упіса́цца, упішуся, упішашся, упішацца; зак.

1. Запісацца куды‑н. Калгас у сяле арганізаваўся зімой яшчэ. Туды ўпісалася гаспадароў сорак. Навуменка.

2. Разм. Умясціцца на якой‑н. прасторы, у межах чаго‑н. Вока набліжалася да акуляра прыцэла. Сілуэт бамбардзіроўшчыка ўпісаўся ўжо ў першы бліскучы круг, потым у другі і нарэшце стаў на перакрыжаванне. Алешка.

3. перан. Арганічна ўвайсці ў акаляючае асяроддзе, структуру чаго‑н., не парушыць гармоніі з чым‑н. [Металічныя вышкі] неяк адразу прывычна ўпісаліся ў зялёны палескі пейзаж. Кірэйчык. У прывычны пейзаж утульных катэджаў, спартыўных залаў, манежаў ўпісаліся стрэлы вежавых кранаў. «Звязда». Паглядзіце, як па-свойску і арганічна ўпісаліся ў яго [Барадуліна] «Блакаду» народныя замовы, загадкі, прымаўкі: «На моры на Кіяні, на быстрым буяні стаіць ліпавы куст...» «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Памянш.-ласк. да хата; невялікая хата. Глядзіць [Янка] — стаіць пры моры маленькая рыбацкая хатка. Якімовіч. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі. Грахоўскі. Свая хатка — як родная матка. Прыказка.

2. Жыллё бабра і некаторых іншых вадзяных жывёл з галінак, сцёблаў трыснягу і пад. Мінуўшы стройныя бары, Прайшлі б па мокрых кладках І паглядзелі б, як бабры Майструюць дружна хаткі. Свірка. // Гняздо птушкі. А побач з ім, на галінцы клёну, цвіркае верабей, яшчэ ўсё не пакідаючы надзеі выпрасіць у шпака яго новую хатку. Брыль.

•••

Астаткі з хаткі — усё, што ёсць, што засталося.

Хатка на курыных ножках (лапках) — невялікая, старая хата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Ліцца, біць маленькімі струменьчыкамі. У ранішняй цішыні чуваць, як са звонам цыркае ў даёнкі малако. Дуброўскі. Густы дробны дожджык цыркае зверху, цягнецца золкай павуцінай. Бядуля. // каго. Абл. Даіць. Маці ў хляве цыркала.. карову ды ўсё прыгаварвала, каб тая добра стаяла на адным месцы. Каваль.

2. Пляваць цераз зубы. Андрэй.. цыркаў праз зубы ў агонь. Пташнікаў. З-за трактара паяўляецца Хведар. Ён стаіць, адставіўшы нагу, раз-пораз цыркае слінай. Асіпенка.

3. Стракатаць (пра насякомых, птушак). Спалохана цыркалі і зноў змаўкалі сонныя птушкі. Курто. Стаяла цішыня, толькі цыркалі конікі і ледзь чутна шапацела трава. Федасеенка.

4. Даваць, выдаваць, важыць патроху, невялікімі порцыямі. Сястра трохі памагае, але што — цыркае па кропельцы. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чырво́нец, ‑нца, м.

1. Руская назва замежных залатых манет у дапятроўскай Русі.

2. Руская залатая манета вартасцю ў тры рублі, якая была пашырана ў Расіі ў 18–19 стст. // Уст. Руская залатая манета вартасцю ў пяць і дзесяць рублёў, якая была ва ўжытку ў дарэвалюцыйнай Расіі.

3. Грашовы крэдытны білет вартасцю ў дзесяць рублёў, які быў ва ўжытку ў СССР з 1922 да 1947 г. // Дзесяць рублёў. Новыя — у руках шапацяць, як бярэш, — чатыры чырвонцы прыйшліся Адасю. Калюга.

4. звычайна мн. (чырво́нцы, ‑аў). Разм. Наогул манеты, золата, грошы. Песня мая не шукае чырвонцаў. Купала. А сёння стаіць вось у сонцы І вочы красою чаруе. Такую не ўзяць за чырвонцы, — Душу аддасі за такую. Буйло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Злучацца, збліжацца, утвараючы адзінае цэлае. Мы гаварылі, і наша мінулае ажывала, ядналася з нашым сучасным. Вышынскі. Стаіць.. [вёска] на лясной паляне, што толькі з аднаго боку яднаецца з яшчэ большай, узгорыстай палянай. Навуменка. І смутак, і радасць ядналіся разам. Чорны.

2. Аб’ядноўвацца, згуртоўвацца для дружных агульных дзеянняў. Сучасны сусветны рэвалюцыйны працэс развіваецца пад лозунгам: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» «Звязда». Паэт сваім перакладам [«Слова аб палку Ігаравым»] быццам сцвярджаў, што ворагаў рэвалюцыі можна перамагчы толькі тады, калі народы былой царскай Расіі будуць яднацца ў сваіх баявых і працоўных намаганнях. Палітыка.

