квяці́сты, ‑ая, ‑ае.
1. З вялікай колькасцю кветак, пакрыты кветкамі. Квяцісты луг. □ Ля ракі, за квяцістаю пожняй, Даўгавусы ячмень прытуліўся. Журба. Пад звонкай хвояю іглістай, Прабіўшы мох, як буравік, Стаіць у верасе квяцістым Лясное дзіва — баравік. Цвірка.
2. З узорам у кветкі; яркі, каляровы. Квяцістая хустка. Квяцістыя шпалеры. □ Дзяўчаты стаялі асобнай купкай у яркіх квяцістых плаццях. Асіпенка.
3. перан. Залішне напышлівы (пра мову, стыль і пад.). Квяцістыя словы. Квяцістая прамова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лука́, ‑і, ДМ луцэ; мн. лукі, лук; ж.
1. Дугападобны паварот ракі, а таксама мыс, які абгінаецца ракой. Рачулачка журчыць і булькае па каменнях, загінаецца ў лукі, у абаранкі, у затокі. Бядуля. Лука выглядала пышным старасвецкім садам, дзе замест пладовых дрэў раслі разложыстыя.. дубы. Колас.
2. Выгіб пярэдняга ці задняга краю сядла. — Давай, браток, развітаемся. — Трымаючыся за луку сядла, лейтэнант нагнуўся і пацалаваў Мішу. — Я яшчэ вярнуся. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́лічны, ‑ая, ‑ае.
1. Поўны велічы (у 2 знач.), урачыстасці; грандыёзны. Велічная мэта. Велічны помнік. Велічная дэманстрацыя. □ Плынь ракі, як заўсёды, была спакойная і велічная. Шамякін. У натхнёным, У велічным гімне неабсяжная наша зямля. Вітка. Велічныя капры ўзвышаюцца над усім наваколлем, і толькі новая тэлевізійная вышка можа трохі раўняцца з імі. Кулакоўскі.
2. Важны, горды; поўны ўласнай годнасці. Велічная поза. □ Цётка Палашка.. кідала велічны позірк на сваіх падначаленых. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уло́ў, улову, м.
1. Лоўля рыбы, звера. Мая — дачка рыбака, з пяці-шасці гадоў хадзіла з бацькам у мора на ўлоў. Дуброўскі.
2. Тое, што злоўлена, вылаўлена; колькасць налоўленага; здабыча. Андрэй моўчкі паставіў вядро з уловам далей ад ракі, парваў травы і закідаў ёю акуня і соміка, каб не сушыла сонца. Ваданосаў. Спусціўся [Бамбала] з горкі.. і адразу апынуўся ў людскім натоўпе, які сабраўся ля выгружанага з баркасаў улову. Карамазаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаро́т, ‑у, М ‑роце; мн. чараты, ‑оў; м.
Высокая травяністая расліна сямейства асаковых, якая расце ў вадзе рэк, азёр, на балотах. Спакон веку тут была дрыгва і ў чэзлым альшэўніку шумеў чарот ды кішэла машкара. Гроднеў. // Зараснікі гэтай расліны. Выбліснула сонца з чароту, што густой шумлівай паласой узнімаўся па той бок ракі. Кулакоўскі. [Людзі] выбавіліся на шырокае балота. Дробныя хвойкі, куп’ё, лазнякі, ды чараты, чараты як акінуць вокам. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчака́, ‑і, ДМ шчацэ; мн. шчокі, шчок; ж.
1. Частка твару ад скулы да ніжняй сківіцы.
2. Спец. Бакавая плоская частка паверхні чаго‑н. (апарата, механізма, прадмета і пад.). Шчака сякеры. □ У печы, збоку за шчакой, стаяў маленькі гаршчэчак. Пташнікаў.
3. звычайна мн. (шчо́кі, шчок). Высокія крутыя скалістыя берагі ракі; высокія схілы цясніны. Рака тут заціснута ў абрывістых берагах-«шчоках». Гавеман.
