лёс 1, ‑у, м.
1. Ход падзей, якія складваюцца незалежна ад волі чалавека; збег акалічнасцей. [Ігнат:] — Калі ўжо лёс звёў нас у адзін гурт, я іменем партыі патрабую дысцыпліны. Мікуліч. Добры лёс паслаў .. [Крамарэвічу] чалавека з душой і розумам. Чорны.
2. Доля. Людскі лёс. Жаночы лёс. □ Бацькам маім нялёгкі выпаў лёс: Яны ў баях нам здабывалі волю. Свірка.
3. Развіццё чаго‑н.; далейшае існаванне, будучыня. Гістарычны лёс нацыі. Лёс чалавецтва. □ Непакой за лёс разведчыкаў ахапіў усю роту. Васілёнак. Атрад зрабіў круты і раптоўны паварот на паўднёвы ўсход, назад, у глыб пушчы. Гэты круты паварот ледзь не стаў паваротам у лёсе атрада. Брыль. Косцік ляжаў.. і не ведаў, што сёння вырашаецца яго лёс. Баранавых.
•••
Іронія лёсу гл. іронія.
На волю лёсу гл. воля.
лёс 2, ‑у, м.
Глебаўтваральная рыхлая горная парода светла-жоўтага колеру; жаўтазём.
[Ням. Löss.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засце́нак 1, ‑нка, м.
Месца жорсткіх катаванняў у час следства і допыту ў Маскоўскай Русі (гіст.). // Пра жандарскія, фашысцкія і пад. установы, дзе праводзяцца допыты з катаваннямі арыштаваных. Маці гэтых дзяцей была падпольшчыца, у торбе з жытам яна разносіла лістоўкі і загінула ў фашысцкіх засценках смерцю гераіні. Кулакоўскі.
засце́нак 2, ‑нка, м.
Гіст.
1. Землі, якія не ўвайшлі ў сялянскія надзелы пасля ўвядзення ў Рэчы Паспалітай валочнай сістэмы землекарыстання (1557 г.).
2. Хутар або невялікае паселішча дробнай шляхты, якая арандавала гэтыя землі. Ідзе Міхал, прад ім сяліба, Засценак добра так знаёмы, І хоць няважныя харомы Тут гэта шляхта збудавала, Але жыве і гора мала! Колас. Не ведаю чаму, але стачынцы называлі сваю вёску засценкам. Можа таму, што ўсе яны былі з шляхты: розныя Стычынскія, Мысліцкія, Бранавіцкія і іншыя бедакі з радавітымі прозвішчамі. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зацвісці́, ‑цвіту, ‑цвіцеш, ‑цвіце; ‑цвіцём, ‑цвіцяце; зак.
1. Пачаць цвісці; распусціцца, раскрыцца (пра кветку). Марына Паўлаўна тлумачыла дзецям, якія кветкі дзе трэба садзіць, каб тады, калі яны зацвітуць, быў прыгожы падбор фарбаў. Васілевіч. // Пакрыцца кветкамі. Сад зацвіў. □ Паглядзіш з горкі ўвесну, як зацвітуць дрэвы, здаецца, быццам хтосьці ўсё малаком абліў. Пальчэўскі.
2. перан. Зрабіцца радасным, ажыўленым (пра чалавека, яго твар, вочы). Як глянула на гэту фатаграфію, радасцю зацвіла дзяўчына, і шчокі яе макам загарэліся. Колас. Зацвіў усмешкай.. бацькаў твар. Астрэйка.
3. перан. Пачаць пышна развівацца; расквітнець. І па волі вялікага Леніна Дружна рушаць атрады на бой, Каб жыццё і квяціста і зелена Зацвіло над Бярозай-ракой. Глебка.
4. Пакрыцца, напоўніцца водарасцямі (пра ваду). Вада зацвіла.
5. Пакрыцца цвіллю, плесняй. Хлеб зацвіў. Сыр зацвіў.
6. Пакрыцца плямамі (пра шкло, метал).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзяля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Участак лесу, адведзены пад высечку або ўжо высечаны. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку, якую адвялі калгасу. Ермаловіч. — Такія елкі, як на плошчы, прывозяць з дзялянак, дзе сякуць лес, а не абы-адкуль. Хадкевіч.
