Вы́пса ’пагардлівая назва састарэлага’ (Нас., Гарэц.); ’сабачая морда’ (Бяльк.). Рус. смал. вы́пса ’лаянка’. Традыцыйна лічыцца літуанізмам; яшчэ Карскі (Белорусы, 128) параўноўваў з літ. vypsau, vypsóti ’стаяць або сядзець з насмешлівым выразам твару’. Урбуціс (Baltistica, 5 (1), 53) указвае і на зафіксаванае ў картатэцы (адзін раз) LKŽ vypsá ’мянушка чалавека’. У семантычных адносінах вельмі прывабліва звязаць гэта слова з выпсець (гл.); параўн., напр., думку аб сувязі рус. хрыч са ст.-рус. гричь ’сабака’ (Трубачоў, Происх., 27), але словаўтварэнне тлумачыць у гэтым выпадку цяжка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сві́нтус ‘брудны, неахайны чалавек; няўдзячны чалавек’ (ТСБМ), сві́нту́х, свінтуха́йла ‘неахайны чалавек’ (Нас., Бяльк.), сві́нтух і свінту́х ‘тс’ (ТС). Рус. сви́нтус, сви́нтух ‘тс’, укр. сви́нтус, свинту́х ‘тс’, польск. świntuch ‘неахайны чалавек’. Паводле Зяленіна (РФВ, 54, 116), ад свіння (гл.) з лацінізаванай фіналлю ‑тус, што, зрэшты, не выключае першаснага ўтварэння на ‑ус, параўн. ду́рус ‘дурніла’, параўн. таксама абдзіртус, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 65, 70. У свінтух славянскі суф. ‑тух (< *‑tuchъ), які ўтварае пеяратывы і аугментатывы; гл. Карскі 2–3, 30; Слаўскі, SP, 1, 74.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скры́пель, скры́пень ‘гу́ба’ (мазыр., Жыв. сл.), скрыпе́ль ‘тс’ (ТС, Пятк. 2, Ян.; мазыр., Жыв. сл.), скры́пель ‘тс’ (бярэз., Сл. ПЗБ), скры́пень ‘губка для высякання агню’ (бабр., ЛА, 4). Карскі (Труды, 479) заўважае “толькі палескае”, аднак гл. скры́пель, скрыпе́ль ‘грыб-трутавік’ (асіп., бярэз., бых., саліг., стол., лельч., ельск., ЛА, 1), скрыпе́нь ‘тс’ (добр., ганц., барыс., ЛА, 1). Да скрыпець (гл.). Параўн. балг. скрипе́ц ‘від ядомага грыба, які расце на дрэве’; дэрываты ад гэтага дзеяслова існуюць таксама ў іншых славянскіх мовах. Гл. БЕР, 6, 798.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скура́т1 ‘акравак скуры’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Янк., Сл. ПЗБ). Польск. skurat, рус. шкура́т ‘тс’. Да скура (гл.) з суф. ‑ат; гл. Карскі 2–3, 30; Фасмер, 4, 45.

Скура́т2 ‘кажан’ (слонім., лід., Арх. Федар.; воран., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.; гродз., докш., івян., воран., ЛА, 1), скура́ч ‘тс’ (свісл., Шатал.), шкура́т ‘тс’ (ганц., глус., мазыр., ЛА, 1). Да папярэдняга слова; відаць, арэальная інавацыя, параўн. літ. šikšnys ‘кажан’ < šikšna ‘скура’, аналагічна да кажан < кожа ‘скура’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сталь ‘цвёрды метал серабрыста-шэрага колеру’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Пятк. 2). Укр. сталь, рус. сталь ‘тс’. Запазычанне з польск. stal, дзе адзначала з XV ст. і ўзыходзіць да с.-в.-ням. stahl ‘тс’ (гл. Брукнер, 512; Карскі, Белорусы, 180; Фасмер, 3, 744; Нававейскі, Zapożyczenia, 262). З польскай таксама сталёвы (Нас., ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ) < stalowy, пры народных утварэннях сталяны́ (Рам., 1–2; Шэйн. 1, Растарг.), ста́ліць ‘загартоўваць’ (Нас., Сержп. Прык.). Стальны́ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), магчыма, з рус. стальной.