышэвіч. // Атрымаць дрэнную адзнаку на ўроку, экзамене. Схапіць двойку. // Нахапаць, узяць адкуль‑н., пераняць. [Астапчык:] — Пачопка кажа, што Павалковіч вялікі майстар кампіляцыі. Спіша, схопіць адтуль-адсюль, скампілюе і выдае за сваё. Машара.

4. Разм. Набыць, атрымаць, падчапіць (якую‑н. хваробу). [Ліда:] — Загадай .. [мужу] змоўкнуць, а то наглытаецца ветру і схопіць запаленне лёгкіх. Шамякін. — Яшчэ чаго не хапала! — фыркнула маці: — Схопіш якую-небудзь заразу і памрэш дачасна... Гарбук.

5. Разм. Раптоўна і моцна праявіцца ў каго‑н. (пра прыступ хваробы, болю). Памятаю, у той дзень бацьку нездаровілася — схапіў жывот. Дамашэвіч. На хвіліну якую Юрка ўспамінае, як яго схапілі былі дрыжыкі, калі ён, едучы з Разіна на Смыку, убачыў дым над сваёй хатай... Пташнікаў. / у безас. ужыв. Жывот схапіла. // Ахапіць раптоўна, адолець (пра пачуцці, стан і пад.). Дзядзьку схапіла злосць.

6. перан. Разм. Хутка ўспрыняць, зразумець, засвоіць. Схапіць думку субяседніка. □ Калгасныя курсанты, відаць, яшчэ сядзелі ў клубе над канспектамі, хапалі там тое, што не паспелі схапіць за дні вучобы. Шашкоў. Ты хочаш розумам схапіць, пра што зара з гарой гаворыць. Дубоўка. // Улавіць зрокам, слыхам. Часам Пятро схопіць вокам, непрыкметна ледзь павярнуўшы галаву, і кожны раз пазнае яе, Таццяну — у белым, вясельным убраны... Пестрак. Схопіць вачамі пачатак якога сказа, і ў думках самі сабой, як у той кінакарціне, адзін за адным мігцяць вабныя малюнкі. Шынклер.

7. перан. Разм. Прыкмеціўшы, раскрыць, адлюстраваць (звычайна ў творах мастацтва). На малюнку хлапчук даволі правільна схапіў прапорцыі. Асіпенка. Слова паэта імкнецца схапіць перажыванне ў момант яго працякання. Клышка.

8. Умела звязаць, абвязаць чым‑н. Схапіць валасы стужкай.

9. Спец. Змацаваць, злучыць. Схапіць бярвёны скрэпамі.

10. Спец. і разм. Застываючы, зацвердзяваючы, змацаваць, злучыць (пра якія‑н. рэчывы і пад.). Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. // безас. Зацвярдзець, застыць (пра якое‑н. рэчыва). Бетон хутка схапіла. // Разм. Замарозіць. Лёд схапіў раку. / у безас. ужыв. Лужыны схапіла лёгкім марозікам.

11. (звычайна з адмоўем «не»). Разм. Паспець зрабіць што‑н. [Ульяна:] — А я, думаю, перабяру, а то калі будзем сеяць, дык потым усё не схопіш. Гаўрылкін. Была нядзеля. Праўда — як на заказ, і ўся вёска вываліла за Марозаву лазу схапіць і скласці ў стагі сваё сухенькае, як порах, сена. Ракітны. // Хутка арганізаваць, зрабіць што‑н. Схапіць таксі і паехаць.

•••

Схапіць бізуна — атрымаць лупцоўку.

Схапіць за руку — злавіць на гарачым учынку, на месцы злачынства.

Схапіць у абдымкі — абняць.

Трасцу схапіць — не атрымаць нічога.

Як вока схопіць гл. вока.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́нкі, ‑ая, ‑ае.

