напо́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

1. Зрабіць поўным, запоўніць да верху. Сейбіты спрытна напоўнілі сеялку насеннем, і вось ужо агрэгат рушыў наперад. «Звязда». Бурмакоў сабраў узоры пяску, у некалькіх месцах адбіў кавалкі камяністых парод, напоўніў колбы паветрам і пайшоў да ракеты. Шыцік. // Заняць сабой поўнасцю. Ужо немцы напоўнілі .. сенцы, ужо білі ў дзверы другога паверха. Чорны. // Насыціць, запоўніць (пахамі, водарам, гукамі і пад.). Прынясе бацька з сенцаў загадзя падрыхтаванае бярэмя духмянага сена, і адразу ўсю хату напоўніць водар скошаных траў і красак. Машара. Вясёлы, дружны шум уварваўся ў школу, звонкія, шчаслівыя дзяціныя галасы напоўнілі ўвесь дом. Колас.

2. перан. Запоўніць, заняць цалкам (пра думкі, пачуцці і пад.). Прырода, вясна і маладосць напоўнілі .. [хлопцаў] жыццярадаснасць. Маўр. Тое, што .. [Булгак] тут убачыў, напоўніла яго сэрца радасцю з гордасцю. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

настро́й, ‑ю, м.

1. Унутраны, душэўны стан. На кожным твары, у кожнай хаце адчувалася: у людзей узняты перадсвяточны настрой. Васілевіч. Арына адразу заўважыла, што муж не ў гуморы, і, як звычайна ў ў апошні час, пастаралася развеяць яго кепскі настрой. Карпаў. // Разм. Добры гумор. Свайго вясёлага настрою Схаваць не можа наш рыбак. Колас. [Сухадольскі:] Ты ўжо дасягнула свайго — сапсавала мне настрой. Крапіва.

2. Накіраванасць думак, пачуццяў і пад. каго‑н.; настроенасць. Толькі пазней мы даведаліся, што Гурскі прад’явіў некаторыя з нашых работ на педсавеце, абвінавачваючы нас у крамольных настроях. Мядзёлка. Агульны напрамак творчасці маладых паэтаў — правільны. Але бываюць выпадкі, калі ў іх лірыцы пачынаюць гучаць нездаровыя настроі. «Маладосць».

3. Схільнасць, жаданне рабіць што‑н. Вечарам, пасля работы, Рыгор вярнуўся на кватэру. Быў настрой нікуды не выходзіць. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калупа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Капацца, корпацца ў чым‑н., дастаючы што‑н. [Дзеці] калупаліся ў шчылінах скал, ловячы маленькіх рыбак. Маўр. Чухноўскі ўзяў запалку з парабка.., што ляжаў на стале, і стаў калупацца ёю ў люльцы. Пестрак. // перан. Корпацца ў чым‑н., важдацца з чым‑н. Хлапец.. пусціўся на святло і хутка ўбачыў, што шафёр нечага калупаецца ў маторы. Кулакоўскі. Камера лопнула, і.. [Міхась] доўга калупаўся з колам. Кавалёў.

2. перан. Займацца справай, якая патрабуе карпатлівай, працяглай працы; рабіць што‑н. няўмела і марудна. З самага ранку і да вечара калупаўся Мікіта ля хаты, каля стагоў і хлява. Галавач. // у чым. Залішне старанна аналізаваць, разбіраць што‑н. нязначнае, дробязнае. Нецікава было весці далей гутарку ў гэтым тоне і калупацца ў людскім брудзе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каляі́на, ‑ы, ж.

1. Паглыбленне, след на дарозе ад колаў або ад санных палазоў. Дарога тут была малаезджаная, бадай што без каляін. Карпаў. Фурманка выехала ў поле, колы ціха і мякка шаргацелі па пыльных каляінах. Мележ. Ногі коўзаюцца і пападаюць у каляіны ад палазоў. Галавач.

