зірк 1, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца ў значэнні дзеясловаў зірнуць і зіркнуць пры выражэнні нечаканасці, раптоўнасці выяўлення або наступлення чаго‑н. — Мама! — устрывожыліся дзеці. — Нашай грушы няма! Дзядзька грушу забраў!.. Маці зірк у акно: праўда, дзічкі як бы ўжо няма. Ракітны. «Вось каб і грошы так жа знайсці!» — прамовіў парабак. Аж зірк — а пад нагамі скураны кашалёк. С. Александровіч.
зірк 2, ‑у, м.
Абл. Погляд, позірк. Першы Нахлябічаў зірк быў на Галену. Чорны. Увайшла бабка, акінула зіркам маладых настаўнікаў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскла́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскладаць 1 — раскласці 1.
2. Графік, у якім указваецца час, месца, паслядоўнасць правядзення чаго‑н. Пеця дакладна ведаў расклад усіх паяздоў і да кожнага з іх быў напагатове. Ракітны. Вучні застукалі векамі партаў, зашамацелі сшыткамі — у раскладзе значыўся ўрок па мове. Шахавец. // Парадак, распарадак чаго‑н. Лабановіч прыносіць свой расклад работы ў школе. Колас.
•••
Штатны расклад — дакумент, які вызначае склад работнікаў якой‑н. установы, прадпрыемства з указаннем іх пасад і акладаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скру́ха, ‑і, ДМ скрусе, ж.
Туга, маркота. Радасць чалавечая ўсё ж такі мацней за скруху і беспатольнае гора. Сабаленка. — Глыбокае мора, шырокае мора, — Старая запеў павяла, — Ды толькі, глыбейшым было маё гора, Шырэйшаю скруха была. Бялевіч. // Жаль, шкадаванне. — Марына!.. Га, Марына!.. Ты яшчэ жывеш? Не памерла?.. — і са скрухай уздыхнуў: — Ну і жывучыя людзі! Ракітны. Затое, калі ішлі з Сяргеем дадому і адзінай сведкай іх быў серпік месяца, .. [Антон] са скрухай сказаў: — Пацягнула ж мяне за язык сказаць пра гэты буксір. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шматлі́кі, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. У кожным сяле ёсць два-тры шматлікія, галінастыя роды, якія карыстаюцца ў людзей агульнай павагай. Ракітны. За перагародкай размяшчалася шматлікая сям’я дзядзькі Каленіка. Даніленка.
2. Які праводзіцца, маецца, прысутнічае і пад. у вялікай колькасці. Праводзіць шматлікія гутаркі з насельніцтвам. Прымаць шматлікіх наведвальнікаў. Адказваць на шматлікія пытанні. □ А на піяніна — вялікі букет кветак і шматлікія фатаграфіі славутых акцёраў, пераважна салістаў оперы. Шамякін. З пакояў даносіўся гоман шматлікіх галасоў. Мядзёлка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шыкава́ць 1, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Разм. Жыць з шыкам; праяўляць у чым‑н. шык; фарсіць. Каб усе пабачылі, як ён шыкуе, сядок падоўгу разлічваўся з барадатым рамізнікам у сінім зіпуне. Рамановіч. [Унук] шыкаваў цяпер у доўгім габардзінавым макінтошы і ў чорным не па галаве берэце з хвосцікам наверсе. Ракітны.
шыкава́ць 2, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., каго-што.
Абл. Рыхтаваць, падрыхтоўваць. Спіць сабе [Валодзька] да абеду, а надвячоркам распальвае вуголлі ў прасе, шыкуе штаны. Гроднеў. // Запасіць што‑н. Шыкаваць палотны ў пасаг.
[Польск. szykować.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адгуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
1. Правесці некаторы час на гуляннях. Вось ужо цэлае лета адгулялі.. [Антон і Надзя] на вечарынках. Грамовіч. // што. Выкарыстаць чарговы адпачынак, водпуск, дазволены за звышурочныя работы, дзяжурствы. Адгуляў сын-афіцэр свой водпуск у вёсцы. Ракітны.
