чалаве́к, ‑а; мн. людзі, ‑ей і ў спалучэнні з колькаснымі словамі чалавекі, чалавек, чалавекам, чалавекамі, аб чалавеках; м.

1. Грамадская істота, якая мае высокаарганізаваны мозг, валодае мысленнем, маўленнем, здольнасцю вырабляць прылады працы і мэтанакіравана выкарыстоўваць іх для ўздзеяння на навакольны свет. За апошнія гады багаты палескі край асабліва шпарка ўдасканальваўся савецкім чалавекам. Чорны. — Кожнаму чалавеку даецца права абрабляць зямлю сваімі рукамі, — заўважыў Іваніцкі. Мурашка. Чалавек на зямлі будзе жыць без замкоў, Бо замкі — сваякі збітых рабскіх акоў! Гілевіч. // чаго або які. Асоба як увасабленне пэўных духоўных або фізічных якасцей, уласцівасцей, службовых характарыстык і пад. Добры чалавек. Хворы чалавек. Стары чалавек. Чалавек справы. □ [Конан:] — Замыкаю [лодку] ад ліхога чалавека. Лобан. // Ужываецца ў значэнні займенніка: «ён», «нехта», «той». — Ціха, ціха! — замахаў Аніс шапкай. — Дайце чалавеку сказаць. Дуброўскі. [Карнейчык:] Тут чалавек жаніцца нарыхтаваўся, а вы перад ім сямейныя сцэны разыгрываеце. Крапіва. // Ужываецца ў спалучэнні з лічэбнікам або прыслоўем для ўказання на колькасць асоб. Паднялі дзесяць чалавек, і Арсень не прамінуў забраць большасць іх у свой узвод, паколькі меў права выбару. Хадкевіч.

2. Разм. Муж; мужчына. Жанчына ведала нораў свайго чалавека: калі яму што ўбілася.. ў галаву, дык лепш не чапай, бо бяды не абярэшся. Сабаленка.

3. Асоба як выражэнне высокіх маральных і інтэлектуальных рыс, духоўных якасцей. — Будзь старанным, сынку, — Станеш чалавекам, Будзеш ты чытаць нам, Цёмнікам, няўмекам. Колас. [Дзядзька Пракоп:] — Ну, як тут мой студэнт? — Нішто сабе, — адказвала настаўніца. — З яго будзе чалавек. Сабаленка.

4. Разм. Слуга ў тракціры, рэстаране. Успамінаецца Ваську не жыццё, а нейкае непаразуменне, быў падкухарам, быў і чалавекам у тракціры, потым неяк здарылася — захляснула Ваську жыццё цёмнай хваляй. Лынькоў.

•••

Неандэртальскі чалавек — тое, што і неандэрталец.

Боскі (божы) чалавек (уст.) — старац.

Добры чалавек — ласкавы зварот да незнаёмага. — Братцы! Адкуль вы? — З-пад Бягомля, добры чалавек! — адказаў дзядзька Мікалай. Ставер.

Малады чалавек — зварот да маладога мужчыны або мужчыны маладзейшага ўзросту. — Вам, малады чалавек, варта было адпачыць, — павярнуўся .. [Няслаўскі] да Ігнася. Мурашка.

Наш чалавек — хто‑н. блізкі, свой.

Свой чалавек — роўны каму‑н. па становішчу, аднаго светапогляду; аднадумец, той, якому можна даверыцца.

У рост чалавека гл. рост.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбі́цца, адаб’юся, адаб’ешся, адаб’ецца; адаб’ёмся, адаб’яцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адкалоцца, адламацца. Ад кубка адбілася ручка.

2. Даючы адпор, абараніцца ад нападу, ад чыіх‑н. непрыязных, варожых дзеянняў. Неспакой узрастаў. Чорт яго ведае, ісці ці не?.. Падумаў: «Калі правакацыя, адаб’юся. Не так проста ўзяць Галая». Асіпенка. // Абараніцца, вызваліцца. Не паспеў адбіцца ад адной [пчалы], як зараз жа цэлая плойма густой сеткай замільгацела ў вачах. Дуброўскі. // Пазбавіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Нельга адбіцца ад думкі, што гэтыя дзве хаты, нібы тыя заядлыя маладзіцы-суседкі, пасварыліся і паадварочваліся адна ад адной. Сабаленка.