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэф ‘забарона ўжывання пэўнай ежы як нячыстай (паводле іўдзейскага веравызнання)’ (Нас., Байк. і Некр.). Запазычана з яўр.-ням. treife ‘тс’ < ст.-яўр. terefâ ‘нячыстая ежа’, відаць, праз польск. tref або непасрэдна з ід. treif, trejfer ‘некашэрны, нячысты’: сьвіньні для жыдоў — трэф (Астравух, Ідыш-бел. сл., 909). Сюды ж трэ́фны ‘нячысты, забаронены для ўжывання’ (Нас., Байк. і Некр.), трэфны́ ‘тс’ (Касп.), тропнэ́ ‘забароненае для яды’ (Арх. Вяр.). Праз польск. trefny ‘тс’ (SWO, 1980, 774; Фасмер, 4, 101; Карскі Беларусы, 173; Кюнэ, Poln., 110).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Той — указальны займеннік м. р., у дэйксісе характарызуе аддалены ў прасторы і часе прадмет або з’яву (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ, Бес., Ян.), тэй ’тс’ (Нас., Шымк. Собр.; бялын., Янк. Мат.; Бяльк., ПСл, Мат. Гом.; в.-дзв., Сл. ПЗБ, Растарг.), тый ’тс’ (арш., Мат.), тыт ’тс’ (віц., Шн., Песні), ст.-бел. той, тотъ, тый ’той’ (1340 г., КГС); сюды ж той эўфемістычна ’чорт’ (Ластоўскі, Выбр. тв.), тэй ’тс’: тэй, што казали (Растарг.), тэй замяняе назоўнік, ужыванне якога лічыцца непрыстойным (Нас.), тамто́й ’той’ (Бес.; пад уплывам польск. tamten ’тс’), той свет ’замагілле’ (ТСБМ, Федар. 4, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), той‑сёй ’хто-небудзь (у пералічэнні)’ (ТСБМ, Варл., Арх. Вяр.), тэй‑сей ’тс’ (Нас.), то́йчас ’неадкладна, зараз’ (Гарэц., Янк. 3.), тойча́с ’адразу’ (калінк., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), той год ’летась’ (Ян.). Параўн. укр. той, рус. дыял. той, стараж.-рус. тъи, польск. дыял. tyj, серб.-харв. та̑ј ’той, гэты’, балг. той ’ён’, дыял. ’той, гэты’, макед. тој ’той, гэты’, дыял. ’ён’, ст.-слав. тъи. Прасл. *tъjь паходзіць ад указальнага займенніка , роднаснага літ. tas ’той, гэты’, узмоцненага апафанічным *jь пасля пераходу ъ > о. Ускладненасць іншымі займеннікамі або падваенне зыходнага можна бачыць у рэдкім ст.-бел. тось (XVI ст., Карскі 2–3, 194) і тотъ ’той’. Формы з ы тлумачацца аналогіяй з формамі мн. л. (Векслер, Гіст. 167), гл. тыя, а формы з э — уплывам канчаткаў прыметнікаў, што, зрэшты, дапускаецца для ўсіх формаў (Карскі 2–3, 53, 194), параўн. развіццё канцавых спалучэнняў *‑ъjь у розных крывіцкіх гаворках у ‑ой, ‑эй, ‑ый, адлюстраванае ў берасцяных граматах, гл. Залізняк, Слав. языкозн. X, 168. Меркаванні аб вывядзенні формаў на ‑эй, ‑ый з ‑ой, а таксама аб магчымым польскім уплыве (Сабалеўскі, ЖМНП, 1887, 251, 137 і наст.; Карскі 2–3, 154–155) не пераконваюць. Гл. таксама ESSJ SG, 2, 708 і наст.; Фасмер, 4, 89.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэць, стрэ́ну ‘сустрэць’, стрэ́цца ‘сустрэцца’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп., Байк. і Некр., Бяльк., Нар. Гом.; баран., лід., ганц., калінк., Сл. ПЗБ, ТС), стрэ́нуць ‘тс’ (Нас., Байк. і Некр.), стрэ́ціць ‘сустрэць’ (Касп.), ст.