2. што. Адсвяткаваць; згуляць. — У гэтым доме, — заўважае брат, — на Новы год вяселле адгулялі. Гілевіч.
3. Перастаць, кончыць гуляць. [Лятун:] — Стары я, браткі, недалугай раблюся. Што год, то горш. Але не шкада, сваё адгуляў, сваё адмазоліў. Лынькоў. // перан. Прайсці, закончыцца. Адгрымела маразамі зіма, адгуляла завеямі ў палях. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кавале́р, ‑а, м.
1. Мужчына, які танцуе з дамай, суправаджае яе на гулянні і пад. [Валя:] Вось дык кавалер! Кінуў дзяўчыну сярод ночы на вуліцы. Крапіва. — Знайдзі хоць ты, Пеця, мне кавалера, калі сам не ўмееш танцаваць, — просіць .. [Дора Змітраўна]. Карпаў. // Хлопец, мужчына, які заляцаецца да дзяўчыны; паклоннік.
2. Малады чалавек; халасты мужчына. У хаце Марты — беспарадак і чад: сыны яе кавалеры — Віктар і Стась — чысцяцца, гладзяцца. Ракітны. Лапко быў яшчэ кавалерам, хоць яму падбіралася пад палавіну пятага дзесятка. Колас.
3. Асоба, узнагароджаная ордэнам. Кавалер ордэна Славы.
[Фр. cabalier, іт. cabaliere.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
калі́бр, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Дыяметр канала ствала агнястрэльнай зброі. Зброя розных калібраў. □ Удалося дастаць амаль спраўную супроцьтанкавую гармату, калібр–45. Брыль. // Дыяметр гільзы, кулі або снарада. Гільза дванаццатага калібру. Кулі шаснаццатага калібру.
2. ‑у. Дакладны размер якіх‑н. прадметаў вытворчасці. Калібр цвікоў. Раскласці шрубы па калібрах.
3. ‑у; перан. Памер, велічыня, форма чаго‑н. Палічкі трэцяй шафы займаліся прадуктамі — гарохам, макаронамі, крупамі, — перасыпанымі з магазінных кулькоў у белыя торбочкі рознага калібру. Ракітны.
4. ‑а. Вымяральны інструмент для праверкі размераў, формы вырабаў. Праверыць калібрам.
[Фр. calibre.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
камерцы́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з камерцыяй; гандлёвы. Камерцыйныя аперацыі. Камерцыйны банк. Камерцыйныя адносіны паміж краінамі. Камерцыйны чыноўнік. // Разм. Разлічаны на прыбытак, даход. Камерцыйныя адносіны да справы. Камерцыйны разлік. □ [У Дзялендзіка] свой камерцыйны інтарэс: жыць .. на хабарах. Скрыган. // Разм. Спрытны, лоўкі ў атрыманні даходу, прыбытку. Са святой натурай Альбіны Сільвестраўны ўжывалася.. і натура камерцыйная. Ёй няблага дапамагалі сыны і дочкі, усю гародніну сваю збывала на рынку, пастаяльцы плацілі за кватэру. Ракітны.
2. Звязаны з гандлем без картачак па павышаных цэнах пры картачнай сістэме забеспячэння. Камерцыйны магазін. Камерцыйныя цэны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.
1. Зрабіць цёплым ці гарачым. Сонца яшчэ не паспела нагрэць паветра, і дыхалася лёгка, вольна, на поўныя грудзі. Васілёнак. [Люба] падпаліла ў печы і пагрэла ў гаршку вады. Чорны.
2. Зрабіць цёплым памяшканне. [Сёстры:] — А дроў, дроў колькі трэба, каб нагрэць такую стадолу!.. Ракітны. // Разм. Сагрэць. Чужы кажух не нагрэе. Прымаўка.
3. перан. Разм., іран. Падмануўшы, прымусіць панесці страты; узяць больш, чым трэба. Нагрэць на дзесяць рублёў.
•••
Нагрэць месца — доўга прабыць дзе‑н.
Нагрэць (пагрэць) рукі — нажыцца за чый‑н. кошт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)