фро́нда, ‑ы, ДМдзе, ж.

1. Буржуазна-дваранскі рух супраць абсалютызму ў Францыі сярэдзіны 17 ст. // Наогул якая‑н. апазіцыя, што супрацьпастаўляе каму‑, чаму‑н. свае погляды, сваю палітыку і пад. Нездарма ў яго [Галоўнага] часта бывалі вострыя сутычкі з Адамам Стронгам і яго падапечнай літаратурнай фрондай. Паслядовіч.

2. перан. Кніжн. Незадаволенасць кім‑, чым‑н.; франдзёрства. Прычыны ж гэтай фронды і ўсяго Косцевага няправільнага жыцця аўтар бачыць у пласцінках джазавай музыкі, у залішнім ужыванні рому. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ця́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Гіст. Абкладзены цяглом. Акрамя цяглых, службовых і рамесных сялян, сельскую мясцовасць Вялікага княства Літоўскага насялялі іншыя групы сялянства. Булыка.

2. Гіст. Звязаны з адбываннем паншчыны коньмі, жывёлай. Больш чым у палавіне маёнткаў сяляне працавалі на памешчыка па З дні цяглых і па З дні пешых у тыдзень. Лушчыцкі.

3. Разм. Стромкі, высокі (пра дрэвы). Я свой парус узняў, і знікае За ўспененай хваляй сівой Цаласа галькі берагавая, Дзе стаіш ты пад цяглай сасной. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чужы́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Разм. Тое, што і чужы (у 1 знач.). Парабчанка Кацярына Жне чужынскае дабро. Броўка.

2. Які мае адносіны да чужынца, належыць яму. Над Паставамі хмарай качаецца дым, ад матораў чужынскіх аж стогне абшар. Дубоўка. Толькі той у баях пераможа, Зломіць люты чужынскі рух, Хто пад націскам зграі варожай Захавае свой цвёрды дух. Глебка. // Такі, як у чужынца; халодны, суровы. — А дзе мая шапка? — спытаў [Панця] сурова і ўстрывожана. — Га? — І апёк бацьку бязлітасным, чужынскім позіркам. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́ста,

1. Прысл. да чысты.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць чысціні, адсутнасць пылу, бруду дзе‑н. У хаце было чыста і акуратна. Колас. У зале чыста і ўтульна. Аркестр з акардэона, скрыпкі і флейты іграе венгерскія мелодыі. В. Вольскі.

3. у знач. параўнальнага злучн. Разм. Зусім як, быццам. [Параска:] — Ну чыста дзеці малыя! Да старасці будуць у забаўкі гуляць. Місько. Чыста звярыны рык разлёгся па двары. Гэта ўзбунтаваўся Гвація. Самуйлёнак.

•••

Увесь (уся, усё, усе) чыста гл. увесь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., без дап., на каго-што і з дадан. сказам.

У выразе: (і) не шманае — не звяртае ніякай увагі, не рэагуе на каго‑, што‑н., захоўвае поўны спакой. — І дзе ты гэтак налупіўся, Каб ты смалы ўжо быў напіўся. Ото натура! — жонка лае, А ён [Міхал] смяецца, не шманае. Колас. — Старэйшы [сын] і не шманае, што заўтра на вайну пойдзе, а меншы — дзіцё... Чарнышэвіч. І не шманаюць [жывёлы], што плывуць. Вада, а страху — ані знаку. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́льда, ‑ы, Мдзе, ж.

Дошка з надпісам назвы ўстановы, прадпрыемства і пад.; вывеска. Ходзячы каля прыстанцыйных будынкаў, заўважыў [Анатоль] на адным з іх шыльду «Пошта», зайшоў туды. Пальчэўскі. Новая кватэра, куды пераехалі Віталік і Раман; знаходзілася ў доме з шыльдай «Дзіцячы свет». Даніленка. // перан. Знешні, паказны бок каго‑, чаго‑н. Адлучыўшы ад Марыны хараство, гэту дзявочую шыльду, ад яе засталося б мала. Колас. Лозунг беспартыйнасці быў для.. [буржуазіі] толькі шыльдай, якой яна крывадушна прыкрывала сваю контррэвалюцыйную сутнасць. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эмбле́ма, ‑ы, ж.

Прадмет ці відарыс прадмета як умоўнае ці сімвалічнае вырашэнне якога‑н. паняцця, ідэі. Серп і молат — эмблема яднання рабочых і сялян. □ Яны ідуць, дзе зоры свецяць, Сцягі пад сонцам шалясцяць, Яны нясуць працоўным свету Эмблему роўнасці й жыцця. Трус. Валодзька з’явіўся ў клубе ў чорным новенькім шынялі, у форменнай фуражцы з эмблемай, наглянцаваных чаравіках. Кірэйчык. Зубр — сімвал імклівай сілы — робіцца эмблемай магутнага і нястрымнага руху наперад маладой беларускай сацыялістычнай індустрыі, сімвал «машыннай сілы краіны». В. Вольскі.

