адно́,

1. ліч. гл. адзін.

2. часціца абмежавальная. Разм. Толькі, выключна; больш нічога. [Андрэй] адно хмурыць твар і злосна страсае на лоб кучму бязладных сваіх валасоў. Зарэцкі. [Стары:] — Гаварыць можна адно тады, калі добра ведаеш чалавека. Бажко. Шпакі каля дарогі цэлы дзень адно крычаць. Колас. / У спалучэнні з словам «што». Зянон Ляпіч.. адно што дапытваў — катаваў сябе: чаму правароніў момант, калі немцы набліжаліся да вёскі? М. Ткачоў.

3. часціца ўзмацняльная (часта ў спалучэнні з часціцай «ж»). Разм. Узмацняе момант нечаканасці, раптоўнасці наступлення дзеяння. Бачу — адно ж зноў паваліў снег. Гляджу — адно ж едуць госці.

4. злучнік супраціўны. Разм. Злучае члены сказа і сказы з адносінамі неадпаведнасці (звычайна ў спалучэнні са словамі «што», «толькі»). Па свайму значэнню адпавядае злучнікам «толькі», «аднак». [Андрэй] жыў там некалькі дзён, а цяпер перабраўся на кватэру, вельмі добрую, адно што цесную. Чорны. Наталя не перамянілася, адно толькі, што папаўнела. Скрыган. / У спалучэнні з часціцай «ж». [Цёця Каця:] Мне здавалася раней, што ваша жонка чарнявая, адно ж яна бландзінка. Крапіва.

5. злучнік далучальны. Разм. Далучае сказы, якія дапаўняюць або ўдакладняюць выказаныя раней думкі. Навакол былі лясы, кары хапала, адно еш на здароўе. Чорны. У вайну.. [Полацк] быў дашчэнту разбуран нямецка-фашысцкімі захопнікамі, адно ляжалі горы руін, тырчалі абломкі сцен. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да..., прыстаўка.

1. Надае дзеясловам значэнне а) давядзення дзеяння да поўнага завяршэння, канца; дасягнення мэты, мяжы якога‑н. дзеяння, напрыклад: даараць, дапісаць, давучыць, даварыць, дабегчы, дажыць, дабрацца, дазваніцца; б) папаўнення чаго‑н. да пэўнай меры, а таксама прыбаўкі звыш нормы, напрыклад: даліць, дасыпаць, дабавіць; в) (з часціцамі ‑ся, ‑ца, ‑цца) адмоўнай ацэнкі вынікаў дзеяння, напрыклад: дагуляцца, даскакацца, дастукацца.

2. Утварае прыметнік са значэннем: які адбываўся раней таго, што абазначана асновай, напрыклад: дакастрычніцкі, дарэформенны, дагістарычны.

3. У спалучэнні з кароткімі якаснымі прыметнікамі ўтварае прыслоўі спосабу дзеяння, напрыклад: дагала, дабяла, дачыста, дасуха.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіва́цтва, ‑а, н.

1. Незвычайнасць у схільнасцях, звычках, паводзінах. — Ха-ха! Дзіўна! І не пратэставаць і не маўчаць! Ха-ха. Вось гэта і ёсць дзівацтва. Галавач. [А. Гурло] быў чалавек надзвычай сціплы, і гэта сціпласць даходзіла часам да дзівацтва. Хведаровіч.

2. Дзівацкі ўчынак, жаданне; капрыз. Раман Дзянісавіч расказваў пра навіны на трактарным заводзе, куды ён перайшоў гады два назад са станкабудаўнічага. Пераход гэты Марынка лічыла проста дзівацтвам: станкабудаўнічы завод быў амаль побач, бацька працаваў на ім майстрам-слесарам. Хадкевіч. Невялічкую падробку пад Пушкіна я заўважаў і раней, але глядзеў на яе, як на маладое дзівацтва. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́паць 1, ‑пця; Р мн. ‑пцей; м.

1. Сялянскі абутак, плецены з лыка, бяросты ці вяровак. Лазовыя лапці. Вяровачныя лапці. □ Сівабароды стары ў сівым армяку, у лапцях, з торбай, стаяў ля пераезду, паклаўшы рукі на кій. Хадкевіч.

2. перан. Разм. пагард. Пра адсталага, некультурнага чалавека.

•••

Абуць у лапці гл. абуць.

На лапці не аб’ехаць гл. аб’ехаць.

Плесці кашалі з лапцямі гл. плесці.

ла́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Разм. Хапаць, мацаць рукамі. [Груня:] Адыдзі! Раней вытры нос, а потым лапай... Гурскі. Маці цяжка ўздыхала, ўпоцемку лапала па чарэні — намацвала лучыну. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажыві́цца, ‑жыўлюся, ‑жывішся, ‑жывіцца; зак.

Разм.