1. Невялікі ў папярочным сячэнні; проціл. тоўсты. Тонкі лёд. Тонкія ніткі. Тонкі сшытак. Тонкая кніжка. □ [Насця:] Я дастала з куфра тонкае палатно. Чорны. Ад ярусаў да самай вады падложаны тонкія, доўгія бярвенні. Колас. // Зроблены, пашыты з нятоўстага матэрыялу. Тонкая сукенка. □ Мароз шчыпле за нос, прарываецца праз тонкі шынель. Лынькоў. // перан. Не густы, празрысты (пра туман, дым і пад.). Тонкая восеньская імжа вісела ў паветры, нібы павуцінне. Бядуля. — Бачыш, дыхае, цеплынёю радуецца зямля, — паказвае Тамара на ледзь прыкметную пару, якая тонкім, танюсенькім павуціннем сцелецца над свежаю, сонцам прыгрэтаю раллёю. Бялевіч.

2. Невялікі ў абхваце; не тоўсты, вузкі ў косці (пра чалавека, яго фігуру, часткі цела). Тонкія пальцы. Тонкая талія. □ Перахвачаная ў паясніцы, з рэвальверам, які абцягваў папружку, тонкая, зграбная — .. [Ганна] чаравала ўсіх. Нікановіч. У перамежку паміж выбухамі кашлю .. [Ніна] ляжыць з заплюшчанымі вачыма. Толькі час ад часу ўзнімае перад сабой тонкія ручкі, усхліпвае ад болю і шэпча: «бабка, піць...» Брыль. Ты [дзяўчына] прайшла з усмешкай цёплай, Прашумела, нібы ветласць Той вясны, што ты адбіла Тонкай постаццю дзявочай. Панчанка. // Не грубы, не шырокі, прыгожага, далікатнага складу (пра твар, рысы твару). Дзе, якой зарою чырваніла Яна вусны тонкія свае. Броўка. У прыпухласці губ, у тонкіх рысах твару я заўважыў нешта новае; нібы .. [Люда] штось прадчувала, а можа, і чакала чагось важнага. Дуброўскі. Жанчына была прыгожая, .. з тонкім далікатным тварам. Маўр.

3. Невялікі па шырыні, вузкі. Тонкая лінія. □ На .. лбе [Любы] зрабілася тонкая маршчынка і, зварухнуўшыся, знікла. Чорны. Сцяжынкай тонкай над старой канавай Іду з касою між ракіт густых. Гілевіч.

4. Высокі (пра гукі, голас). Раптам .. [Іліко] пачуў нейкі тонкі гук, як бы недзе звінеў камар. Самуйлёнак. Дзіця сумысля закрычала высокім сваім тонкім голасам. Чорны.

5. Які складаецца з дробненькіх часцінак. Абмытае каменне .. блішчала пад сонцам, пакуль лета не ўкрые яго тонкім засцілам бялявага пылу. Чорны. [Серафіма да Тэклі:] — То ж я прыйшла табе сказаць, што можа ў цябе няма чаго-небудзь, можа мукі няма свежанькай пшанічнай, то мой стары ўчора толькі змалоў, тонкая такая, беленькая! Краўчанка.

6. Складаны, выкананы з вялікай увагай, умела, па-мастацку. [У гісторыка-этнаграфічным музеі ў Мадрасе] сабраны ўзоры вельмі тонкай разьбы па дрэве. «Полымя». [Дубок:] — Хочаш далікатную работу — і тут мае рукі ход маюць, абы толькі [ін]струменцік да ладу. Бо на тонкай рабоце з сякерай не разгонішся. Лынькоў. // Складаны, які патрабуе ўмелага, далікатнага падыходу. [Мельнік:] — Зразумей, каханне — справа тонкая! Карпюк. // Дэтальны, дакладны, дасканалы. Тонкае веданне справы.

7. Ледзь прыкметны, які з цяжкасцю адрозніваецца. Тонкія адценні колераў. □ Дзівіць [восень] людзей размалёўкаю тонкаю. Лісце кляновае — лапкі чырвоныя Гусі пакідалі ў лужыны звонкія... Тармола.