2. Разм. Чыгуначны пуць, каляя. Эшалон стаяў на апошняй каляіне. Чорны.

3. перан. Пра звычайны ход якіх‑н. спраў, прывычнае натуральнае працяканне чаго‑н. — Я вам кажу! — павысіў голас.. Сімон, трапляючы ў сваю звычайную каляіну. Самуйлёнак. А цэлы рад збаноў на плоце Казаў аб тым, што гаспадыня Была ўжо ў моцнай каляіне І што яе, таксама, справа Вялася добра і рухава. Колас.

•••

Выбіцца з каляіны гл. выбіцца.

Выбіць з каляіны гл. выбіць.

Увайсці ў каляіну гл. увайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кацёл, катла, м.

1. Металічная пасудзіна акруглай формы і розных памераў для награвання вады, гатавання ежы і пад. Пад дашчатым навесам гарэў агонь, у катле варылася вячэра. Шчарбатаў. Чвэрць кухні займала нізкая ёмкая печ з двума ўмураванымі катламі для награвання вады і для варкі бульбы. Колас. // Пра харчаванне з агульнай кухні. Партызанскі кацёл. Армейскі кацёл. □ Побач .. спрачаліся дзве кабеціны: рэзаць цяля для агульнага катла на сенакос ці не. Ваданосаў.

2. Закрытая пасудзіна для выпрацоўкі пары. Паравы кацёл. □ А ўжо з катлоў, зноў-такі па трубах, вада, ператвораная ў сухую пару, пойдзе ў турбіну. Краўчанка.

3. Поўнае акружэнне вялікіх варожых групіровак. Папасці ў кацёл. Бабруйскі кацёл.

•••

Як піўны кацёл — вельмі вялікіх памераў (пра галаву чалавека).

Як у катле кіпіць гл. кіпець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папалі́ць 1, ‑палю́, ‑па́ліш, ‑па́ліць; пр. папалі́ў, ‑палі́ла; зак., каго-што.

1. Спаліць, знішчыць агнём, спёкай і пад. усё, многае. У Лядах на Нёмане стаяў партызанскі дазор, а ў зрубе.. — застава. У зрубе, а не ў хаце, таму што ад восені хат у Лядах не было: іх папалілі фашысцкія карнікі. Брыль. [Янка:] — Ты, вось, паглядзі на луг, на груды: папаліла іх сонца з вясны. А прайшлі дажджы, яны пачалі ажываць. Колас.

2. і без дап. Паліць некаторы час.

папалі́ць 2, ‑лью́, ‑лье́ш, ‑лье́; ‑льём, ‑льяце́ і ‑лію́, ‑ліе́ш, ‑ліе́; ‑ліём, ‑ліяце́; пр. папалі́ў, ‑ліла́, ‑ліло́; зак., што і чаго.

Разм. Ліць доўга, неаднаразова; выліць у вялікай колькасці. Папаліць вады на грады. □ [Карызна:] — Каб мне столькі радасці, колькі кожная слёз папаліла за свой век. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́свіць, пасу, пасеш, пасе; пасём, пасяце, пасуць і пасу, пасвіш, пасвіць; пасвім, пасвіце; пр. пасвіў, ‑віла; заг. пасі; незак., каго-што.

Наглядаць за жывёлай, птушкай у час знаходжання яе на пашы. Коней папраўдзе не трэба было пасвіць, толькі пільнаваць ад ваўкоў, якіх у Маргах вадзілася шмат. Чарнышэвіч. — Эге! — круціў стары Юрка сівой галавой, — а я, нябогі, яшчэ сам, як быў маладым хлопцам, пасвіў быдла пад Дубамі. Колас. // Выпускаць (жывёлу, птушку) на пашу, на падножны корм. Рыгор вядзе каня ў Паўлюкову віку, а Паўлюк у гэты ж час пасвіць кабылу ў Рыгоравай канюшыне. Казека. У зарасніку пачалі [суседзі] пасвіць сваіх коней ды цялят, куды ганялі іх з вёскі. Галавач.

