прысту́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што, чым і па чым. Злёгку, нямоцна стукнуць. Дзед Ларка прыстукнуў малатком цвічок, прыцмокнуў языком. Пянкрат. — Вось і вы сваю цаглінку паклалі ў будынак школы, — сказаў муляр ды прыстукнуў кельмай зверху, раўняючы рад. Юрэвіч. — І, ведайце, усё на сваім пастаўлю, — прыстукнуў .. [Хлор] па стале кулаком. Гартны. Пшэбора спрытна павярнуўся, Як першы ў свеце кавалер, Прыстукнуў ботам ды прыгнуўся, Аж бліснуў срэбраны каўнер. Колас.

2. каго. Разм. Забіць, прыбіць. Рабіў Макар усё на злосць старшыні, лаяў яго спачатку за вочы, а пасмялеўшы, і ў вочы. Выпіўшы, пагражаў прыстукнуць у цёмным закутку. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысу́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Рашэнне суда; прыгавор. Бадай у пустым ужо зале суд вынес прысуд. Лынькоў. Словы прысуду былі нейкія быццам цяжкія, але яны не прыгняталі. Савіцкі. // перан. Меркаванне, думка аб чым‑н., ацэнка чаго‑н. Пятро не зводзіў вачэй з Галіны, стараючыся прачытаць на жончыным твары прысуд свайму рашэнню. Шахавец.

2. Рашэнне, пастанова якой‑н. арганізацыі, сходу. [Дзетдомаўцам] таксама непрыемна, што вось ён, Арсень Зайцаў, член дзіцячага савета, добры вучань і выхаванец, стаіць і чакае прысуду. Нядзведскі. І што асабліва ўрэзалася ў памяць Пракопу, дык гэта Лапко і яго праўдзівае прызнанне, і той прысуд, які вынесен быў яму сходам калгаснікаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычы́на, ‑ы, ж.

1. З’ява, акалічнасць, якая служыць падставай чаго‑н., выклікае або абумоўлівае другую з’яву. Прычына хваробы. Прычына звальнення з работы. □ Ці наверадзіў яе, .. ці якая другая прычына, але нага забалела так, што Цімошку прыйшлося застацца дома і легчы ў пасцельку. Колас.

2. Падстава, зачэпка для якіх‑н. дзеянняў, учынкаў. [Сімон] любіў смяяцца, і для гэтага яму не трэба было шукаць асаблівай прычыны. Самуйлёнак. Сымоніха з Лявоніхай маюць вялікі спрыт прыдумваць на кожны раз новыя прычыны, за што цалавацца і за што біцца. Бядуля.

•••

Без дай прычыны гл. даць.

З прычыны чаго — у выніку чаго‑н., з-за чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычыні́ць 1, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.

Паслужыць прычынай чаго‑н.; нанесці, выклікаць (што‑н. непрыемнае). Прычыніць шкоду. Прычыніць зло. □ У адным месцы ў час пад’ёму лодка адарвалася, паехала па схілу, і паранены Волкаў вываліўся з яе. Гэта прычыніла яму вялікі боль. Шамякін. [Лабановіч] яшчэ не забыў тую крыўду, якую прычыніла яму панна Ядвіся, калі выказвала свой жаль з прычыны разлукі з Негрусем. Колас.

прычыні́ць 2, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., што.

Зачыніць, звычайна няпоўнасцю або няшчыльна. Прычыніць акно. □ Маці прычыніла дзверы і нават у шчыліну не сочыць. Гарбук. Падпечча ляснік прычыніў засланкай, каб не выпаўз [вуж] Антоша. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пуп, ‑а, м.

1. Рубец на сярэдзіне жывата, знак пасля адпадзення пупавіны. Шырокі прарэх адкрывае грудзіну і жывот да самага пупа. Колас. Пуп.. [цяля] прымарозіла, як яшчэ пад каровай было, і стаў гнісці жывот. Ермаловіч.

2. Страўнік у птушак. Курыны пуп. Гусіны пуп.

3. перан. Разм. Круглае або вострае заканчэнне розных прадметаў. Дарабіць пуп у шапцы.

4. перан. Разм. Цэнтр чаго‑н. [Клім:] — Гэта ўсё — вон, пятнаццаты век. Тут пуп калгаса! — і яго рука зрабіла дугу і паказала пальцам сабе пад ногі. Лобан.

•••

Браць на пуп гл. браць.

Ірваць пуп гл. ірваць ​1.