8. Прыемны сваёй вытанчанасцю, не рэзкі (пра смак, пах і пад.). Тонкія віны. Тонкія духі. □ Водар ліпавых кветак, тонкі, ледзь-ледзь улоўны, напаўняе паветра. Мікуліч.

9. Тактычны, далікатны (пра чалавека, яго душу). [Мастак да Галі:] — Калі не памыляюся, вы... вельмі ўражлівы, .. з тонкай душой чалавек. Ракітны. // Выключны, незвычайны (пра выхаванне, манеры, гутарку, культуру і пад.). Тонкае выхаванне. Тонкія манеры абыходжання.

10. Які вылучаецца розумам, густам, праніклівасцю, глыбокім веданнем справы. Тонкі крытык. □ Партызанства ў сабе маю дастаткова. Але як стаць такім тонкім псіхолагам, вынаходлівым палітыкам, дыпламатам?! Карпюк. Я бачыў у .. [настаўніку] тонкага педагога, які добра ведаў, што палкаю цяжка загнаць і ў дзверы, а ласкаю можна ўціснуць і ў вузкую шчыліну. Дамашэвіч. Купала як перакладчык паказаў сябе тонкім знаўцам творчасці Міцкевіча. Лойка.

11. Гібкі, праніклівы, які схоплівае малапрыметнае (пра розум, мысленне). Тонкі розум. // У якім выяўляецца глыбокае разуменне чаго‑н., пранікненне ў сутнасць. Тонкая крытыка. Тонкі псіхалагізм. // Дасціпны, умела завуаліраваны (пра іронію, гумар і пад.). Тонкі гумар. Тонкі намёк. □ — Ты [Люба] Хадкевіча да сябе выпішаш, — з тонкай насмешачкай падкалола Аня. Васілевіч. // Эмацыянальна-ўзвышаны, паэтычна-ўсхваляваны. Трапяткое крыло галубінае і з’яўляецца адной з важнейшых адзнак паэзіі Ізі Харыка, адзнак яе тонкага лірызму. Лынькоў.

12. Не адразу прыкметны, які тоіцца ў глыбіні чаго‑н.; такі, да якога трэба даходзіць, дазнавацца. Тонкія адценні ў значэнні слова.

13. Дасканала арганізаваны і дакладны па выніках. Тонкі хімічны аналіз.

14. Чуллівы, які ўспрымае самыя слабыя раздражненні (пра органы пачуццяў і іх дзейнасць). Тонкі слых. Тонкі зрок. □ У Надзі добры голас. Тонкі музы[каль]ны слых. Гарбук.

•••

Тонкая кішка гл. кішка.

Кішка тонка (тонкая) у каго гл. кішка.

Тонкая штучка гл. штучка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чуць 1, чу́ю, чу́еш, чу́е; незак.

1. каго-што, з дадан. сказам. Успрымаць, адрозніваць гукі, шумы і пад. пры дапамозе органа слыху. Грабцы — дзяўчаты, маладзіцы — Штораз варушацца жывей, Бо чуюць голас навальніцы, А хмары сунуцца бліжэй. Колас. Стаіць [Іван пад дубам].., аж чуе — пішчаць на дубе ў гняздзе птушаняты. Якімовіч. // Успрымаць слыхам (размову, выказванне і пад.), разумеючы, усведамляючы сэнс. — Нешта наш настаўнік больш жвавым зрабіўся, — чуў Мікола шэпт сярод дзяўчат. Бядуля. [Галасы:] — Брава! — Наша ўзяло! — «Светлы шлях» перамог! [Пытляваны:] Мы яшчэ не чулі слова маладой. [Насця:] Дапамажы, мама! Не ведаю, што мне сказаць на гэта. Крапіва.

2. без дап. Мець слых. Мы ўжо давай паказваць немцу знакамі, што чалавек глухі, не чуе, што мы ўжо, калі гэтак трэба, то самі яго пазавём. Кулакоўскі.

3. аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. сказам. Мець якія‑н. звесткі, паведамленне ведаць з размоў, чутак пра каго‑, што‑н. [Бывалы:] — Я прыйшоў да вас таму, што чуў, быццам у вас ёсць атрад. Новікаў. Партызаны пыталіся, мо чулі танкісты пра сваякоў, родных, абменьваліся адрасамі. Грамовіч. Ён жа [камбат] быў чалавекам, Сябрам быў нам усім... І амаль чвэртку веку Мы не чулі аб ім. Прыходзька.

4. каго-што і чаго. Успрымаць, пазнаваць шляхам адчування; адчуваць. Не чуць абмарожанага пальца. □ Нарэшце па віхрах, па сцюжы Заглянуў вясенні прасвет; Ці чуеш, ці бачыш, мой дружа, Як іншым, як лепшы стаў свет? Купала. Накурылі [госці], не чулі дыму і не расчынялі дзвярэй. Пташнікаў. // Прадчуваць, здагадвацца. [Бабуля:] — А Туман [сабака] наш — разумнік. Чуе разлуку. Увесь дзень не адыходзіць ні на крок. Шыловіч. — Нашы прыйдуць. Сэрца маё чуе гэта, — .. [Таня] паднялася. Шамякін. Чуюць восень і шпачкі, што статкам кружацца над іржышчам. С. Александровіч. // Разм. Распазнаваць чуццём (пра жывёл). [Нарушэвіч:] — Сабакі ў гаспадара чуткія — воўка чуюць за вярсту, паганых людзей — за дзесяць. Машара. — [Сабака] некага чуе! — нагнуўшыся і разглядаючы прымятую траву на месцы бойкі, сказаў лейтэнант. Зуб. А тут жа, крыху ніжэй, .. [конь] бачыць і чуе нюхам смачную дзяцеліну — маладую, свежую. Якімовіч.

5. (са словам «сябе»). Мець тыя ці іншыя (фізічныя, псіхічныя) адчуванні. Васіль усё ж чуў сябе ніякавата, чужым і... чакаў адно той пары, калі можна будзе, не рызыкуючы прыстойнасцю, вырвацца сабе на волю. Мележ. [Зося] цяпер пачала зусім чуць сябе тут [у Сегенецкіх] як да часу. Чорны.

6. у знач. пабочн. чу́еш (чу́еце). Разм. Ужываецца, каб падкрэсліць сказанае, як настойлівае ўказанне, патрабаванне. Добрай раніцы, сэрца народа, Добрай раніцы, горад-герой! Чуеш, нашы спяшаюць з Усходу, Бачыш, нашы навекі з табой. Астрэйка. Не плач на ўроку, чуеш, Мілаевіч!.. Сіпакоў.

7. у форме інф., у знач. вык. Тое, што і чуваць. Ну, вось, здаецца, што ўсё ўжо разгледзеў. Перагарэлі смалістыя дровы. Чуць на дварышчы гамонка суседзяў. Танк.

•••

Адным вухам (краем вуха) чуць — часткова, няпоўнасцю, няправільна чуць што‑н.

І чуць не чуў — поўнае адмаўленне ад чаго‑н.

На свае (ўласныя) вушы чуць; сваімі вушамі чуць — непасрэдна самому чуць што‑н.

Не чуць душы ў кім — вельмі моцна, бязмежна любіць каго‑н.

Не чуць зямлі пад сабой (пад нагамі) — быць у радасным, прыўзнятым настроі ад чаго‑н.

Ні рук ні ног не чуць — моцна стаміцца.

Ног не чуць пад сабой — а) вельмі хутка бегчы. Жанкі ўрассыпную, ды драла. Не чуюць і ног пад сабою. Колас; б) вельмі стаміцца; в) быць важным або ў вельмі добрым настроі.

Носам чуць — вельмі добра, востра адчуваць, прадчуваць што‑н.

Чуць дух чый — адчуваць чыю‑н. строгасць, баяцца каго‑н.

Чуць з трэціх вуснаў — не непасрэдна, праз некага.

Шнуры на сабе не чуць — быць вельмі распушчаным, сваволіць, рабіць што‑н. шкоднае (звычайна пра дзяцей).

