Тасќаць ’штурхаць’ (жлоб., акц., ЛА, 2), таска́цца ’штурхацца’ (рэч., ЛА, 2), таскану́ць ’штурхануць’ (рэч., ЛА, 2), сюды ж, відаць, таскатня́ ’перацягванне з аднаго месца на другое; хаджэнне па розных месцах, куды пасылаюць’ (Нас.). Укр. таска́ти ’цягаць’, дыял. таска́ть ’занадта хутка ехаць; гнаць (пра скаціну’; кідаць (што-небудзь цяжкае)’, рус. таска́ть ’цягаць’, польск. дыял. taskać ’тс’, taszczyć ’тс’ (з усх.-слав., Борысь, 628). Параўноўваючы з чэш. tasit ’сячы; вымаць з похваў’, славац. tasiť ’тс’, Махэк₂ (637) разглядае словы як вытворныя (т. зв. sk‑intensivum) ад кораня tes‑, параўн. чэш. tesat ’часаць’, гл. таксама Голуб-Ліер, 478; Голуб-Копечны, 380), гл. бел. часа́ць, цясля́р. Магчыма, роднасныя да літ. tąsýti ’цягаць’, якое з’яўляецца інтэратывам ад tę̃sti ’цягнуць’, ст.-інд. táskaraḥ ’рабаўнік, злодзей’, з і.-е. *ten‑ ’цягнуць’ (ЕСУМ, 5, 525–526; Чарных, 2, 229; Фасмер, 4, 26). Малаверагодна вывядзенне са страчанага *taska ’мяшок, сумка’, параўн. ст.-в.-ням. tasca, італ. tasca і пад. (Абаеў, Этимология–1966, 244).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́нкі ’невялікі па шырыні, нятоўсты, вузкі’, ’далікатны’, ’дасціпны’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Вруб., Федар. 4), то́нкій ’тонкі’ (Бяльк.), то́нкый (то́нкий) ’тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), то́нак (то́нък) — кароткая форма прым. (мёрск., Нар. сл.), ст.-бел. то́нкий ’тонкі’ (XV ст., КГС). Укр. тонки́й, рус. то́нкий, стараж.-рус. тънъкыи, тьнъкыи, польск. cienki, в.-луж. ćeńki, н.-луж. śańki, чэш., славац. tenký, славен. tánek, tènek, серб.-харв. та̀нак, та̀нан, балг. тъ́нък, макед. танок, дыял. тонок, ст.-слав. тьнъкъ. З прасл. *tьnъkъ (усх.-слав. *tъnъkъjь з асіміляцыяй рэдукаванага ў першым складзе), першапачаткова *tьnъ ’тонкі’. Роднаснае да ст.-інд. tanúḥ (tánukaḥ) ’тонкі’, асец. t‘œnœg ’доўгі’, літ. tę́vas ’тонкі’, ст.-в.-ням. dunni ’тс’, ст.-англ. þynne ’тс’, нова-в.-ням. dünn ’тс’, англ. thin ’тс’, ст.-ірл. tan(a)e ’тс’, лац. tenuis ’тс’, грэч. τανύς ’доўгі’, ταναός (< ταναϝός) ’выцягнуты’. І.‑е. *tenus з першасным значэннем ’расцягнуты, падоўжаны’ ўтворана ад кораня *ten‑ ’напінаць, цягнуць’ (Фасмер, 4, 76–77; ЕСУМ, 5, 596–597; Чарных, 2, 250; Брукнер, 62; Махэк₂, 640).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тутне́ць ‘пульсаваць, рытмічна адгукацца’: тутніць у жылах кроў (Ластоўскі, Выбр. тв., 210), сюды ж тутно́ ‘пульс’ (Ласт.), ст.-бел. тутно ‘напружанне’ (ГСБМ). Параўн. рус. сіб. ту́тнуць ‘гучаць, адгукацца па зямлі (пра тупат)’, польск. старое tętnieć ‘рытмічна адгукацца, гучаць, разлятацца’, харв. tytnjiti ‘адгукацца гулам’, чак. tytńȉt ‘гудзець’: u glȏvȉ tutńȉ, славен. дыял. tutnéti ‘глуха гучаць’, серб. ту́тњити ‘грукатаць, грымець’, балг. тъ́тна ‘грымець, разлягацца, грукатаць’, радоп. татни́ ‘дрыжыць, трасецца (зямля пры землятрусе)’, макед. татни, татони ‘гудзець, разлягацца гулам’, ц.-слав. тѫтьнѣти ‘грымець, гучаць’. Прасл. *tǫtьneti/*tǫtьnati разглядаецца як вынік рэдуплікацыі кораня, які мае гукапераймальнае паходжанне (Фасмер, 4, 127; Брукнер, 571; Скок, 3, 529; Борысь, 633; Рэйзак, Prasl. dialektizacija, 146), дзеяслоў фармальна блізкі да літ. tutnoti ‘калаціць, таўчы’. Меркаванні Фурлан (Бязлай, 4, 252) пра мажлівасць вывядзення з прасл. *tǫtati і дэвербатыва *tǫtъ ‘гром, шум’ ставяць пад сумненне з-за адсутнасці фіксацыі ў славянскіх мовах адпаведных слоў (ESJSt, 16, 975), параўн., аднак, тут 2 ‘мера, ступень’ няяснага паходжання (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ко́рань, ‑я; мн. карані, ‑ёў; м.

