вы́меркаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. Знайсці, сэканоміць шляхам дакладнага разліку; выгадаць, выкраіць. Вымеркаваць з бюджэту тысячу рублёў на рамонт. Вымеркаваць свабодную гадзіну. □ Ліпа са сваёй малою дачкою ехала з поўдня, дзе яны адпачывалі ля мора, і ўсё ж вымеркавала, колькі дзён, каб заехаць у Жыцькава. Сіпакоў.

2. Выбраць зручны момант. [Стафанковіч:] — Выбачайце, але калі я вас магу застаць дома? [Люба:] — Я сама не ведаю. — Калі так, то я ўжо як-небудзь вымеркую. Чорны.

3. У адпаведнасці з абставінамі ўлічыць усё неабходнае для ажыццяўлення якой‑н. мэты; правільна разлічыць. Як толькі сагнала з палёў снег, пан Зыгмусь сам зрабіў агляд зямлі, каб загадзя вымеркаваць, дзе што засеяць. Колас. [Павел Іванавіч:] — Вымеркуем так, што ў дні заняткаў у цябе будуць меншыя рэйсы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аго́рклы, ‑ая, ‑ае.

1. Пра тое, што набыло горкі смак. Не спазнаўшы месяца мядовага, Яблынькі прачнуліся удовымі, Доляй падзяліліся з рабінамі — Дзічкамі агорклымі зрабіліся. Барадулін.

2. перан. Пра тое, што надакучыла, абрыдла. З двара пачуўся так добра знаёмы, такі ўжо агорклы голас: «Мар-ры!» Брыль. // Невыносны, цяжкі. [Язэп:] — Як там маці? [Даша:] — Нічога... І зноў настала агорклая цішыня. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дысцыплі́на ​1, ‑ы, ж.

Цвёрда устаноўлены парадак, абавязковы для ўсіх членаў якога‑н. калектыву. Працоўная дысцыпліна. Ваенная дысцыпліна. Фінансавая дысцыпліна. □ Цімоша ж як быў, так і застаўся выдатнікам вучобы, у яго заўсёды ўзорная дысцыпліна. Краўчанка. // Вытрымка, прывычка да строгага парадку. Унутраная дысцыпліна.

дысцыплі́на ​2, ‑ы, ж.

Асобная галіна якой‑н. навукі; вучэбны прадмет. Гуманітарныя дысцыпліны. Фізіка-матэматычныя дысцыпліны.

[Ад лац. disciplina — вучэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэфрэ́н, ‑а, м.

1. Радок або некалькі радкоў, якія паўтараюцца ў канцы кожнага куплета верша ці песні; прыпеў. Пасля таго як спявачка асабліва прачулена праспявала рэфрэнам «Мой харошы, сінявокі, ты адзіны...» — Сагура нечакана ўзняўся на ногі, разгублена замігаў вачыма і стаяў так, узрушаны. Ракітны.

2. У музычнай форме ронда — галоўная тэма, якая шматкратна паўтараецца ў чаргаванні з рознымі эпізодамі.

[Фр. refrain.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зві́цца, саўюся, саўешся, саўецца; саўёмся, саўяцеся; зак.

1. Скруціцца ў клубок, у кальцо. Змяя звілася ў клубок. □ Лопнула струна, у абаранак звілася. Кандрусевіч.

2. Скурчыўшыся, легчы, паваліцца (ад удару, болю і пад.). — Максім як пальнуў, гэты афіцэрык так і звіўся. Грахоўскі. — Пайшоў ляж, каб ты здох! — прашыпеў [Ціток] і, падбегшы, выцяў сабаку нагою. Той яўкнуў і звіўся пад ложкам. Лобан. // Скруціўшыся, легчы, заснуць (ад стомы, ап’янення і пад.). Я пачаў аднеквацца: маўляў, хлопцы, вы піце, вы ж з холаду. Зноў жа такі арганізм мой знясілены, і калі я столькі вып’ю, дык і саўюся. Сабаленка. — А Лёнька ўжо звіўся, спіць? — вешаючы кажух і шапку на цвіку ў парозе, паглядзеў .. [бацька] у бок Лёнькавага ложка. Васілевіч.

3. Пераплесціся, сплесціся паміж сабой. Па баках дарогі.. стройна звіўся беразняк. Машара. Макар насупіўся, на лбе вяровачкамі збіліся складкі. Дуброўскі.

