хвілі́на, ‑ы, ж.
1. Тое, што і мінута (у 1 знач.). [Пятро:] — Да пасадкі заставалася хвілін дзесяць палёту. Мележ. Конан махнуў рукою: у нашым вясковым жыцці пяць хвілін — не час. Лобан.
2. Кароткі прамежак часу; момант, імгненне. Выходзіш. Хвіліну глядзіш, як хістаюцца Пад ветрам асіны над скошанай пожняю. Панчанка. Хурс цяпер цёрся каля ўсялякіх інтэнданцкіх кіраўніцтваў, .. але ні на хвіліну не спускаў вока з глухіх дарог. Чорны. // якая або чаго. Пэўны, чым‑н. прыкметны прамежак часу. [На плошчу] і сходзяцца людзі, каб пагутарыць аб сваіх справах ці проста каб правесці вольную хвіліну. Колас. Цяжкая хвіліна расставання заўсёды хвалюе. Няхай.
•••
З хвіліны на хвіліну — скора, вось-вось.
У адну хвіліну — вельмі хутка.
Хвіліна ў хвіліну — у час, у дакладна ўстаноўлены тэрмін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
храпці́, ‑пу, ‑пеш, ‑пе; ‑пём, ‑пяце; пр. хроп, храпла, ‑ло; незак.
1. Утвараць храп 1 (у 1 знач.). [Сцёпка:] Усе мае таварышы заснулі і моцна храпуць. Мне таксама хочацца спаць. Колас. Пацейчык падгарнуў пад сябе торбу з хлебам і заснуў, нават пачаў храпці. Чорны. // Разм. Моцна спаць, пераважна з храпам. Моцна стукнуўшы дзвярыма, .. [Кірыл], не распранаючыся, валіўся на ложак і амаль да паўдня хроп. Кавалёў.
2. Утвараць храп 1 (у 2 знач.). Конь хроп, з-пад яго капытоў выляталі камякі снегу. Бураўкін. Коні ашалела храплі і кідаліся на вароты. Сабаленка. Храпуць, іржуць коні, раз-пораз ускідваецца лаянка, гатова загарэцца бойка. Мележ. // Утвараць сіплыя гукі (аб прадметах). У зубах храпла і свістала маленькая счарнелая люлечка. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цалава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; незак., каго-што.
Дакранацца вуснамі да каго‑, чаго‑н., выказваючы пачуццё любві, удзячнасці, ласкі пры сустрэчы, на развітанне і пад. Маці абняла свайго сынка і пачала яго цалаваць. Чарнышэвіч. Вясёлая, бестурботная Ліда гуляла на сваім дворыку, занялася за кацяняткам, лавіла яго, туліла да шчакі, штось ласкавае гаварыла яму і цалавала. Колас. Перад тым, як пайсці з дому, .. [Змітрок] зноў шчыра пацалаваў сястру, як некалі цалаваў маці... Ваданосаў. / у перан. ужыв. Ляцеў насустрач хмельны ад шчасця, чысты вецер, цалуючы родныя твары, поячы салдат ранішняй свежасцю і водарам. Мележ. Калышуцца Прыпяці хвалі, Цалуюць пясок залацісты. Нядзведскі.
•••
Цалаваць рукі і ногі — вельмі прасіць, маліць. — Ён [ляснік] мне рукі і ногі цалаваў, абы я пусціў яго жывога. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цалкі́, ‑оў; адз. няма.
Абл.
1. Яечня, у якой жаўткі не змешваюцца з бялкамі. Тарэсяй звалась цётка гэта. Яна так ветла сустракала І надта ж добра частавала: Спячэ «цалкоў» на скавародцы, І так, бывала, наясіся, Што хоць на пупіку круціся. Колас. Неўзабаве мы сядзелі за круглым сталом — яна глядзела на мяне сваімі мр[о]йнымі вачамі і карміла: падала яешню з цалкоў, тварог на сподку і шклянку салодкага малака. Чыгрынаў.
2. Цэлая бульба, вараная ў лупінах. Ціт наліў пляменніку кубак першаку і паказаў на закусь, якую тут жа разгарнуў на складзеным у некалькі столак абрусе. То былі хлеб, сала цыбуля, бульбяныя, яшчэ цёплыя, цалкі. Кавалёў.
3. Зерні канапель, якія застаюцца цэлымі нястоўчанымі. Канапляныя цалкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цвяро́зы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ўжываў спіртнога; не п’яны. Непрыемна цвярозаму чалавеку глядзець на п’яных, і я паспешліва пачаў шукаць вачыма таго, хто мяне цікавіў. Карпюк. / у знач. наз. цвяро́зы, ‑ага, м.; цвяро́зая, ‑ай, ж. Лабановіч ужо зусім ап’янеў. Праўда, цвярозых тут і не было, апрача паненак, — яны былі толькі вясёлыя, — і Саханюка, які гарэлкі не піў. Колас. // Уласцівы такому чалавеку. — У п’яным выглядзе чалавек робіць тое, чаго ў цвярозым стане ніколі б сабе не дазволіў. Прокша.