1. Падземная частка расліны, пры дапамозе якой яна замацоўваецца ў зямлі і атрымлівае пажыўныя рэчывы. Галіністы корань. Вырваць дрэва з коранем. □ У глыб зямлі ўвайшлі Карані яго. Крэпка дуб стаіць, Не варушыцца! Колас. // Драўніна або рэчыва гэтай часткі расліны. Дзед кадраў у бары сасновых каранёў і пачаў плесці кош. Якімовіч. // Сцябло тытуню, з якога прыгатаўляюць махорку ​2. Пакрышыць корань. □ Дубовік зноў набіваў піпку, трушчачы ў потнай і цвёрдай руцэ карані самасаду. Сіўцоў.

2. Частка зуба, ногця, воласа і пад., якая знаходзіцца ў целе. Корань зуба. // Месца злучэння органа з целам. Корань языка.

3. перан. Пачатак, аснова, крыніца чаго‑н. Корань зла. Корань недахопаў. // Разм. Род, пачатак пакалення. — Няхай жа гарыць, выгарае [панскі палац], каб і кораня панскага не засталося... Лынькоў.

4. Асноўная частка слова (без суфікса і прыстаўкі), якая далей не раскладваецца на значымыя састаўныя часткі.

5. Матэматычная велічыня, якая пры ўзвядзенні яе ў пэўную ступень дае даны лік. Здабыць корань. Квадраты корань.

•••

Фіялкавы корань — карнявішча некаторых відаў касачоў, у склад якіх уваходзіць эфірнае масла.

Вырваць з коранем гл. вырваць.

Глядзець у корань гл. глядзець.

Корань жыцця — адна з назваў жэньшэня.

На корані — не зжаты, не скошаны (пра траву, злакі).

Пад корань — а) ля самай асновы (ссякаць, зразаць што‑н.). Высякаць лазу пад корань; б) зусім, канчаткова (разбураць, падрываць і пад.). Развіццё чыста капіталістычнай наёмнай работы падрывае пад корань сістэму адработкаў. Ленін; в) усіх пагалоўна, нікога не пакідаючы (нішчыць, забіваць і пад.).

Пусціць карані гл. пусціць.