1. Знайсці для сябе якую‑н. ежу, пажыву. Чарада кур, згледзеўшы гаспадыню і спадзеючыся пажывіцца, кінулася да яе з усіх канцоў двара. Колас. Ніхто не арэ стэп, і.. [крумкачам] няма дзе пажывіцца, як раней, ходзячы па барознах за аратым. Няхай.

2. Узяць для сябе што‑н. чужое; атрымаць якую‑н. карысць з чужога. Абмацаўшы чужыя торбы і нічога ў іх не знайшоўшы, чым бы можна было пажывіцца, Суконка зусім засумаваў. Паслядовіч. Калгаснікі пяці вёсак Загальскага сельсавета не далі ворагу пажывіцца грамадскай маёмасцю. Залескі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце, ‑мятуць; пр. перамёў, ‑мяла, ‑мяло; заг. перамяці; зак., што.

1. Падмесці нанава, яшчэ раз. Мама і стол заслала настольнікам, і хату разы два перамяла, і хвартух новы падвязала. Брыль.

2. Падмесці ўсё, многае. Перамесці ўсе пакоі.

3. Падмятаючы, перамясціць куды‑н., цераз што‑н. Перамесці смецце цераз парог.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Замесці, засыпаць снегам упоперак (дарогу, шлях і пад.). Мяцеліца перамяла дарогу. / у безас. ужыв. Заняткі скончыліся раней, каб слухачы з іншых вёсак маглі дайсці дадому, покуль не перамяло дарог. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праўдзі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які любіць праўду, схільны гаварыць праўду. Семіпалаў аказаўся сумленным і праўдзівым чалавекам. Колас. Добры, успаміналі суседзі Андрэя, чалавек быў, праўдзівы, разумны. Васілевіч. // Які выражае праўдзівасць як уласцівасць характару. Твар быў даўгаваты, лоб шырокі і маршчыністы, вочы шчырыя і праўдзівыя. Чарнышэвіч.

2. Які адпавядае праўдзе, заснаваны на праўдзе. Праўдзівая аповесць. □ Калгаснікі выказалі вялікую ўдзячнасць [пісьменнікам] за праўдзівы наказ іх працоўнага жыцця. Хведаровіч.

3. Разм. Сапраўдны. Якуб Цімохавіч Кубраковіч, як было яго праўдзівае імя, быў раней настаўнікам у нашай Шамаўскай воласці, так што ведалі тут усю яго нешчаслівую гісторыю. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызапа́сіць, ‑пашу, ‑пасіш, ‑пасіць; зак., што і чаго.

Зрабіць запас чаго‑н. Я трохі грошай прызапасіў і рашыў не марнаваць часу, а ваяваць за свой праект. Хомчанка. Не, на два тыдні — мала. Харчы трэба прызапасіць не менш як на два месяцы. Гурскі. Ты мне, Кузьма, падкінь які воз саломы, — просіць Птах. — А я табе к зіме трохі газы прызапашу. Навуменка. // Падрыхтаваць, зрабіць што‑н. загадзя. Мы ўжо даўно прызапасілі ёмкія кляновыя дручкі, нарэзалі гладкіх дубовых кацёлак. Якімовіч. — Брускоў і грабільнаў я прызапасіў раней, вунь тырчаць пад застрэшшам. Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прынале́жнасць, ‑і, ж.

1. Уваходжанне ў склад чаго‑н., дачыненне да чаго‑н. Нацыянальная прыналежнасць. □ Праўда, ад мундзіра застаўся толькі пакрой і матэрыя, усе ж адзнакі яго прыналежнасці да катэгорыі мундзіраў польскіх вайскоўцам — каўнер, гузікі з белымі арламі — дзед Талаш павыпорваў. Колас. [Надзя:] — І ўсіх [людзей] будзе аб’ядноўваць прыналежнасць да адной партыі, партыі камунізма. Лынькоў.

2. Неад’емная ўласцівасць, прыкмета чаго‑н. У п’есах Марцінкевіча важная роля адводзіцца куплету, які раней быў абавязковай прыналежнасцю вадэвіля. Ярош. Наяўныя ў ранніх беларускіх пісьмовых помніках царкоўнаславянізмы былі амаль выключна прыналежнасцю кніжнай пісьмовай мовы. Жураўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скупля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Незак. да скупіць.

2. Купляць з мэтай перапродажу ці нарыхтоўкі; займацца скупкай. У колішнія часы скупляў Сіпак зямлю за нішто ў салдатак. Лынькоў. Расказалі жывёлаводкі, як раней нейкі купец скупляў у іх ваколіцах худую жывёлу і маладняк, адкормліваў бульбай і брагай і прадаваў на бойню. Місько. [Феадал] скупляў пяньку, лён, ільнасемя, збожжа ў сялян па ганнай цане і затым збываў іх на тым жа мясцовым рынку вясной, калі цэны па прадукты сельскай гаспадаркі былі больш высокія, або, што часцей сустракалася, адпраўляў па экспарт. «Весці».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)