3. Адстаць ад тых, з кім быў разам. Гэта было маленькае дзікае качанятка, якое, відаць, адбілася ад чародкі. Краўчанка. [Эміль Клебер] не мог нікога знайсці з сваіх таварышаў. Ён ведаў, што некаторыя з іх забітыя тут дзесьці ляжаць. А жывыя напэўна адышлі кудысьці, і ён адбіўся ад іх. Чорны.

4. Аддаліцца, парваць сувязь з кім‑, чым‑н. Адбіцца ад дому. // Перастаць рабіць што‑н., займацца чым‑н. □ Няма яму [Міхалу] нядзелькі, свята — Ідзе ды йдзе ён, як закляты; У шчэпку высах з той хады, Ад сну адбіўся, ад яды. Колас.

5. Сустрэўшы на шляху перашкоду, змяніць свой напрамак на другі, адваротны (пра гукі, прамені і пад.). Крыкі, рогат, воплескі пакаціліся па пустыннай пратоцы і адбіліся рэхам між дзікіх скал. Маўр.

6. Адлюстравацца на гладкай, бліскучай паверхні. Да берага Нёмана прарваўся першы бранявік. Нават нахабна адбіўся ў спакойнай.. вадзе. Брыль. // перан. Адлюстравацца ў вобразах, паняццях (пра з’явы аб’ектыўнай рэальнасці).

7. Выявіцца, атрымаць вонкавае праяўленне (пра пачуцці, стан і пад.). Трывога адбілася ў .. [Аксені] на твары, і рукі ўжо неяк неахвотна гарнуліся да працы. Пестрак.

8. Выклікаць сабой якое‑н. пачуццё, адчуванне; адазвацца. Потым надыдзе зіма, прыйдзе вясна, вернецца лета і зноў настане восень, залатая і непаўторная, зменяцца далягляды і адаб’юцца навек у душы чалавека. «Маладосць».

9. Зрабіць уплыў, уздзеянне на каго‑, што‑н. Частыя ўзлёты і падзенні адбіліся на здароўі.. Скашынскага. Чарнышэвіч. Адмоўна адбілася на развіцці байкі і іншых сатырычных жанраў блытаніна, якая яшчэ не так даўно мела месца ў поглядах на сатыру. Казека.

10. Астацца пасля каго‑, чаго‑н., пакінуць адбітак. Сляды мядзведзя выразна адбіліся на мокрым пяску каля берага. В. Вольскі. // перан. Захавацца ў памяці.

•••

Адбіцца ад рук — перастаць слухацца, перастаць падпарадкоўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асе́сці, асяду, асядзеш, асядзе; зак.

1. Знізіцца, ушчыльніўшыся, зляжаўшыся. На дварэ стаяла адліга. Волкі, цеплаваты вецер гнаў па небе шэрыя хмары. Снег за ноч асеў. Асіпенка. Вада падмыла сцяну катлавана, зямля асела і засыпала пляцоўку. Савіцкі. [Сцяпану] ветліва растлумачылі, што дом толькі што пабудаваны і атынкоўваць яго адразу нельга, трэба пачакаць з год, каб аселі сцены. Шамякін.

2. Падаючы, апускаючыся, сесці на дно, прыстаць да чаго‑н. [Геня] стаяў, млеючы ад нецярплівасці, калі асядзе каламута. Якімовіч. На лісце прыдарожных дрэў, на збажыну і траву аселі першыя кроплі расы. Чарнышэвіч. Даўно асеў на лісце дрэў, на зеляніну агародаў пыл, узняты статкам. Пальчэўскі. // Апанаваць, апусціцца, ахінуць з усіх бакоў (пра цішыню, цемень і пад.). Над лугам — ад лесу да самай чыгункі — ізноў асела цішыня. Брыль. Змрок асеў на пагосце. Смагаровіч. // Апусціцца ніжэй. Памалу хмары аселі над кругаглядам. Чарнышэвіч. // перан. Зрабіць уплыў на псіхічны стан, настрой. У момант згінуў яго [Лясніцкага] радасна-ўзняты настрой, асела на сэрцы нешта цяжкае, даўкае. Зарэцкі.

3. Апусціцца на што‑н., сесці ад страты сілы, ад знямогі. Ігнат узрушана абхапіў рукамі галаву і стомлена асеў на ўслон. Мележ.

4. Перастаць лётаць, сесці на што‑н. (пра насякомых, птушак). На дрэве асеў рой. □ Стогнуць за лесам Доўгія балоты — там аселі журавы. Пташнікаў.