•••
Уплятаць за абедзве шчакі гл. уплятаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дуга́, -і́, ДМ дузе́, мн. ду́гі і (з ліч. 2, 3, 4) дугі́, дуг, ж.
1. Частка конскай вупражы з сагнутага тонкага ствала дрэва, якая змацоўвае аглоблі з хамутом.
З дугі аглоблі не зробіш.
2. Частка акружнасці або што-н. іншае, што мае форму крывой выгнутай лініі.
Апісаць цыркулем дугу.
Цячэнне ракі ўтварыла дугу.
Бровы дугой.
Спіна дугой.
3. Токапрыёмнік на трамвайных вагонах (разм.).
Іскрыла трамвайная д.
○
Электрычная (вольтава) дуга — магутны электрычны разрад у газе¹ ў выглядзе яркага плазменнага шнура.
◊
Сагнуць у дугу — прымусіць быць пакорлівым.
|| памянш. ду́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж. (да 1 і 2 знач.).
|| прым. дугавы́, -а́я, -о́е.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Вярхо́ўны ’вышэйшы’ (БРС, КТС, Касп.), укр. верховний ’тс’, рус. верховный ’верхні’; ’тоўстае палатно са зрэб’я’; ’жыхар з вярхоўя ракі’; ’конны’, ст.-рус. верховный, вьрховьний, вьрьховнии, връховный ’верхні; ’вышэйшы, галоўны’; ’конны’; ’палацавы’ (з X ст.), славен. vrhǫ́ven, серб.-харв. вр̀ховни, макед. врховен, балг. върховен ’вярхоўны’. Да ст.-слав. прыметніка врьховьнии ’галоўны, вышэйшы’ (у царкоўным сэнсе). Відавочна, царкоўнаславянізм; гл. Шанскі, 1, В, 69. Утворана ад врьхъ і суф. ‑ьn‑ъ. Крукоўскі (Уплыў, 110) мяркуе, што бел. лексема — калька з рус. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галава́. Слова прасл. паходжання: рус. голова́, укр. голова́, польск. głowa, чэш., славац. hlava, ст.-слав. глава, балг. глава́, серб.-харв. гла́ва і г. д. Прасл. *golva (acc. sg. *golvǫ). Роднасныя: літ. galvà, ст.-прус. galwan (acc. sg.). Далейшыя сувязі няпэўныя. Падрабязны агляд версій гл. Фасмер, 1, 429; Слаўскі, 1, 292–293. У якасці геаграфічнай назвы ў бел. мове вядома галава́ ’паўвостраў на павароце рэчкі; калена ракі’ (Яшкін). Прасл. golva дае шмат вытворных праславянскага характару: галава́, галаве́нь, галаві́зна, галаўня́.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
уні́з, прысл.
1. У напрамку да нізу, да чаго‑н., што знаходзіцца ў ніжняй частцы, у глыбіні чаго‑н.; проціл. уверх. І балота здалося б нейкім незнаёмым, не сваім, каб наперадзе не адкрывалася вачам высокая града, з якой збягалі ўніз канцавыя хаты Гусараўкі. Ракітны. Леў Раманавіч, чапляючыся за кусты, пачаў спускацца ўніз. Асіпенка. Жанчына падышла к ганку, ступіла на аполачак, пакладзены сукамі ўніз. Кулакоўскі. З пагорка ўніз, у бок даліны, Збягае сцежка між кустоў. Колас. / у перан. ужыв. [Жэня:] Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам. Брыль.
2. У напрамку да вусця ракі. Праплываюць белыя пялёсткі [чаромхі], якія ападаюць дзесьці ў вярхоўі ракі. Некаторыя з іх заплываюць у маю завоінку, павольна круцяцца вакол паплаўкоў, потым трапляюць на струмень і таропка ўносяцца плынню ўніз. Ігнаценка. / З прыназ. «па» ўтварае спалучэнне з М. Уніз па Дняпры перапраўляліся войскі польска-літоўскага гетмана Радзівіла. «Маладосць».
•••
Зверху ўніз глядзець (пазіраць) на каго гл. глядзець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)