дэманстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. Прымаць удзел у дэманстрацыі (у 1 знач.). Сымон Чуйка тады, калі была дэманстрацыя ў гарадку, таксама быў там. Ён дэманстраваў разам з усімі. Чорны.
2. што. Паказваць што‑н. публічна, наглядным спосабам. Дэманстраваць новы кінафільм. Дэманстраваць свае дасягненні на выстаўцы. □ Давялося з вобласці запрасіць лектараў, якія адразу ж перад людзьмі дэманстравалі працэс абнаўлення абразоў, растлумачвалі недарэчнасць боскіх пісьмаў. Сабаленка. // Знарок падкрэсліваць, выстаўляць напаказ што‑н. Калі паміж Васілём і Аўгінняю вынікалі нелады, Аўгіння на злосць Васілю, сумыслу дэманстравала сваю прывязанасць да Алесі. Колас. Міхал зразумеў, што тут яму не рады, баяцца яго і нават дэманструюць сваю непрыязнасць. Карпаў.
3. што. Сведчыць пра што‑н., паказваць сабой на што‑н. Дзяржаўны бюджэт Савецкага Саюза наглядна дэманструе перавагі сацыялістычнай сістэмы гаспадаркі перад капіталістычнай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жме́ня, ‑і, ж.
1. Далонь і пальцы рукі, складзеныя так, каб імі можна было зачэрпнуць або ўтрымаць што‑н. Віктар падбег да балота, зачэрпнуў у жменю вады, змяшаў і пяском і прынёс Мірону. Маўр. Волька з задавальненнем расцёрла ў жмені колас, панюхала, паспрабавала на зуб. Васілевіч.
2. Колькасць чаго‑н., што змяшчаецца ў далоні са сціснутымі пальцамі. Васіліна паднялася да бункера і, перагнуўшыся цераз борт, зачэрпнула жменю зерня. Хадкевіч. // Пучок сарваных, зжатых раслін, які можна абхапіць далонню і пальцамі. Сухія, ломкія, спелыя сцёблы жменя за жменяю клаліся на перавяслы. Мележ.
3. перан. Нязначная колькасць, нямнога каго‑, чаго‑н. Туліцца каля платоў Жменя худых цялят. Танк.
•••
Поўнай жменяй — шчодра, не шкадуючы. У сонцы дзён, у зорнасці начэй Я сеяў іскры сэрца поўнай жменяй. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заво́д 1, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Прамысловае прадпрыемства, звычайна буйнае. Трактарны завод. Цагельны завод. Цукровы завод.
2. Спецыялізаваная гаспадарка па развядзенню пародзістых коней. Конны завод.
заво́д 2, ‑у і ‑а, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. заводзіць — завесці (у 6 знач.).
2. ‑у. Тэрмін дзеяння заведзенага механізма. Гадзіннік з сутачным заводам.
3. ‑а. Прыстасаванне ў механізме, якое прыводзіць яго ў дзеянне. Завод гадзінніка.
4. ‑у. Частка тыражу кнігі, надрукаваная з аднаго набору.
заво́д 3, ‑у, М ‑дзе, м.
Асобая, адборная парода свойскай жывёлы. Сапраўды, конь і іх быў добры: гладкі, малады, не проста заводу. Сабаленка.
•••
І заводу няма гл. няма.
На завод; да заводу — для размнажэння, развядзення. Яшчэ з вясны, у час перабору, Сюды прывезлі пчол калоду, Ну, так, між іншым, да заводу. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зага́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Афіцыйнае распараджэнне органа ўлады, кіраўніка ўстановы, прадпрыемства, арганізацыі і пад. Загад па інстытуту. □ Ленін у шалашы. Хаваецца ад агентаў буржуазіі, ад Керанскага, які выдаў загад арыштаваць Ільіча. Бядуля. Лясніцкі.. спецыяльным загадам стварыў калектыў мастацкай самадзейнасці. Шамякін.
2. Вуснае або пісьмовае распараджэнне вайсковага начальніка, якое з’яўляецца законам для падначаленых. Як толькі павечарэла, Туравец даў загад адыходзіць. Мележ. Тым часам генерал Бялоў даў загад, каб частка людзей.. акружыла горад. Мікуліч. // Афіцыйны дакумент, у якім выкладзена якое‑н. распараджэнне. Загады розныя, паперы Яму ў лясніцтве даручалі, Калі з наказам пасылалі. Колас. Побач — фотаздымкі многіх партызан, малюнкі баявых эпізодаў, фотакопіі розных дакументаў: пасведчанняў, загадаў, лістовак. Шыловіч. // Наогул усякае распараджэнне. Валя ўмомант выканала загад: прыбрала з канапы падручнікі. Васілевіч. Пачуў загад маці: — Маўчы! Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Паддацца знішчэнню, перастаць існаваць (звычайна пры якой‑н. катастрофе, няшчасці і пад.). У агні загінула ўся маёмасць. Пасевы загінулі ад засухі. □ Значная частка літаратурнай спадчыны Ф. Багушэвіча загінула. Шкраба. // Перастаць жыць, памерці насільнай смерцю. Загінуць смерцю героя. □ Дарогу чорны снег заносіць — Загінуць можа чалавек. Чарот. Не судзі, доля, у прымах жыць і на чужой зямлі загінуць. З нар. // перан. Знікнуць, знішчыцца, прапасці. — Э! Ёсць чаго смуткаваць! — адзываецца першы Раманчык і заліхвацка махае рукою: — Знойдуцца людзі, а мой тут і след загіне і памяць пра мяне памрэ. Колас. Сэрца чарсцвела, рабілася каменным, толькі адно кволае пачуццё і засталося ў ім — матчына каханне да сына, — усе іншыя радасці жыцця незваротна загінулі для яе. Мурашка.