5. Перастаць пераязджаць з месца на месца, спыніцца на пастаянна. Кідаўся Тодар з аднаго месца на другое і нідзе грунтоўна асесці не мог. Чарнышэвіч. Сяліліся тут часцей маладажоны — прымакі, механізатары, настаўнікі, якія вырашылі асесці ў вёсцы назаўсёды. Ракітны. Хадзілі чуткі, што кравец недзе асеў жыць на сталым месцы. Чорны. // Знайсці недзе прыпынак на некаторы час ці на пастаянна; не вярнуцца на ранейшае месца пасля працяглых блуканняў. [Авяр’ян:] — Сам знаеш, колькі закалюжанцаў ды грынёўцаў асела па заводах у горадзе за тыя гады. Пташнікаў. // перан. Затрымацца, замацавацца (пра свядомасць, памяць). Радкі з паэмы аселі ў памяці. Савіцкі. «Дадому», — неяк адразу асела ў свядомасці. Кулакоўскі.

6. перан. Пасля ўзбуджэння раптам аціхнуць; спыніць актыўную дзейнасць. Бачачы, што з усіх бакоў пачалі збягацца падзёншчыкі, гаспадар асеў і, брыдка вылаяўшыся, заспяшаўся ў свае пакоі. Бажко. Выслухаўшы Жывіцкага, [Сяргей] раптам змоўк, нейк асеў, нават як бы збянтэжыўся. Чорны.

7. Страціць сілу, паслабець. — Ужо? — асеў у.. [Мані] голас, прагучаў ненатуральна квола. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з-пад і (перад збегам зычных) з-па́да, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «з-пад» («з-пада») выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні прадмета ці месца, знізу або з ніжняга боку якіх накіравана дзеянне, рух. Дастаць з-пад стала. Выцягнуць з-пад куста. Пыл курэў з-пад ног. Глядзець з-пад рукі. □ Закрасуюць з-пад снегу чырвоныя кветкі. Чарот. Дзве доўгія цёмна-русыя касы выбіліся з-пад чырвонай хустачкі. Колас.

2. Ужываецца пры ўказанні на кірунак руху з месца, якое знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад прадмета, названага залежным словам. Выскачыць з-пад хвойкі. □ З-пад пільні ўсе пайшлі дарогай паміж поля і лесу. Чорны. // Ужываецца пры абазначэнні населенага пункта, з раёна якога хто‑н. накіроўваецца, з’яўляецца, паходзіць і пад. Вецер гнаў хмары з-пад Налібок. □ — А быў сярод нас удалец такі, Марка Балук з-пад Цернішч. Колас.

Аб’ектныя адносіны

3. Ужываецца пры ўказанні на прыладу, з дапамогай якой што‑н. робіцца, ствараецца, атрымліваецца. З-пад разца паўзе стружка. Гукі льюцца з-пад смыка. З-пад пяра пісьменніка выходзілі новыя і новыя кніжкі паэзіі. // Ужываецца пры ўказанні на вытворцу дзеяння. З-пад яго рук усё выходзіць вельмі спраўна. Скрыган. Сілівон .. выстругваў зуб’е для грабляў. Зубы выходзілі з-пад яго рук нібы точаныя. Лынькоў. // Ужываецца пры абазначэнні якасці чаго‑н. шляхам указання на спосаб стварэння, на прыладу ці інструмент, з дапамогай якога што‑н. было створана. Мэбля нязграбная, як з-пад тапара. □ Гарнітур з-пад іголкі і кашуля з узорам на дзіва. Броўка.

4. Ужываецца пры абазначэнні якога‑н. стану ці становішча, ад якога хто‑, што‑н. вызваляецца (звычайна ў спалучэннях з дзеясловамі «выйсці», «вырвацца», «вызваліць», «вызваліцца» ці словамі з такім жа значэннем). Уцячы з-пад расстрэлу. Вызваленне з-пад прыгнёту. □ Хацелася хутчэй выскачыць з-пад перастрэлкі позіркаў. Грахоўскі.

Азначальныя адносіны

5. Ужываецца пры характарыстыкі прадмета шляхам указання на яго былое прызначэнне. Бутэлька з-пад малака. Бочка з-пад селядцоў. Вагоны з-пад вугалю.