2. Участак зямлі, адведзены для якой‑н. мэты (апрацоўкі, забудовы і пад.). Усе пайшлі аглядаць доследныя дзялянкі, якія былі тут жа, за палацам. Дуброўскі. Дзяўчынка адводзіць сваёй казе раскошную дзялянку: метраў дваццаць ва ўсе бакі ад убітага ў зямлю коліка. Кулакоўскі.
3. Абл. Кавалак чаго‑н. Бабіцкая разгарнула скрутак: там была круглая буханка жытняга хлеба і дзялянка сала. Гурскі. // Частка, доля ад чаго‑н. (пры дзяльбе). Актыўны гуманізм рыбакоў праявіўся ў аднадушным рашэнні даваць дзялянку з кожнага ўлову ўдаве Прахора і старому Сымону. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дол, ‑у, м.
1. Паверхня зямлі, зямля. Схіліцца к долу. Апусціцца на дол. □ Расце земляны вал, ніжэй у дол уваходзяць землякопы. Колас. Лугавінай, чвякаючы чаравікамі па мокрым доле, хлопцы дабіраюцца да ручая. Навуменка. // Падлога ў памяшканні, звычайна земляная. Укрыты металічнымі плітамі дол падмецены, паліты вадою. Карпаў. І толькі самае малое не зважала ні на што, поўзала сабе ракам сярод хаты па земляным доле. Лобан.
2. Даліна, нізіна. Сцяжынкі ад усіх хутароў, якія стаяць на доле, бягуць сюды, на ўзгорак, як бы на якую параду. Броўка.
3. Магільная яма. Толькі тады, як цалаваў апошні раз матчыны халодныя вусны, я закрычаў як сам не свой і ледзь не кінуўся следам за труною ў халодны глыбокі дол. Сабаленка. Хавалі бацьку летнім пагодлівым днём. На новым могільніку, пад маладымі бярозамі. На пагорку выкапалі дол. Паўлаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дражні́ць, дражню, дражніш, дражніць; незак., каго-што.
1. Знарок, наўмысна злаваць, раздражняць чым‑н. Дражніць сабак. □ [Нюрка] наогул мала калі сядзела спакойна на месцы. То імчалася да бацькі ў краму і мыла там падлогу, то дапамагала заганяць у хлявы калгасных цялят, то дражніла панурага скнару Колю. Даніленка. // Паўтараць у смешным выглядзе чые‑н. словы, рухі і пад. Нехта дражніць мяне: Кашляну, — і ў адказ кашляне І схаваецца недзе... Куляшоў. — Вось як прыпільную, дык я на тваёй галаве патраву зраблю, — дражніць Цімох Кустрэя. Колас. // Называць крыўднай мянушкай. — Смыкам дражняць мяне, а сапраўднае прозвішча Скрыпка. Гурскі. Дзеці дражняць Сцёпку сцяблом-граблом, відаць, за доўгія ногі. Хомчанка.
2. Узбуджаць, распальваць, выклікаць якія‑н. пачуцці, жаданні. На сталах на гэтых страва Дражніць нос прынадным пахам. Крапіва. Вобраз панны Ядвісі стаяў неадступна ў вачах, дражніў .. [Лабановіча], кудысь зваў і смяяўся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мяшо́к, ‑шка, м.
1. Тое, што і мех 1 (у 1 знач.). Мяшкоў не хапіла, каб сабраць, звезці з поля тыя жоўтыя, сакавітыя пачаткі, якія вырасціла дружнае звяно. Бялевіч. // Невялікі мех. Рэчавы мяшок. Парашутны мяшок.
2. Тое, што і мех 1 (у 2 знач.). Прывезлі [парабкі] з млына воз мліва пудоў з дваццаць — чатыры мяшкі. Бядуля.
3. перан. Разм. Аб непаваротлівым, нязграбным або някемлівым чалавеку.
