скла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Складзеная ў дзве столкі і загнутая палоска (на тканіне, паперы і пад.). Сынклета Лукічна апусціла галаву і доўга моўчкі перабірала складкі спадніцы. Шамякін. // Прамалінейны згіб на тканіне, паперы і пад. Усё было тое самае ў абліччы гэтага чалавека: у яго акуратным касцюме, у дакладнай складцы штанін. Лынькоў.

2. Няроўнасць, хвалісты згіб на тканіне, паперы і пад. Шаўковая накідка павісла пышнымі складкамі па баках. Мурашка. [Васіль] пакручваў вусікі, рыпеў па хаце новымі ботамі, без патрэбы зганяў на спіне складкі на гімнасцёрцы. Васілевіч. // Адвісласць або маршчына на скуры, целе. Дуброўскі быў яшчэ малады чалавек, вельмі паўнацелы, з гладзенькай адвіслай складкай пад падбародкам. Мележ. — Антаніна Мікалаеўна? — задумаўся Бярозін, і ў яго між [броваў] з’явіліся тры рэзкія складкі. Шчарбатаў.

3. Хвалепадобны згіб пластоў зямной кары. Складкі зямной кары. Складкі горных парод.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слуга́, ‑і, ДМ слузе, м.

1. У дарэвалюцыйным і замежным быце — чалавек для асабістых паслуг, прыслужвання. Загразла ў балоце панская брычка разам з панскаю сям’ёю, слугамі, коньмі, з усім панскім скарбам. Колас. — Тады паглядзім зблізку, што гэта за народ, — сказаў гаспадар і загадаў слузе: прасі! Маўр.

2. перан. Той, хто працуе ў імя каго‑, чаго‑н., адданы каму‑, чаму‑н. Каб у жыцці з праўдзівай жыў душою, З людзьмі на свеце добрымі дружыў, Каб я свайму народу быў слугою, Радзімаю, як маці, даражыў. Русак. Ідэальным паэтам для Купалы з’яўляецца паэт-грамадзянін — слуга народа. Івашын. // Той, хто выконвае чыю‑н. волю, з’яўляецца зброяй у чыіх‑н. руках. Слугі імперыялізму.

•••

Ваш пакорны слуга (уст.) — а) ужывалася замест «я» ў размове для выказвання пашаны да таго, з кім гавораць; б) ветлівая форма заканчэння пісьма, паслання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

судзі́цца, суджуся, судзішся, судзіцца; незак.

1. Звяртацца ў суд, мець справу з судом. Пятрусь хадовы чалавек, судзіцца ўмее. Брыль. // Весці судовую цяжбу з кім‑н. Не бярэ ніхто да сэрца, Што ні зробяць прастачкі; З імі біцца Ці судзіцца Не заведзена ў народзе. Жычка. Казалі, што неяк сорам судзіцца за дзесяць снапоў аўса. Крапіва. Нечым халодным, як асенняя шэрань, абдало тады Яніну ад гэтай размовы. Яна ўявіла сабе, як сорамна будзе ёй судзіцца з беднымі людзьмі. Кірэенка. Сам .. [Рыгор] пацішэў крыху. Раней жа праз увесь век свой усё судзіўся то з гэтым, то з тым. Чорны.

2. Быць пад судом, мець судзімасць.

3. таксама зак. Прадвызначыцца, пашанцаваць. [Мушка-зелянушка:] — «Ой, чаму ж ды не судзілася мне долі, — Што мяне і не сваталі ніколі?» Багдановіч.

4. Зал. да судзіць (у 2, 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумле́нна, прысл.