[Грэч. ēmblēma — устаўка; рэльефная аздоба.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Аптэ́ка. Дыял. гапты́ка. Ст.-бел. аптыка (Булыка, Запазыч.), аптека, аптекаръ, аптекарка (Гіст. лекс., 154–155). Рус. аптека (з XVII ст.; таксама ў форме оптека, абтыка; аптекарь с 1583 — Шанскі, 1, А, 133. У XIX ст. фіксуецца таксама апотека). Укр. аптека, дыял. аптика з XVI ст.; аптекаръ з XVII ст. Першыя аптэкі на тэрыторыі Беларусі ў Пінску (1561) і Брэсце (1566) (БелСЭ, 1, 399). Рус.-ц.-слав. апотека (XIV ці XV ст.) — ’свіран’ (Міклашыч, Lex. palaeosl). Польск. apteka, дыял. aptyka, haptyka (з XV ст. apoteka, з XVI ст. apteka). Беларускае слова з польскай (а не з рускай, як лічыў Крукоўскі, Уплыў, 88), дзе apoteka з чэшскай (Рэчак, Bohemizmy, 31) ці непасрэдна з лацінскай (Клеменсевіч, 145), а apteka з нямецкай (н.-ням. aptek, балт.-ням. aptheke (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 23). Крыніцай нямецкага і чэшскага, а магчыма, і польскага слова была лацінская мова, у якой у сярэднія вякі ўжо было вядома спецыялізаванае значэнне ’магазін лякарстваў’. Лац. apotheca і рус.-ц.-слав. апотека з грэч. ἀποθήκη ’склад, свіран’. У бел. дыял. гаптыка г можа быць і беларускай з’явай, а ы хутчэй за ўсё з польскай, дзе, магчыма, з чэшскай, а магчыма, і на ўласнай глебе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́рфа1 ’музыкальны інструмент’, сустракаецца ўжо ў XVI ст. (Шакун, Гісторыя, 106), у Бярынды, 12, 28: бряцало і гусльгарфа, арфистагудецъ у Лексісе Зізанія: арфа. Паводле Шанскага, 1, А, 150, рус. арфа з XVII ст. з польск. arfa, паводле Фасмера, 1, 90, з нямецкай, як і польскае (гл. яшчэ Маргаран, ЭИРЯ, 6, 91; Шанскі, ЭИРЯ, 4, 182). Ст.-бел. арфа, арфиста з польскай мовы, магчыма, што рус. арфа, арфиста (арфист — пазнейшае пераафармленне) таго ж паходжання. У польск. arfa, harfa з ням. (агульна-германскага) Harfe (раней Harpfe) (Слаўскі, 1, 406). Сучасная літаратурная форма арфа замацавалася, магчыма, пад рускім уплывам (Крукоўскі, Уплыў, 84), дзе ў адрозненне, напр., ад польскай і ўкраінскай форма з пачатковым г‑, здаецца, не вядома. Арфіст з рускай, напэўна ў XX ст.

А́рфа2 ’веялка’, арфава́ць, арфава́льшчык (БРС, Яруш.), у дыялектах распаўсюджаны формы з субстытуцыямі ф: арпа, арпаваць (Касп., Жд.), арха, архаваць (Касп., Янк. I, Сцяц., Арх. Бяльк.), гархаваць (Выгонная, Лекс. Палесся, 82); асобна гл. арба2. Паводле Слаўскага, 1, 406, у польскай мове XVII ст. harfa ’прылада для ачышчэння збожжа’ з нямецкай, дзе Getreideharfe ’веялка’. З польскай у беларускую, з польскай ці беларускай у літ. ar̃pas, árpa, árba (LKŽ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Знаць што‑н., мець уяўленне пра што‑н. Ведаць жыццё вёскі. □ Дабрацца летам да Глухога вострава мог толькі той, хто дасканала ведаў звілістыя сцежкі між дрыгвы і куп’я. Колас. Месца пад падлогай, кожную дошку самой падлогі Міколка ведаў, як свае пяць пальцаў. Лынькоў. І ўсё ж горад здаваўся.. [Галіне] нечым непадобным на той, якім яна ведала яго дагэтуль. Мележ. // пра каго-што, аб кім-чым і без дап. Мець звесткі пра каго‑, што‑н. [Карага:] — А дзе.. [бацька] цяпер — не ведаю; і ты, брат, відаць, не ведаеш аб сваёй радні. Колас.