У корані — а) абсалютна, зусім (не згаджацца з чым‑н.). — Не так, Мацвей Пятровіч. У корані не так. Ракітны; б) у самай аснове, карэнным чынам (змяняць і пад.). У выніку перамогі сацыялізма ў корані змянілася аблічча народнай гаспадаркі нашай краіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апо́ка 1 ’гатунак вапняка’, ’рама для ліцейнай формы’ (БРС). Рус., укр. опока ’тс’, польск. opoka ’скала, камень, камяністы грунт; фундамент’, чэш., славац. opuka ’вапняк’, славен. opǫ̑ka ’вапняк, камяністая глеба’, ц.-слав. опока ’скала, камень’; гэта значэнне адзначаецца ў старабеларускім помніку XV ст. (Карскі, Труды, 313), зафіксавана ва ўкраінскай мове ў XIX ст. Першаснае значэнне ’вапняк’, хаця зарэгістравана яно на ўсходнеславянскай тэрыторыі толькі ў XVI ст. (Сразн.), ад гэтага значэння, паводле матэрыялу, апокай стала называцца ліцейная форма (рэгіструецца ва ўсходнеславянскіх мовах з XVII ст.), а пазней — рама для ліцейнай формы. Іншае разгалінаванне значэння ’вапняк’ > ’скала з вапняка (крэйды)’ > ’скала’ > ’камень’ > ’камяністы грунт’, ’фундамент’. Пашырэнне значэння ’скала’ ў старабеларускай і ўкраінскай, магчыма, адбылося шляхам запазычання з польскай ці царкоўнаславянскай. Этымалогія — перагаласоўка e/o да дзеяслоўнага кораня *pek‑ (параўн. пяку, пячора), прынятая Міклашычаім, 235, і Бернекерам IF, 13, 214, выклікае сумненні з боку семантыкі (Праабражэнскі, 1, 653). Чэш. форма з u замест o тлумачыцца кантамінацыяй з коранем *puk ’трэскацца’ ў сувязі з тым, што апокавыя пароды часта трэскаюцца на пласты; у сувязі з гэтым Махэк₂ (416) лічыў чэшскую форму першаснай, а ‑o‑ ў іншых мовах паясняў вынікам асіміляцыі з першым o; апошняе малаверагодна. Прымаючы семантычны бок тлумачэння Махэка, Супрун (Веснік БДУ, 1970, 2, 83–84) звязвае корань слова апока з беларускім дзеясловам покацца ’трэскацца, расколвацца, расшчапляцца’ (гл.), звязаным, магчыма, з выклічнікам пок гукапераймальнага характару. Корань пок‑ адвечна быў варыянтам кораня пук‑ з блізкім значэннем (гл. апука 2) ці быў пазней ім выцеснены.

Апока 2 ’цяжкі прадмет, напр. бервяно’ (Крывіцкі ў Бяльк.), апо́чча, апо́чына ’палена, што кепска колецца’. Гэта далейшае развіццё значэння апока 1: ’скала’ > ’камень’ > ’цяжкі камень’ > ’цяжкі прадмет’. Праз выраз ляжаць апокай гэта значэнне пераносіцца і на чалавека: апока ’абібок, гультай, лодар’ (Касп., Юрч., Бяльк., Серб., Мядзв.), апочына ’гультаіна’ (Бяльк.). Супрун, Веснік БДУ, 1970, 2, 84.

