заблудзі́ць, ‑блуджу, ‑блудзіш, ‑блудзіць; зак.

Збіцца з дарогі, перастаць арыентавацца на мясцовасці. Незнаёмаму з тутэйшымі балотамі чалавеку небяспечна забірацца ў гэтыя нетры: заедзеш, ашаломішся, заблудзіш і не патрапіш выбрацца, бо, апроч густых чаротаў ды неба над галавою, нічога не ўбачыш. Колас. Пайшоў [Сёмка], адбіўся ад мяшчан, заблудзіў у лесе і да цёмнага швэндаўся па глыбокім сн[езе], пакуль выйшаў на дарогу. Гартны. // Пра нечаканае, выпадковае паяўленне каго‑н. дзе‑н. А я тут чаго заблудзіў на могільнік? Блізкіх ці знаёмых шукаю? Каго? Танк.

•••

Заблудзіць у трох соснах — не змагчы разабрацца ў чым‑н. простым.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мя́цца, мнуся, мнешся, мнецца; мнёмся, мняцеся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рабіцца няроўным, нягладкім, збірацца ў складкі, маршчыны. Тканіна з шэрсці, ільну і бавоўны, дзе прымешаны лаўсан, не мнецца, прыгожая і трывалая. «Беларусь».

2. Таптацца, пераступаючы з нагі на нагу. Некаторыя моўчкі мяліся каля фурманак, азіраючыся на лес і на ненавісных легіянераў. Колас. Максімка мяўся на адным месцы і маўчаў. Чорны.

3. перан. Разм. Праяўляць нерашучасць, саромецца, вагацца. Хлопец топчацца і мнецца, А нарэшце прызнаецца. Колас. Ахтан мяўся, цягнуў. Проста і ясна не мог адказаць на пытанне. Алешка.

4. Зал. да мяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наплы́ў, ‑лыву, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. наплываць — наплыць, наплысці (у 2, 3 знач.).

2. Тое, што наплыло, сабралася. Наплыў пяску. □ За цёмнымі шыбамі, зацягнутымі слюдзянымі наплывамі лёду, глухі шоргат і шапаценне. Кудравец.

3. перан. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Наплыў народу. Наплыў абітурыентаў. Наплыў заказаў. □ Летнім часам, калі настаўнікі, з’язджаліся на канікулы, тутэйшым людзям не раз траплялася сустракаць іх, але такога паплыву не здаралася бачыць. Колас. // Прыліў пачуццяў, думак і пад. Наплыў радасці. □ — А дзе ж дзеці? — крыху супакоіўшыся ад першага наплыву хвалявання, запытаў Васіль. Васілевіч.

4. Спец. Паступовая змена кадраў у кінафільме.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неперабо́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Які не вылучаецца пераборлівасцю, строгасцю ў выбары; які нічым не грэбуе. [Надзея:] — На яду .. [дзеці] непераборлівыя; будзе цяпло, а скарынка хлеба ды бульбіна заўсёды знойдуцца, — і вырастуць. Кірэйчык. Я .. [маці] мала дакучаў, быў непераборлівы на харч, мала плакаў і больш спаў. Астрэйка. // Непатрабавальны (аб раслінах, жывёлах). Ласі здольны жыць не толькі на поўначы, але і ў розных кліматычных умовах. На корм яны вельмі непераборлівыя. В. Вольскі. З усіх збожжавых культур авёс — самы непераборлівы, расце на тых палетках, дзе ніякія іншыя культуры не маглі даць нават сярэдняга ўраджаю. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няя́ркі, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены яркасці; даволі цьмяны. Вячэрняе сонца, ідучы на спачын, залівала роўным, няяркім святлом суседні парк. Паслядовіч. На машынах у цэху, дзе працаваў Вася, друкаваліся дзіцячыя кніжкі, і часам малюнкі выходзілі няяркія, невыразныя, фарбы расплываліся. Сапрыка.

2. перан. Які не кідаецца ў вочы; малапрыкметны. Тым часам вёска, што прытуліла Юзіка, важыла на шырокую нагу.. І толькі Юзік несамавіта выдзяляўся сярод усіх сваёй няяркай вопраткай. Хадановіч. Як толькі цёмнаю ноччу Вочы свае закрываю, Адразу я Оршу бачу З яе няяркай красой. Караткевіч. // Які нічым не вылучаецца; звычайны. Няяркае жыццё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́ць, ‑і, ж.

