жахлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае жах, вельмі страшны. Не забыць пра жахлівыя рэчы: Мерцвякоў адубелых пласты, Узарваныя хаты, масты. Броўка. // Роспачны, поўны жаху. І енк, і плач, калёс засмягшых скрып,.. — Усё злівалася ў жахлівы крык. Танк. // Вельмі цяжкі, пакутлівы, трагічны. Жахлівая смерць. Жахлівае здарэнне. // Разм. Вельмі дрэнны. Жахлівая дарога.
2. Вельмі моцны (пра ступень інтэнсіўнасці чаго‑н.), крайні ў сваім праяўленні. Смешнай і разам з тым жахлівай іроніяй гучаў плакат. Мікуліч. Пан Вальвацкі.. прагуляў.. усё, што маглі даць яму некалькі маёнткаў пры жахлівай эксплуатацыі парабкаў і падзённікаў. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жы́лісты, ‑ая, ‑ае.
1. З выпнутымі жыламі, венамі. Выцяг[нуў]шы з каўняра абавераную жылістую шыю, Карпенка азірнуўся на пераезд. Быкаў. [Сцепаніда] села на крэсле, злажыўшы свае смуглыя жылістыя рукі на грудзях. Ермаловіч. // З вялікай колькасцю сухажылля (пра мяса).
2. Сухарлявы, мускулісты (пра чалавека, часткі яго цела). Кузня працавала амаль круглы год. У ёй жылісты і сухі, як яловы корч, Апанас Шведзік.. гахаў молатам. Даніленка.
3. Разм. Моцны, дужы, вынослівы. — Трэба будзе працы прыкласці, каб вярнуць зямлі даваенную сілу, урадлівасць. Палітая крывёю, яна высмакча і поту нямала... Але нічога, мы народ жылісты. Выцягнем. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагуча́ць, ‑чыць; зак.
1. Утварыць гук, гукі. Два стрэлы прагучалі амаль адначасова. Марціновіч. // Раздацца, пачуцца. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.
2. перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуццё, настрой). Марку здалося, што ў голасе Блінкова прагучалі ноткі дабрадушнасці. Васілеўская. Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з іроніяй у голасе, у якой бадай-што прагучала пагроза. Шамякін. // Выклікаць уражанне, успрыняцца. Хоць і злажыў, а верш не прагучаў. Лужанін.
3. перан. Стаць шырока вядомым. [Віктар:] — Відаць, прагучыць твая гісторыя. Непрыемна будзе заводу... Савіцкі.
4. Гучаць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скандава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., што і без дап.
Выдзяляць націскны склад у кожнай стэпе верша (пра манеру чытання грэчаскіх і лацінскіх вершаў); чытаць верш, падкрэсліваючы ў ім метр. Я верш пісаў, рука мая здранцвела. Язык знямеў, скандуючы радкі. Дзяргай. // Гучна і выразна вымаўляць словы, дзелячы іх на склады. З цеплахода адказваюць па-шведску, скандуюць — моцны голас гэты гучыць над затокай: Дзя-куй! Мележ. Людзі дружна і смела пачалі крычаць, падступаць да папа, махаць рукамі, а яшчэ праз хвіліну і скандаваць: — Па-рус-ку! Па-рус-ку! Карпюк.
[Лац. scandere.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
улада́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які валодае правам наследавання ўлады. Уладарны князь.
2. Схільны загадваць, падначальваць сабе. Уладарны характар. □ [Старшыня] усклаў важкія кулакі на стол і, прыняўшы паставу ўладарнага кіраўніка, абвясціў Лямзікаву..: — Значыць, як дамовіліся. Быкаў. // Які выражае загад; настойлівы, патрабавальны. Калі мы з Сяргеем памкнуліся бегчы разам з усімі, пачуўся ўладарны голас Кімы: — Радысты, назад! Няхай. // Здольны рабіць моцны ўплыў на каго‑н. Уладарная прыгажосць.
3. перан. Неадольны, усемагутны. Уладарны наступ вясны. □ Уладарная сіла яго, гэтага аптымізму, як той незгасальны агеньчык, цяплілася недзе глыбока ў душы і сагравала неспакойную, прагную да ведаў, натуру юнака. Майхровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чара́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм.