3. Уступаць у блізкія, сяброўскія адносіны, падтрымліваць сувязь з кім‑н. Сусед яднаецца з суседам, Каб даць прастор сваім палям. Глебка.

4. Зал. да яднаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паста́ва ’становішча фігуры, корпуса, уласцівае каму-н.’, ’поза’ (ТСБМ, ТС), ’месца касьбы’ (шчуч., Сцяшк. Сл.) і пастанова ’звычай’ (ТС), лід. пастаўны́, постаўны́ і постаўны́ ’статны, стройны’ (Сцяшк. Сл., ТС), постаў ’скрутак палатна’ (ТС), лун. ’камяні ў жорнах’ (Шатал.). Укр. поста́ва ’знешнасць, постаць, выгляд’, ’поза, становішча цела’, ’сувой сукна такой даўжыні, якой ён выходзіць з варштату’, постав ’тс’, рус. ніжагар. постав ’стан, абрысы цела па росту, паводле статнасці’, ’талія, будова цела’, польск. postawa ’пастава цела’, ’пазіцыя, кірунак’, ’гордасць, пыха’, ’фігура; знешні выгляд’, postaw ’скрутак сукна’, ’аснова ткання (пража)’, ’60 пасмаў пражы’, н.-луж. postawa ’станіна’, ’падстаўка’, ’фігура’, в.-луж. ’фігура чалавека’, ’скульптура’, чэш. postav ’звой тканіны’, postava ’фігура цела чалавека’, ’літаратурны персанаж’, славац. ’тс’, ’асоба’, славен. postáva ’фігура, рост чалавека’, ’закон’, серб.-харв. по̏става ’падкладка (адзення)’, макед. постава ’тс’, ’вокладка’. Прасл. postava ’нешта пастаўленае, якое стаіць’, паводле Скока (3, 330), з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем, гэтаксама і postavъ ’скрутак сукна’, параўн. прасл. postaviti > бел. паставіць ’пабудаваць’, ’прызначыць на пасаду’, ’натапырыць поўсць’, ’даць адпачыць’, ’паставіць на стол’, ’змясціць, пакласці’ (ТСБМ), паста́віцца ’арганізавацца, стаць’ (бяроз., Сл. ПЗБ). Да ста́віць, стая́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прамы́ ’роўны, выцягнуты ў якім-небудзь напрамку, без выгібаў, некрывы; непасрэдны, без прамежкавых ступеней’; ’шчыры, праўдзівы, прынцыповы’ (ТСБМ). Рус. прямой, укр. прямій, ст.-рус. прямъ ’прамы, правільны; справядлівы, просты’, чэш. přímý ’прамы’, славац. priamy ’тс’, славен. prẹ̑m ’прамы’, ст.-слав. прѣмь ’прамы, правільны’; сюды ж польск. uprzejmy ’ветлівы, шчыры’ (< ’прамы, правільны’), серб.-харв. према ’насупраць’, прама, прам ’насупраць’. З прычыны наяўнасці ў корані галосных a і e прасл. форма вызначалася па-рознаму: або як *pręmъ (Зубаты, AfslPh 15, 496 і наст.), або як *prěmъ (Голуб-Копечны, 301). Фасмер (3, 395) абедзве рэканструкцыі лічыць спрэчнымі і дапускае кантамінацыю *prēmos і *prōmos (*pramъ). Славянскія словы роднасныя грэч. πρόμος ’пярэдні, той, хто стаіць на чале’, з інш. вакалізмам: πράμος ’тс’, окс. promom ’першы’, ст.-ісл. framr ’добры, смелы, прыдатны’, ст.-в.-ням. fruma ’карысць, выгада’ і інш. Гл. таксама Махэк₂, 493; Скок, 3, 33–35. У беларускай мове магло захавацца толькі на ўсходзе тэрыторыі, паколькі ў сучаснай літаратурнай мове ўспрымаецца як русізм (Станкевіч, Зб. тв., 1, 32; Пацюпа, Гармонія, 25). Тое ж адносна славенскай сцвярджае Сной₂ (566).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пёс ’сабака’ (Бес., Нас.), астрав. пес ’тс’ (Сл. ПЗБ), пёссі ’сабачы’ (чач., Нар. Гом.; Чарадз. казкі), укр. пес, рус. пёс, польск. pies, н.-луж. pjas, в.-луж. pos, чэш., славац. pes, славен. pȅs ’сабака’, серб.-харв. па̏с, макед. пес, балг. пес, пе́сът, старое pъs, ст.-слав. пьсъ. Прасл. pьsъ, якое фанетычна стаіць найбліжэй да ст.-інд. piçáŋgas ’рыжаваты, карычневы’, параўн. Рыжык ’імя сабакі’ і прасл. *pьstrъ ’стракаты’ (першапачаткова ’плямісты’ — параўн. авест. paēsa ’пракажоны’, ст.-грэч. ποικίλος ’стракаты’ і інш.) (Фасмер, 3, 248). Найімаверней выходзіць з і.-е. *pĭk‑ ’злы’, хаця ў балт. мовах — *pik‑/*pei̯k‑/*poi̯k (літ. pìktas ’тс’, peĩkti ’ганіць’, ’абгаворваць, зняслаўліваць’, paĩkas ’прыдуркаваты’) (Сной–Бязлай, 3, 27). Іншыя версіі: збліжэнне з лац. pecus ’скаціна’, ст.-грэч. πεκος ’шкура’, ст.-інд. paçús, авест. pasu‑ ’тс’, гоц. faíhu ’грошы’ з набліжэннем семантыкі да ’касматы, калматы’ (Ільінскі, РФВ, 69, 13; 73, 286; AfslPh, 34, 11) ці да ’вартаўнік скаціны’ (Остгаф, Parerga 1, 214, 256–265 і наст.; Брукнер, 411, Барталоме, 881), што, як і збліжэнне з лац. specio ’гляджу’ (Мее, Études, 238) і інш., з’яўляюцца менш імавернымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́пка1 ‘гара конусападобнай формы, вулкан’ (ТСБМ), ‘купіна’ (Касп., ЛА, 5), ‘магільны насып’ (Шатал., ЛА, 2), ‘вялікі курган, старажытная магіла круглай формы’ (віц., Яшк.), ‘курган, грудок’ (ТС), ‘намагільны насып’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘кратавінне’ (рас., Сл. ПЗБ). Рус. (арх.) со́пка ‘невялікая гара, якая стаіць асобна’, ‘вулкан; невялікі востраў’, дыял. ‘узгорак’, соп ‘насып’, стараж.-рус. съпъ ‘насып, узгорак, гара’. Выводзяць ад соп, якое да сыпаць (Міклашыч, 334; Праабражэнскі, 2, 357; Траўтман, 293), параўн. таксама каш. sëpa ‘кратавінне’ ад sëpac ‘сыпаць’ (SEK, 4, 264). Даль (4, 273) узводзіць да сопеть, гл. сапці; Фасмер (3, 719) дапускае сувязь з гэтым дзеясловам толькі для значэння ‘вулкан’. Паводле Крукоўскага (Уплыў, 73), бел. сопка з рускай, але гэта, магчыма, толькі ў значэнні ‘вулкан’. У іншых славянскіх мовах (чэшскай, польскай) таксама з рускай, гл. Голуб-Копечны, 334; Варш. сл., 6, 268; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 329.