1. Пляцоўка пад страхой на слупах, прызначаная для хавання чаго‑н. ад дажджу, непагоды. І застукалі дзве сякеры — двое [салдат] калолі, а трое насілі дровы пад павець. Хомчанка. Пад павець пачалі насіць мяхі з цэментам, згружаць цэглу. Лупсякоў.

2. Памяшканне, дзе звычайна складаюць дровы; дрывотнік. Ралан, даючы ключ, загадаў Станіку і Чэсю прынесці дроў з павеці і распаліць стаяк. Грамовіч.

3. перан. Тое, што навісае, утвараючы падабенства павеці. Узняла парасоны дрэў Фергана, над асфальтам навісла павець прысад. Русецкі. Над галавой — дубоў павець, Віднеюць неба, горы, поле Праз лісцяў сець. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Перамагчы, асіліць у барацьбе. [Міша:] — Чаму так? Славік баксёр першага разраду, а падужаць мяне не можа. Мыслівец. Здавалася, што гаварыла возера Доўгае: «Ну, дзе вам падужаць мяне. Я маю такую сілу, што на ўсіх вас хопіць». Броўка. // Пераадолець чыё‑н. супраціўленне, справіцца з кім‑н. У саюзе будзь З рабочым класам, — Усіх і ўсё Падужаць зможам... Чарот.

2. Справіцца з чым‑н., што патрабуе фізічных намаганняў і пад. [Старожка:] — Памажыце мне прынесці тую канапу, а то я сама не падужаю. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажыві́цца, ‑жыўлюся, ‑жывішся, ‑жывіцца; зак.

Разм.

1. Знайсці для сябе якую‑н. ежу, пажыву. Чарада кур, згледзеўшы гаспадыню і спадзеючыся пажывіцца, кінулася да яе з усіх канцоў двара. Колас. Ніхто не арэ стэп, і.. [крумкачам] няма дзе пажывіцца, як раней, ходзячы па барознах за аратым. Няхай.

2. Узяць для сябе што‑н. чужое; атрымаць якую‑н. карысць з чужога. Абмацаўшы чужыя торбы і нічога ў іх не знайшоўшы, чым бы можна было пажывіцца, Суконка зусім засумаваў. Паслядовіч. Калгаснікі пяці вёсак Загальскага сельсавета не далі ворагу пажывіцца грамадскай маёмасцю. Залескі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пала́ц, ‑а, м.

1. Вялікі, раскошны, багаты будынак. То не дом, а палац, шмат акон, шмат калон. Бядуля. Вось ён, Пецярбург! Горад палацаў ды фабрык. Гартны. Над Віліяй у цэнтры горада стаяў вялізны палац Урублеўскіх. Карпюк. // Тое, што і замак (у 1, 2 знач.). Рукамі нявольнікаў насыпаны [замкавы] высокі вал, выкапаны глыбокія азёры, канавы, напоўненыя вадою, якія абкружаюць палац Радзівіла. Бялевіч. // Будынак, дзе пастаянна жыве і знаходзіцца цар, кароль, кіраўнік дзяржавы.

2. У складзе назваў некаторых будынкаў грамадскага прызначэння, якія звычайна выдзяляюцца сваёй архітэктурай. Палац піянераў. □ У Палацы будаўнікоў меўся быць вялікі самадзейны канцэрт. Ракітны.

[Іт. palazzo, ад лац. palatium.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папе́рад,

Разм.

1. прысл. Уперад. Выехаць наперад. □ Узваліў [Мітрафан] бочку на плечы і панёс. [Эрна] пайшла паперад — паказаць, дзе паставіць. Ракітны.

2. прысл. Спачатку, раней. Паперад умыйся, а потым садзіся есці. □ Паперад пасівее, пакуль Іван яе возьме. Ермаловіч.

3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паперад» выражае часавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, раней за якія кім‑, чым‑н. было ўтворана якое‑н. дзеянне. Мікіта не даў сябе ўпрошваць — адно перакуліў у рот паперад усіх сваю шклянку і, кусаючы на хаду.. хлеб, спехам падаўся да парога. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)