чуць 2, прысл. і злучн.

1. прысл. Ледзь, трохі. Ветрык краскі чуць калыша, Травы шалясцяць. Колас. На .. [бацькавым] твары паказалася чуць прыкметная ўхмылка. Гартны. Зайшоўшы глыбей, .. [Маша] чуць прыўзняла сукенку, і Славік любаваўся яе прыгожымі каленямі з залатымі кропкамі радзімак. Шамякін.

2. злучн. Ужываецца ў даданых часавых сказах у значэнні: як толькі, ледзь толькі. Чуць на небе зара Занімаецца, У курнай хаце мужык Падымаецца. Купала. Толькі спрактыкаваны чалавек мог намацаць пад рудой тванню цвёрдую палоску насцілу. Чуць збочыў — і плюхнешся ў тарфяную калатушу. Новікаў.

•••

Чуць дзень гл. дзень.

Чуць свет гл. свет.

Чуць-чуць — зусім нямнога.

Чуць што — як толькі штосьці здарыцца, пры ўсякім выпадку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каса́1 ’каса ў жанчын’, косы ’валасы’ (З нар. сл.), укр. коса ’каса’, коси ’валасы’, рус. коса ’каса’, косы ’валасы’, ст.-чэш. kosa ’валасы на галаве’, палаб. tʼösa ’каса’, ст.-польск. kosa ’каса’, балг. коса ’валасы на галаве’, мак. коса ’валасы’, серб.-харв. ко̀са ’валасы’, ко̏се ’косы’, славен. kosa ’каса’. Прасл. kosa ’валасы на галаве’ генетычна суадносіцца з česati ’часаць, прычэсваць’ як розныя ступені аблаўту. Але прасл. kosa рэгулярна адпавядае літ. kasà ’каса’, лат. kasa. Балтыйскія паралелі сведчаць аб тым, што значэнне ’каса ў жанчын’ з’яўляецца найбольш старажытным. Гэта адпавядае значэнню славянскага дзеяслова česati (Трубачоў, Эт. сл., 11, 132). Іншыя індаеўрапейскія паралелі да прасл. kosa: ст.-в.-ням. haro (сучас. Haar ’валасы’) < прагерм. hazwa ’часанне’, ірл. cass ’кудзер’ і інш. Нельга разглядаць літ. kasà і лат. kasa як запазычанні з славянскіх моў толькі на падставе таго, што ў балтыйскіх мовах адсутнічаюць паралелі да прасл. česati і, значыць, няма фармальнай і семантычнай пары тыпу cesati‑kosa (наяўнасць балтыйскай пары літ. rankà riñkti ’рука — збіраць’ не з’яўляецца аргументам на карысць балтыйскага паходжання прасл. rǫka, якая таксама не мае пары). Адносна карэляцыі kǫsavolsъ ’волас’ гл. Мартынаў, Язык, 51.

Каса́2 ’прылада для кашэння’, укр. коса, рус. коса, чэш. kosa, славац. kosa, в.-луж. kosa, польск. kosa, балг. коса, макед. коса, серб.-харв. ко̀са. Бліжэйшая паралель да прасл. kosaст.-інд. śásati ’рэжа’. У сувязі з гэтай паралеллю ўзнікае пытанне аб нерэгулярнасці пачатковага зычнага ў славянскай лексеме. Тлумачэнне к у прасл. kosa (павінна было быць *sosa) дысіміляцыяй нельга разглядаць як доказ, паколькі такой заканамернасці не існуе, хоць спарадычна такія замены магчымы. Намі зроблена спроба растлумачыць kosa ў рамках агульнай тэорыі акамадацыі (Мартынаў, Слав. акком., 159). Шэраг даследчыкаў разглядае прасл. kosa ’прылада для кашэння’ як метафарычны перанос ад kosa ’каса ў жанчын’, лічачы такім чынам каса1 і каса2 адной лексемай з двума значэннямі (Брукнер, 259; Якабсон, Word, XI, 4, 1955, 611).