4. Сесці роем (пра пчол). Рой, як толькі даляцеў да першага дрэва калгаснага саду, так і звіўся на галінцы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Падглы́бціць ’прысвоіць’ (Касп.). Бліжэйшы славянскі адпаведнік — польск. дыял. gląbać ’хапаць, забіраць сабе; абдымаць’. Польск. слова роднаснае слав. globa, globiti (аб апошніх гл. Трубачоў, ЭССЯ, 6, 131 і наст.), параўн. бел. аглобля. Лаўчутэ абгрунтавана (Балтизмы, 103 і наст.) на аснове семантычнага і арэальнага крытэрыяў ставіць пытанне аб запазычанні польск. gląbać з балцкіх моў, параўн. літ. globti, glėbti ’укрываць, ухутваць; хапаць, прысвойваць’, лат. glabät ’берагчы, захоўваць’ і г. д. Што датычыць канкрэтнага статуса беларускага слова, то яно можа быць прэфіксальным утварэннем на беларускай глебе як ад польск. gląbać, так і ад літ. globti з дыялектнай зменай а > ы і падваеннем інфінітыўнага канчатку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тож ’таксама’ (Некр. і Байк., Гарэц., Растарг., Сцяшк. Сл., Федар. 4), тож, то́жэ ’тс’ (ТС, Сл. ПЗБ), тож, то́же ’тс’ (Вруб.), то́жа ’тс’ (калінк., З нар. сл.; Жд. 1), то́жо ’тс’ (Сл. ПЗБ), тыж ’тс’ (зэльв., Нар. словатв.), ст.-бел. тожде ’так, таксама’ (Ст.-бел. лексікон), а таксама ў спалучэннях jak na tuoż ’як на зло’, tuoż tuoż, tuoż bo to ’значыцца, зразумела, сапраўды’ (Федар. 4), то́‑шта ’як жа’ (Воўк-Лев., Татарк.). Параўн. укр. дыял. тож ’таксама’, рус. то́же, дыял. тож ’тс’, польск. toż ’тое самае’, ’ж, жа’, ’вось’, старое ’таксама, тое ж’, чэш. дыял. tož ’значыцца, вось жа’, славац. дыял. tož ’менавіта, значыцца’, славен. torej ’тс’, ст.-слав. тоже, тожде ’таксама, дакладна, так, сапраўды’. Прасл. *to‑že ’дакладна тое’, параўн. літ. taĩgi ’такім чынам, значыцца’, для некаторых форм, магчыма, *to‑dje (з часціцай *‑dje/*dʼe няяснага паходжання) ’таксама, такім жа чынам’ (ESSJ SG, 2, 693–694, 667; Бязлай, 4, 191, 203–204; Борысь, 630, 639). Гл. то, тое 1, ж.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казу́лька ’божая кароўка’ (Шатал., З жыцця; Чач.), казулькі ’конікі палявыя’ (Федар. Рук.). Укр. козуля, козулька ’насякомае Cerambix’. Словаўтваральна празрыстая структура; цяжэй вытлумачыць як вытворнае ад каза 1, ці тут перанос назвы з казуля, вядомага ў розных значэннях. Параўн. у Федароўскага ў рукапісным слоўніку: kozaczki ’конікі палявыя’. Лексемы з апошнім значэннем могуць быць аўтаномнымі ўтварэннямі (паводзіны насякомага нагадваюць паводзіны жывёлы), магчыма, нават першаснымі для семемы ’божая кароўка’, напр., супадзенне назвы коніка і божай кароўкі ў бел. лельч. кавалік. Разам з тым міфалагічны кантэкст, які суправаджае розныя назвы Coccinella septempunctata як у слав., так і неслав. мовах, дазваляе меркаваць аб магчымай субстытуцыі назвы або міфалагічным варыянце, параўн. бел. кароўка, ярыца, укр. щедрик‑ведрик і рус. козуля, козурка, козюлька, коровка і інш. для сакральнага печыва з відавочнымі зааморфнымі адзнакамі.

Казу́лька ’маленькая лавачка’ (Касп.). Рус. козуля ’кароткая лавачка, зробленая так, што сучкі дрэва з’яўляюцца ножкамі’, казулька ’тс’, халм., пск. ’маленькая лавачка, на якую садзяцца, калі дояць карову’, маск. ’санкі, якія робяць са старой лаўкі’. Матывацыя назвы зразумелая (рожкі, зааморфная адзнака), аднак не вельмі ясна, утворана слова суфіксальным спосабам ад каза або тут перанос назвы ад казуля, параўн. інш. назву лавачкі каза (гл.). Статус інавацыі (усх.-слав.?) няясны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

змо́ршчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. Сабрацца ў маршчыны, складкі. Твар зморшчыўся. □ Адам прыплюшчыў вочы, і ў яго зморшчыўся лоб. Чорны.

2. Зморшчыць твар, скрывіцца ад чаго‑н. непрыемнага. Ваўчок зморшчыўся, як моршчыўся заўсёды, калі размова заходзіла пра новую і клапатлівую справу. Хадкевіч. Алік толькі паспытаў суп і зморшчыўся. Ваданосаў.

3. Заўчасна пахудзець, пастарэць, усохнуць (ад гора, нялёгкага жыцця). Паліт, калі ад’язджаў [у Амерыку], быў кучаравы, стройны дзяцюк, а вярнуўся лысы, як той бубен. Згорбіўся, зморшчыўся Паліт. Бялевіч.

4. Пакрыцца складкамі, няроўнасцямі; пакарабаціцца, усохнуцца. Грыбы зморшчыліся так, што нават не было чаго есці. Маўр. [Яблыня] раптоўна пачала чэзнуць, вянуць. Лісточкі і пялёсткі зморшчыліся. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыручы́ць, ‑ручу, ‑ручыш, ‑ручыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць ручным, прымусіць прывыкнуць да каго‑, чаго‑н. (жывёлу, птушку і пад.). А выведуцца маладыя арляняты, возьме [Гошка] адно з гнязда і прыручыць: няхай у іх будзе ручны арол. Даніленка. Выходзіць, калі добра даглядаць, абыходзіцца з ім як след, дык і ваўка можна прыручыць. Пальчэўскі.

2. перан. Разм. Зрабіць каго‑н. больш даверлівым, паслухмяным; прывучыць да сваіх парадкаў. «Малады яшчэ, толькі з інстытута, — цікуючы спадылба на Антона Антонавіча, разважаў Маслабаеў. — Яго няцяжка прыручыць, пад свой, так сказаць, уплыў узяць». Каршукоў. «Ну і мядзведзь, — думаў Сярмяжка, пазіраючы, як павольна клыпае гэты здаравяка. — Нічога, мы цябе прыручым». Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)