Акалічнасныя адносіны

6. У асобных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Працавалі з-пад палкі. Вырас як з-пад зямлі. □ Неяк усё сышлося адразу, як з-пад маланкі. Чорны. Адважыўся на смелы крок: з-пад носа кралю павалок! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Датыкацца, дакранацца да каго‑, чаго‑н.; чапаць. Аляксандра кранала сына за плячо, будзіла. Пестрак. Да дрэў прыглядваўся Сымон, Кранаў рукой дубочкі. Бялевіч. // Працягваючыся да пэўнага месца, даставаць сабой каго‑, што‑н. Пышная шавялюра, акуратна зачэсаная на патыліцу, аж кранала плечукоў. Хведаровіч. Вось перад ім [Асілкам] сцяной высокай раскінуўся вячысты бор. Вяршынямі кранаў аблокі і засланяў наўсцяж прастор. Машара.

2. (звычайна з адмоўем). Браць у рукі што‑н., карыстацца чым‑н. Па інструкцыі, калі міна.. не ўзарвецца, кранаць яе нельга: замыканне можа наступіць зусім нечакана і партызана разнясе на кавалкі. Карпюк.

3. Парушаць чый‑н. спакой; дакучаць, турбаваць. [Порхаўка:] Год праляжу на баку, абы мяне не краналі. Гурскі. Ведаючы характар брыгадзіра, Зіна неяк не хацела кранаць Языковіча, ёй не хацелася абвастраць з ім адносіны. Кавалёў. // перан. Спыняцца на кім‑, чым‑н., закранаць каго‑, што‑н. у прамове, гутарцы. Аграном расказваў пра значэнне севазвароту. Гэту тэму не раз кранаў і Васіль. Шамякін.

4. перан. Хваляваць, расчульваць. Кранаюць сэрца родныя абрысы: Смаленск і Орша, Слаўнае, Барысаў, І я з акна крычу: «Дзень добры, Мінск!» Пушча.

5. Сваім уздзеяннем змяняць пачатковы выгляд або парушаць цэласць чаго‑н. Ля мёрзлага прычала Стаяць радком чаўны. Вайна і іх кранала: Прабітыя яны. Калачынскі. Хутка скончылася жыта і пачалося бугрыстае поле, якое даўно ўжо не кранаў плуг. Федасеенка. // чым. Злёгку пакрываць паверхню чаго‑н. Восень ледзь-ледзь кранае першай пазалотай лісце бяроз і асін. Шамякін. Кранае шэрань скроні на галаве юначай... Дубоўка. // перан. Пакідаць след, выклікаць змены ў чым‑н. У абліччы дзяўчыны і ў тоне, якім яна размаўляла, было нешта ад той слаўнай, крылатай маладосці, якую яшчэ ледзь-ледзь кранае сталасць. Хадкевіч. // перан. Парушаць, наносіць якую‑н. шкоду. — Што таварышу Кісялю да працадня! Для яго гэта пусты гук, які не кранае яго ўласнага дабрабыту. Паслядовіч.

6. Прыводзіць у рух; варушыць што‑н. Кранаць лейцы. □ Позні час. Вецер шастае глуха, Голле яблынь кранае ў садку. Ляпёшкін. // Узнікаючы, выклікаць лёгкі рух чаго‑н. Юзікавы губы ледзь кранае ўсмешка. Крапіва.

7. Цягнучы, папіхаючы, зрушваць з месца, прымушаць рухацца. Цягнік кранае вагоны.

8. без дап. Разм. Тое, што і кранацца (у 1 знач.). Фурманка кранае з месца.

•••

Кранаць за жывое — тое, што і браць (узяць) за жывое (гл. браць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свідрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

1. Рабіць свердлам адтуліны ў чым‑н. А таго, каб так лёгка свідраваць халоднае тоўстае жалеза, нават і не ўяўляў [Васіль]. Кулакоўскі. // Бурыць адтуліны ў грунце або ў горнай пародзе. З тае пары, як пачалі свідраваць зямлю, людзі не маглі абыйсціся без гліністага раствору. «Маладосць». // Струменем вады пад вялікім ціскам прамываць адтуліны ў чым‑н. Сёння людзі навучыліся тонкім струменем вады свідраваць сталь. Броўка. На што вада, але і тая Не ўсюды роўны нораў мае: Спакойна ў ямах і заторах, Але капае дол у горах І страшна пеніцца, бушуе, І грунт каменны там свідруе. Колас.