Каса́3 ’селязёнка’ (Шат., Касп.). Названа так на сваёй форме, гл. косы. Уліваючы абмежаваны арэал распаўсюджання слова, не выключана балтыйскае яго паходжанне (Параўн. Сакалоўская БЛ, 16, 1979, 3–4).

Каса́4 ’прамень’ (Шат., Яруш., Шатал.). Чыста метафарычны перанос ад каса1. Параўн. Шатал., 76: «косы сонейка папаускала аж да самэй землі».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́ткі1 ’хуткі, скоры, імклівы; вёрткі, спрытны’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Жд., ТС, Бяльк.); ’хуткі, жвавы, шпаркі, гарачы, азартны’ (Шпіл., Яруш.), ’упарты, свавольны’ (Ласт.), prýtki ’жорсткі ў абыходжанні’ (Яруш.), ’упарты, свавольны’ (Ласт.), prýtki ’жорсткі ў абыходжанні’ (беласт., Бел.-польск. ізал.). Сюды ж вытворнае пры́тка ’хутка’ (Сцяшк. Сл., Растарг.). Укр. дыял. притки́й ’хуткі, спрытны’, рус. пры́ткий ’скоры, хуткі, вёрткі’. Прасл. *prytъkъ(jь) паходзіць ад *prytjati (варыянты *prъtiti, *prъtěti, *prъtnǫti), прадстаўленага ў ст.-польск. pryciać, pruciać ’бегаць, рыскаць, вышукваць, корпацца’, prytnąć ’ускочыць’ (Варбат, Этимология–1971, 10), роднаснага літ. spráusti ’ўціскваць’, sprũsti ’вырывацца, выслізгвацца’, лат. sprautiês ’падымацца, прарастаць (пра бульбу)’, с.-в.-ням. spriessen ’пускаць парасткі’, ст.-англ. spréwlian ’кідацца; корпацца’, англ. sprawl ’расцягнуць’ (Фасмер, 3, 391–392); да гэтай жа асновы Махэк₂ (487) узводзіць і чэш. дыял. prtit ’прарастаць, даваць усходы’, серб.-харв. pr̀tit ’вырастаць з зямлі’, што пацвярджаецца семантыкай польск. pęd ’імкненне’ і ’парастак’, рус. побе́г ’уцёкі’ і ’парастак’ (спецыяльна гл. Варбат, Слав. языкозн., XII, 119–121: значэнне ’хуткі’ ўзнікае ў гісторыі асобных славянскіх моў). Сюды ж рус. дыял. вы́прыть ’выпіць адным махам, адразу’ (< *pry‑ti, гл. Куркіна, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 204). БЕР (5, 738) далучае сюды і балг. при́ткам ’кідацца; піхаць, адпіхваць’, при́тнем ’адпіхнуць’, для якіх узнаўляецца праформа *pryti, паводле Геаргіева (Въпроси, 22), з зыходнай асновай *prypt‑, гл. при́пкам, при́пна ’кідацца, бегчы’; апошнія (згодна з БЕР, 5, 727) выводзяцца з *pripęti (гл. пяць, пну). Гл. прыт, прыць і наступнае слова, а таксама Этимология–1968, 92; БЕР, 5, 737 (притек); ESJSt, 12, 720.

