парале́ль, ‑і, ж.

1. Паралельная лінія. Правесці паралель.

2. Умоўная лінія, праведзеная па зямной паверхні паралельна экватару, усе пункты якой маюць аднолькавую геаграфічную шырату. Змыкайце рады Камінтэрна На ўсіх паралелях зямлі. Глебка.

3. перан. З’ява, якая можа параўноўвацца з іншай, аналагічнай з’явай. Канкрэтнасць гістарычнай паралелі, такім чынам, выпраўляла лінію абстрактных разваг героя, не даючы яму збіцца з пазіцый рэалізму. Лойка. // Параўнанне, супастаўленне. У шматлікіх работах аб творчасці Коласа робяцца паралелі паміж «Казкамі жыцця» і байкамі Крылова, алегорыямі Салтыкова-Шчадрына, Горкага і г. д. Навуменка.

[Ад грэч. parállēlos — які знаходзіцца, праходзіць побач.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адгуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Правесці некаторы час на гуляннях. Вось ужо цэлае лета адгулялі.. [Антон і Надзя] на вечарынках. Грамовіч. // што. Выкарыстаць чарговы адпачынак, водпуск, дазволены за звышурочныя работы, дзяжурствы. Адгуляў сын-афіцэр свой водпуск у вёсцы. Ракітны.

2. што. Адсвяткаваць; згуляць. — У гэтым доме, — заўважае брат, — на Новы год вяселле адгулялі. Гілевіч.

3. Перастаць, кончыць гуляць. [Лятун:] — Стары я, браткі, недалугай раблюся. Што год, то горш. Але не шкада, сваё адгуляў, сваё адмазоліў. Лынькоў. // перан. Прайсці, закончыцца. Адгрымела маразамі зіма, адгуляла завеямі ў палях. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пад’ёмны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пад’ёму (у 1 знач.). Пад’ёмная сіла крылаў. // Які служыць для пад’ёму чаго‑н. Пад’ёмны кран. Пад’ёмны механізм. □ Тэадаліт мае тры пад’ёмныя вінты — пры дапамозе іх прыводзяць лімб у гарызантальнае становішча... Пташнікаў.

2. Зроблены так, каб можна было падняць. Пад’ёмная заслона. Пад’ёмны мост.

3. у знач. наз. пад’ёмныя, ‑ых. Грошы, якія выдаюцца пры пераездзе на новае месца работы. Атрымаць пад’ёмныя. □ [Чалавек], здаецца, не адказаў на маё прывітанне, а папрасіў маё накіраванне. Прабег яго вачыма, паклікаў нейкую Надзю, загадаў ёй мяне «правесці загадам» і выплаціць пад’ёмныя. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дабы́ць 1, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.

Прабыць дзе‑н. да пэўнага тэрміну ці да канца. Не дабыць да канца свайго адпачынку. // Правесці астатак часу дзе‑н. Страшны смутак па тым, што ён [Вялічка] не дабыў тут спакойна свой астатні тыдзень.., прайшоў праз усю яго істоту. Чорны.

дабы́ць 2, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак., што і чаго.

Разм. Дастаць, раздабыць у выніку пошукаў, намаганняў. — Нам вядома, — сказаў Алёшка, — што спісы ў Опермана, іх трэба, канешне, дабыць. Мікуліч. Як не будзе, то маці Забудзе, як не стане, то бацька дастане. З нар. // Набыць паляваннем, рыбнай лоўляй і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. Вымаўляць, зачытваць што‑н. уголас з тым, каб слухачы (слухач) запісвалі. Дыктаваць тэкст пісьма машыністцы. □ — Я не хутка дыктую, вы паспяваеце запісваць? Краўчанка.

2. Загадваць, прадпісваць што‑н. для безагаворачнага выканання. Дыктаваць сваю волю. □ Укалола .. [Ельскага] графская пыха, што не можа дыктаваць .. ён, афіцэр, пан, шляхціц. Пестрак. // перан. Падказваць, пераконваць. Сам розум дыктаваў даць гэту паркалёвую хустку Марылі: ёй не прыйшлося мануфактуры, а хустка гэтая аставалася. Чорны. Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі. Аднак нейкая маўклівая праца розуму, унутранае пачуццё дыктавала зусім іншае. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сачо́к1 ’конусападобная сетка на абручы з ручкай, якая служыць для лоўлі рыбы, насякомых і пад.’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Бес., З нар. сл.), са́чак ’тс’ (Дэмб., 2, 575). Памяншальнае да сак2 (гл.).

Сачо́к2 ’від жаночага адзення, кароткая куртка на ваце’ (ТСБМ, Янк., Сцяшк.), са́чак ’тс’ (Бір., Сцяшк., Шатал., Янк., З нар. сл., Нар. сл.), са́чык ’тс’ (Сцяшк., З нар. сл., Жд. 1, Нар. сл., Сл. Брэс., Сакал., Скарбы). Памяншальнае да сак1 (гл.).