2. Тачыць, прабіваць, рабіць адтуліны ў чым‑н. (пра расліны, жывёл і пад.). Граніт і голае каменне Свідруюць тонкія карэнні. Шукаючы жывой крыніцы, Каб чыстае вады напіцца. Грахоўскі. Чуваць, як знізу парасткі тугія Свідруюць пласт абвугленай зямлі. Аўрамчык. Сваёй вострай і моцнай дзюбай чорны дзяцел прабівае кару, свідруе драўніну, растрыбушвае шышкі. В. Вольскі.

3. перан. Пранізваць паветра, ваду рэзкім узлётам, хуткім вярчэннем. Арлы-самалёты Свідруюць прастор. Купала. Ён [параход] плыве, мінае мелі, І ваду свідруе вінт. Ліхадзіеўскі.

4. перан. Дзьмуць з вялікай сілай (пра вецер). Захавай, мой сын, прашу я, Човен у адрыне, Няхай вецер не свідруе, Няхай так не гіне. Колас.

5. перан. Непакоіць, хваляваць, мучыць (пра думкі, адчуванні). Усё гэта рабілася механічна, бо галаву свідравалі іншыя думкі. Чарнышэвіч. Да самага вечара стары не пайшоў нікуды. Мучыла, свідравала душу вострае адчуванне, што трэба неадкладна неяк старацца памагаць Ганне. Кулакоўскі. // Раздражняць слых рэзкімі гукамі. Толькі свідраваў вушы востры, пранізлівы звон, ды рэзкімі, балючымі штуршкамі біла ў скроні кроў. Шашкоў. // Раздражняць нюх рэзкім пахам. Адчуванне вярнулася немаведама ад чаго: ці ад пякельнага болю, ці ад таго, што колы вагона ляскалі, падскокваючы на стыках рэек, ці ад моцнага паху ёдаформу, які, здавалася, свідраваў нос. Сабаленка. / у безас. ужыв. А Сучка пад сталом ляжала. У беднай аж кіпела кроў: Ну так жа смачна ў носе свідравала. Корбан.

6. перан. Пільна ўглядацца ў каго‑, што‑н. Тодар адчуў, што вочы ўсяе залы ўпіраюцца яму ў спіну, свідруюць яго. Крапіва. Расказвае дзед Іван, рукой час ад часу вусы прыгладжвае. А дзеці так і свідруюць яго вачыма. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што і без дап. Утвараць голасам музыкальныя гукі; выконваць вакальныя творы, пець. Спяваць песню. □ Над Нёманам, Беразіной Яе [песню] спяваюць партызаны. Танк. // Умець пець. Марцін добра спяваў, танцаваў, весяліў людзей вострым словам. Брыль. Бадай ніхто так з хлопцаў не спяваў у Ельнічах, як Ляткоўскі. Вітка. // Цёхкаць, шчоўкаць, свістаць (пра пеўчых і іншых птушак). Яны [салаўі] спяшаліся спяваць, Яны сябе не шкадавалі, Як быццам свет уратаваць Сваёю песняю жадалі. Дайнека. // перан. Гаварыць, чытаць нараспеў. — Вечар добры, вечар добры! — неяк асабліва ласкава спявае .. [Амэля] ў адказ на прывітанне Антака Мазалеўскага. Васілевіч.

2. каго-што і без дап. Выконваць оперную партыю; выступаць на сцэне, у тэатры спеваком, спявачкай. Спяваць Анегіна. □ Спяваў на сцэне млява Ленскі Пра залатыя дні вясны. Панчанка.

3. перан.; без дап. Быць прасякнутым пачуццём радасці, усхваляванасці, захаплення. Хіба можна злавацца, калі спявае ўся твая істота? Шамякін. Спявай ты, Беларусь, у радасці спявай! Купала. Ты скажы такое слова, Каб душа спявала, Ад каторага б на сэрцы Рана зажывала. Русак.

4. перан. Меладычна гучаць (пра музычныя інструменты). [Юра] трос грыф: гітара сама спявала і плакала. Васілевіч. Спявалі мяхі распісныя, Скакалі між пальцаў лады. Калачынскі. // Рыпець, пішчаць, свістаць (пра розныя прадметы). Над пшанічным полем спявалі кулі. Чорны. Калі ж ішоў у свіран ураджай, — Спявалі пілы і сякеры ў лад. Астрэйка. / Пра завыванне ветру, мяцеліцы і пад. Ой ты, вецер, не шумі, Не спявай так нудна! Колас. Віхура, відаць, яшчэ не зусім уляглася. Усю ноч спявала пад акном. Машара.