Пры́ткі2 ’стромкі’: прыткі бераг ракі (Ласт., пад крутой). Параўн. каш. přitki ’круты, стромкі’. Паводле Папоўскай–Таборскай (SEK, 4, 131), апошняе ўтворана пры дапамозе суфікса ‑kъ (‑ъkъ‑jь) ад архаічнага славін. přiti ’тс’, для якога Хінцэ (Z hist., 195–198) рэканструюе прасл. дыял. *pri‑i‑tъ ’стромкі’ (< *pri‑i‑ti, гл. прыйсці), параўн. семантычна і марфалагічна аналагічнае лац. sub‑i‑tus ’круты, стромкі’. Борысь (SFPS, 30, 9–11) выводзіць названую форму з прасл. *prytъ < і.-е. *pru‑to‑ > архаічны прыметнік з суфіксам *‑to‑ ад і.-е. *preu‑ ’скакаць’, літаральна ’які скача, падскоквае’, што аб’ядноўвае значэнні ’хуткі, жвавы’ і ’стромкі, круты’ і параўноўваецца з беларускім пры́тны ’стромкі, круты’ і ’хуткі, рухлівы’ (гл.), параўн. таксама SEK, 4, 130.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́па ’парог, камяністы выступ на дне ракі’ (Скарбы), ’груды замёрзлай на дарозе гразі’ (Сцяшк. Сл.), рапы (rappy) мн. л. ’рачныя парогі ў гаворцы плытнікаў’ (Кольб.), ра́па, рапа́ ’чырвоная неўрадлівая глеба’ (драг., Нар. лекс.), рапы́на ’жвір’ (кам., ЛА, 2), ра́пісты ’няроўны’ (Сцяшк. Сл.), рапова́тый ’камяністы (пра зямлю)’ (кам., Жыв. НС). Няясна; магчыма тут аб’яднаны, незалежна ад фармальнай і семантычнай блізкасці, розныя па паходжанні лексемы. Параўн. славен. rápa ’складка на скуры, маршчына’, rapína ’няроўнае месца’, rapȋnje ’складчатая зямная паверхня’, н.-луж. ropa ’складка, маршчына’, для якіх Сной (гл. Бязлай, 3, 151) прапануе вывядзенне з прасл. *korpa ’няроўная паверхня’ (параўн. курапа ’рапуха’, гл.), што дапускала варыянтнасць пачатку слова з *xr‑ (гл. хра́па ’замёрзлая гразь на дарозе’, параўн. Астроўскі, ABSl, 29, 152), *vr‑ (гл. варо́паўка ’зялёная жаба’), *gr‑ (параўн. балг. грапа ’няроўнасць; воспіна’), *r‑ (параўн. укр. ра́павий, рапа́тий ’няроўны, нягладкі’). Махэк₂ (698) і Шустар-Шэўц (2, 1236) за зыходнае прымаюць прасл. *vorpa (гл. варапаха ’жаба’). Хутчэй за зыходную трэба прыняць форму з *r‑ з першасным значэннем ’нешта няроўнае, зацвярдзелае’, што можа ўзыходзіць да і.-е. *rap‑/*rep‑/*rop‑ са значэннем ’хватаць’, параўн. рус. схватиться ’застыць, зацвярдзець’, да якіх Варбат (Этимология–1986–1987, 58) адносіць польск. дыял. rapa, rapka ’лапа ў птушак і дробных жывёл з кіпцямі’, rapéc ’лапа, капыт’, гл. таксама ра́піна, рапо́тка. З іншых паралеляў можна прывесці макед. рапа ’паглыбленне з вадой, ямка’, да якога Відоескі (Геогр. терм., 132) далучае тапонімы Ра́па ’поле ў гарах’, Ра́пата ’камяністы ўзгорак’, а таксама балг. ра́па, серб.-хара ра̏па, рум. rîpa, арум. arîpa ’нізінка ў гарах’ і інш. Няясныя адносіны да польск. rapa, rafa ’падводны камень’ (< ням. Riff, Брукнер, 452) і рус. ро́па́к ’заледзянелыя каменні на беразе мора, ледзяныя таросы’, ро́пас, ро́паса́ ’куча каменняў; таросы; нагрувашчанне льдзін на беразе’ (з саамскай і фінскай моў, гл. Фасмер, 3, 501–502; Мызнікаў, Рус. гов. Обон., 332–334), а таксама балг. ро́па (“з няясным о”, гл. БЕР, 6, 322), серб.-харв. rȕpa ’яма, вір’, якія Скок (3, 173) параўноўвае з літ. raupýti, ruõpti ’калупаць’ і лічыць кантамінаванымі балтаславянска-ілірафракійскімі формамі.

