перазда́ць, ‑здам, ‑здасі, ‑здасць; ‑здадзім, ‑здасца, ‑здадуць; зак., што.

1. Здаць у карыстанне што‑н. нанава, на іншых умовах або каму‑н. другому. Пераздаць зямлю ў арэнду. Пераздаць пакой.

2. Разм. Здаць экзамен, залік паўторна, яшчэ раз. А мне ўспамінаецца, як некалі Барыс усё скардзіўся, што яму цяжка даецца матэматыка. Я ж казаў, што невялікая бяда і пераздаць адзін прадмет і ні ў якім выпадку не трэба кідаць вучобу ў машынабудаўнічым тэхнікуме. Мыслівец.

3. Здаць, раздаць нанава (карты).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напярэ́ймы, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. З мэтай перахапіць каго‑, што‑н., рухаючыся яму насустрач; наперарэз. Бегчы напярэймы. □ Людзі павыбягалі з хат і зямлянак, бягуць напярэймы, каб спыніць вала. Марціновіч.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «напярэймы» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на асобу або прадмет, якім імкнуцца зайсці наперад, каб перахапіць іх. Ад лесу ўлева напярэймы ўцекачу выбег польскі салдат. Колас. Удалечыні быў відзён яшчэ адзін трактар, і я пайшоў напярэймы яму. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэга́лія, ‑і, ж.

1. звычайна мн. (рэга́ліі, ‑ій). Прадмет, які з’яўляецца знакам манархічнай улады (карона, скіпетр і інш.). Царскія рэгаліі. Княжацкія рэгаліі.

2. звычайна мн. (рэга́ліі, ‑ій). Знакі ўзнагароды, ордэны, медалі. У пішы на ўвесь рост, у батфортах, з крыжамі і рэгаліямі на грудзях, з аголенай шпагай у руцэ стаяла аграмадная скульптура Суворава. Алешка.

3. Гіст. У феадальнай Еўропе — манапольнае права каралёў, буйных феадалаў на атрыманне пэўных даходаў (судовыя штрафы, пошліны, распрацоўка, эксплуатацыя зямных нетраў і пад.).

[Ад лац. regalis — царскі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

святы́ня, ‑і, ж.

1. Прадмет або месца для пакланення веруючых. Палесцінскія святыні. □ — Расколы, расколы! — трос галавою дзед Марцін. — Не хочаш ты богу маліцца, маліся чорту лысаму, але навошта гэты здзек над святыняю? Колас.

2. перан.; звычайна чаго або якая. Што-небудзь асабліва дарагое, вельмі паважанае, любімае. Імёны герояў камуністычнага руху, прыклады мужнасці і вернасці справе рабочага класа назаўсёды застануцца святыняй для ўсіх сапраўдных рэвалюцыянераў. Брэжнеў. Славу нашай рэспублікі, што здабыта ў баях агнявых, Берагуць, як святыню. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спецыфіка́цыя, ‑і, ж.

1. Вызначэнне і пералік спецыфічных асаблівасцей чаго‑н.; размеркаванне на разрады, групы ў адпаведнасці са спецыфічнымі асаблівасцямі; класіфікацыя. Спецыфікацыя машын.

2. Тэхнічны дакумент, у якім ёсць пералік часцей і дэталей якога‑н. вырабу, а таксама ўказанні на іх колькасць, вагу, сорт і пад.; дакумент з пералікам умоў, якім павінен адпавядаць заказаны прадмет. Скласці спецыфікацыю на абсталяванне. □ [Барыс:] — Братка ты мой, колькі ж там клопату! Адгрузка, пагрузка, прыемна, разнарадкі, накладныя, спецыфікацыі — што, куды, як? — чорт яго разбярэ. Скрыган.

[Ад лац. species — від, разнавіднасць і facio — раблю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эмбле́ма, ‑ы, ж.

Прадмет ці відарыс прадмета як умоўнае ці сімвалічнае вырашэнне якога‑н. паняцця, ідэі. Серп і молат — эмблема яднання рабочых і сялян. □ Яны ідуць, дзе зоры свецяць, Сцягі пад сонцам шалясцяць, Яны нясуць працоўным свету Эмблему роўнасці й жыцця. Трус. Валодзька з’явіўся ў клубе ў чорным новенькім шынялі, у форменнай фуражцы з эмблемай, наглянцаваных чаравіках. Кірэйчык. Зубр — сімвал імклівай сілы — робіцца эмблемай магутнага і нястрымнага руху наперад маладой беларускай сацыялістычнай індустрыі, сімвал «машыннай сілы краіны». В. Вольскі.