Пуп зямлі — пра таго, хто лічыць сябе самым галоўным, цэнтрам чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Звяртацца да каго‑н. з пытаннем, каб даведацца пра што‑н., задаваць пытанне. — Ну, як жа вам, панічок, гасцілася? — пытала бабка Лабановіча. Колас. У людзей пытай, ды свой розум май. Прыказка. // Весці апытванне (вучняў). Паўтарэнне ішло як звычайна: адных настаўніца выклікала да дошкі, другіх — пытала з месца. Шыловіч.

2. што і чаго. Прасіць дазволу на што‑н., звяртацца з якой‑н. просьбай. Пытаць дазволу. Пытаць дарогі. □ Галодны прысмакаў не пытае. Прыказка. // Прасіць, патрабаваць паказаць (дакумент). Пытаць пасведчанне. □ То прападае, то зноў, варухнуўшы галінай, У пешаходаў пытае яна [граніца] пашпарт. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пы́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Выпускаючы пару, газ, ствараць адрывістыя гукі. Пыхкалі парай паравозы ля дэпо. Лынькоў. Трактар.. завыў, як сірэна, потым пачаў пыхкаць і страляць газам. Кулакоўскі. Неўзабаве на стале пыхкаў параю пузаты самавар. П. Ткачоў. // Час ад часу выпускаць дым (пры курэнні). Пыхкае дзед Талаш люлькаю, выпускаючы дымок за дымком. Колас. // Ствараць гукі, падобныя на пых-пых, пх-пх. Не бяжыць [Алесь], а, здаецца, коціцца, пыхкае, як вожык, стараецца не адстаць ад таварышаў... Ваданосаў. Дрыжачай рукою націскае Андрэй на бліскучы рэгулятар, напружваецца сам, як магутны паравоз, і, радасны, прыслухоўваецца.., як пыхкае пара з-пад бліскучых, гарачых поршняў цыліндра. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяву́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які многа спявае, любіць спяваць, здольны пець. Пявучая птушка. Пявучы народ. □ Прывет табе, зямля Тараса, Зямля пявучая братоў. Танк. // Які выклікае жаданне пець. Пявучы настрой.

2. Меладычна-працяжны, падобны на спеў. Пявучы акорд. Пявучая гаворка. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Расія.. словам Пушкіна пявучым з дзяцінства ўскалыхала нас. Броўка. Я чуў яе [Іры] пявучыя словы: — Макарка, як добра, як хораша нам на нашай вуліцы. Сабаленка. // перан. Які ўтварае працяжныя манатонныя гукі. Вецер, рэзкі і пякучы, заскуголіў пад акном. Машара. Над Дзвіною бары пявучыя. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. развёўся, ‑вялася, ‑лося; зак.

1. з кім і без дап. Скасаваць шлюб. [Максім Сцяпанавіч] знаў, што .. [Вера Антонаўка] з год як развялася з архітэктарам Юркевічам і жыве ў Маскве з сынам. Карпаў.

2. Напладзіцца ў вялікай колькасці. — Колькі тут за вайну развялося ўсялякай дзічы! Гурскі. [Ціток:] — У адным месцы, кажуць, так развялося гэтых мышэй, што яны лаваю пайшлі на горад. Лобан. // Разм. Узнікнуць, з’явіцца ў вялікай колькасці. [Сцёпка:] — Яшчэ трэба сказаць табе, што паэтаў цяпер развялося, як камароў у балоце. Колас. Развялося шмат цяпер машын, — Аж да бурапеннага Байкала Паляцеў на самалёце сын. Кусянкоў.

3. Паддацца развядзенню, утварыць раствор. Сінька добра развялася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., з кім-чым і без дап.

Абмяняцца развітальнымі словамі, націснуць адзін другому рукі і пад. пры расставанні. Не даходзячы трохі да сяла, прыяцелі развіталіся. Колас. Андрэй, Плаха і Габрусь развіталіся з усімі за рукі, падзякавалі гаспадыні за пачостку і выйшлі з хаты. Гартны. // перан. Расстацца з чым‑н., пакінуць што‑н. надоўга, назаўсёды. Хоць даўно развітаўся са службай марской і ў цывільным хаджу гарнітуры, — горад мой! — уяўляю цябе я парой караблём, што адольвае буры. А. Вольскі. [Лейтэнант:] — Вось каб усе так дзейнічалі, з парушэннямі можна было б развітацца. Корбан.

•••

Развітацца з жыццём (з белым светам) — памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)