Рапа́ ’вада з высокай канцэнтрацыяй солей, што выкарыстоўваецца ў лячэбных мэтах’ (ТСБМ), ’салёная вада’ (ПСл), ропа́ ’расол (у мясе); выдзяленні з раны’ (Мат. Гом., Сл. Брэс.), ра́па (Сл. ПЗБ). Гл. ро́па.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рыда́ць ’голасна, сутаргава плакаць’ (ТСБМ), ст.-бел. рыдати, рыдание, рус. рыда́ть, укр. рида́ти, чэш. rydati, славац. rydať, серб.-харв. ри̏дати, ’стагнаць’, балг. рида́я, ст.-слав. рыдати. Чаргаваннем галосных звязана са ст.-чэш. ruditi ’засмучаць, азмрочваць’, в.-луж. wurudzić, zrudzič ’пакрыўдзіць’, zrudny ’сумны’, н.-луж. zruźiś ’засмучаць, азмрочваць’. Прасл. *rydati ’стагнаць’, ’крычаць’, ’плакаць’, ’лямантаваць’, корань *ryd (ад *ruditi, дзе u > ў). Корань *ru‑ знаходзім у *rukati (> бел. ры́каць). Далей звязана з прасл. *revati (> бел. раўсці). Ва ўсіх трох выпадках гаворка ідзе аб і.-е. гукапераймальным корані *reu: *ru, які пашыраны фармантам ‑d‑ у *rydati, у іншых выпадках ‑qo‑ (*rykati), або без фармантаў у *rjuti, *ruti (Покарны, 1, 867; Махэк₂, 526; Скок, 3, 138; БЕР, 6, 251; Чарных, 2, 130). Роднаснае да літ. raudà ’плач, аплакванне’, raudóti ’плакаць, наракаць’, лат. raûda ’стогы, плач’, raûdât ’плакаць’ (Фасмер, 3, 526–527 з літ-рай). Прасл. *rydati ’плакаць’ не трэба блытаць з аманімічным *rytati ’чырванець’, які ўзыходзіць да і.-е. *reudh‑ ’чырвоны’ (Горячева, Этимология 1971, 206–207).

Ры́даць ’пра пачатак дзеяння’: авёс тут і ня рыдаў расьці (Шат.). Ужываецца толькі з адмоўем. Можна супастаўляць са славац. дыял. rydať sa, серб.-харв. ridati ’рухаць’, ’цягнуць, падымаць’, балг. ри́да се ’разблытвацца, распаўзацца’ і лічыць працягам прасл. *ridati ’рухацца’, роднаснага да лат. raidit ’гнаць’, raiditiês ’варушыцца’, ням. reiten ’ездзіць верхам’, герм. *ridan (і.-е. *reidh: *ridh ’рухацца’) (Махэк₁, 430; БЕР, 6, 250–251). Сюды ж можна дадаць яшчэ і славац. ’рухацца, непакоіцца’. Сюды, ж, магчыма, адносіцца і серб.-харв. ridati ’рухаць, цягнуць, падсоўваць’, ridati se ’рухацца’. Скок лічыць слова няясным (Скок, 2, 138). Фіксуецца балгарскі прыметнік риды́й: рида вода, поройна вода ’бурная, ліўневая вада’. Падаецца магчымым мяркаваць сувязь гэтага прыметніка з прасл. *ridati ’рухацца’. Аднак балг. риды́й указвае на зыходнае і.-е. *erei‑, reiə, ri ’цячы’, параўн. прасл. *izroj; ст.-слав. выринѫти, ринѫтисѧ. Гэта супярэчнасць магла б быць ліквідавана, калі прыняць пад увагу пункт гледжання Вальдэ, які лічыў, што і.-е. *reidh ’ехаць’, ’быць у руху’ з’яўляецца, магчыма, расшырэннем і.-е. *erei‑, *eroi, параўн. польск. rzewnić ’рабіць рухомым’, якое ўзыходзіць да гэтай і.-е. праформы (Покарны, 1, 330–331; Горячева, Этимология–19861987, 157).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)