Апо́ка 3 ’аб’ядала, п’яніца’ (Нас.). Рус. смал. опока ’тс’ (Дабр.). Параўн. покала ’абжора’ (Нас.). Утворана ад дзеяслова по́каць ’жэрці’ (Нас.) паводле мадэлі, блізкай да той, што ляжыць у аснове слова абʼядала; магчыма, усечана з *апокала пад уплывам апока ’гультай’, кантамінацыя з якім, напэўна, адбывалася (гл. апока 2). Супрун, Веснік БДУ, 1970, 2, 84.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вурдала́к ’ваўкалак’ (КТС). Рус. вурдала́к лічыцца выключна кніжным словам, узнікшым у выніку недакладнай перадачы волкола́к, вуркола́к (Вінаградаў, ДСИЯ, 6, 9 і наст.; Трубачоў, Дополн., 1, 366; Шанскі, 1, В, 216); адсутнасць фіксацыі бел. слова ў народнай мове не дае падстаў для яго этымалагізацыі на мясцовай глебе і прымушае разглядаць як кніжнае запазычанне з рус. мовы. Аднак балг. іхцім. вурдала́ ’дрэнны чалавек, з якім цяжка знайсці агульную мову’ (калі гэта не запазычанне) і іншыя факты робяць праблематычным сцверджанне аб штучным паходжанні гэтага слова; хутчэй за ўсё гэта слова паўднёваславянскага паходжання (магчыма, уведзенае Пуцінным, гл. Вінаградаў, там жа), дзе яно можа суадносіцца з балг. върда́лям ’перакідаць, перакульваць’, як балг. въркола́к ’ваўкалак’ з върка́лям ’валяцца па зямлі’, што адлюстроўвае «тэхналогію» пераходу чалавека ў такі стан; параўн. перакі́нуцца (воўкам або інш. зверам), рус. о́боротень і пад. (Згодна ўяўленням палешукоў, такі чалавек мог стаць зверам, часцей за ўсё воўкам або зайцам, забіўшы нож у дрэва і перакуліўшыся цераз галаву ці пакачаўшыся па зямлі, КСТ). Менш верагодна вывядзенне гэтага слова з цюрк. obur‑da‑lak ’пражэрлівы’ ад кораня obur ’абжора’ (Дзмітрыеў, Лекс. сб., 3, 40).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нямы́ і не́мы ’пазбаўлены здольнасці гаварыць’ (Нас., Яруш., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), часам нямы́ ’тс’, але не́мы ’страшны, замагільны’ (Некр.), параўн., аднак, раве́ нямы́м голасам (Багд. 63), не́мы, нему́ ’няздольны гаварыць; знямелы, нерухомы’, немы́м го́ласам (духом) ’страшна, дзіка’ (ТС), укр. німи́й ’нямы, безгалосы’, рус. немо́й, польск. niemy, чэш. němý, славац. nemý, в.- і н.-луж. němy, славен. nȇm, серб.-харв. не̑м, макед. нем, балг. ням. Выводзяць на аснове дысіміляцыі з першапачатковага *měmъ ’які заікаецца, невыразна гаворыць’, што суадносіцца з лат. mēms ’нямы’, męmulis ’заіка’, хец. memaƕƕi ’гавару’, параўн. таксама ням. mummeln ’заікацца’, швед. mimra ’варухаць губамі’ і пад. (Фасмер, 3, 63; Бязлай, 2, 219); у аснове — гукаперайманне, як і ў славац. nemtať, чэш. mumlali, польск. momotać ’невыразна гаварыць, бурчаць і пад.’ (Махэк₂, 395). Значэнне ’дзікі, замагільны (голас)’ выводзіцца з ’незразумелы, неартыкуляваны’. Малаверагодна вывядзенне рус. немой ад кораня *nem‑ ’гнуць’, што звязваецца з рэлігійнымі дзеяннямі, адкуль лац. nemuš ’святы гай’, грэч. νεμος ’гай, лес’ і пад. (Макоўскі, Мир сл. и знач., 134). Гл. таксама Улашын, ZfSlPh, 6, 368–372.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паву́к 1 (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Бяссон., Мал., Гарэц., Яруш., Сл. ПЗБ), пау́к ’тс’ (Бір. дыс.). Рус. пау́к, дыял. па́вок, па́вка, укр. паву́к, ст.-рус. паукъ, ц.-слав. паѫкъ, польск. pająk, палаб. pójąk, славац. pavùk, в.-луж., чэш. pavouk, н.-луж. powk, балг. па́як, серб.-харв. па̏у̑к, славен. pâjok, pâvok. Прасл. paǫkъ, дзе pa — прыстаўка, а ǫkъ роднаснае грэч. ὄγκος, лац. uncus ’крывы гак’, ст.-інд. aηkás ’выгін, крук’ і г. д. Такім чынам, paǫkъ — ’істота з закрыўленымі нагамі’. Гл. Махэк, 439; Фасмер, 3, 219 (там жа і інш. літ-ра). Інакш Брукнер (350), які выводзіць з pa‑ і кораня onk‑ (параўн. літ. añka ’вузел’), enk‑ (параўн. рус. ячея, ячейка ’вока ў сеці’, бел. вячай (гл.). Тады семантычнай матывацыяй магло б быць ’той, хто пляце петлі, сетку’.