5. што. Усхваляць, услаўляць у вершах, песнях каго‑, што‑н. Пісьменнік хоча адгукнуцца на ўсё, што адбываецца ў савецкай краіне. [Максім Танк] спявае гімны вызваленню. Бугаёў. І паэт, як добры, пільны гаспадар, спявае славу працы. «ЛіМ». / у паэт. ужыв. Гімн чалавечай працы Спяваюць кельмы гучна. Аўрамчык.

6. Разм. Многа гаварыць аб чым‑н. з карыснай мэтай. Ён [Богут] перад ёю выдыгае, як закаханы, малады. «Мальвіна, жонка дарагая!» — Спявае ён на ўсе лады. І распытаў, як гасцявала. Колас. // Гаварыць іншае, чым раней. Пасля сходу ён пачаў інакш спяваць.

•••

Спяваць асанну (кніжн.) — узносіць, усхваляць каго‑н.

Спяваць на новы лад — а) пець новыя песні; б) гаварыць па-іншаму, не так, як раней.

Спяваць славу — расхвальваў, праслаўляць каго‑н. [Паходня:] — Ты з большым здавальненнем слухаў, як спяваў табе славу Бабейка: «Паважаны таварыш дырэктар», «таварыш Ваўчок распарадзіўся». Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зацягну́ць 1, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, даставіць куды‑н. Перад світаннем Грысь зацягнуў у кусты лодку, прыкрыў яе зялёным веццем, папаратнікам. Кулакоўскі. [Андрэй і Аўрам] воз зацягнулі ў гумно і пайшлі ў хату. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Гіганцкую жывёліну зацягнула пад кіль і смяртэльна параніла вінтом. Матрунёнак.

2. перан. Разм. Сілаю, угаворамі прывесці куды‑н., прымусіць зайсці куды‑н. На першым услоне сядзелі дзве бабулькі. Іх сілай зацягнуў старшыня сельсавета Міхаіл Сцяпанавіч Карэба і знарок пасадзіў наперадзе, на «самае ганаровае месца». Гаўрылкін. Гэты юнак аднаго разу зацягнуў Максіма на патаемны сход, які адбываўся ў хатцы на самым беразе ракі. Мікуліч.

3. Уцягнуць у сярэдзіну, унутр чаго‑н. — Адрэж кавалак дратвы, навашчы і зацягні ў іголку. Якімовіч. [Натка] зацягнула новыя шнуркі ў чаравікі. Васілевіч. // Уцягнуць, засмактаць куды‑н. Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Колас.

4. Удыхнуць, уцягнуць у сябе (дым, паветра і пад.). Зірнулі хлопцы на Антося І сліну ўсе яны глынулі, Паветра носам, зацягнулі. Колас. // Разм. Закурыць. А пасля зацягнуў [стары] сваю вялізную люльку і прыхіліўся па канапе адпачыць. Кавалёў.

5. Накрыць тонкім слоем чаго‑н. Уночы быў невялікі замаразак, ён зацягнуў лужынкі тонкім ільдом. Хомчанка. Цюкнула дурнота дрэва сякераю, але яно загоіць сваю рану,.. зацягне маладою карой. Ермаловіч. / у безас. ужыв. [Дрэвы] засынала зямлёй, зацягнула балотнаю тванню. Лынькоў. // Пакрыць чым‑н. нацягнутым. Жанчыны ў белых халатах страшэнна да ўсяго прыдзіраліся. Яны загадалі ў вокнах выняць форткі, а дзіркі зацягнуць марляй — для вентыляцыі. Нядзведскі. // безас. Загаіцца, зажывіцца (пра рану). // Завалачы (пра дым, туман і пад.). Усчаўся моцны вецер, неба зацягнулі хмары, і сыпануў дождж — золкі, халодны, і як у познюю восень. Савіцкі. / у безас. ужыв. Неба зацягнула нізкімі хмарамі, заходні вецер даносіў той няўлоўны своеасаблівы пах снегу, які адчуваецца ў адліжныя дні. Шамякін. Раку паступова зацягнула туманам. Місько.

6. Пацягнуць, расправіць (занавеску і пад.) так, каб закрыць, засланіць што‑н. [Алена] хуценька разабрала.. [бацькаву] пасцель, зацягнула над ложкам занавеску. Кулакоўскі.