З годнасцю, як належыць. На судзе .. [Клінцэвіч] трымаўся смела і бадзёра, як чалавек, які сумленна выканаў свой абавязак перад партыяй і народам. Машара. Я ведаю толькі, што вашы сыны Сумленна, па-людску загінулі. Аўрамчык. [Лена:] — Жыві, Алесь, сумленна, любі людзей, рабі для іх усё, што можаш зрабіць, а шчасце само прыйдзе. Ваданосаў. // Старанна, шчыра. Працу [бабка Параска] любіла і працавала сумленна, бо іначай ёй нельга было жыць. Колас. Міша Грузд сумленна выканаў даручэнне. Адрас Віці, які яму далі ў настаўніцкай, нельга было ні забыць, ні пераблытаць. Жычка. // Без хітрасцей, выкручвання. [Міхал:] — Наадварот, я хачу, каб іх [законы] выконвалі сумленна. Карпаў. // Без падману, ашуканства, хлусні. Мы працавалі горача, каб ты Стаў сапраўды, рубель наш, залатым! Зароблены сумленна, ты ў хаты Нясеш усё, чым наш Саюз багаты. Панчанка. [Дзядзька Іван:] — Не ўмеў [зяць] сумленна з працы жыць, дык цяпер вось разлічваецца... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сусе́д, ‑а, М ‑дзе; мн. суседзі, ‑яў; м.

1. Чалавек, які жыве паблізу каго‑н. або побач з кім‑н. Потым Алік бліжэй «пазнаёміўся» з Леўкіным — яны сталі суседзямі, атрымаўшы сумежныя пакоі ў адной кватэры. Дадзіёмаў. Дзяцей з двара нікуды не выпускалі — каб яшчэ не надумаліся па суседзях хваліцца: «А наш татка дадому вярнуўся!» Васілевіч.

2. Той, хто займае месца, бліжэйшае да каго‑н. Фёдар Каваль сядзеў і ўсё паглядаў у акно, аж пакуль не прачнуліся суседзі па купэ. Хомчанка. Міхасёвым суседам справа, каля машыны № 7, стаіць Толя Касёнак. Брыль. Разам з .. [Толем] ішоў Міхась Прахарэвіч — яго лагерны дружбак і сусед па палаце. Якімовіч.

3. Дзяржава, мясцовасць, якія мяжуюцца з іншай дзяржавай, мясцовасцю, а таксама насельніцтва іх. Мае браты, мае суседзі, свабодны, новы польскі люд! Няхай жа песняй звонкай медзі красуе наша дружба тут! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяме́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае сям’ю (у 1 знач.), не адзінокі. [Павел Іванавіч:] — Сямейны чалавек [шафёр] ужо: жонка і двое дзяцей. Кулакоўскі. / у знач. наз. сяме́йны, ‑ага, м.; сяме́йная, ‑ай, ж. Дом адпачынку для сямейных.

2. Які мае адносіны да сям’і (у 1 знач.); звязаны з сям’ёй, з жыццём сям’і. Сямейнае выхаванне. Сямейны альбом. Сямейнае шчасце. Сямейная сцэна. □ Ад бабкі-старожкі Лабановіч збольшага ведаў сямейнае жыццё пана падлоўчага. Колас. [Вера Адамаўна] паехала ад нас па сямейных абставінах. Ермаловіч. У той жа дзень склікана была сямейная нарада. Крапіва. // Прызначаны для сям’і. Куцця была толькі асноваю сямейнай вячэры. Якімовіч. Там [у райкоме] сказалі, што ёсць свабодная сямейная пуцёўка на курорт. Кірэйчык. // перан. Прыветны, унутраны, дамашні. Сямейныя справы. □ Віктар неяк нечакана пераключыўся з сямейнай на літаратурную гаворку. Кавалёў.

3. Які грунтуецца на сямейнасці (у 2 знач.). Сямейны падыход у падборы кадраў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тапі́цца 1, таплюся, топішся, топіцца; незак.

1. Свядома пазбаўляць сябе жыцця, кідаючыся ў ваду; гінуць у вадзе. «Топіцца!» — раптам прамільгнула ў свядомасці, і радыстка кінулася ў ваду. Кулакоўскі. Ужо сціхаў ажыўлены гул галасоў, як з боку эстакады нехта крыкнуў: — Чалавек топіцца! Лынькоў.

2. Пагружацца ў што‑н. мяккае, зыбкае; вязнуць, засядаць у чым‑н. Ціха, павольна праходзіць аўтобус там, дзе нядаўна і трактар тапіўся. Дубоўка. // Быць цалкам пакрытым чым‑н. вязкім, вадкім. [Стафанковіч] выбрукаваў клінкерам адну вуліцу, па якой кожны дзень праязджаў у машыне, іншыя ж вуліцы пакінуў тапіцца ў гразі. Чорны.