1. Навесці кароткі моцны ўдар. // Ударыць, моцна стукнуць па чым‑н. Як пушчалка з прашчы, з густога натоўпу мільгануў камень і чарахнуў булахоўцу ў галаву. Машара. // Стрэліць кароткай чаргой з аўтаматычнай зброі. Яшчэ разоў колькі пачулася «Пароль?» і «Браўншвайг», а потым той, што падняў партызанскі кінжал, .. не стрываў: замест адказу, чарахнуў з аўтамата. Брыль.
2. Хутка адрэзаць (выразаць) кавалак чаго‑н. [Міхась] імгненна дастаў з кішэні маленькія нажнічкі і чарахнуў у Валі добрую пасму мяккіх валасоў каля вуха. Няхай. // Разануць чым‑н. вострым. Чарахнуць нажом па пальцах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́ры, ‑ая, ‑ае.
1. Азлоблены, гнеўны, раз’юшаны. Яшчэ і папы тады, ярыя такія, старарэжымныя, былі, і а імі трэба было вытрымаць добрую сутычку. Ермаловіч.
2. Празмерны ў сваім праяўленні; вельмі моцны. Ты толькі ў заўтрашняе глянь! Узнятая напорам ярым, увесь свет калгасная ралля да іншых дзён вядзе, таварыш! Дудар. У гневе ярай бітвы Я перамог амаль. Караткевіч.
3. Поўнасцю адданы чаму‑н. (якой‑н. справе, занятку і пад.). Яры рэакцыянер. Яры манархіст. □ Права народнай гаворкі на ўжыванне ў царкве не маглі адмаўляць самыя ярыя паборнікі царкоўнаславяншчыны і старыны. Шакун.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ду́жы ’моцны’, сюды і ду́жа ’вельмі’. Прасл. *dužьjь ’тс’ (утварэнне ад *dugъ: ст.-рус. дугъ ’сіла’, чэш. duh; гэта параўноўваюць з літ. daũg ’многа’, гоц. daug, ням. taugen ’падыходзіць’ і г. д.). Агляд форм (у тым ліку польск. dużo, рус. дю́же, бел. ду́жа, укр. ду́же) гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 167–168, 150; гл. яшчэ Фасмер, 1, 550; Слаўскі, 1, 181–182. Прасл. характар мае *dužiti (параўн. бел. ду́жыць; няма ў Трубачова), *dużati (sę) (параўн. бел. ду́жацца); гл. Трубачоў, там жа, 166–167.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ры́жык ’ядомы грыб з рыжай шапачкай’ (ТСБМ, Бяльк.; узд., барыс., Нар. словатв.; Сцяшк.), ’сурэпка, свірэпка’ (Бяльк.), рыжок, рыжкі, рышкі, рышке, ры́жыкі ’рыжык’ (віл., чэрв., нараўл., ганц., пух., шчуч., брасл., круп., воран., швянч., в.-дзв., даўг., ігн., Сл. ПЗБ), рыжо́к ’рыжык’ (ТС; мазыр., Янк. 2; ЛА, 1, карта № 285, Сцяшк. Сл., Дэмб., 1415; Бяс., 145), рыжа́к ’рыжык’ (Байк. і Некр., Дэмб., 1, 278, Гарэц.). Ад ры́жы (гл.) па колеры шляпкі грыба. Сюды ж рыжо́к ’здаровы, моцны, чырвоны чалавек (пра старога чалавека, звычайна пра дужага дзеда) (Янк. 2).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тру́маль ‘бітон’, труме́льчык ‘невялікая каструлька з ручкай’ (Рэг. сл. Віц.), сюды ж тру́ман ‘паходны жалезны чайнік з вузкім горлам і шырокім дном’ (Касп.), параўн. рус. пск. тру́моль ‘чайнік’. Рэгіянальнае запазычанне з лат. trumulis ‘конусападобны бляшаны сасуд, банка, чайнік’, якое з н.-ням., усх.-фрыз. trummel ‘барабан або іншы шумны моцны інструмент’, ‘бляшаны посуд з накрыўкай’, параўн. таксама ням. Trommel ‘барабан, вал, цыліндр’, якія праз ст.-в.-ням. trumba ўзыходзяць да франц. trompe ‘медны рог, труба, горн’ < італ. tromba ‘труба’ (Каруліс, 2, 432; Васэрцыер, 237).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)