7. Туга завязаць, сцягнуць. Зацягнуць вузел. Зацягнуць пятлю. □ Калі скалане паветраная дарога, Над крэслам тужэй зацягні рамяні. Макаль.

8. Заняць чым‑н. часу больш, чым меркавалася; затрымаць заканчэнне чаго‑н. Зацягнуць сяўбу. □ Вітаючыся з Ірынай за руку, Салаўёў неяк міжвольна зацягнуў гэтае вітанне. Шахавец.

9. Шчыльна закруціць, зашрубаваць. Зацягнуць гайку.

•••

І на вяроўцы (на ланцугу, ланцугом, на аркане) не зацягнеш каго — пра таго, хто рашуча адмаўляецца ісці куды‑н., рабіць што‑н.

зацягну́ць 2, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., што.

Разм. Заспяваць. Студэнты, размясціўшыся ў сярэднім купэ, зацягнулі песню, а той, у футболцы, ужо іграў на мандаліне. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; заг. прыстань; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Шчыльна прылягаючы, прымацавацца, прыліпнуць. Да мокрых кашуль дзяцей прыстала многа пяску. Бядуля. Да аднае былінкі прыстала белае пёрка. Гарбук. Холад апёк руку, яна аж прыстала да празрыстага ледзячка. Чарнышэвіч. // Шчыльна прылегчы. Дзверы добра прысталі да вушакоў. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра клічку, мянушку). Калі ён прыехаў на будоўлю, нехта мянушку яму прыдумаў: жырафа, але мянушка не прыстала. Гроднеў.

2. Разм. Перадацца; прычапіцца (пра якое‑н. пачуццё, хваробу і пад.). Занядужаў хлопец, а што за хвароба да яго прыстала — розуму не дабраць. «Беларусь». — Табе што, стаіш, як дуда, на стрэлцы, да цябе і ніякая трасца не прыстане... Лынькоў.

3. Далучыцца, прымкнуць да каго‑н. І неяк так атрымалася, што да Люсі і Гошкі прыстаў у кампанію маленькі плячысты татарын Ахметка і дзяўчынка Валя. Даніленка. — Мы гэта, — сказаў за ім следам Радзівон Бабака, — прыйшлі з ім (глянуў на Стальмаховіча) запытаць у вас, як гэта трэба рабіць, каб да вас прыстаць у гурт, ці гэта заяву трэба пісаць, ці гэта як? Чорны. // Застацца дзе‑н. з якой‑н. мэтай. Маці раіла вайскоўцу: — Прыстаў бы ты, чалавеча, дзе ў вёсцы, перачакаў бы ліхалецце. Асіпенка. — Во хіба знайду якую ціхую вёску ды прыстану да якой ўдавы ці салдаткі. Лупсякоў.

4. Разм. Звярнуццца да каго‑н. з неадчэпнай, надакучлівай просьбай, размовай; назойліва прасіць аб чым‑н. Я перш адказваўся, але.. [Васіль Бераг] так прыстаў, што нельга было адгаварыцца, і я мусіў зайсці з ім к Піню. Гартны. [Касперскі:] Дык парайце, як лепей зрабіць. Жонка прыстала — завязі. Гурскі.

5. Спыніцца, прычаліць, падышоўшы да берага, прыстані і пад. Лодка прыстала да берага. Гаспадар яе цвёрда ступіў на жоўты пясок. Алешка. Калі лодка прыстала да апусцелага берага, каля сетак, развешаных на дручках, не пахаджалі ўжо нават і кантралёры-каты. Брыль.

6. Стаміцца, змагчыся. Падбілася і прыстала Клава, пакалола босыя ножкі, пачала адставаць. Шамякін. Зусім прыстаў дзед Астап, падгіналіся [калені] ад доўгай дарогі. Лынькоў. Конь увесь блішчаў — быў мокры ад поту: прыстаў. Пташнікаў.

7. Разм. Спыніцца на некаторы час; прыпыніцца. Міхал падыдзе і прыстане, І лаву жыцейка агляне. Колас. Можа, трапіш ты ў нашы Аколіцы Нарачы, Мястра, — Не мінай хат рыбацкіх, І ля гатаўскіх сосен высокіх Прыстань адпачыць. Танк.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Пакінуць след, адбіцца. Гады быццам да яго не прысталі. □ — Будуць лаяць, і не толькі, мусіць, цябе адну, будуць усім нам кідаць абразы, а хіба гэта прыстане? Галавач.

