падзіві́цца, ‑дзіўлюся, ‑дзівішся, ‑дзівіцца; зак.

1. з каго-чаго, каму-чаму і без дап. Прыйсці ў здзіўленне, здзівіцца. Міколка падзівіўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасці. Лынькоў. Косця зірнуў у той бок, дзе працавала Марынка, і падзівіўся яе смеласці. Шыцік. — А братка ж ты мой! — ціха падзівіўся нехта. Чорны.

2. на каго-што, з дадан. сказам і без дап. Паглядзець са здзіўленнем, захапленнем або з цікавасцю. Суседзі не раз прыходзілі падзівіцца на такі незвычайны ўраджай. Новікаў. Выйду я на ўзгорак, Стану, падзіўлюся, Песняю зальюся. Трус. Пры беразе тоўпілася нямала народу, былі тут дарослыя і дзеці — ведама, каму не цікава падзівіцца, як рака.. скідвае з сябе ледзяное покрыва. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пату́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. Тупаць некаторы час; тупнуць некалькі разоў. Стары патупаў у парозе, ускінуў на плечы мяшэчак, намацаў клямку і пайшоў. Грахоўскі. Мужчыны патупалі на ганку, каб абабіць снег. Лобан.

2. Пахадзіць туды-сюды. Параўняўшыся з тым ляском, дзе калісь натрапіліся баравікі, настаўнік збочыў з дарогі, патупаў па лесе, а потым прысеў на гладка спілаваны дубовы пень. Колас. Пархвен як сам не свой патупаў па дварэ, зазірнуў ва ўсе куткі, увайшоў у хату. Чорны.

3. Пайсці, накіравацца куды‑н. Мужчыны зарагаталі. Пад рогат гэты Глушак устаў і ціха патупаў да сваёй хаты. Мележ. Усе пайшлі спаць, а маці патупала ў камору збіраць Максіму клумак у дарогу. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахава́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пахавання (у 2 знач.). Пахавальны абрад. Пахавальная працэсія. Пахавальны звон. // Які скарыстоўваецца на пахаванні, прызначаны для пахавання. Ціха напяваючы пахавальны марш, байцы падымаюць нябожчыка. Глебка. // Які выконвае абрад пахавання, арганізуе пахаванне. Пахавальнае бюро. □ З грузавіка выйшлі трое ў такіх жа мышастых мундзірах, якія былі і на тых, што ляжалі на паляне. Гэта прыехала пахавальная каманда. Чыгрынаў.

2. у знач. наз. пахава́льная, ‑ай, ж. Разм. Паведамленне з дзеючай арміі пра смерць, гібель ваеннаслужачага. Бацьку забралі ў салдаты, і прыйшла ў пачатку сорак пятага на яго пахавальная. Б. Стральцоў. [Аня:] — Атрымала маці пахавальную, а нас пяцёра каля яе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыго́н ​1, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыганяць — прыгнаць (у 1 знач.).

2. Абл. Месца, куды прыганяюць жывёлу, дзе трымаюць жывёлу; згон. У зацішным нізенькім прыгоне Ціха і глыбока, як праз сон, Ўздыхаюць змораныя коні, Хрумстаючы сенам і аўсом. Грахоўскі.

прыго́н ​2, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыганяць — прыгнаць (у 2 знач.).

2. Грамадою лад, заснаваны на прыгонным праве; прыгонніцтва. Часы прыгону. □ Ці тое некалі за прыгонам было, ці пазней... Жыла ў прыдзеінскай вёсачцы дзяўчына. Звычайная сялянская дзяўчына. Хадкевіч.

3. Дармавая прымусовая праца сялян на памешчыка ў часы прыгоннага права; паншчына. Адбываць прыгон. □ — Бач, які порсткі! — смяецца пан. — Спярша ты ў мяне прыгон адслужы, тады і вярну [распіску]. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рука́ў, ‑кава, м.

1. Частка адзення, якая пакрывае руку ці частку рукі. Ціха падпоўз Міколка да машыніста, асцярожна таргануў яго за рукаў. Лынькоў. [Тамаш] схаваў пальцы рук у рукавы і зарагатаў. Чорны.

2. Адгалінаванне, якое адыходзіць ад галоўнага вусця ракі. З рукава рэчкі, падхопленая струменем, плыла некім сарваная галоўка лілеі. Арочка. Яшчэ дзесятак метраў быстрыні і рукавы рэчкі, вырваўшыся з-за вострава на шырыню, злучыліся. Брыль.

3. Труба ці кішка для адводу вадкасцей, газаў, сыпучых целаў. Пажарны рукаў. □ Па рукаве з каменных жорнаў Плыла бялей за снег мука. Астрэйка.

•••

Закасаўшы рукавы гл. закасаўшы.

Рукавом закусіць гл. закусіць.

Смяяцца ў рукаў гл. смяяцца.

Спусціўшы рукавы гл. спусціўшы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

храп ​1, ‑у, м.

1. Хрыплыя гукі, якія ўтварае пры дыханні той, хто спіць. Роўны храп ціха калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. Неўзабаве ва ўсім Глушаковым тавары чуліся сапенне ды храп. Мележ. Вось ужо і храп пачуўся з будкі, а .. [хлопцы] ўсё яшчэ баяліся вылазіць. Маўр.