-бел. стретить ‘тс’ (XV ст., Карскі, 1, 357). Параўн. укр. стрі́ти, стрі́нути, рус. встре́тить, дыял. стреть, стре́нуть, ст.-польск. pośrześć, pośrzatać się, чэш. střetnouti, ст.-чэш. střenúti, славац. stretnúť, серб.-харв. сре̏сти, славен. srẹ́sti, балг. срещна, макед. срете, сретне, ст.-слав. сърѣсти ‘сустрэць’. Прасл. *sъ‑rěsti, *sъ‑rętʼešь ‘страчаць’, таксама *ob‑rěsti, *ob‑rętʼešь, параўн. рус. обрести́, обрету́, приобрести́ ‘набыць; прыдбаць’; *sъ‑ < і.-е. *su‑ ‘добры’, як у *sъdorvъ ‘здаровы’. Ва ўсходнеславянскіх формах канчатак інфінітыва Міклашыч (278) тлумачыць аналагічным выраўноўваннем па дзеепрыметніку прош. ч. *sъ‑rě(t)lъ; варыянт стрэнуць узнік на аснове форм цяп. ч. Роднасныя літ. su‑rėsti, прош. ч. sùėčau ‘схапіць, злавіць’; далей стаяць літ. ràsti, randu, radau ‘знаходзіць’, гоц. wraton ‘ісці’, ст.-ісл. vrata ‘вандраваць, знаходзіць’, ст.-інд. á‑vradanta ‘хісталіся’ і інш. (Фрэнкель, Slavia, 13, 15; Брукнер, KZ, 46, 234; Фасмер, 1, 90, 363; З, 107 з іншай літ-рай; Глухак, 576). Устаўку ‑т‑ (‑t‑), вядомую яшчэ ў праславянскіх формах, Карскі (1, 357) тлумачыць імкненнем да мілагучнасці. Гл. таксама сустрэць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сюды́ ’ў гэты бок; у гэта месца’ (ТСБМ, Нас., Касп., Ласт., Шат., ТС, Сл. ПЗБ, Растарг., Бяльк.), сюда́ ’тс’ (Ян.), суды́ ’тс’ (Растарг.), сюды́‑туды́ ’ў розныя бакі, у некаторыя месцы’, параўн. таксама з рознымі суф.: сюда́е, сюдо́е ’ў гэты бок’ (Нас.), сюдо́й, сюдо́ю ’гэтай дарогай, па гэтаму шляху’ (Нас., Бяльк., Ласт., Касп.; бялын., Янк. Мат.; З нар. сл., Сл. ПЗБ), сюдэ́ма, сюды́ма, сюда́ма, сюдэ́, сюдэ́й, сюда́мух ’у гэтае месца, па гэтай дарозе’ (Сл. ПЗБ), сюдэ́йма ’тс’ (Мал.), сюды́кава ’тс’ (Сцяшк.), сюды́нака ’тс’ (Жд. 2), ст.-бел. сюды ’тс’ (1580 г., Карскі 2–3, 66). Укр. сюди́, сюд, рус. сюда́, дыял. сюды́, стараж.-рус. сюда, сюду, польск. siędy ’тут’, ст.-чэш. sudy ’сюды’, чэш. odsud ’адсюль’, старое серб.-харв. суду ’сюды’, славен. дыял. sọ̑d ’тс’, ст.-слав. сѫдоу ’тс’. Прасл. *sǫda, якое ўтворана ад указальнага займенніка і суф. *‑nda < і.-е. *‑ndhe; гл. Фасмер, 3, 822; ESSJ SG, 2, 613–614; Бязлай, 3, 285; формы з мяккім с‑ пад уплывам Р. і Д. скл. займенніка сей, гл. (Фасмер, там жа; ЕСУМ, 5, 493). Карскі (там жа) у канцовым ‑ды бачыць “скамянелую” форму Тв. скл. мн. л. Гл. яшчэ ESJSt, 14, 860–861.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэ́чанне ‘Грамніцы, свята 2/15 лютага’ (Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Бяльк., ТС, Ян., Пятк. 2), стрі́тыньне ‘тс’ (пін., Нар. лекс.), стрэ́чэнье ‘пэўны дзень у лютым месяцы, калі, паводле традыцыйных уяўленняў, зіма сустракаецца з вясной’ (ТС), ст.-бел. стретѣнье ‘тс’ (XVI ст., Карскі, 1, 357). Укр. стрі́чэння, стрі́тэння, рус. сре́тенье ‘тс’, ц.-слав. сърѣтение господьне, літаральна ‘сустрэча’ (свята ў памяць сустрэчы старца Сімеона з Хрыстом-дзіцянём). Да стрэць, стрэча1 (гл.); калька грэч. ή υπαπαντή τοῦ κυρίον (Сразнеўскі, 3, 819). Гл. Фасмер, 3, 740.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)