абкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., каго-што.

1. Абвіць, абматаць што‑н. вакол чаго‑н. Аднак ён усё ж убіў у зямлю адно з нашых моцных вёсел і некалькі разоў абкруціў вакол яго жалезны ланцуг, прыкаваны да лодкі. Кірэенка.

2. Абматаць, абвязаць што‑н. чым‑н. Сотнікаў прыпыніўся, заціснуў між каленяў вінтоўку і змёрзлымі нягнуткімі пальцамі тоўста і нязграбна абкруціў прастуджаную шыю. Быкаў. // Загарнуць у што‑н., накрыць, ахінуць чым‑н. з усіх бакоў. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі і ўвесь у латках бот. М. Стральцоў.

3. перан. Разм. Абхітраваць. [Салдат:] — Тут справа такая цяпер, што ці мы зямлю возьмем і засеем з восені, ці паны нас абкруцяць... Галавач.

4. Разм. Ажаніць. Замуж Хадору Бацькі выдавалі. З хлопцам чужым У царкве абкруцілі. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыклі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які многа крычыць, любіць крычаць, гучна гаварыць. Крыклівае дзіця. □ Байцы трошкі крыўдавалі за яго залішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну. Быкаў. Меў .. [Ніканор] пяток дзяцей і крыклівую бабу. Яна заўсёды крычала па яго, што ён гультай. Бядуля.

2. Гучны, моцны, прарэзлівы (пра голас, гукі). Крыклівы голас. // Які мае такі голас, з такім голасам. У густых верхавінах елак цэлымі днямі кружацца ля сваіх гнёздаў крыклівыя вароны, нібы сварацца між сабой. Якімовіч.

3. Які суправаджаецца крыкам; шумны, сварлівы. Крыклівая размова.

4. перан. Які прымушае звярнуць на сябе ўвагу сваёй яркасцю, стракатасцю. Крыклівая рэклама. □ Фінця Паўлаўна прытрымлівалася ранейшага рэжыму і заставалася прыгожай. Аднак увесь гэты нейлон, перлон цяпер на ёй быў крыклівы. Грамовіч. [Візэнера] не радавалі крыклівыя паведамленне аб паспяховым наступленні нямецкіх войск... Чаго варта гэтае наступленне. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

руі́на, ‑ы, ж.

1. звычайна мн. (руі́ны, ‑ін). Рэшткі разбуранага збудавання, паселішча. Было горка і цяжка мінчанам: Дзе быў горад — руіны адны. Астрэйка. Руіны ў горадзе паступова знікалі, горад аднаўляўся, залечваў раны. Хадкевіч. Яшчэ дыміліся руіны, Вайна грымела навакол, А ўжо твой голас сакаліны Мы сэрцам чулі, камсамол. Хведаровіч. // Разм. уст. Збудаванне, якое знаходзіцца ў вельмі запушчаным стане. Падрыхтаваўшы ўсё да вечарыны, Яна [Альбіна] на рэчку выйшла і крадком Пераплыла на лодцы да руіны На беразе пад ясенем старым. З. Астапенка.

2. перан. Разм. Слабы, хворы ад старасці або якога‑н. перажывання чалавек. І што сталася з дзяўчыны! Што зрабіла з яе цьма? Адна форма, стан руіны, А Ганусі ўжо няма... Колас. Аднак зусім нелагічна падаваць Быкоўскага [дзеючую асобу камедыі «Паўлінка»] старою руінаю, у дадатак да ўсяго брыдкаю і дурною. Лужанін.

•••

Ляжаць у руінах гл. ляжаць.

[Лац. ruina.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свары́цца, сваруся, сварыліся, сварыцца; незак.

1. Распачынаць сварку з кім‑н., лаяцца з кім‑н. Сышліся бабы ды давай сварыцца, лаяць адна адну. Зарэцкі. Не хацелася Сцёпку з бацькам сварыцца. Колас. І не нясі, і не мілуй, А то з дарогі лёгка збіцца. І асцярожна! Не цалуй!.. Ну, як з табою не сварыцца! Танк. / у перан. ужыв. За ўтульны дамок на ліпе сварацца з вераб’ямі шпакі. Лужанін.

2. Крычаць на каго‑н., лаяць каго‑н. І калі сёння ўранні.. [камендант] сварыўся на Коўціка і гаварыў, што ёсць людзі, якія могуць яго замяніць на пасадзе начальніка раённай паліцыі, меў якраз на прымеце Шылахвоста... Сачанка. — Не паслухала! — зноў пачаў сварыцца на Улю бацька. — Ці бачылі, разумніца якая?! Паўлаў. Аднак маці, якая звычайна любіла, калі дачка лашчылася да яе, чамусьці злавала і сварылася на Люсю. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбудзі́ць, ‑буджу, ‑будзіш, ‑будзіць; зак., каго-што.

1. Заставіць прачнуцца; разбудзіць. Ноч мінула. Надышла раніца. Холад узбудзіў амаль усіх. Чарот. [Сябар:] — Ну, што, Антоні, рыбу вудзіш? Заснеш, брат, потым і не ўзбудзіш. Колас. / у перан. ужыв. І вялікае жаданне ў людзей даць спаўна энергіі гораду, азарыць, узбудзіць тайгу. Мыслівец.