4. Спец. Поўнае акружэнне войска праціўніка. Праз некалькі дзён немцы блакіравалі ўвесь раён. У мяшку апынулася ўся брыгада Стронгіна. Гурскі.
5. Спец. Прыстасаванне ў жывёл і раслін для змяшчэння чаго‑н. Паветраны мяшок. Зародкавы мяшок.
•••
Залаты мяшок — пра вельмі багатага чалавека.
Каменны мяшок — цесная нізкая турэмная камера, у якой цяжка выцягнуцца на ўвесь рост, а таксама турма наогул.
Купіць ката ў мяшку гл. купіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазбіва́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Збіцца, з’ехаць з месца ад удару, рэзкіх рухаў — пра ўсё, многае. Шапкі пазбіваліся на бок.
2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Стаць нягодным, знасіцца — пра ўсё, многае. Падковы пазбіваліся. □ У маленькага Васілька паабдзіраліся насы ў чаравічках і пазбіваліся абцасы. Броўка. За вясну раскаваліся коні і пазбіваліся шыны на колах. Чыгрынаў.
3. Сабрацца разам — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Пазбіваліся дзеці ў гурт. □ Хаты пасёлка, якія ў цэнтры, пазбіваліся ў кучу,.. на ўскраіне паступова адсоўваюцца адна ад адной. Сіпакоў.
4. Збіцца, адхіліцца ад правільнага напрамку — пра ўсіх, многіх. Пазбіваліся людзі з дарогі.
5. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Збіцца, зваліцца — пра ўсё, многае. Кудзеля ад старасці пазбівалася ў лямец. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палёт, ‑у, М ‑лёце, м.
1. Рух, перамяшчэнне ў паветры ў якім‑н. напрамку. Палёт ракеты ажыццяўляўся строга па зададзенай траекторыі. «Звязда». // Характар, манеры, асаблівасці такога перамяшчэння. Бясшумны палёт. // Спец. Акрабатычны скачок на вялікую адлегласць або на вялікай вышыні. Палёт пад купалам цырка.
2. Авіяцыйны вылет, рэйс. У дзень палётаў лётчыкі прачынаюцца рана. Хомчанка. Афіцэр-парашутыст паказаў падпольшчыкам, як карыстацца парашутам, як трымацца ў палёце і на пасадцы. Новікаў.
3. перан. Імкненне, парыў. Якія тут бясконцыя прасторы І для ўспамінаў, і палёту дум! Танк. З галечы, з руін спусташэння, Як волат, падняўся народ — Нястрымная воля імкнення, Нябачаны творчы палёт! Колас.
•••
Брыючы палёт — палёт самалёта на невялікай вышыні над зямлёй.
Сляпы палёт — палёт ноччу, у тумане пры дапамозе адных толькі навігацыйных прыбораў.
З вышыні птушынага палёту гл. вышыня.
Птушка высокага палёту гл. птушка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памякчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца больш мяккім, эластычным; пазбавіцца цвёрдасці. Косцю здалося, што памякчэў пад нагамі асфальт, пасвяжэла на вуліцы. Адамчык.
2. перан. Страціць суровасць, стаць больш лагодным. — Ды я не пра гэта, — адразу ж памякчэў, палагаднеў бацька, — я хацеў сказаць, каб ты не дурэў, не смяшыў людзей... Сачанка. Кастусь ведаў шмат сентыментальных рамансаў, якія даходзяць да таямніц жаночае душы, прымушаюць жанчыну расчуліцца, сэрца яе — памякчэць. Шынклер. // Стаць больш прыветлівым, сардэчным (пра твар, голас і пад.). Твар у Валянціна памякчэў, засвяціўся радасцю. Кулакоўскі. Суровы голас Яўгенні Пятроўны тут памякчэў. Грамовіч.
3. Стаць слабейшым, менш адчувальным; паменшыцца (пра з’явы прыроды). Памякчэлі Маразы, Сталі ветлымі Вятры, Паласкавелі Снягі, Раздабрыліся Дажджы. Лужанін.
4. Стаць цяплейшым (пра надвор’е, клімат). Надвор’е памякчэла. □ І ўсё ж памякчэла зіма, стала больш лагоднай. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)