2. Мець веды, навыкі, умець рабіць што‑н. Ведаць урок. Ведаць матэматыку. □ Вядома, што Багушэвіч добра ведаў польскую мову, чытаў многіх польскіх пісьменнікаў, нават сам пісаў вершы па-польску. Ларчанка.

3. Быць знаёмым з кім‑н. Раптам.. падышла маладая дзяўчына. Зося яе не ведала. Чорны. Сцяпана ўсе ведалі як.. памяркоўнага чалавека. Кавалёў. // Адрозніваць ад другіх. Мікола добра ведае гэтыя шэрыя пранізваючыя вочы [сакратара]. Бядуля.

4. Усведамляць, уяўляць; разумець. [Масладуда:] — Ну, не гаруй, не такі ён хлопец, каб загінуць ні за што ні пра што. Ён сваю дарогу ведае. Лынькоў. Мы ведалі: вайне-грабежніцы не пакасіць нас, не пажаць. Панчанка.

5. Перажываць, адчуваць; мець справу, знацца, знаць. І горшай у свеце навалы Не ведаў ніколі народ. Колас. Сэрца.. [жанчыны] поўнілася пяшчотаю да гэтага няшчаснага хлопчыка, які не ведае нават, што такое звычайная чалавечая ласка. Шамякін. Маёнтак быў зусім пад бокам, а ў панскіх пакоях — такі прастор, якога дагэтуль не ведалі ні кадрыль, ні лявоніха. Брыль. Кучаравая галава [Гушкі] амаль што ўсе дні на дварэ не ведала шапкі. Чорны.

6. кім-чым. Кіраваць, распараджацца кім‑, чым‑н. Ведаць трэстам. Ведаць перапіскай.

7. і з дадан. дап. Памятаць, не забываць. [Васіль:] — Ведай вось, як з пустымі рукамі хадзіць. Брыль. Няхай жа ведаюць бандыты, Што гэта кроў падзе на іх. Колас.

8. у знач. пабочн. Ужываецца ў тых выпадках, калі неабходна звярнуць увагу субяседніка на тэму гутаркі. [Клава:] Ведаеце, я забылася тую песню пра косы. Крапіва.

•••

Бог (святы) ведае (хто, што, куды, колькі, які) гл. бог.

Бог (чорт, пярун, ліха, халера) яго (цябе, яе, вас, іх) ведае гл. бог.

Будзеш (будзеце і г. д.) ведаць — форма пагрозы каму‑н.

Ведай (знай) нашых; няхай ведаюць (знаюць) нашых — вось мы якія, вось з кім маеце справу. — Хапіліся! — задаволена кажа Жаўтых, седзячы на дне, і радасна смяецца, густа наморшчыўшы свой зашчацінены за ноч сіняваты твар. — Усё ж абдурылі — ведай нашых! Быкаў.

Ведаць дарогу — папярэдне быць знаёмым з чым‑н.

Ведаць (паказаць), дзе ракі зімуюць — ужываецца як пагроза.

Ведаць меру — трымаць сябе ў пэўных рамках, устрымлівацца ад лішняга.

Ведаць не ведаю, знаць не знаю — аб поўным няведанні чаго‑н., нежаданні знацца, мець справу з кім‑, чым‑н.

Ведаць, пачым фунт ліха — пазнаць, як цяжка жыць у горы, нястачы. Сама Аўдоля хапіла гора нямала. Ведае, пачым фунт ліха. Крапіва.

Ведаць сваё месца — весці сябе адпаведна свайму становішчу, не ўмешвацца не ў свае справы; быць сціплым.

Ведаць толк у чым‑н. — разбірацца ў чым‑н. з веданнем справы.

Ведаць у твар — ведаць каго‑н. з выгляду, але не быць знаёмым.

Ведаць усе хады і выхады — добра ведаць што‑н., мець дакладныя звесткі аб чым‑н., быць сваім чалавекам дзе‑н.

Ведаць цану каму‑, чаму‑н. — ведаць хто (або што) чаго варты.

Ведаць як аблупленага — вельмі добра ведаць каго‑н.

Ведаць як свае пяць пальцаў — вельмі добра, грунтоўна ведаць што‑н.

Ліха ведае (хто, што, які, куды і пад.) гл. ліха.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) вочы дзець (падзець) — пра пачуццё вялікага сораму.

Не ведаць, куды (дзе) дзецца (падзецца) — а) разгубіцца, збянтэжыцца ад сораму, непакою; б) разгубіцца ад нечаканай пагрозы.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі дзець (падзець) — пра збянтэжанасць, пачуццё сарамлівасці.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) сябе дзець (надзець) — не ведаць, чым заняцца.

Хто яго (цябе, яе, вас, іх) ведае гл. хто.

Чорт ведае (хто, што, які куды і пад.) гл. чорт.

Чорт ведае што! гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)