Паву́к 2 ’паўлін’ (Нас., Гарэц., Шат., Сцяшк.), пау́к ’тс’ (Федар. 1). Ад пав‑ (гл. пава) з суф. ‑ук. Форма паук, відавочна, у выніку змяшэння з павук, паук ’павук’. Параўн. яшчэ укр. паву́к, паву́н, паву́р ’паўлін’.

Паву́к 3 ’род рыбалоўнай снасці’ (ТСБМ, абл.). Да павук 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мацёры ’вялікі, высокі, доўгі, вялізны’ (Нас.), ’сталы’, ’поўны сілы, моцны, здаровы’, ’вопытны, непапраўны, закаранелы’ (ТСБМ, Жд. 1), ст.-бел. матеръ (Булахаў, Гіст., 125–127). Укр. матерни́й, ма́терий ’чалавек у сталых гадах’, рус. матёрый, матерой ’тс’, польск. zamatorzały, zamotrzały ’зацвярдзелы’, ст.-чэш. matorný ’спелы’, ’строгі’, мар. mateřeti ’тлець’, ’трухлявець’, славен. matór, matér, motór, matóren ’стары’, серб.-харв. матор ’тс’, макед. матор ’трохгадовы баран’, балг. ма̏тор ’моцны, здаровы’, ’спелы, дарослы, сталы, стары’, ст.-слав. матерьство ’старасць, спарахнеласць’, прасл. matarъ, materъ (БЕР, 3, 686–687), matorъ ’дарослы, стары’ ў суадносінах з прасл. starъ ’стары’ семантычна пераразмеркавалася ў ’вялікі, моцны’. Мае іт. адпаведнік, параўн. лац. mātūrus ’спелы, дарослы, стары’, што дае магчымасць рэканструяваць іт. *mātoros ’тс’ у якасці крыніцы пранікнення для прасл. лексемы (Мартынаў, Язык, 84–85). Бязлай (2, 172) адносіць яе да і.-е. кораня *mē‑/*mō‑ ’вялікі’ (гл. Покарны, 704) і суфікса *tor‑, прыводзячы роднасныя ст.-ірл. mōr, уэл. mawr, брэт. meur ’вялікі’. Менш верагодныя іншыя версіі (гл. Бернекер, 2, 25; Фасмер, 2, 581; Скок, 2, 390; Махэк₂, 355; БЕР, 3, 687).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́дны ’ніякі, ніводны’ (ТСБМ), жо́дны ’тс’ (Багушэвіч). Рус. дыял. смал., кур., варонеж., паўд., свярдл. жа́дный, укр. жо́ден, жо́дний, жа́дний, польск. żadny, чэш. žádný, славац. žiaden, żiadny, в.-луж. žadyn, žane, н.-луж. žeden ’тс’. Ст.-бел. жадный, жаденъ (з 1338 г.) ’ніякі’. Выказваецца думка, што ст.-бел. < польск. Гіст. лекс., 91–95; Булыка, Запазыч., 112; Трубачоў, ВЯ, 1959, 1, 28–33; Махэк₂, 721. Апошні лічыць польск. < чэш. у сувязі з адсутнасцю насавога галоснага. Брукнер (660) ставіў пры ўказанні на ўкр. < польск. пытальнік. Сяткоўскі (Bohemizmy Fonetyczne w języku polskim, II, 1970, 25–27) дапускае магчымасць узаемадзеяння ўнутраных і знешніх фактараў пры замацаванні польск. формы, паколькі насавыя засведчаны ў ст.-польск. і славін. Гл. яшчэ Булахаў, Прым., 3, 73–75. Існуюць дзве этымалагічныя версіі паходжання слова: з кораня *žęd‑ (гл. жада́ць, жадзён) або з выразу *ni‑že‑jedьnъ. Агляд іх даў Трубачоў, які прыводзіць шэраг фактаў і паралелей і абгрунтавана схіляецца да другой, звяртаючы ўвагу на ўкр. жо́ден (пра ўкр. слова гл. Бяўзэнка, Доповіді і повідомл., Ужг. ДУ, 4). Паводле Трубачова, безумоўна, характар польск. запазычання мае форма жа́дны. Літ. žė̃dnas ’жадны’ < бел., польск. (Фрэнкель, 1295).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)