•••
Загінуў, як рудая мыш — прапасці марна, нізашто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
залама́ць 1, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак.
1. што. Сагнуўшы, надламаць. Заламаць галінку на дрэве.
2. Разм. Крута павярнуць убок. Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у падворак Юркі Труса, з надворка заламаў у вулачку. Колас.
3. што. Разм. Надта дорага запрасіць. Зарослы сівой шчацінай дзед, перш чым перавезці Сяргея цераз Прыпяць, заламаў дзвесце рублёў. Навуменка.
•••
Асінку заламаць — даць зарок не рабіць чаго‑н., палажыць канец чаму‑н.
Заламаць залом (уст.) — зблытаць і заламаць на чыім‑н. полі пук жытніх сцяблоў з мэтай паклікаць бяду на гаспадара поля (з павер’я забабонных людзей).
Заламаць рукі — моцна загнуць каму‑н. рукі назад, за спіну.
Заламаць шапку — надзець шапку набакір або ссунуць яе на патыліцу.
залама́ць 2, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак.
Разм. Пачаць ламаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замахну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. чым, на каго і без дап. Узмахам падняць, адвесці (руку або які‑н. прадмет) для ўдару. [Наезнік] выхапіў з гарачкі шаблю і замахнуўся на Рыля. Колас.
2. перан.; на каго-што і без дап. Намерыцца зрабіць што‑н. вялікае, цяжкае, значнае. Шарэйку толькі іншым разам шкода было, што некалі, будуючы хату, на вялікае замахнуўся, бо тая камора, што была на правы бок ад сенцаў, стаяла пустая. Чыгрынаў. Што замахнуўся, тут высока, хлапчына гэта разумеў. Ён зрок узняў на Саламею, ён пакахаць яе пасмеў!.. Машара. // Зрабіць спробу незаконна захапіць што‑н., пазбавіць каго‑н. чаго‑н. Замахнуцца на чужое дабро. □ [Акупанты] нават не дапускалі думкі, што ў горадзе, у глыбокім тыле нехта асмеліцца замахнуцца на іх жыццё. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заця́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад зацяць (у 1 знач.).
2. у знач. прым. Упарты, настойлівы, які патрабуе вытрымкі, сілы. Зацятая барацьба. Зацяты бой. Зацятая спрэчка. □ Пачалося зацятае спаборніцтва трох упартых, моцных характараў. Шамякін. // Упарты, працяглы. Зацятая варожасць. Зацяты боль.
3. у знач. прым. Які тоіць, захоўвае ў сабе свае думкі, пачуцці; скрытны. Бабіч, гэты ціхі, лагодны чалавек, які ўмее так добра слухаць, цяпер строгі і зацяты. Колас. Веньяміну хацелася б быць гордым і зацятым. Навуменка. // Напружаны, насцярожаны, затоены. У зацятай маўклівасці замерла вёска. Мала з якой хаты не было чалавека ў партызанах. Асіпенка.
4. у знач. прым. Вельмі адданы, верны чаму‑н.; заўзяты. Зацяты балельшчык. □ Барташэвіч злосна бліскаў на мяне вачыма, быццам я быў яго даўні і зацяты вораг. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зжы́цца, зжывуся, зжывешся, зжывецца; зжывёмся, зжывяцеся; зак.
1. з кім. Жывучы, працуючы, часта бываючы разам з кім‑н., звыкнуцца, здружыцца. [Гапанюк] зжыўся з людзьмі і не адчуваў сябе чужым. Дуброўскі. Чалавек, калі ўжо зжыўся добра з усімі парабкамі, калі ўжо ведаў усіх, расказаў усё як мае быць пра сябе. Чорны.
2. з чым. Пастаянна знаходзячыся дзе‑н., думаючы пра што‑н., прывыкнуць. Марыў Андрэй паступіць у Мінскі політэхнічны інстытут. Ён зжыўся з гэтай марай і не мог уявіць, што яна не здзейсніцца. Чарнышэвіч. Нахмураны і сур’ёзны хадзіў Сцёпка каля будынка рабфака. Зжыўся з ім, палюбіў яго, і ў думках сваіх жыў і вучыўся ў ім, і не прынялі! Колас. // Працуючы над роллю, пераўвасобіцца ў мастацкі вобраз (пра акцёра). Зжыцца з вобразам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змясці́ць, змяшчу, змесціш, змесціць; зак., каго-што.
1. Знайсці месца для каго‑, чаго‑н.; умясціць. Навагранскі рынак не змясціў усіх кірмашоўцаў. Сабаленка. Ты адчуў, колькі шчасця і сілы Можа ў сэрцы змясціць чалавек. Прыходзька.
2. Даць памяшканне для жылля; пасяліць. Маці Васілька змясцілі ў хлеве. Гэта быў даўгі цагляны будынак. Маўр. // Даць месца, размясціць дзе‑н. [Прыяцель] змясціў сакаляня ў клетцы на даху сваёй хаты. В. Вольскі.
3. Уладкаваць, аддаць куды‑н. (на вучобу, службу і пад.). Змясціць у школу. Змясціць у бальніцу.
4. Надрукаваць, апублікаваць дзе‑н. Змясціць артыкул у часопісе. □ За той жа час побыту ў школе Аленка змясціла два свае вершыкі ў газеце. Колас.
5. Разм. Зняць, звольніць з пасады. Бюро райкома вынесла Байкову вымову і змясціла з камандзіра. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)