дзю́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.
Разм.
1. Кляваць, дзяўбаць (пра птушак).
2. Удараць, кляваць чым‑н. вострым. [Разносчык газет] дзюбае жалезнай палкай па тратуары і крычыць: — Купляйце! Купляйце газету! Сабаленка. // Ударацца аб што‑н., пакідаючы след. Аганёк паўзе па мосце, А услед бяжыць Дзіега. Ён не чуе, як навокал Кулі дзюбаюць жалеза. Панчанка.
•••
Дзюбаць носам — тое, што і кляваць носам (гл. кляваць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
драбі́ць, драблю, дробіш, дробіць; незак., што.
1. Разбіваць, дзяліць, крышыць на дробныя часткі. Драбіць камень. □ Звінела стальное зубіла Пад чорным цяжкім малатком, Замшэлую глыбу драбіла, І падаў кусок за куском. Гаўрусёў. // перан. Расчляняць, раз’ядноўваць на асобныя часткі. Драбіць сілы.
2. і без дап. Рабіць што‑н. (іграць, гаварыць і пад.) у залішне паскораным тэмпе. Адзін барабанчык.. шумеў званочкамі і драбіў пераборам — ну, як заўсёды, хвацка. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
канстатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што і без дап.
Устанавіць (устанаўліваць) наяўнасць чаго‑н.; адзначыць (адзначаць) што‑н. Канстатаваць факт. □ — Галасуюць члены камітэта, — удакладніў Стрыжанок. — Аднагалосна, — з задавальненнем канстатаваў ён. Сабаленка. Такім чынам, на аснове разгледжанага матэрыялу можна канстатаваць, што ўздзеянне беларускай моўнай стыхіі на кніжнаславянскую адчуваецца ў «Псалтыры» на ўсіх ярусах мовы — у арфаграфіі, марфалогіі, сінтаксісе і асабліва ў лексіцы. «Весці».
[Ад фр. constater.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мро́іцца, мроіцца; незак., каму і без дап.
1. Уяўляцца ў думках; здавацца. І мроіцца ў напаленым прасторы Усмешка з-пад пракураных вусоў. Лось. [Любе] мроіўся шчэбет і здавалася, што спявае ўвесь лес. Няхай. Аўгусту Эрнэставічу мроіцца, што вось-вось з-пад ядлоўцавага куста высунецца руля вінтоўкі. Навуменка.
2. З’яўляцца ў снах, сніцца. Прыемна і мякка цікае гадзіннік, і ў салодкай дрымоце мрояцца розныя сны. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мэ́ндлік, ‑а, м.
Пяць снапоў ячменю, аўса, пастаўленых у кучкі для прасушкі і накрытых распасцёртым снапом зверху. Перад.. [Сцёпкам] раскрываюцца ўсё новыя і новыя рысункі дарогі: лясы, лужкі, мосцікі, пажоўклыя гоні палёў, дзе пападаюцца сям-там яшчэ непрыбраныя мэндлікі аўсоў. Колас. // Тое, што і бабка 2 (у 6 знач.). Досвіткам.. [Густаў] дайшоў да поля, дзе стаялі мэндлікі нязвезенага жыта. Чорны. За лесам жытні палетак, устаўлены мэндлікамі без шапак. Мурашка.
[Ням. Mandel.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напле́сці, ‑пляту, ‑пляцеш, ‑пляце; ‑пляцём, ‑плецяце; пр. наплёў, ‑пляла, ‑пляло; заг. напляці; зак., чаго.
1. Сплесці нейкую колькасць чаго‑н. Наплесці вянкоў. Наплесці кошыкаў.
2. перан.; і без дап. Разм. Нагаварыць рознага глупства; нахлусіць, напляткарыць. Наплесці казак. □ Сярод.. зняволеных часамі пападаліся аматары, што любілі шмат гаварыць і наплесці з тры кашалі рознай хлусні. Колас. [Сяргей] ужо такога нагаворыць, такога іншы раз напляце, што аж галава пухне. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напро́ст, прысл.
1. Не звязваючы (у снапы), свабодна. Камунары завіхаліся на жніве. Павыцягвалі панскія жняяркі, прыладзілі да кос грабелькі і з ранішняй расою клалі напрост супольна пасеянае жыта. Грахоўскі. / перан. Свабодна, без цяжкасцей. Значыць, сіла такая — вялікая — ёсць, Што й навалу абложыць напрост: Гэта наша — твая і мая — маладосць. Глебка.
2. Абл. Напрасткі. Беглі людзі напрост — Цераз мост, цераз луг — На папар Беглі. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насміха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., з каго-чаго, над кім-чым і без дап.
Здзекліва смяяцца з каго‑, чаго‑н. [Лабановіч] нават пачаў сам сябе лаяць, кпіць і насміхацца з сябе. Колас. Любе здалося, што сястра насміхаецца з яе няўдачы. Шамякін. [Аніс:] — [Лёнька] з цябе насміхаецца, а ты верыш яму. Гроднеў. Лёс насміхаўся над .. [Максам]. Гамолка. Ён яшчэ будзе насміхацца, — губляючы нядаўнюю раўнавагу, абурылася на Лёньку Прося. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак., кім-чым, з каго-чаго і без дап.
1. Зведаць задавальненне; парадавацца, пацешыцца ўволю. Андрэева маці — знясіленая, хворая старая, якая рэдка калі злазіла з печы, — не магла нацешыцца з сына і нявесткі. Хадкевіч. Спаткаўшыся, сябрукі не маглі адзін з другога нацешыцца, успамінаючы даўно мінулае, перажытае. Ядвігін Ш.
2. Зведаць асалоду ўзаемнага кахання. — Не нацешыліся, не намілаваліся яшчэ, а ўжо, бедная [Гэлька], удавіца. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падзе́я, ‑і, ж.
Здарэнне, выпадак. Падзеі апошніх дзён адышлі дзесь далёка-далёка, як бы іх і не было. Колас. У Міколкавым раннім дзяцінстве было многа падзей, але ці дужа іх ўспомніш усе. Лынькоў. // Тое, што парушае звычайны парадак, нармальную плынь жыцця. Заняткі прайшлі без асаблівых падзей. Гамолка. // Важная, выдатная з’ява, вялікае здарэнне. Гістарычная падзея. Міжнародным падзеі. □ Над Свіслаччу домік Стаў сведкам Вялікіх у свеце падзей. Прыходзька.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)