•••

Прыстаць (прыбіцца) да берага — замацавацца на пэўным месцы на доўгі час, заняць пэўнае месца ў грамадстве.

Прыстаць з нажом да горла — неадчэпна, настойліва дамагацца свайго.

Прыстаць (пайсці) у прымы — стаць прымаком.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́й, ‑ю, М страі́ і стро́і; мн. страі́, ‑ёў і стро́і, ‑яў; м.

1. М страі́; мн. страі́, ‑ёў. Рад, шарэнга салдат; воіны, пастроеныя радамі. Дайшоўшы да размяшчэння часці, Ягораў загадаў выстраіць батальён, маўкліва прайшоў паўз строй. Краўчанка. І апошні разочак на хвіліну ці паўтары я ўбачыў свайго бацьку ў страі — іх рота пайшла на вячэрнія заняткі... Мехаў. Дарога, па якой рухаліся эскадроны, вузкая, лясная, і строй адразу парушыўся. Навуменка. / Пра шарэнгу або выступленне радамі атрада фізкультурнікаў, піянераў і пад. Агляды піянерскага строю і песні, злёты выдатнікаў вучобы, форумы правафланговых атрадаў, урачыстыя лінейкі і зборы — у кожным раёне горада, у кожнай дружыне юныя адзначаюць свой піянерскі юбілей. «Звязда». Прабыў тут Дзёмка да той пары, калі піянеры строем і з песняй рушылі ў калгас. Сіняўскі. // Спец. Парадак размяшчэння ваеннаслужачых, падраздзяленняў, воінскіх часцей і баявых машын для сумесных дзеянняў. Самкнуты строй. // Спец. Састаў дзеючай арміі, воінскія часці, прызначаныя для непасрэднага вядзення баявых аперацый. Пасля доўгага лячэння ў шпіталі Адам Гусакоўскі зноў у страі. «Маладосць». / у паэт. ужыв. Восем ран зажыло, я вярнуўся да строю, Толькі раны адной не магу загаіць. Броўка.

2. М страі́; мн. страі́, ‑ёў. Аб’яднанне людзей з агульнымі ідэямі, задачамі, мэтамі. Іх строй [выпускнікоў] сягоння незлічоны. І вучняў вучні падраслі І шлюць настаўніку паклоны з усіх, з усіх канцоў зямлі. Гілевіч.

3. М страі́; мн. страі́, ‑ёў. Рад прадметаў, размешчаных у адну лінію. Прад вачыма стаялі ў журбе Строй бярозак, кусты на палянцы. Прыходзька. Толькі Васілінка ўсё роўна любіць сваю Машку, выстаўляе побач з ёю цэлы строй бутэлечак, шклянак і бляшаначак, у якіх летам пірагі з пяску пякла. Ус. // Правільнае інтанаванне харавымі партыямі ўсіх гукаў, якія ўваходзяць у акорд.

4. М стро́і; мн. стро́і, ‑яў. Суадносіны па вышыні ступеней гукавой сістэмы. // Пэўная сістэма гучання (музычнага інструмента), якая ўтвараецца суадносінамі тонаў па вышыні. Труба ў строі сі бемоль. // перан. Зладжанасць, гармонія. // перан. Пра душэўны стан чалавека, яго настрой. [Марынчук:] — І ў яе [Кацярыны Змітраўны], бачу, не той ужо строй: пра што ні піша, дык неяк бегла, паспешліва, тое не дагаворыць, тое на паўслове абарве. Ракітны.

5. М стро́і; мн. стро́і, ‑яў. У паэзіі — пабудова паэтычнага твора, яго эмацыянальная афарбоўка. Асаблівасці творчага почырку паэта выявіліся .. ў строі яго песень. «Полымя». // Сукупнасць адметных рыс паэтычнага твора або чыёй‑н. творчасці. Беларуская народная паэтычная стыхія, якая з такім майстэрствам асвойваецца паэтам [А. Куляшовым], арганічна сінтэзуецца ў яго творчасці з вобразным строем школы Маякоўскага. Клімковіч.

•••

Рассыпны строй — баявы строй пяхоты, у якім стралкі размяшчаюцца ланцугом на значнай адлегласці адзін ад другога.

Выбыць са строю гл. выбыць.

Вывесці са строю гл. вывесці.

Выйсці са строю гл. выйсці.

Стаць у строй гл. стаць.

Увайсці (уступіць) у строй гл. увайсці.

Увесці ў строй гл. увесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)