•••

Дзе і Макар коз не пасе гл. дзе.

Спаць і курэй пасвіць гл. спаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паскака́ць, ‑скачу, ‑скачаш, ‑скача; зак.

1. Скачучы, пачаць перамяшчацца. «Ну і не трэба!» — сказаў сабе ў думках Лёнік і паскакаў па прыступках уніз. Васілёнак. Заяц, пастаяўшы крыху на задніх лапках, паскакаў далей у лес. Скрыпка.

2. Хутка памчацца (на кані або пра каня). Максім асядлаў невялічкага мышастага коніка і паскакаў у Карпілаўку. Грахоўскі. Як заварушыўся Іван — конь спудзіўся і паскакаў назад у млын. Колас.

3. Скакаць некаторы час. Паскакалі [дзеці] трохі на адной назе, а потым Міхась сказаў, што больш не хоча. Брыль. Доўга прыйшлося [рабочым] паскакаць, пакуль лісце пусціла сок. Маўр. Знаходзіліся аматары паскакаць, .. пары кружыліся паволі ў .. вальсах альбо шалёна круціліся ў апошніх людных танцах. Лынькоў.

•••

Ты ў мяне паскачаш (ён у мяне паскача і г. д.) — ужываецца як пагроза пакараць, адпомсціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бушава́ць, ‑шую, ‑шуеш, ‑шуе; незак.

1. Бурна, імкліва выяўляць сваю сілу (пераважна разбуральную). А калі ўздымаецца бура, асабліва ўвосень, страшным робіцца наша возера. Яно бурліць і бушуе, як кіпень. Чарнышэвіч. Вецер, здавалася, цішэў, але грымоты яшчэ бушавалі над лесам. Якімовіч. Бушуе агонь, кідае цэлыя патокі полымя высока ў паветра. Колас. // Інтэнсіўна развівацца, расці. І адразу [Вольцы] прыснілася: бушавала цяжкім буйным коласам жыта... Васілевіч. // перан. Выяўляцца, развівацца з незвычайнай сілай (пра пачуцці). У ім [Адаме], відаць, бушаваў шалёны гнеў, і ён выбіраў, куды яго скіраваць. Дамашэвіч. [Аміля] крычала доўга, ужо не бачачы перад сабою Хурса. Само сабою пайшло бушаваць і рваць яе абурэнне, агіда і роспач. Чорны.

2. Разм. Бурна выказваць сваё незадавальненне, гнеў і пад.; буяніць. [Хлапчук] бушаваў добрых хвілін дзесяць. Потым, відаць, замарыўся — сціх. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змясці́ць, змяшчу, змесціш, змесціць; зак., каго-што.

1. Знайсці месца для каго‑, чаго‑н.; умясціць. Навагранскі рынак не змясціў усіх кірмашоўцаў. Сабаленка. Ты адчуў, колькі шчасця і сілы Можа ў сэрцы змясціць чалавек. Прыходзька.

2. Даць памяшканне для жылля; пасяліць. Маці Васілька змясцілі ў хлеве. Гэта быў даўгі цагляны будынак. Маўр. // Даць месца, размясціць дзе‑н. [Прыяцель] змясціў сакаляня ў клетцы на даху сваёй хаты. В. Вольскі.

3. Уладкаваць, аддаць куды‑н. (на вучобу, службу і пад.). Змясціць у школу. Змясціць у бальніцу.

4. Надрукаваць, апублікаваць дзе‑н. Змясціць артыкул у часопісе. □ За той жа час побыту ў школе Аленка змясціла два свае вершыкі ў газеце. Колас.

5. Разм. Зняць, звольніць з пасады. Бюро райкома вынесла Байкову вымову і змясціла з камандзіра. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)