Сачо́к3 ’гультай’ (Жд. 1). Запазычанне вусным шляхам з рус. прастамоўнага сачо́к ’тс’, сачкова́ть жарт. ’гультаяваць; прапускаць урокі, лекцыі’. Дзеяслоў, паводле ССРЛЯ, 13, 210, фіксуецца ўпершыню ў пісьменніка Новікава–Прыбоя ў значэннях ’лавіць рыбу сачком’, ’гультаяваць’. Тады да сачок < сак2 (гл.) ’прылада лавіць рыбу’; значэнне ’гультаяваць’ у дзеяслова з’явілася, відаць, пад уплывам меркаванняў, што лоўля рыбы — гэта заняцце, каб правесці час. Гэта можа быць і народная этымалогія. Гаўлава (Etym. Brunensia, Brno, 1980, 27), якая прыводзіць яшчэ дыял. маск. сачёк ’хлопец, які заляцаецца да дзяўчыны, яе каханы’, узводзіць да *sočiti (гл. сачыць), што больш верагодна, параўн. і вядомае ў гутарковай мове 30‑х гадоў XX ст. сачо́к як адпаведнік рус. сексо́т (< секретный сотрудник).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прасе́дзець, ‑седжу, ‑седзіш, ‑садзіць і прасядзе́ць, ‑сяджу, ‑сядзіш, ‑сядзіць; зак.

1. Правесці які‑н. час седзячы. Алесь і заснуў за гаворкаю з маці, а тая праседзела да самага відна, не спускаючы вачэй з сына. Броўка. Хлопец паслухмяна адышоўся ўбок і праседзеў з паўгадзіны на адкосе. Чорны. Так і праседзеў галодны чалавек на лаўцы, пакуль сям’я абедала. Чыгрынаў. Надзя амаль усю, ноч моўчкі прасядзела на саломе, прыхінуўшыся да сцяны. М. Ткачоў. // Правесці нейкі час, седзячы за якой‑н. работай, займаючыся чым‑н. Над той кніжкай Барашкін праседзеў да глыбокай ночы. Савіцкі. [Хвядос:] — А як жа! І дзед і бацька мой на рацэ праседзелі. А я ў гэту вайну ўвесь партызанскі атрад рыбай карміў. Парахневіч. Зубок прасядзела да позняга вечара і дапамагла Вераб’ёвай напісаць вялікі, з цікавымі фактамі артыкул. Кавалёў. // Прабыць дзе‑н., які‑н. час, адбываючы пакаранне. Другіх караюць, але не больш, як на той тэрмін, што абвінавачаныя праседзелі да суда. Машара. Косцю нехта гаварыў, што Бубновіч пры панскай Польшчы праседзела некалькі год у турме за падпольную работу. Карпюк. Паўлоўскі прасядзеў пад арыштам да глыбокай зімы. Чорны.

2. Разм. Правучыцца ў школе або іншай навучальнай установе больш устаноўленага тэрміну, застаючыся на другі год. У шостым класе Валя прасядзела два гады. Васілевіч.

3. Разм. Працерці ці праціснуць працяглым сядзеннем. Праседзець штаны. Праседзець канапу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. што і чаго. Пасучыся, стаць тлустым, прыбавіць у вазе (пра жывёлу). // Разм. Ад спакойнага, добрага жыцця стаць, зрабіцца поўным, тлустым (пра чалавека).

2. што. Разм. Гуляючы, набыць што‑н. Нагуляць апетыт. // каго-што. Груб. Стаць цяжарнай, нарадзіць дзіця, не будучы замужам. — Хэ, — абазваўся другі голас, — ціхая-ціхая [Люба], а чэрава нагуляла. Чорны.

3. што і чаго. Разм. Гуляючы ў якую‑н. гульню, выйграць што‑н. Нагуляць грошай.

4. Разм. Правесці нейкі час гуляючы; нагуляцца (у 1 знач.). Па Федзьку выходзіў бацька з папружкаю. — Я вось табе нагуляю, — гаварыў ён, складваючы папружку ўдвая. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абліза́ць, ‑ліжу, ‑ліжаш, ‑ліжа; зак., каго-што.

Правесці языком па паверхні чаго‑н.; ачысціць каго‑, што‑н. лізаннем. Ваўчыха аблізала ваўчаня. □ Пятрову вельмі захацелася піць, і ён аблізаў засмяглыя губы. Лупсякоў. // перан. Дакрануцца да чаго‑н., прабегчы па чым‑н. (пра языкі агню). Задрыжалі рукі, і сэрца ўсхадзілася хутка, хутка, калі цьмяны агеньчык запалкі аблізаў па чарзе кожны з шнуроў. Лынькоў. // перан. Абмыць, абдаць (пра хвалі, ваду). Вада аблізала камень.

•••

Пальчыкі абліжаш (абліжаце) — пра што‑н. смачнае, прыемнае, прывабнае. Бульба сопкая, разломіш напалам, памочыш у соль — пальчыкі абліжаш! С. Александровіч. [Гарлахвацкі:] І цікавая навіна? [Зёлкін:] Пальчыкі абліжаце. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́ступ, ‑у, м.

1. Месца, па якім можна падысці, наблізіцца да чаго‑н.; падыход. [Серада] узяўся правесці іх туды, дзе ёсць.. надзейная схованка. Доступ туды ведае толькі ён адзін. Брыль. Да дома Сяргея Андрэевіча доступ быў закрыты агнём. Кавалёў.

2. Магчымасць уваходу куды‑н., наведвання каго‑, чаго‑н.; допуск. Доступ наведвальнікаў у музей. □ Часта добра падроблены дакумент забяспечваў падпольшчыкам доступ да важных ваенных аб’ектаў ворага. Пятніцкі. // Магчымасць карыстацца чым‑н., займацца чым‑н. У нас кожнаму адкрыты доступ да навукі.

3. Пранікненне чаго‑н. куды‑н. Доступ свежага паветра ў памяшканне.

•••

Няма доступу да каго гл. няма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)