Со́пка2 ‘канапа’ (ТС), со́ўка ‘тс’ (маст., Сл. ПЗБ). Памяншальнае ад сафа́ ‘мяккая шырокая канапа’, якое праз рус. софа́ ‘тс’ або польск. sofa з франц. sofa, італ. sofá ‘канапа, сафа’; заходнееўрапейскія словы ўзыходзяць да араб. suffia ‘падушка на вярблюжым сядле’ (Фасмер, 3, 729).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́ццаць ‘лік і лічба 30’, ‘колькасць, якая абазначаецца лічбай 30’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., ТС), тры́ццыць ‘тс’ (Бяльк.), тры́цаць ‘тс’ (вільн., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тридцать, тридцеть, тритцать, трицать, трицять, тридцать, триццать, а таксама тридесять, тридесятъ ‘тс’, сюды ж парадк. ліч. тридесятый, тридцатый, тридцятий, тритцатый, тридцатый, тритцатый, зборн. тридцатеро, трыдцатеро (ГСБМ). Укр. три́дцять, три́йцять, три́десять, рус. тридцать, стараж.-рус. три десяте, польск. trzydziestu (м. р.), trzydzieści, н.-луж. tśiźasća, в.-луж. třiceći, чэш. třicet, славац. tridsať, славен. trídeset, харв. trídeset, серб. три́десет, балг. трѝдесет, макед. триесет, ст.-слав. триѥ десѧте, триѥ десѧти. Прасл. *trьje desęte, tri desęti, у якіх *desętь (гл. дзесяць) стаіць у форме Н. скл. мн. л. (desęte, desęti); у выніку рэдукцыі і страты канцавога ненаціскнога галоснага з прычыны таго, што націск падаў на лічэбнік *tri (гл. тры), другая частка набыла форму дзе́сяць, у далейшым дэфармаваную. Бліжэйшыя паралелі — літ. trìsdešimt, trys dẽšimtys, лат. trîsdesmit, літаральна ‘тры дзясяткі’ (Скок, 3, 500–501; ЕСУМ, 5, 636; Шустар-Шэўц, 1546; Супрун, Числит., 62–63; Новое в рус. этим., 237).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)