2. Паставіць, вынесці што‑н. на абмеркаванне, вырашэнне. Пецярбургская судовая палата ўзбудзіла супраць суполкі [«Загляне сонца і ў наша вакенца!»] судовую справу. Семашкевіч.

3. перан. Давесці да нервовага або прыўзнята-нервовага стану; усхваляваць. Аднак была ў ім [гэлефонным званку] і такая вестка, якая вельмі ўзбудзіла Дзяніса Рыгоравіча, прымусіла разгубіцца, пазбавіцца на імгненне дару мовы. Харкевіч.

4. перан. Выклікаць, абудзіць (пачуцці, думкі, стан і пад.). Узбудзіць рэўнасць. Узбудзіць апетыт. □ Адчуўшы, што ўзбудзіла ў маладым шафёру цікавасць, маладзіца .. выняла люстэрка і какетліва паправіла спадаўшыя на лоб завіткі. Хадановіч. Незвычайнае начное жніво ўзбудзіла ў Зінінай душы .. ўспаміны. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уліп, ‑ла; зак.

1. Папасці ў што‑н. ліпкае, вязкае, прыстаць да чаго‑н. ліпкага, клейкага. Уліпнуць у смалу.

2. перан. Разм. Трапіць у непрыемнае, нялёгкае становішча; папасціся. Аднак і ўліплі мы, браткі, з гэтым хлебам... — сказаў нехта з нас. Лынькоў. [Пан Вячорык:] — Дзейнічаць вам [агентам] трэба асцярожна, каб самім не ўліпнуць. Машара.

3. Разм. Шчыльна прытуліцца, прыпасці да чаго‑н. Высокі стары.. так даў Валі дарогу прайсці, што аж уліп плячыма ў сцяну І забраў з яе на сябе траха не ўвесь мел. Чорны. Арцыховіч уліп у зямлю і падрыхтаваўся да стральбы. Алешка.

4. Разм. Добра аблегчы, прыстаць (пра адзенне, абутак). Бот юхтовы — толькі скрып Ад новага бота, Да нагі ён проста ўліп — Чыстая работа. Бялевіч.

•••

Уліпнуць у гісторыю — тое, што і уліпнуць (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усё-такі і (разм.) усё-ткі, злучн. і часціца.

1. злучн. супраціўны (звычайна ў спалучэнні са злучн. «а», «але», «і»). Тым не менш, аднак, нягледзячы на што‑н. Ад гульні падлога наша не гудзе, А ўсё-такі слава на ўвесь край ідзе. Бялевіч. [Сцяпан:] — Эх, колькі я сваімі нагамі папамераў зямлі! І ўсё-такі люблю сваю работу. Скрыган. Нямала я пражыў, а ўсё-ткі Такой не бачыў я паводкі. А. Александровіч.

2. часціца. Ужываецца пры выказванні пярэчання, проціпастаўлення папярэдняму або ўзмацняе значэнне таго, што выказана. [Шарадода:] «Трэба будзе ўсё-такі купіць яму [Аліку] матор». Кулакоўскі. Раптам зводдаля, адтуль, куды напрасцяк імчаўся бяляк, пачуўся стрэл, і Мікола ўбачыў, як далёка нехта з яго сяброў усё-такі ўлажыў небараку... Краўчанка. Але хлопец не зважаў на гэтыя нягоды, адчуваў сябе нават шчаслівым: як-ніяк усё-ткі едзе, набліжаецца! Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сценя́ціцца, сціня́ціцца ’пакрыцца тонкім лядком, замерзнуць’ (Сл. ПЗБ). Відаць, да сціна́цца ’замярзаць, зацягвацца лядком’, гл. сцінаць2. Аднак не выключае, што гэта адаптаваны балтызм, параўн. літ. tenė̃ti ’сцягвацца, застываць’, sutenė́ti ’сціснуцца, застыць, загусцець’, або паралельнае ўтварэнне ад це́нято ’сетка’, параўн. літ. tenióti ’блытаць’ пры лат. tina, tine ’від сеткі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пухло́1 ’дрыгва, багністае месца’ (ТС). Відаць, ад пухаць ’брадзіць; пускаць бурбалкі, пузырыцца’, параўн. палес. уздыхавіна ’дрыгва’.

Пухло́2 ’пухір у рыбы’ (бяроз., ЛА, 1). Да пу́хаць ’пыхкаць, пшыкаць; лопацца’, аднак не выключана сувязь з пусты, параўн. пу́сла ’паветраны пузыр у рыбы’ (гл.) і славен. puhel ’пусты, парожні’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыабрэ́ць ’набыць’ (віл., Сл. ПЗБ). Пры адсутнасці бяспрэфікснай формы хутчэй за ўсё запазычана з рус. приобрести ’тс’, параўн. іркуц. приобрекчи́ ’тс’; аднак наяўнасць старой карпата-палескай ізалексы, укр. приобрі́ти ’прыдбаць’ — прыобры́ты ’тс’ (Клімчук, Бел.-укр. ізал., 35) сведчыць пра зыходную ц.-слав. форму обрѣсти ’знайсці’, роднасную сустрэць, стрэчанне (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)