2. Гукі, якія напамінаюць хрыплае сапенне (звычайна пра коней). Увагу [Гамыры] займае конскі храп і пазвоньванне жалезнага пута. Колас. На дарозе конскі храп, трэск аглабель, прарэзлівы дзявочы віск... Навуменка. І конь з дзікім храпам пранёсся перада мной, як дэман, толькі абкідаў мяне грудкамі снегу з-пад капытоў. Карпюк.

храп ​2, ‑а, м.

Спец. Упор для спынення або рэгулявання частак механізма, якія рухаюцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нос, -а, мн. насы́, насо́ў, м.

1. Орган нюху, які знаходзіцца на твары чалавека або мордзе жывёлы.

Н. з гарбінкай.

2. Дзюба ў птушкі.

Бусляняты закідваюць насы ўгору.

3. Пярэдняя частка судна, лодкі, самалёта і пад.

4. Аб выступаючай пярэдняй частцы якога-н. прадмета.

5. Тое, што і насок (у 2 знач.).

Туфлі з вострымі насамі.

○

Рымскі нос — вялікі, правільнай формы нос з гарбінкай.

◊

Бубніць сабе пад нос (разм.) — гаварыць вельмі ціха, незразумела.

Вадзіць за нос каго — абяцаць і не выконваць; уводзіць у зман (разм.).

Вярнуць нос (разм.) — адносіцца да каго-н. з пагардай.

Драць нос — важнічаць, задавацца (разм.).

З-пад (самага) носа (узяць, украсці; разм.) — на вачах у каго-н., у непасрэднай блізкасці ад каго-н.

На носе (разм.) — вельмі скора, у самы блізкі час (адбудзецца што-н.).

Носам рыць (груб.) — выказваць сваю незадаволенасць кім-, чым-н.

Нос у нос; носам к носу (разм.) — вельмі блізка адзін да аднаго.

Пад самым носам (разм.) — блізка, у непасрэднай блізкасці ад каго-, чаго-н.

Пакінуць з носам каго (разм.) — абдурыць, падмануць.

Соваць нос (разм., неадабр.) — умешвацца не ў сваю справу.

|| памянш.-ласк. но́сік, -а, мн. -і, -аў м. (да 1 знач.), насо́к, -ска́, мн. -скі́, -ско́ў, м. (да 1 і 5 знач.).

|| прым. насавы́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

го́рны ​1, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гары (у 1 знач.). Горны ланцуг. Горнае паветра. // Які знаходзіцца ў гарах. Горнае паселішча. Горныя лугі. □ Стала так ціха, што здавалася — ручай грыміць, як горны вадапад. Самуйлёнак. // Гарысты; пакрыты гарамі. Горная краіна. // Прызначаны для выкарыстання ў гарах. Горная артылерыя. Горныя лыжы.

2. Які здабываецца з зямных нетраў. Горныя руды.

3. Які мае адносіны да распрацоўкі зямных нетраў. Горны інжынер. Горны камбайн.

•••

Горная хвароба гл. хвароба.

Горны баран гл. баран (у 2 знач.).

Горны хрусталь гл. хрусталь.

Горны лён гл. лён.

го́рны ​2, ‑ая, ‑ае.

Разм. Поўны горычы, гора; гаротны. І маёр штораз прыгорне Да грудзей сваіх малую: — Не журыся, сум твой горны Я душой таксама чую. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́раз, прысл.

1. У сучасны момант, у гэты час, цяпер. Усе цяпер на копцы бульбы, Дораг зараз кожны дзень. Панчанка. Дзе раней быў мох, там зараз канюшыны стог. З нар. // Толькі што, зусім нядаўна. Расказаная зараз гісторыя. // У самым скорым часе, хутка (пра дзеянні, падзеі, якія маюць вось-вось адбыцца). Ціха, дзеці, калі ласка, Раскажу вам зараз казку. Муравейка.

2. (звычайна з часціцай «жа»). Неадкладна, у гэты ж момант. [Цімафею Міронавічу] закарцела тады як-небудзь паказаць .. сваю сілу, зараз жа, неадкладна праверыць дзейнасць яе на якім-небудзь аб’екце. Зарэцкі.

зара́з, прысл.

Адразу, за адзін раз, адначасова. Рабіць дзве работы зараз. □ Богут ветлівым паклонам Гасцей вітае дарагіх І раскрывае сваё лона, Каб прытуліць зараз дваіх. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́ташні, ‑яя, ‑яе.

Які мае адносіны да мінулага года; мінулагодні. З другімі, чым раней, пачуццямі ўязджаў цяпер Паходня ў Мінск. Леташнія перажыванні даўно ўлягліся. Хадкевіч. Тут было над чым задумацца, бо, нягледзячы на леташнія поспехі, сёе-тое ў брыгадзе не клеілася. Шыловіч. // Які застаўся, захаваўся ад мінулага года. Сям-там выступалі з-пад снегу жоўтыя плямы пясчанай зямлі, мёртвыя цыбуры пабітых марозам красак і засохлыя вусікі леташняй травы. Колас. Ціха журчала ў лозах вада, шапацеў леташні сухі чарот. Краўчанка. // Такі самы, як і ў мінулым годзе. Вясна ў Прусах надыходзіла дакладна такая ж, як і леташняя. Сергіевіч. // у знач. наз. ле́ташняе, ‑яга, н. Тое, што было ў мінулым годзе, засталося ад мінулага года.

•••

Як леташні снег (патрэбен) гл. снег.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)