[Грэч. ēmblēma — устаўка; рэльефная аздоба.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Та́ркапрадмет кухоннага ўжытку, які служыць для раздрабнення, расцірання’ (ТСБМ, Нас., Шымк., Касп., Растарг., Варл., Сержп. Грам., Арх. Вяр.), сюды ж ’дошка для мыцця бялізны’ (Сцяц. Сл., Сцяц.; ваўк., Сл. ПЗБ), ’церніца (лён церці)’ (трак., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тарка ’тарка’: тарку купили в дорогу (1682 г., КГС); таркава́ць ’церці на тарцы’ (Скарбы, Сцяшк., Янк. 2, Сл. ПЗБ, ЛА, 4), таркава́ць ’тс’ (ТС, ЖНС, Лекс. Бел. Палесся), таркава́ны ’сцёрты на тарцы’ (Сцяшк.; паст., швянч., Сл. ПЗБ; лун., Шатал.), таркава́ная ка́ша ’бабка (страва)’ (паст., ЛА, 4). Запазычана з польск. tarka ’кухонная прылада’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 58).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́гавіца ’гузік’ (Бяльк.). Магчыма, захаваны на ўсходзе Беларусі архаізм, што ўзыходзіць да прасл. *pǫgy ’круглы прадмет, гузік’, параўн. укр. пу́говиця, рус. пу́говица, польск. pągwica ’круглы гузік (срэбны, касцяны ці са скуры); пампон; адростак на шыі казы; гузак’, што звязваюць з лат. puõga, puogs ’гузік’ (на думку некаторых, запазычаным са ст.-рус. пугы, пугъвь — гл. Каруліс, 2, 73), ст.-інд. puñjas ’камяк, маса, кучка’ і інш. (Фасмер, 3, 400). Мяркуюць, што прыметнік *pǫgъ ’круглы’ захаваўся ва ўкр. пу́головок ’апалонік’ (ад *пуго‑головий, літаральна ’круглагаловы’, гл. ЕСУМ, 4, 626; Банькоўскі, 2, 521). Параўн. пуга3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пумпа́шачка ’пузанчык, пышка’: мурашачка пумпашачка (воран., LKK 16, 187). Грынавяцкене і інш. (там жа) параўноўваюць з літ. pamparutė ’кругленькі, маленькі і пузаты (пра чалавека або прадмет)’, pamputys ’прышч; пончык’, рапіра, pampė ’пухліна, нарост’, pampti ’набухаць, разбухаць’, пры гэтым літаратурнаму -α/w-, на іх думку, павінна адпавядаць дыял. ‑um‑. Аднак не выключаецца сувязь і з пампу́ха, пампу́шка ’булачка’, якія Фасмер (3, 194) лічыць запазычаннямі з нямецкай (адносна магчымай нямецкай крыніцы “гукавыяўляльнага” комплексу pump- гл. Шустар-Шэўц, 2, 1191); Лаўчутэ (Балтизмы, 147) лічыць балтыйскае паходжанне слова недастаткова аргументаваным. Сюды ж мурашка‑пумпашка ’божая кароўка’ (воран., ЛА, 1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мэта ’месца, прадмет, лінія ці іншы ўмоўны арыенцір, да якога трэба дабегчы, дакінуць (мяч) пры некаторых рухомых гульнях’, ’тое, да чаго імкнуцца’, ’пастаўленая задача’ (ТСБМ, Касп., Бес.; КЭС, лаг.; рэч., Д.-З. Пін.; гродз., Нар. словатв.; бялын., Янк. Мат.), ст.-бел. мета ’цэль’ (пач. XVI ст.) запазычана са ст.-польск. metamet), якія з лац. mēta ’цэль, канчатковы пункт’ (Брукнер, 330 і 680; Булыка, Лекс. запазыч., 65). Яшчэ раз у літаратурную бел. мову гэта слова ўвёў У. Дубоўка (гл. Каўрус, ЛіМ, 11.3.1988, с. 6). Параўн. мета1 і мета3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)