2. перан. Разважлівы, сур’ёзны, якому не характэрны летуценнасць, фантазёрства. [Пятро Сцяпанавіч:] — Вы думаеце, хто яны, самыя цвярозыя рэалісты? Рамантыкі, у якіх выраслі зубы жыццёвай мудрасці. Палтаран. Цвярозыя думкі перамешваліся з абрыўкамі ўспамінаў, сапраўднае, перажытае чаргавалася з нейкімі зданямі. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. Паводле забабонных уяўленняў — уздзейнічаць чарамі, магічнымі прыёмамі на людзей. Матруна ёй [шаптусе] цягала Адзенне, грошы, сала, — Амаль усё занесла, што было, А тая ўсё шаптала, чаравала. Корбан. // над чым і без дап. Разм. Займацца справай, незразумелай, таямнічай для акаляючых. Так і тупаў [Пракоп] па сваіх сотках ды прышчапляў-перапрышчапляў, чараваў, мудраваў сам-насам. Кавалёў. Саня мясіў цеста, узбіваў яечныя жаўткі, абсмажваў бульбяныя кубікі, чараваў над соусам, гатаваў «фірменны» салат з радыскі. Пінчук.
2. перан.; каго-што. Вабіць, захапляць; прыносіць асалоду. Глядзіш на іх [грыбы] — і сэрцу міла, Як бы з іх сходзіць нейка сіла, Цябе чаруе, захапляе, Па жылах радасць разлівае. Колас. На гары высокай, Воддаль ад прысад, Чаравалі вока І палац і сад. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарня́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае цёмныя валасы і смуглы твар; з цёмнымі валасамі. Перад .. [Евай] стаяў незнаёмы чарнявы хлопец з бліскучымі цёмнымі вачыма. Колас. [Лёнік] зняў кепку,.. выцер далонямі мокрыя ад поту скроні, чарнявую галаву, твар. Марціновіч. // Чарнаваты, цёмны (пра валасы); смуглы (пра твар). Чарнявы, з тонкім носам і прыгожымі вусікамі твар лейтэнанта ажывіўся, у вачах мільганулі хітрыя іскрынкі. Мележ. Калі дзяўчына села і паправіла на галаве зблытаныя чарнявыя валасы, Святлана ўбачыла, што гэта — машыністка. Кулакоўскі. / у знач. наз. чарня́вы, ‑ага, м.; чарня́вая, ‑ай, ж. Алёшка ціха сказаў да чарнявага слова, і той пайшоў з хаты. Мікуліч. А там, за вечным ціхім снегам, Які не сходзіць з галавы, Дарожкі-сцежкі, што абегаў, Калі чарнявую лавіў. Семашкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чэ́рап, ‑а; мн. чарапы, ‑оў; м.
1. Шкілет галавы пазваночных і чалавека. Трапіўся б, скажам, на дарозе воўк (а іх тут багата зімою цягаецца), — Федзя адразу раскроіў бы яму чэрап і прыцягнуў у сяло. Ваданосаў. У супрацьлеглым канцы паляны мы знаходзім чэрап лася з пазваночным хрыбтом і абгрызеную лапатку. В. Вольскі. // Паверхня, верхняя частка галавы. Рэдкія валасы ледзь прыхоўваюць вылыселы чэрап. Мурашка.
2. часцей мн. (чарапы́, ‑оў). Абломак, асколак разбітага глінянага, шклянога, фарфоравага і пад. посуду. [Максім Астаповіч] зняў з акна вазончык і вынес на двор.., разбіў аб камень пасудзіну, усім вільготным влепкам узяў з чарапоў зямлю з раслінай і пасадзіў у .. зямлю. Чорны. Калі Базылёва маці агледзелася і знайшла чарапы ад збана, яна ўсю віну ўзлажыла на Янку. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпень, шпяня; мн. шпяні, ‑ёў; м.
1. Спец. Стрыжань падоўжанай цыліндрычнай ці чатырохграннай формы на паверхні дэталі, які ўваходзіць у паглыбленне другой дэталі для змацавання. Раніцою шпяні паступалі з перабоямі, давялося бегчы ў .. аддзяленне, званіць у камітэт камсамола — узнімаць бучу. Карпаў. // Завостраны стрыжань для насаджвання чаго‑н. Цяпер .. [Зіна] сядзела за столікам, дзе была раздатачная, і на вострыя, як шыла, шпяні натыкала чэкі, што брала ад афіцыянтак. Грамовіч. // Пра тое, што сваім знешнім выглядам, формай нагадвае такі стрыжань. Балоты абярнуліся ў суцэльныя вадзяныя пустыні, дзе .. выступалі адны толькі парыжэлыя купіны.. ды высокія шпяні алешын. Колас.
2. Частка ліцейнай формы, якая служыць для атрымання ўнутранай поласці адліўкі. На нашым участку мы робім шпяні для адліўкі дэталей аўтамабіляў. «Работніца і сялянка».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
юрыды́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з заканадаўствам, прававымі нормамі і іх практычным прымяненнем. Юрыдычнае пытанне. Юрыдычны доказ. Юрыдычная практыка. □ Пакуль школа не была яшчэ здадзена, Лабановіч адчуваў пад нагамі нейкі юрыдычны грунт, меў законную падставу заставацца там. Колас. // Звязаны з вывучэннем і навуковай распрацоўкай правазнаўства, юрыспрудэнцыі. Юрыдычная адукацыя. Юрыдычны факультэт. Юрыдычная тэрміналогія.
2. Такі, які мае афіцыйнае, фармальнае права на што‑н. Юрыдычны ўладальнік.
3. Які мае адносіны да юрыста, складаецца з юрыстаў. Юрыдычная грамадскасць.
•••
Юрыдычная асоба гл. асоба.
Юрыдычная кансультацыя — установа з калегіі адвакатаў для аказання юрыдычнай дапамогі насельніцтву і растлумачэння дзеючага заканадаўства.
Юрыдычны акт — рашэнне дзяржаўнага органа, якое ўстанаўлівае пэўныя правы і абавязкі грамадзян, калектываў, арганізацый, ажыццяўленне якіх забяспечваецца дзейнасцю дзяржаўнага апарату і судоў.
[Ад лац. juridicus — судовы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)