Кірза́ты ’кірпаты’ (Ян.). Балтызм. Да літ. kīrsti ’рубіць, рэзаць’. Цікава супаставіць дзве групы літоўскіх лексем: kīrsti 1 ’рубіць, рэзаць’ — kīrsti 2 ’гарчыць’ (гэтыя значэнні традыцыйна звязваюцца — Фрэнкель, 258) і kīrpti 1 ’рэзаць, карпаць’ — kīrpti ’кіслець’ (таксама генетычна звязаныя значэнні — там жа, 257–258). Ад апошняга рэгулярна ўтварылася *kirpōtas, kirpanōsis, якое стала крыніцай бел. кірпаты, кірпаносы (як ад рус. корнать — курносый). Ад першага — кірзаты (Параўн. Мартынаў, Лекс. балтызмы, 28; Лаўчутэ, Балтизмы, 143).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кісць ’частка рукі’ (ТСБМ). Укр. кисть, рус. кисть ’тс’, а таксама ’гронка, пэндзаль’, ст.-слав. кисть ’пучок, гронка’, балг. киска ’букет, пучок’, серб.-харв. ки̏ст ’пэндзаль’, славен. kist ’тс’, польск. kiść ’пучок, гронка’, чэш. kyst ’пучок, вязка, букет’, славац. kysť ’кутас, мяцёлка, гронка’. Агульнапрынята прасл. kystь узводзіць да *kyt‑tь, якое паходзіць ад kyta (гл. кіта) ’гронка, мяцёлка, пучок, кутас’ (Фасмер, 2, 240; Слаўскі, 2, 176–177; ЕСУМ, 2, 438).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лабу́да ’негаспадарлівы чалавек, гультай’ (КТС, С. Гаўрусёў), рус. лабути́на, маск. лабуда́ ’ні да чаго не здатны’, ’знішчанае адзенне, лахманы’, лабу́та ’някемлівы, няспрытны’, калуж. лобуда́ ’задзіра’, ’шпана’, польск. labuda ’расцяпа, павольны чалавек’, чэш. мар. loboda ’бадзяга’. Сюды ж і славац. lebediť si ’адпачываць, атрымліваць асалоду, быць у бяздзейнасці’. Балтызм. Параўн. літ. lebẽdýti ’псаваць, дрэнна рабіць’, lẽbeda, lebedà ’неахайны, мямля, размазня, расцяпа, непаваротлівы’, лат. lebeze ’неахайны’. Гл. таксама Слаўскі, 4, 15, 401.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лазобка ’драўляны посуд (з ліпы), куды зліваюць мёд (ветк., Мат. Гом.; паўд.-усх., КЭС) або ссыпаюць муку’ (Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Інстр. 1, Юрч., Яруш., Малч.), ’кошык, дно якога складаецца з рэдкага лыкавага пераплёту’ (Грыг.), ’кадушка аб’ёмам у тры гарцы’ (Нас.), рус. смал. ’выдзеўбаная кадушка для мёду’. Бел.-рус. ізалекса. Да лазбіць (гл.), як і лазбень, толькі з іншай суфіксацыяй. Параўн. таксама рус. лозобка ’вулей’ (без месца — Даль).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Баўто́нка ’баўтушка, пойла’ (Касп.), ’корм для коней’ (Інстр. III). Параўн. бо́ўтанка ’корм для цялят’ (Інстр. III). Форма баўто́нка — яўна гібрыдная. Калі ад боўтаць рэгулярна ўтвараецца боўтанка, то ад баўта́ць павінна быць баўта́нка. Баўто́нка, мабыць, узнікла метатэзай з боўтанка пад уплывам баўтаць або ж гэта гіперкарэктная форма (‑о‑ замест этымалагічнага ‑а‑) пры перанясенні націску (бо́ўтанка → (баўта́нка) → баўто́нка). Усё да баўтаць, боўтаць (гл.). Таксама гібрыдным здаецца і рус. дыял. (пск.) болтонка ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Блат, па бла́ту (БРС), блатны́. Рус. блат, блатно́й, укр. блатни́й. Слова, якое пранікла са зладзейскага арго. Мабыць, з польск. blat ’той, хто захоўвае па знаёмству і да т. п.’ < яўр.-ням. blat. Гл. Фасмер, 1, 172; Хрысціані, AfslPh, 32, 265; Трахтэнберг, Блат. муз., 182 і далей; Шанскі, 1, Б, 136. Некаторыя іншыя версіі гл. Фасмер, там жа. Параўн. яшчэ ўкр. дыял. блят (аб гэтым Рудніцкі, 153). Гл. таксама блатаваць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Блю́ваць, таксама блява́ць. Ст.-рус. бльвати, рус.-ц.-слав. бльвати, блювати, рус. блева́ть, укр. блюва́ти, польск. bluć, чэш. blíti, балг. блю́вам, серб.-харв. бљу̀вати і г. д. Прасл. blьvati blʼui̯ǫ. І.‑е. *bhleu̯‑ ’выдаваць гукі пры выцяканні нейкай вадкасці, цячы, раўці’. Параўн. літ. bliáti ’рыкаць, бляяць’, грэч. φλύω ’цяку цераз край; б’ю крыніцай’, ’балбачу’. Бернекер, 64; Траўтман, 35; Праабражэнскі, 1, 28; Фасмер, 1, 173; Махэк₂, 57 (там і меркаванні адносна марфалогіі).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бро́нец (дакладней бране́ц, параўн. рус. смал. броне́ц) ’дзераза гадавая, Lycopodium annotinum L.’ (Кіс.). Рус. броне́ц ’тс’. Наўрад ці ёсць сувязь з дзеясловам броне́ть ’паспяваць, рабіцца колеру спеласці’. Ва ўкр. мове толькі форма баране́ць; таксама ў бел. мове баране́ц ’Lycopodium selago L.’ (Кіс., 78). Можна лічыць, што рус. броне́ц (праўдзівей было б бране́ц) і бел. слова паходзяць з б(а)ране́ц (да бара́н). Расліна так названа за яе касматыя, кучаравыя галінкі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Брэ́дзіць ’хлусіць, узводзіць паклёп’ (Нас.), брэдня́ ’хлусня, брахня, лухта’ (Нас.), брэ́дзіць ’трызніць’, брэд трызненне’ (Сцяшк. МГ). Рус. бре́дить, бред, укр. бредня́ ’лухта, хлусня’. Этымалогія гэтай групы слоў не вельмі ясная. Параўноўваюць з дзеясловам *bresti *bredǫ ’ісці’, а таксама з с.-н.-ням. praten ’балбатаць’, ст.-англ. breodian ’крычаць, клікаць’. Гл. Фасмер, 1, 210. Ст.-бел. брэ́дня ’глупства’. Булыка (Запазыч.) лічыць паланізмам (польск. brednia). Няпэўна. Параўн. Слаўскі, 1, 41–42.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Будво́рыца ’выган за вёскай’ (Касп.). Параўн. рус. дыял. будво́рицы ’месца, дзе канчаецца сяло, вёска і пачынаецца поле, луг, лес’. Можна меркаваць, што слова таго ж тыпу, што і буго́ня (гл.), г. зн. паходзіць ад *абудво́рыца, якое складаецца з *обы‑ ’абодва’ і двор (суф. ‑іца). Першапачаткова *’месца абапал двароў’. Таксама можна думаць і пра зыходнае *абадво́рыца, дзе *аба‑ (> бу‑) — прэфікс *ob(ъ). Тады першапачаткова *’месца навокал двароў’. Краўчук, БЛ, 1974, 5, 64.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)