3. Зал. да тапіць ​1 (у 1 знач.).

тапі́цца 2, топіцца; незак.

1. Награваючыся, станавіцца мяккім, вадкім.

2. Зал. да тапіць ​2.

тапі́цца 3, топіцца; незак.

Разм.

1. Тое, што і паліцца ​1 (у 1 знач.).

2. Зал. да тапіць ​3.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увасабле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. увасабляць (у 1 знач.) — увасобіць і стан паводле дзеясл. увасабляцца (у 1 знач.) — увасобіцца.

2. Перанясенне ўласцівасцей, рыс жывой істоты ці чалавека на з’явы, прадметы і паняцці.

3. Ажыццяўленне чаго‑н. у рэчаіснасць праяўленне ў канкрэтным вобразе, канкрэтнай форме. Машына — гэта матэрыяльнае ўвасабленне творчай думкі чалавека. □ Гусляр з паэмы Янкі Купалы «Курган» — .. герой народа, увасабленне яго магутнага духу. Каваленка. Сэрца [Галі] .. рванулася да хлопчыка як да жывога ўвасаблення любага ёй чалавека. Сабаленка. Камунізм — гэта рэальнае ўвасабленне гуманізму. «Звязда». // Пра таго, хто (або тое, што) з’яўляецца самым высокім праяўленнем якіх‑н. якасцей. Юнакі адчувалі сябе такімі ж смелымі і мужнымі, як тыя людзі, якія з’яўляліся для іх увасабленнем гераізму. Асіпенка. Кляпнёў .. доўга і мнагаслоўна прасіў прабачэння ў гаспадыні. Анёл, а не чалавек. Увасабленне найвышэйшай этыкі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узвалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., каго-што на каго-што.

1. Падняўшы што‑н. (звычайна цяжкае, грувасткае), пакласці, нагрузіць, наваліць. Узваліць мех на спіну. Узваліць куфар на воз. □ Сашка ўзваліў па плечы лодку, Вадзік узяў вёслы і вуды, і яны падаліся да возера. Гамолка. Чалавек дваццаць сялян, узваліўшы невад на сані, выходзіць на затокі. Колас. Павярнуўся [вознік], выскраб з-пад сябе сена і ўсё ўзваліў на Раю. Новікаў.

2. перан. Разм. Прымусіць выконваць якую‑н. работу, абцяжарыць работай. [Заранік:] — Мала паездак, дык на мяне яшчэ і сельгасаддзел узвалілі. Хадкевіч.

3. перан. Незаслужана абвінаваціць у чым‑н., прыпісаць каму‑н. што‑н. ганебнае. [Языковіч] узваліў на Зіну Дарошка бадай усю віну за недахопы ў брыгадзе. Кавалёў.

•••

Узваліць на плечы каго, чые, каму — тое, што і ускласці на плечы каго, чые, каму (гл. ускласці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успе́рціся, узапруся, узапрэшся, узапрэцца; узапромся, узапрацеся; пр. успёрся, ‑перлася; зак.

Разм.

1. Абаперціся, аблакаціцца на каго‑, што‑н. Стары давалокся да стала знясілены, усцягнуўся на край лавы і ўспёрся ўпалымі грудзямі на стол. Кірэенка. Нехта зноў свіснуў, ужо трохі смялей. Чалавек адказаў яму такім жа свістам і зноў успёрся на локаць. Крапіва. — Не, мне няцяжка, — бадзёра адказвае Косцік. А самому робіцца шкада маткі. Вунь якая яна. Белая і ледзь ідзе. — Ты ўзапрыся на мяне, узапрыся, пойдзем памаленьку, — гаворыць ён. Арабей.

2. Узлезці, узабрацца куды‑н., на што‑н. Адась успёрся на [плот] і пачаў глядзець на балота пад узгоркам. Чорны.

3. Рана ўстаць. Успёрся ў такую рань. □ А заспяваюць другія пеўні — ногі самі сабой ссоўваюцца з ложка. Дзіва — і мёртвы ўстаў бы, калі стары, крэкчучы, успёрся, пачаў сноўдацца па хаце. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)